ВО́ТЫ (ад лац. votum ахвяра, прынашэнне па абяцанні),
ахвяравальныя рэчы рэліг. ўжытку. Іх прыносілі ў касцёл як падзяку за выздараўленне ці з надзеяй на выздараўленне, як засцярогу ад няшчасця; развешвалі вакол цудатворных абразоў. Вотамі маглі быць малыя прадметы ў форме сэрца, рукі, нагі, вока або ў выглядзе жывёлы, птушкі і г.д. Часам воты аздаблялі залачэннем, гравіроўкай, чаканкай. На Беларусі многія воты з’яўляюцца творамі мастацтва мясц. чаканнага майстэрства 18—19 ст. Разнастайныя калекцыі іх знаходзяцца ў касцёлах фарным у Гродне, Троіцкім у Ружанах (Пружанскі р-н), францысканскім у Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬКЕ́Ж (польск. alkierz),
вуглавая частка будынка або прыбудова, накрытая асобным дахам, якая знадворку выступае за плоскасць сцен. Алькеж атрымаў пашырэнне ў палацава-замкавым дойлідстве і сядзібных дамах Беларусі і Польшчы ў 16—19 ст. Напачатку гэта былі 2 ці 4 вежападобныя прыбудовы ў тарцах дома, накрытыя самастойнымі шатровымі дахамі (ад замкавых вежаў 16—17 ст.). З сярэдзіны 18 ст. відазмяніліся, ператварыліся ў развітыя крылы дома-сядзібы (г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.). Выкарыстоўваліся як спальні ці дапаможныя памяшканні.
Алькеж сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́НЕЎ-СЛАВЯ́НСКІ (сапр.Агрэнеў) Дзмітрый Аляксандравіч
(19.12.1836, або 1834, Масква — 23.7.1908),
рускі спявак (тэнар), харавы дырыжор. Арганізатар і кіраўнік хору «Славянская капэла» (1868), з якім канцэртаваў па Расіі і за мяжой. У праграмах былі і бел.нар. песні («Чаму ж мне не пець», «Ці не дудка мая» і інш.). Адыграў значную ролю ў прапагандзе слав.муз. фальклору, хоць маст. якасці некат. яго запісаў і апрацовак, адбор нар. песень крытыкаваліся знаўцамі музыкі.
Літ.:
Локшин Д.Л. Замечательные русские хоры и их дирижёры. 2 изд. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛО́Ў,
1) здабыча жывымі пэўнай колькасці дзікіх жывёл для навук. даследаванняў, заапаркаў і заасадоў, утрымання ці развядзення ў няволі, рассялення за межамі дадзенага рэгіёна (у мэтах акліматызацыі ці рэакліматызацыі).
2) Здабыча жывёл (пераважна млекакормячых і птушак) у прамысл. мэтах з дапамогай спец. прыстасаванняў і прылад: цянётаў, гонаў і інш. сетак, самалоўных пастак, садкоў, лоўчых ям і інш. Для многіх відаў жывёл адлоў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. заканадаўстваў, магчымы толькі ў межах вылучаных квот або на падставе выдадзеных прыродаахоўнымі органамі ліцэнзій; адступленне ад іх лічыцца браканьерствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАПЯ́Н (Акоп) (29.5.1866, г. Гянджа — 13.11.1937),
армянскі паэт.Нар. паэт Арменіі і нар. паэт Грузіі (1923). З гімназіі выключаны за вальнадумства. Удзельнік рэв. руху ў Закаўказзі, неаднойчы быў арыштаваны. Заснавальнік армянскай пралетарскай паэзіі. Першы зб. «Вершы» (1899). Паэмы «Новы ранак» (1909), «Чырвоныя хвалі» (1911) прысвечаны рэв. руху ў Закаўказзі. Асн. матыў паэзіі 1920—30-х г. — рамантыка сацыяліст.буд-ва (паэмы «Багі загаварылі», 1922; «Шыр-канал», 1924; «Волхаўбуд», 1925; «Горад», 1931).
Літ.:
Манукян С. Акоп Акопян: Критико-биогр. очерк: Пер. с арм.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́АЛТАНЕН ((Aaltonen) Вяйнё Валдэмар) (8.3.1894, г. Марціла, Фінляндыя — 30.5.1966),
фінскі скульптар. Ганаровы чл.АМСССР (з 1958). Працаваў у галіне фігурнай пластыкі («Бягун Паава Нурмі», бронза, 1924, Хельсінкі), псіхал. партрэта («Ян Сібеліус», 1935), манум.-дэкар. скульптуры (помнік пісьменніку А.Ківі ў Хельсінкі, 1934; помнік фінскім перасяленцам у Дэлавэры, ЗША, 1938). За гранітны манумент у г. Лахты «Мір» (1952) узнаг. Залатым медалём Сусв. Савета Міру (1953). Вядомы як жывапісец і тэатр. дэкаратар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫ НУЛЬ,
пачатак адліку абсалютнай тэмпературы па шкале Кельвіна; знаходзіцца на 273,16 К ніжэй за трайны пункт вады. Адпавядае стан з найменшай магчымай энергіяй, пры якой часціцы (атамы і малекулы) выконваюць т.зв. «нулявыя» ваганні. Пры абсалютным нулі ўсе рэчывы, акрамя гелію, знаходзяцца ў цвёрдым крышталічным стане. Атрыманы т-ры, якія толькі на мільённыя долі градуса адрозніваюцца ад абсалютнага нуля, аднак на практыцы абсалютны нуль недасягальны (гл.Нернста тэарэма). Пры ахаладжэнні да т-р, блізкіх да абсалютнага нуля, некаторыя рэчывы набываюць звышцякучасць, звышправоднасць і інш. своеасаблівыя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАКУ́М (Пятровіч) (1620 або 1621—14.4.1682),
пратапоп, адзін з заснавальнікаў рус. стараверства (гл.Раскол), пісьменнік. У 1646—47 чл. «Гуртка рупліўцаў набожнасці». У 1652 пратапоп у г. Юр’евец Павольскі, потым святар Казанскага сабора ў Маскве. Выступаў супраць рэформаў патрыярха Нікана, за што неаднаразова быў сасланы ў Табольск, Даурыю, Мезень. У 1667 асуджаны на царк. саборы і сасланы ў Пустазерскі астрог. Аўтар «Жыція пратапопа Авакума» (1672—75), «Кнігі гутарак» (1669—75), «Кнігі тлумачэнняў» (1673—76), «Кнігі выкрыванняў» (1679), «Слоў плачэўных» (1676) і інш. Паводле царскага ўказа спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМРЭ́СЛІНГ (англ. arm-wrestling ад arm рука + wrestling барацьба),
від спорту, спаборніцтва ў сіле рук двух спартсменаў. Рукаборац, абапёршыся локцем на стол і абхапіўшы кісць вертыкальна пастаўленай рукі праціўніка, імкнецца паваліць яе. Вольнай рукой ён трымаецца заспец. выступ стала. Як від спорту армрэслінг аформіўся ў пач. 1960-х г. у ЗША. Развіваецца больш як у 70 краінах свету. На Беларусі з 1990, першы чэмпіянат адбыўся ў 1991, праводзіцца міжнар. турнір па армрэслінгу «Белавежскі зубр». Існуе федэрацыя армрэслінгу. Бел. спартсменка А.Кандратава — чэмпіёнка свету па армрэслінгу. (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНБУ́РГСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́САЎ,
грамадская культурна-асветная арганізацыя беларускіх бежанцаў 1-й сусветнай вайны ў 1918. Аб’ядноўваў беларусаў Арэнбурга і ваколіц. Старшыня камітэта гуртка Б.І.Лагутка, таварыш старшыні У.Путчэўскі, сакратар В.Кот. Гурток меў на мэце аб’яднаць беларускія культурныя сілы для пашырэння сярод беларусаў друкаванага роднага слова, праўдзівых ведаў па яе гісторыі і этнаграфіі. Пры ім была бібліятэка-чытальня, праводзіліся лекцыі, канцэрты, спектаклі. Выступаў за палітычнае і культурна-нацыянальнае самавызначэнне Беларусі, падтрымліваў Беларускую раду ў Мінску. Летам 1918 наладзіў сувязь з Беларускім нацыянальным камісарыятам.