пазрыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сарваць, аддзяліць ад галіны, сцябла ўсё, многае. Пазрываць кветкі.

2. З сілай рвануўшы, садраць усё, многае. Салдаты пазрывалі з сябе пагоны і кінулі пад ногі. Няхай. Вецер аканіцы Пазрываў з акон, Каля нашай хаты Ён пашкодзіў клён. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Усю ноч дзьмуў страшны вецер, усе тратуары засыпаны цэглай і атынкоўкай. Пазрывала вялікія лісты бляхі, паабурвала сцены. Лужанін. // Сапсаваць усё, многае. Пазрываць разьбу.

пазрыва́ць 2, ‑ае; зак., што.

Зрыць што‑н. у многіх месцах, зрыць усё, многае. Сапёры пазрывалі ўсё поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарну́цца, -гарну́ся, -го́рнешся, -го́рнецца; -гарні́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расправіцца, расхінуцца (пра што-н. згорнутае, загорнутае).

Пакунак разгарнуўся.

Цукерка разгарнулася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскрыцца (пра што-н. складзенае).

Кніга разгарнулася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскрыцца, распусціцца (пра кветкі, лісты і пад.).

Бутоны маку разгарнуліся.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Раскінуцца, быць бачным на вялікай адлегласці.

Перад вачамі разгарнулася маляўнічая прастора.

5. перан. Праявіць свае сілы і здольнасці, выявіцца ў шырокім маштабе.

Р. на свабодзе.

Талент мастака разгарнуўся.

6. перан. Прыняць шырокі размах.

Жніво разгарнулася.

7. Падрыхтавацца да дзеяння; прыняць баявы парадак (спец.).

|| незак. разго́ртвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. разго́ртванне, -я, н. і разгарне́нне, -я, н. (да 5 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Квет ’краска, кветка’ (ТСБМ, Ян., Нас.), ’кветкі’ (ТС). Укр. квіт ’кветка’, рус. квет ’тс’, ст.-слав. цвѣтъ ’тс’, балг. цвят, мак. цвет, серб.-харв. цве̏т, славен. сvȇt, польск. kwiat, чэш. květ, славац. kvet, в.-луж. kwět, н.-луж. kwět. Пераход kvʼ > cvʼ звязвае паўднёваславянскі і ўсходнеславянскі арэалы (гл. цвет). Заходнеславянскія формы з пачатковым kv распаўсюдзіліся на заходнюю частку ўсходнеславянскага арэала. Прасл. květъ, якое мае рэгулярныя аблаўтныя адносіны з дзеясловам kvisti (гл. цвісці). Рэгулярных паралелей за межамі славянскіх моў, як здаецца, няма (Слаўскі, 3, 479). Але германскія назвы пшаніцы і белага колеру можна суаднесці са славянскай назвай кветкі, калі прыняць пад увагу магчымасць кентумнага рэфлексу для апошняй і дублета t/d. Параўн. гоц. ƕaitеis ’пшаніца’ і ƕeits ’белы’ і ст.-слав. свѣтъ ’свет’. Літ. kvietỹs, лат. kvìesis ’зерне пшаніцы’ лічыцца германскім (гоцкім) па паходжанню. З гэтага пункту погляду прасл. květъ можа разглядацца як кентумны дублет да прасл. světъ або як лексічнае пранікненне з невядомай кентумнай мовы. Тады адносіны паміж květъ і kvisti трэба разглядаць як другасныя, якія ўзніклі па вядомай індаеўрапейскай мадэлі аблаўта. Але неверагодна, каб дублет d/t быў характэрны як для květъ, так і для světъ, тым больш што формы з канцавым ‑d не засведчаны. Таму як прасл. květъ, так і прасл. světъ нельга лічыць надзейнымі паралелямі да гоц. ƕaitеis і ƕeits. Аб семантычнай рэканструкцыі прасл. květъ гл. Лекс. Палесся, 29–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабура, бабурка ’макрыца, сараканожка’ (Нас., Інстр. II, Інстр. лекс.). Да ба́ба1? Тады маем справу з табуістычнай назвай. Непрыемныя жывёлы, насякомыя часта носяць назвы, утвораныя ад ба́ба (магчыма, у значэнні ’чарадзейка’). Параўн. укр. бабин пес, бабин вовк ’касматая гусеніца’. Але не выключаецца, што бабу́ра — вытворнае ад вядомай слав. асновы bab‑ (bǫb‑, bob‑; аб гэтым Попавіч, ЈФ, 19, 159–171; параўн. таксама Мяркулава, Очерки, 36–37), якая служыць для абазначэння круглых прадметаў. Дакладная адпаведнасць бел. слову — серб.-харв. ба̀бура ’макрыца’, але, напэўна, гэта незалежныя ўтварэнні. Параўн. таксама рус. назвы насякомых: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’матыль, страказа; дробныя насякомыя’ (другую этымалагічную версію, здаецца, падтрымлівае існаванне рус. бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ і г. д.).

Бабура, бабурка ’матыль’ (Інстр. лекс.). Параўн. і ба́бка ’матыль; страказа’. У рус. мове: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’страказа; матыль’. Паходжанне няяснае. Або да ба́ба ’жанчына, бабуля’ (суф. ‑ура, гл. ба́бка, ба́бачка ’матыль’, там аб матывацыі) або да слав. асновы *bab‑ (гл. бабу́р ’малады акунь’). Паколькі справа ідзе аб аснове, якая звычайна выказвае паняцце круглага, галавастага, можна меркаваць, што першапачаткова бабу́ра азначала страказу (вялікая галава, тонкае тулава), а потым была перанесена на іншых лятаючых насякомых (матыля).

Бабура, бабурка ’расліна’ (Інстр. лекс.) (якая?). Параўн. рус. бабу́р, бабу́ра ’від грыба’, бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ (да назвы і словаўтварэння гл. Мяркулава, Очерки, 180). Бясспрэчна, да вядомай асновы баб-, але семантычная матывацыя няясная; аб гэтым гл. Мяркулава, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мароз1, моро́з, муроз ’моцны холад, сцюжа’, ’іней’, ’наледзь на шыбах, раслінах, на зямлі’, маразы́ ’халоднае надвор’е з вельмі нізкай тэмпературай’, марозіць, марозіць ’моцна ахалоджваць, замарожваць’ (ТСБМ, Бес., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Яруш., Др.-Падб.), марошчык ’марозік’ (рэч., Нар. сл.), марозны, маразлі́вы, маразя́ны, маразя́нны, марозены, марозіву ’вельмі халодны, з марозам’ (ТСБМ, Кліх, ТС, Сл. ПЗБ), ’яркі, бліскучы (пра зоркі)’ (мін., шальч., валож., Яруш., Сл. ПЗБ), кір. марозавы, ’мёрзлы’ (Нар. сл.), маразя́ка, маразя́га, мыразюга́н, маразю́ка, маразя́нка ’моцны мароз’ (Мат. Гом., Нар. Гом., ТС, Сцяшк. Сл.; глыб., Сл. ПЗБ), марозовіна ’наледзь, ледзяны’ (ТС), морозна ’холадна’ (Касп.). Укр., рус. мороз, польск. mróz ’мароз’, н.-луж. mroź ’іней’, в.-луж. mróz, чэш., славац. mróz ’мароз’, славен. mràz ’сцюжа, іней’, серб.-харв. мра̏з ’мароз, холад, іней, лёд’, макед. мраз ’лёд’, ’мароз’, балг. ’мароз’, ст.-слав. мразъ ’лёд’, ’сцюжа’. Прасл. morzъ. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: алб. marth ’мароз’, mardhem ’мёрзну’, mardhë ’гусіная скура’ (Бернекер, 2, 80; Фасмер, 2, 656), ст.-в.-ням. murc ’трухлявы, гнілы’, murgfari ’крохкі, ломкі’, ст.-ірл. meirc ’іржа’, кімр. merydd ’вільготны’, якія да і.-е. *mergʼh‑ ’трухнець, гніць, мокнуць’ (Покарны, 739; Бязлай, 2, 199).

Мароз2кветкі «бабіна лета»’ (нараўл., Мат. Гом.). Да мароз1 (гл.). Матывацыя: кветкі цвітуць у верасні, калі ўжо пачынаюцца замаразкі. Гэтаксама рус. зах.-каўк. мороз ’Mesembrianthemum cristallinum L.’, цвяр. морозка ’марошка прысадзістая, Rubus chamaemorus L.’, дан. мороз‑трава ’цмен, Helichrysum Mill. arenarium (L.) D. C.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звяць сов.

1. прям., перен. завя́нуть, увя́нуть;

кве́ткі звя́лі — цветы́ завя́ли (увя́ли);

у со́рак пяць гадо́ў яна́ ўжо звя́ла — в со́рок пять лет она́ уже́ завя́ла (увя́ла);

2. (лишиться сил) ослабе́ть;

но́гі яго́ самле́лі, і ён уве́сь звяў — но́ги его́ подкоси́лись, и он ослабе́л

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прышпілі́ць сов.

1. пришпили́ть, приколо́ть, наколо́ть;

п. кве́ткі на суке́нку — приколо́ть (пришпили́ть) цветы́ на пла́тье;

2. пристегну́ть;

п. каўне́рык да кашу́лі — пристегну́ть воротничо́к к руба́шке;

3. перен., разг. (присоединить) пристегну́ть;

п. да апавяда́ння непатрэ́бныя падрабя́знасці — пристегну́ть к расска́зу нену́жные подро́бности;

п. мяну́шку — пристегну́ть кли́чку

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

БУК (Fagus),

род кветкавых раслін сям. букавых. 10 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі ў дзікарослым стане ў час кліматычнага оптымуму галацэну трапляўся бук лясны, або еўрапейскі (F. sylvatica). У наш час гэты від, а таксама бук буйналісты (F. grandifolia) і ўсходні (F. orientale) вырошчваюць як інтрадукаваныя расліны ў бат. садах, парках і некат. лясгасах.

Аднадомныя лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметрам ствала да 2—2,5 м, з густой амаль цыліндрычнай кронай і шэрай гладкай карой. Жывуць да 500 гадоў. Лісце эліптычнае, бліскучае. Кветкі дробныя, аднаполыя. Плады — 3-гранныя арэхі. Лесаўтваральныя (пераважна ў гарах), меліярац., дэкар. (некат. віды маюць садовыя формы), тэхн. (з драўніны вырабляюць мэблю, муз. інструменты, фанеру і інш., атрымліваюць метылавы спірт, воцат), лек., алейныя (плады даюць харч. і тэхн. алей), кармавыя і ядавітыя (плады маюць алкалоід фагін) расліны.

Бук лясны.

т. 3, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВО́ЎНІК (Gossypium),

род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн. тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.

Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). Гл. таксама Баваўнаводства.

Бавоўнік.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)