АКАДЭ́МІЯ КІРАВА́ННЯпры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,
дзяржаўная ўстанова па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Засн. ў 1991 у Мінску пры СМ Беларусі, з 1994 — пры Кабінеце Міністраў, з 1995 — пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1994/95 навуч.г. на базе вышэйшай адукацыі аддзяленні: павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў органаў дзярж. кіравання і мясц. Саветаў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, юрыдычнае; на базе сярэдняй, сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ф-т падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эканомікі, кіравання, міжнар.эканам. адносін, знешнеэканам. дзейнасці і права. У складзе Акадэміі працуюць н.-д. цэнтры па праблемах эканомікі, удасканалення кіравання, дзярж. кадравай палітыкі, службы ў дзярж. апараце, радыяцыйнай бяспекі, энергетыкі і радыеэкалагічнай адукацыі, а таксамаМіжнар. цэнтр дзелавога супрацоўніцтва і падрыхтоўкі менеджэраў. Навучанне дзённае, вочна-завочнае, завочнае; платнае. З 1992 аспірантура і савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Дактарантура з 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),
1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.Колесава (1952), В.Бірукоў (1957), А. і М.Туманавы (1963), Л.Зданюк (1966—67), А.Базылеў (1974).
2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец.фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.
3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл.Акрабатычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, алергозы,
група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл.Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц.звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.
Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,
сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнаеарган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв.макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).
Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАРЫЁЗЫ,
інфекцыйныя хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду альтэрнарыя. Крыніца інфекцыі — заражаныя насенне, расліны і пасляўборачныя рэшткі. Альтэрнарыёзы рэзка зніжаюць ураджайнасць, усходжасць насення, захаванасць пладоў. На Беларусі найб. шкаданосны альтэрнарыёз капусты — чорная плямістасць. Пашкоджвае ўсе наземныя ч. расліны, асабліва насеннікі, лісце і струкі якіх пакрываюцца цёмным напыленнем. Насенне робіцца шчуплае або зморшчваецца і засыхае. На лісці качаноў утвараюцца цёмныя плямы, тканкі якіх паступова адміраюць. Пашырэнню хваробы спрыяе вільготнае надвор’е. Альтэрнарыёз морквы — чорная гніль, пашкоджвае расліны ў час росту і пры захоўванні, асаблівыя страты наносіць насеннікам. На ўсходах хвароба праяўляецца ў выглядзе чорнай ножкі, пазней лісце жаўцее, вяне і засыхае. У сховішчах морква чарнее і гніе. Альтэрнарыёз бульбы і памідораў выяўляецца на лісці, сцёблах, чаранках, пладах. Альтэрнарыёз вядомы таксама на збожжавых, бабовых культурах, яблыні, грушы, агрэсце, табацы. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, пратручванне насення, знішчэнне раслінных рэшткаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫКЕТАВА́ННЕ,
ператварэнне здробненых і парашкападобных матэрыялаў (вугаль, руда, шлакі, кокс, торф, метал. стружка і інш.) у кавалкі правільнай формы (брыкеты). Паляпшае спажывецкія якасці матэрыялаў, павышае эфектыўнасць спальвання паліва, забяспечвае ўвядзенне руднай драбязы і метал. стружкі ў плавільную печ, дае магчымасць утылізаваць адходы вытв-сці, зменшыць выдаткі на захоўванне і транспартаванне.
Працэс брыкетавання складаецца з аперацый драбнення, падзелу на фракцыі, дазіравання і перамешвання кампанентаў сумесі, сушкі і прасавання. Выконваецца прасаванне ў стужачных, вальцовых, штэмпельных, кальцавых і імпульсных прэсах. Для паляпшэння брыкетаўтварэння ўжываюцца вяжучыя дабаўкі (пек, бітум, вадкае шкло, цэмент і інш.). Брыкетаванне шырока выкарыстоўваецца таксама ў харч. Прам-сці для вытв-сці канцэнтратаў і ў сельскай гаспадарцы для вырабу канцэнтраваных кармоў і подсцілу ў выглядзе плітак. На Беларусі вырабляюцца тарфяныя, тарфяна-вугальныя і тарфяна-вугальналігнінавыя паліўныя брыкеты (каля 2 млн.т за год) цеплатворнай здольнасцю да 17 МДж/кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),
канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.
Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗНЯ́К (Міхайла) (Міхаіл Сцяпанавіч; 3.10.1881, с. Воліца Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 20.11.1954),
украінскі літаратуразнавец. Акад.АН Украіны (1929), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю стараж.ўкр. пісьменства, гісторыю нац. тэатра («Матэрыялы да гісторыі ўкраінскай песні і верша. Тэксты і заўвагі», т. 1—3, 1913—25, «Пачатак украінскай камедыі, 1619—1819», 1919; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», т. 1—3, 1920—24, і інш.). Многія работы прысвяціў творчасці ўкр. пісьменнікаў 19 — пач. 20 ст. Працаваў таксама ў галіне мовазнаўства («Галіцкія граматыкі ўкраінскай мовы», «Граматыка Лаўрэнція Зізанія 1596 г.», абедзве 1911) і фалькларыстыкі (склаў зб. «Украінскія народныя казкі», кн. 1—3, 1946—48). Асвятляў укр.-бел. літ. і культ. Сувязі 16—17 ст. (кн. «Пісьменніцкая дзейнасць Івана Барэцкага на Валыні і ў Львове», 1954).
Літ.:
Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Бел.-ўкр.літ. ўзаемасувязі пач. XX ст.Мн., 1976.