ЛАЎРАНЁЎ Барыс Андрэевіч (17.7. 1891, г. Херсон, Украіна — 7.1.1959),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Дэбютаваў у 1911 вершамі, у якіх адчуваўся ўплыў эгафутурызму. Раннія апавяданні і аповесці «Вецер», «Сорак першы» (абедзве 1924; паводле апошняй аднайм. кінафільмы 1927 і 1956), «Апавяданне пра простую рэч» (1925) прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны, якія пададзены ў лірыка-паэтычным стылі, рамантызавана. Тэма рус. інтэлігенцыі ў аповесцях «Сёмы спадарожнік» (1927), «Гравюра на дрэве» (1928). Адзін з пачынальнікаў сав.гіст.-рэв. драмы («Разлом», нап. 1927; паст. т-рам імя Я.Коласа 1928, Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі 1951). П’есы «Песня аб чарнаморцах» (1943), «За тых, хто ў моры!» (1945; паст. т-рам імя Я.Купалы 1947) пра гераізм народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар раманаў «Крушэнне рэспублікі Ітль» (1925), «Буйное жыццё» (1927), «Сіняе і белае» (1933), аповесцей «Свет у шклечку» (1928), «Стратэгічная памылка» (1934), «Чарцёж Архімеда» (1937), зб. апавяданняў «Людзі простага сэрца» (1943), паліт. драмы «Голас Амерыкі» (1949; паст. т-рам імя Я.Купалы 1950), навел, памфлетаў, фельетонаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Каваль, Г.Шаранговіч, Т.Гарэлікава. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1995;
Бессменная вахта: Неизданная публицистика. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СІНГ (Lessing) Готхальд Эфраім (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),
нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Рус.пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.
3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел.нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.
2) А.Навіны (А.Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.Новіча (А.Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.Гмырака, цыклы вершаў А.Паўловіча, Ф.Чарнышэвіча, А.Гурло, Я.Журбы, А.Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасць бел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБЫЛІ́ЦЫ,
фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш.Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МША Андрэй (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),
бел.паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж.бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.Валовіча (1585), Л.Сапегі (1588), Ф.Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).
Тв.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;
У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.
Літ.:
Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;
Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.Мн., 1993;
Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 4(17).12.1905 да 1(14).1.1915 у Вільні на рус. мове штодзённа. Працягвала праграму віленскай газ.«Северо-Западное слово» ў больш радыкальным кірунку, асабліва ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. Асвятляла рэв. рух у краі, крытыкавала сац. несправядлівасць капіталізму, апартунізм і непаслядоўнасць бурж. лібералізму, выкрывала вялікадзярж. палітыку чарнасоценцаў і акцябрыстаў, польскіх нацыяналістаў. У гады рэакцыі прытрымлівалася тактыкі асцярожнай апазіцыі да царызму. Мела аддзелы «Тэатр і музыка», «Бібліяграфія», рэцэнзавала спектаклі, канцэрты, маст. і навук. л-ру. Змяшчала творы Л.Андрэева, М.Горкага, А.Купрына, Л.Талстога, А.Чэхава, Шолам-Алейхема, а таксама польскіх (Э.Ажэшка, У.Рэймант), франц. (Гі дэ Мапасан, Э.М.Прэво), амер. (М.Твэн), аўстр. (Р.М.Рыльке, А.Шніцлер) і інш. пісьменнікаў. Прапагандавала рэаліст. традыцыі айч. л-ры. Станоўча ацэньвала творчасць пісьменнікаў М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага, артыстаў В.Камісаржэўскай, Ф.Шаляпіна. Негатыўна ставілася да сімвалізму, натуралізму, дэкадэнцкіх плыняў у мастацтве. Выказвалася за права беларусаў на сваю нац. культуру. Паведамляла пра заснаванне, дзейнасць, судовае праследаванне газ. «Наша ніва», пра стварэнне бел.культ.-асв. арг-цый, бел.тэатр.-муз. вечары, дзейнасць Бел.тэатр.-муз. гуртка. Апублікавала арт. У.Самойлы (пад псеўд. У.Суліма) у абарону моўна-нац. самавызначэння беларусаў. Друкавала вершы і пераклады мясц. літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯДНЁЎ Масей (Майсей) Ларывонавіч (1.9.1913, в. Мокрае Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.2001),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (1930—31), Мінскім вышэйшым пед. ін-це (1933—36). У 1936 арыштаваны, 4 гады адбыў у лагеры на Калыме. У 1940 прывезены ў Мінск на перагляд справы. На пачатку вайны апынуўся на волі. З 1943 за мяжою. Быў настаўнікам бел. гімназіі ў Міхельсдорфе (Германія). З 1950 у ЗША. Выкладаў рус. мову ва ун-це штата Індыяна. Жыў у г. Глен-Коў. Рэабілітаваны ў 1992. Друкаваўся з 1932. Перажытае ў турмах і лагерах, успаміны пра свабоду і няволю, туга па радзіме, вайна і чужына, філасафічнасць, лірызм у зб-ках паэзіі «У акіяне ночы», «На край святла», «Спадзяванні», «Цень Янкі Купалы» (усе 1947), «Ля ціхай брамы» (1955), «Патушаныя зоры» (1975), «Ачышчэнне агнём» (1985), «А часу больш, чым вечнасць» (1989). Аўтар раманаў «Раман Корзюк» (1985), «І той дзень надышоў» (1987), успамінаў, у т. л.пра Я.Купалу і Я.Коласа. На бел. мову пераклаў санеты Мікеланджэла, некат. творы І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Р.М.Рыльке і інш. С. прататып сына Дзяніса Зазыбы ў рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі».
Тв.:
Патушаныя зоры: Вершы, раман. Мн., 1992;
Масеева кніга. Мн., 1994.
Літ.:
Савік Л. «Я прыйду з далёкае чужыны...»: Масей Сяднёў // Савік Л. Пакліканыя: Літ.бел. замежжа. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,
часопіс драматургіі і сцэн. мастацтва. Выдаваўся ў 1992—98 у Мінску на бел. мове адзін раз у 2 месяцы, да 1995 (№ 5) наз. «Тэатральная Беларусь». Сістэматычна змяшчаў новыя шматактовыя і аднаактовыя п’есы для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, лялечных калектываў (творы М.Арахоўскага, Г.Аўласенкі, Р.Баравіковай, У.Бутрамеева, В.Жуковіча, Х.Жычкі, С.Кавалёва, Г.Марчука, Я.Міклашэўскага, Т.Мушынскай, Л.Рублеўскай, І.Сідарука, А.Федарэнкі, І.Чыгрынава і інш.). Публікаваў творы са спадчыны, якія раней не друкаваліся ці сталі бібліягр. рэдкасцю (п’есы Ф.Аляхновіча, Н.Арсенневай, К.Буйло, М.Радзівіла, Л.Родзевіча, М.Чарота, В.Шашалевіча і інш.), а таксама пераклады на бел. мову п’ес Я.Баршчэўскага, А.Пушкіна, А.К.Талстога, Л.Талстога. Змяшчаў артыкулы па праблемах развіцця драматургіі, сцэн. мастацтва, па гісторыі тэатра, пра творчасць аматараў, публіцыст. артыкулы пра сувязь мастацтва з рэаліямі жыцця, рэцэнзіі на найб. значныя спектаклі. Асвятляў міжнар. фестывалі, тэатралізаваныя святы, нар. традыцыі. Публікаваў творчыя партрэты дзеячаў тэатра, успаміны пісьменнікаў і акцёраў. Калектыў рэдакцыі ў 1994 заснаваў штогоднік «Беларуская драматургія», у якім змяшчаліся новыя неапублікаваныя п’есы, забытыя творы са спадчыны, пераклады з інш. моў на беларускую. Выдаў буклет «Балтыйская тэатральная вясна—92» (1992), кн. «Паўлюк Багрым» (1994), «Культура беларускага замежжа» (ч. 3, 1998), «Тэатры Беларусі» (на бел. і англ. мовах, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКУБО́ЎСКІ Якуб (Якаў Адамавіч; 4.4.1932, в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 14.9.1998),
бел. географ і гісторык. Скончыў БДУ (1962), Мінскі пед.ін-т (1982, 1989). З 1962 у НДІ глебазнаўства. У 1967—92 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1972—88 заг.рэд. геаграфіі, геалогіі і геафізікі). Даследаваў пытанні культ.-нац. развіцця тат. і бел. народаў, гісторыю шляхецкіх тат. родаў на Беларусі. Распрацаваў канцэпцыю і рыхтаваў матэрыялы да энцыклапедыі «Татары Беларусі, Літвы і Польшчы». Ініцыятар стварэння час.«Байрам» (у 1991—98 гал. рэдактар), дзе змяшчаліся матэрыялы па гісторыі і культуры татараў на Беларусі з 14 ст., гісторыі іх шляхецкіх родаў, удзел у барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў, звесткі пра дзеячаў навукі, культуры, мастацтва тат. паходжання і г.д. Аўтар гімна бел. татараў «Мы з іманам жывём на зямлі Беларусі» (муз. Дз.Мазітавай). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» ў 12 тамах.
Тв.:
Разважанне пра даведнік аб татарах // Байрам. 1992. № 2;
Першыя крокі // Там жа. № 3;
Я так думаю // Там жа. 2002. Вып. 42;
Мы з іманам жывём на зямлі Беларусі // Там жа.
Літ.:
Лыч Л. Дзейнасць Якуба Якубоўскага ў люстэрку нацыянальна-культурнага адраджэння татараў Беларусі // Байрам 2002. Вып. 42;
Якубоўская Т. Да 70-годдзя Якуба Адамавіча Якубоўскага // Там жа;
Афнагель І. Мой старэйшы сябра — энцыклапедыст Якуб Адамавіч Якубоўскі // Там жа.