СЯДНЁЎ Масей (Майсей) Ларывонавіч (1.9.1913, в. Мокрае Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.2001),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (1930—31), Мінскім вышэйшым пед. ін-це (1933—36). У 1936 арыштаваны, 4 гады адбыў у лагеры на Калыме. У 1940 прывезены ў Мінск на перагляд справы. На пачатку вайны апынуўся на волі. З 1943 за мяжою. Быў настаўнікам бел. гімназіі ў Міхельсдорфе (Германія). З 1950 у ЗША. Выкладаў рус. мову ва ун-це штата Індыяна. Жыў у г. Глен-Коў. Рэабілітаваны ў 1992. Друкаваўся з 1932. Перажытае ў турмах і лагерах, успаміны пра свабоду і няволю, туга па радзіме, вайна і чужына, філасафічнасць, лірызм у зб-ках паэзіі «У акіяне ночы», «На край святла», «Спадзяванні», «Цень Янкі Купалы» (усе 1947), «Ля ціхай брамы» (1955), «Патушаныя зоры» (1975), «Ачышчэнне агнём» (1985), «А часу больш, чым вечнасць» (1989). Аўтар раманаў «Раман Корзюк» (1985), «І той дзень надышоў» (1987), успамінаў, у т. л. пра Я.​Купалу і Я.​Коласа. На бел. мову пераклаў санеты Мікеланджэла, некат. творы І.​В.​Гётэ, Г.​Гейнэ, Р.​М.​Рыльке і інш. С. прататып сына Дзяніса Зазыбы ў рамане І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі».

Тв.:

Патушаныя зоры: Вершы, раман. Мн., 1992;

Масеева кніга. Мн., 1994.

Літ.:

Савік Л. «Я прыйду з далёкае чужыны...»: Масей Сяднёў // Савік Л. Пакліканыя: Літ. бел. замежжа. Мн., 2001.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)