КАМІ́НСКІ (Іван Іларыёнавіч) (8.11.1919, в. Масоры Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.10.1974). Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939),
ваен. школу лётчыкаў у г. Энгельс (1941), Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948), ВПШ пры ЦК КПСС (1963). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., 3-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі (г. Віцебск, Орша, Магілёў, Мінск, Маладзечна), Літвы, Польшчы, баёў ва Усх. Прусіі. Ст. лейтэнант К. зрабіў 239 баявых вылетаў, сфатаграфаваў каля 27 тыс. км² варожай абароны і ваен. аб’ектаў. Да 1947 у Сав. Арміі, капітан. З 1948 на парт. і сав. рабоце ў Мінску. У в. Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнік.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 14.12.1925, в. Высокая Грыва Панкрушыхінскага р-на, Рэспубліка Алтай),
бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Творам уласцівы выразнасць лепкі, рухомасць і асіметрыя пластычных аб’ёмаў. Аўтар жанравых («Вышыннікі», 1959; «Рыбакі», 1969), дэкар.-паркавых («Дзеці гуляюць», 1980—81) кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў (А.Казей, 1964; Я.Коласа і Я.Купалы, 1982), станковых твораў «Памяць» (1985), «Набат Перамогі» (1995), «Хрыстос-Збавіцель» (1995—97) і інш. Сярод манум. работ скульпт. цыкл «Смутак людскі» (1976) на Паўн. могілках у Мінску, мемарыялы «Спаленая вёска» (1988) на хутары Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., «Загінуўшых чакаюць вечна» (1990) ў в. Доры Валожынскага р-на Мінскай вобл. Графічны цыкл «Духоўнасць, Адраджэнне — храмы праваслаўныя і каталіцкія» (1995—97).
Г.А.Фатыхава.
т. 7, с. 579
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПША́Й (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1940, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне афармленчага мастацтва і жывапісу. Аформіў інтэр’еры: музеі Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. (1972, з Э.Агуновічам), стараж.-бел. культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі (1979), нар. творчасці ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (1996) і інш.; бел. раздзел на Міжнар. выстаўцы ў Брно (Чэхаславакія, 1983, з В.Чуглазавым), Міжнар. кірмашу ў Бухарэсце (1984), Нац. выстаўкі нар. творчасці Беларусі ў Мінску (1996). Сярод жывапісных твораў: «Халодны дзень» (1985), «Зімовы настрой» (1987), «Палявыя кветкі» (1996), серыі пейзажаў «Стары Мінск» (1991), «Нарачанскі край» (1995), «На Браслаўшчыне» (1996—97) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 8, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ ((Lenski) Юльян) (сапр. Ляшчынскі; 8.1.1889, г. Плоцк, Польшча — 20.8.1939),
дзеяч польскага і міжнар. рабочага руху. Вучыўся ў Ягелонскім (Кракаўскім) ун-це (1909—12). З 1905 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар ВРК, пазней камісар па польскіх справах у Наркамнацы. Са снеж. 1918 у Мінску, адзін з арганізатараў і рэдактар газ. «Młot» («Молат»). У 1919 нар. камісар асветы Літ.-Бел. ССР, чл. ЦК КП(б) Літвы і Беларусі. У 1920 чл. Польскага бюро пры ЦК РКП(б). З 1925 чл. ЦК і Палітбюро ЦК Кампартыі Польшчы (КПП). Удзельнік I (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ. У 1929—37 ген. сакратар КПП, чл. Прэзідыума Выканкома Камінтэрна. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС ЧАСО́ПІСНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,
дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1934 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з часопісаў, перыяд. і неперыяд. зб-каў, зб-каў, якія прадаўжаюцца, выданняў тыпу «прац». Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якіх для вылучэння матэрыялу, прысвечанага значным падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і інш., змяшчаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі. У раздзеле «Дапаўненне да «Летапісу часопісных артыкулаў» (у № 6 і 12) рэгіструюцца часопісы і бюлетэні, што зарэгістраваны са спазненнем на 2 і больш гадоў. Мае паказальнікі: імянны, геагр., моў (акрамя бел. і рус.), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.
А.І.Варанько.
т. 9, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́НСКІ (Леанід Паўлавіч) (10.11.1921, в. Казусёўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 7.9.1982),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1974). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1948). У 1948—49 нам. дырэктара Цэнтр. дзярж. гіст. архіва ў Мінску. З 1952 у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1966 у БПІ. Даследаваў сялянскі рух на Беларусі ў 1900—17, станаўленне і развіццё капіталізму ў бел. вёсцы, сац. расслаенне сялянства, сталыпінскую агр. рэформу на Беларусі і інш. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі прафсаюзаў Беларусі (1905—1969 гг.)» (1970).
Тв.:
Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;
Стольшинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Классовая борьба в белорусской деревне, 1907—1914. Мн., 1981.
Я.П.Сапёлкін.
т. 9, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКЕ́ВІЧ (Леў Пятровіч) (24.4.1903, г. Орша Віцебскай вобл. — 27.11.1968),
бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1936). З 1945 нам. нач. Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ Беларусі, гал. архітэктар Мінска і нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінгарвыканкома. З 1962 выкладаў у БПІ. Працаваў у Расіі: генплан Масквы 1935 (у сааўт.), адм. будынак ін-та «Электрахіммет» (1936—37, у сааўт.) і інш. Асн. работы на Беларусі: генпланы Оршы (1946), Полацка (1946—47), у Мінску — праекты забудовы Незалежнасці плошчы, пл. Я.Коласа, Скарыны праспекта (1947—51), забудовы Машэрава праспекта (1954), вул. Маскоўскай (1948), пл. Кастрычніцкай (1950—55), праект дэталёвай планіроўкі Мінска (да 2000 года; 1954—55, усе ў сааўт.).
Тв.:
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
т. 10, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАП — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).
М.М.Пікулік.
т. 10, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ГАРБА́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1970 у Мінску на базе галаўнога прадпрыемства Мінскага гарбарнага з-да «Бальшавік» (засн. ў 1895 як гарбарныя майстэрні), Мінскага скурсыравіннага і Смілавіцкага гарбарнага з-даў. У 1927—70 гарбарны з-д «Бальшавік». У 1962 уведзены ў дзеянне клеяварны цэх, у 1963—3-я хромавая вытв-сць, у 1970 рэканструяваны і перааснашчаны. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1994 адкрытае акц. т-ва «М.в.г.а.». У 1988 прадпрыемства пераведзена ў пас. Гатава Мінскага р-на на новыя вытв. пляцоўкі; складаецца з вытв-сці першаснай апрацоўкі скурсыравіны, цэхаў: зольна-дубільнага, фарбавальна-апрацоўчага, перапрацоўкі адходаў вытв-сці і дапаможных. Асн. прадукцыя (1999): хромавы скуртавар для верху абутку, галантарэі, мэблі і лёгкадрапіравальны (для адзення); з адходаў вытв-сці: клей мяздровы, малярны, мыла гаспадарчае.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням: і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.І.Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.
У.В.Ляхоўскі.
т. 10, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)