А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),
апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАМІ́Я (ад франц. anomie адсутнасць закону),
стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводленям. сацыёлага Р.Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1044),
князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ШЫЯ, Брэша (Brescia),
горад на Пн Італіі, каля падножжа Альпаў. Адм. ц.прав. Брэшыя. 191,9 тыс.ж. (1993). Трансп. вузел. Важны прамысл. і гандл.цэнтр.Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (аўта- і авіябудаванне, с.-г. і тэкстыльнае), эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім., лёгкая (тэкстыль, адзенне, абутак), ваенная, гарбарная. Традыц.вытв-сцьмуз. інструментаў (арганаў). Цэнтр турызму. Ун-т. Акадэмія л-ры і мастацтва. Маст. галерэі. Бат. сад. Рэшткі рымскіх пабудоў, арх. помнікі 8—17 ст. У наваколлі здабыча парфіру і белага мармуру.
Засн. ў 6 ст. да н. э. галамі. З 225 да н.э.рым. калонія, з 4 ст.н.э. рэзідэнцыя біскупства. З 774 у імперыі Каралінгаў. У 1127 тут утварылася вольная гар. камуна. У 1429—1797 пад уладай Венецыі, мела аўтаномію. З 1797 у складзе Цызальпінскай Рэспублікі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 разам з Ламбарда-Венецыянскай вобласцю адышла да Аўстрыі. З 1859 у складзе Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну моцна разбурана авіяц. бамбардзіроўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРБАКІ́ (Нікала) (Bourbaki Nicolas),
псеўданім групы франц. матэматыкаў. У групу, створаную ў 1937, аб’ядналіся выпускнікі Вышэйшай нармальнай школы (А.Картан, А.Вейль, Ж.Дзьеданэ і інш.), аднак колькасць удзельнікаў і поўны склад групы не абвешчаны. Выступаюць у друку, на кангрэсах і з’ездах ад імя адной асобы. Бурбакі паставілі перад сабой мэту стварыць трактат «Элементы матэматыкі», які ахапіў бы гал. раздзелы сучаснай матэматыкі на аснове фармальнага аксіяматычнага метаду.
За 1939—77 Бурбакі ў Францыі выдадзена больш за 40 твораў, значная частка якіх перакладзена на інш. мовы. Выкладанне матэм. тэорыі мае абстрактны і фармалізаваны характар, даецца толькі іх лагічны каркас. Аснова выкладання — т.зв. структуры, вызначаныя паводле аксіём. Спосаб разважання — ад агульнага да асобнага. Самыя істотныя вынікі атрыманы ў тапалогіі, тапалагічнай алгебры, алг. геаметрыі, тэорыі функцый многіх камплексных пераменных, тэорыі алг. лікаў і функцыянальным аналізе.
Тв.:
Рус.пер. — Очерки по истории математики. М., 1963;
Начала математики. Ч. 1, кн. 1. Теория множеств. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКІ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).
Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводлеінш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА ((Vélez de Guevara) Луіс) (ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),
іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.Р.Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.
Літ.:
Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;
Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.