ЗАБА́ШТА (Любоў Васілеўна) (3.2.1918, г. Прылукі, Украіна — 21.7.1990),
украінская паэтэса. Скончыла Адэскі водны ін-т (1941). Друкавалася з 1935. Любоў да Радзімы, каханне, мацярынскае шчасце, героіка ваен. і мірных гадоў — асноўныя тэмы яе паэт. творчасці (зб-кі вершаў «Новыя берагі», 1950; «Дарогі дружбы», 1953; «Песня і хлеб», 1961; «Незабудкі», 1966; «Бераг надзеі», 1974; «Кіеўская гара», 1982, і інш.). Аўтар п’ес «Вяселле ў Цярнах» і «Ружы на камені» (абедзве 1963), драм. і ліра-эпічных паэм «Цярновы лёс» (1961), «Маруся Чурай» (1968), «Раксалана» (1971), «Леся Украінка» (1973), раманаў «Там, за ракою — маладосць» (1970), «Софія Кіеўская» (1982), аповесцей «Крылы Арсена Дораша» (1968), «Спаленне мадонны» (1989), кніг вершаў для дзяцей «Калі я вырасту» (1975), «Сеяльшчыкі» (1984). Пераклала на ўкр. мову кн. В.Віткі «Птушыная школа», паасобныя творы Э.Агняцвет. На бел. мову творы З. пераклалі Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Бялевіч, В.Вярба, Х.Жычка, К.Камейша і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ (Павел Архіпавіч) (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял.Айч. вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я, Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.Салавей, У.Паўлаў.
Тв.:
Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1986—87.
Літ.:
Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;
Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Адам Іосіфавіч) (н. 4.4.1912, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, этнограф. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1964). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У 1937—40 нам. дырэктара Мінскага пед. вучылішча. З 1945 выкладчык, дэкан Курскага пед. ін-та. З 1953 заг. сектара этнаграфіі Ін-та гісторыі, з 1957 нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР. У 1970—81 навук. супрацоўнік, заг. сектара Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі Вял.Айч. вайны, нац. адносін. Адзін з аўтараў 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4, 1975), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 1—5, 1995).
Тв.:
Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. Мн., 1960;
В партизанских краях и зонах. М., 1962;
Героический подвиг миллионов в тылу врага. Мн., 1970;
Дарогамі партызанскай Беларусі. Мн., 1974;
О национальных отношениях в Советской Белоруссии: Ист. очерки. Гродно, 1992 (разам з П.М.Кобрынцам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАНА́ЦКІ (Юрый Аліферавіч) (1.1.1914, в. Барсукоў Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.4.1994),
украінскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1937). У Вял.Айч. вайну камандзір партыз. атрада імя М.Шчорса. Героіку Вял.Айч. адлюстраваў у кнігах апавяданняў «Над Дзясной» (1951), «Старэйшы брат» (1952), «Незабыўнае» (1953), раманах «Мы — не з легенды» (1973), «Чырвоная раса» (1981) і інш. Надзённыя праблемы сучаснасці ў аповесці «Між добрымі лю́дзьмі» (1955) і раман «Хвалі» (1967; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970). Аўтар твораў для дзяцей: «Малінавы звон» (1958), «Марская чайка» (1959), «Курыны бог» (1966), «Прыгоды Івана Каструбы» (1984) і інш. За раман «Кукуюць зязюлі» (1975) і аповесці для дзяцей «Курылавыя астравы» (1963), «Гераподзвія» (1966) і інш.Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1975. На бел. мову паасобныя яго творы пераклалі У.Краўчанка, А.Чаркасаў, І.Шамякін, П.Кавалёў.
Тв.:
Твори. Т. 1-4. Київ, 1984—85.
Літ.:
Про Юрія Збанацького: Статі, етюди, есе. Київ, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (ЗБВБ),
бел.арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т. л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.Асіповіч (1953, 1955), П.Навара (1954, 1957, 1966—70), У.Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.Здановіч (1995—96), В.Еўдакімаў (з 1996), Л.Міхалюк (з 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА 1864у Расіі, «Палажэнне аб губернскіх і павятовых земскіх установах 1 студзеня 1864»,
рэформа, выкліканая неабходнасцю дастасаваць самадзярж. лад да патрэб капіталіст. развіцця; састаўная ч. рэформ 1860—70-х г. Праведзена ў 34 губернях еўрап. Расіі і Вобласці Войска Данскога. Рэформа не пашыралася на нац. ўскраіны, у т. л. на Беларусь. Палажэннем 1890 дзейнасць земстваў абмежавана. 15.4.1903 уведзена «Палажэнне аб кіраванні земскай гаспадаркай у губернях Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай». Паводле гэтага палажэння ствараліся губ. і пав. к-ты па справах земскай гаспадаркі. 27.3.1911 прынята «Палажэнне аб земскіх установах». На Беларусі яно пашырана толькі на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губ. (з 35 бел. паветаў земствы ўведзены ў 25). У аснову выбарчай сістэмы пакладзены саслоўны і маёмасны цэнзы, якія забяспечвалі перавагу памешчыкам і чыноўнікам. Паводле палажэння 1911 ствараліся губ. і пав. земскія сходы і земскія ўправы, якія займаліся мясц.гасп. справамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ СУД,
1) на Беларусі, Літве і Украіне пав. шляхецкі суд у 16—1-й пал. 19 ст. Разглядаў крымін. і грамадз. справы, выконваў натарыяльныя функцыі, запісваў скаргі на незаконныя дзеянні службовых асоб павета. Складаўся з суддзі, падсудка і пісара. Выбіраўся пав. шляхтай з мясц. шляхціцаў (хрысціян), якія ведалі права, мелі маёнткі. Сесіі З.с. збіраліся З разы на год. Судаводства вялося на падставе Бельскага прывілея 1564 і Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, да сярэдзіны 17 ст. на бел., потым на польск. мове. Дзейнічаў да 30.10.1831.
2) У Расіі мясц. судовы і адм.-паліцэйскі орган у 2-й пал. 18—2-й пал. 19 ст. Створаны паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў 1775». Падзяляўся на Ніжні (разглядаў дробныя крым. і грамадз. справы, дзейнічаў як паліцэйска-адм.пав. орган; у 1862 заменены пав. паліцэйскім упраўленнем) і Верхні (саслоўны суд. орган для дваран і апеляцыйная інстанцыя для пав. судоў, дваранскіх апек і ніжніх З.с.). Скасаваны ў 1796.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧНІК,
службовае слова ці спалучэнне слоў, якое злучае члены сказа, часткі складанага сказа ці цэлыя сказы; не мае самаст. лексічнага значэння.
У сучаснай бел. мове паводле марфалаг. складу З. падзяляюцца на простыя (невытворныя «а», «і», «ды», «бо», «ці», вытворныя «што», «толькі», «бо», «аж», «дый») і састаўныя («таму што», «як быццам», «для таго каб»); паводле сінтакс. функцыі — на злучальныя (звязваюць раўнапраўныя сінтакс. адзінкі) і падпарадкавальныя (звязваюць сінтакс. адзінкі, з якіх адна паясняе другую). Сярод злучальных вылучаюцца спалучальныя («і», «ды», «дый», «таксама»), супастаўляльныя («а», «але», «ды», «аднак») і пералічальна-размеркавальныя («ці-ці», «ні-ні», «то-то»); сярод падпарадкавальных — часавыя («калі», «пакуль», «як толькі»), умоўныя («калі 6», «каб», «раз»), прычынныя («бо», «таму што»), мэтавыя («каб», «абы», «для таго каб»), уступальныя («хоць», «няхай»), выніковыя («так што») і параўнальныя («як», «бы», «нібыта»), У ролі З. бываюць і злучальныя словы — займеннікі і прыслоўі («які», «дзе», «што»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін). Адрозніваюць грамат. і лексічнае З.с. Граматычнае значэнне (гл.Граматыка) абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У бел. мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і інш., якія выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца афіксацыяй (гл.Афікс), чаргаваннем гукаў, націскам, суплетывізмам, спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі грамат. значэнняў. Грамат. З.с. выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў («дом» — назоўнік мужчынскага роду, адз. л., назоўнага склону; гэтыя значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і інш.). Лексічнае значэнне (гл.Лексіка) ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем (што складае ядро лексічнага З.с.). Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова (гл.Аснова ў мовазнаўстве). Лексічнае З.с. — індывід., уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы. Словы могуць мець і некалькі лексічных значэнняў (полісемія), тады адрозніваюць прамыя і пераносныя З.с. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.