СТАЎБЦО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1921—40 у Навагрудскім ваяв. Польшчы, у 1939—40 у БССР Цэнтр — мяст. Стоўбцы. Утвораны ў канцы 1920 на частцы тэр. б. Мінскага пав., акупіраванай польск. войскамі Уключаў 7 гмін: Засульскую, Заслаўскую, Івянецкую, Пяршайскую, Ракаўскую, Свержанскую, Стаўбцоўскую. З 4.2.1921 у Навагрудскім ваяв. У 1923 уключаў 8 гмін: Валмянскую, Засульскую, Івянецкую, Навасвержанскую, Пяршайскую, Ракаўскую, Рубяжэвіцкую, Стаўбцоўскую. 13.1.1926 Валмянская, Івянецкая і Пяршайская гміны перададзены ў Валожынскі пав.; да С.п. далучаны Дзераўноўская, Жухавіцкая, Мірская, Ярэміцкая, 20.5.1930 Налібоцкая гміны з суседніх паветаў. У вер. 1939 павет заняты Чырв. Арміяй, з 14.11.1939 у БССР, з 4 снеж. ў Баранавіцкай вобл. 15.1.1940 С.п. скасаваны, яго тэрыторыя падзелена паміж Івянецкім, Мірскім і Стаўбцоўскім р-намі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ЧКА (Stučka) Петэрыс (26.7.1865, б. Кокнеская вол., цяпер Айзкраўкльскі р-н, Латвія — 25.1.1932),

латвійскі і рас. паліт. і дзярж. дзеяч, пісьменнік, юрыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Рэдактар (1888—91, 1895—97) газеты лат. дэмакр. інтэлігенцыі «Dienas lapa» («Штодзённы лісток», Рыга). З 1895 сацыял-дэмакрат. Адзін з заснавальнікаў Лат. с.-д. рабочай партыі (1904) і Камуніст. партыі Латвіі (1919, КПЛ), старшыня Сав. ўрада Латвіі (1918—20). Нарком юстыцыі РСФСР (1917—18), старшыня Вярх. суда РСФСР (1923—32). Адначасова старшыня Замежнага бюро КПЛ і яе прадстаўнік у Камінтэрне (1920—32). Аўтар сатыр. зб. «Маленькія авадні» (1888, з Я.​Райнісам), літ.-крытычных артыкулаў, успамінаў, прац па тэорыі дзяржавы і права, грамадз. праве. Гал. рэдактар «Энцыклапедыі дзяржавы і права» (т. 1—3, 1925—27).

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДМАЛІС (Sudmalis) Імант Янавіч (18.3.1916, г. Цэсіс, Латвія — 25.5.1944),

адзін з арганізатараў партыз. руху ў Латвіі ў гады Вял. Айч. вайны, у т. л. ў Беларусі (раён Асвея). Герой Сав. Саюза (1957). З 1932 чл. падп. камун. саюза моладзі Латвіі. З 1940 першы сакратар Ліепайскага пав. к-та камсамола і чл. ЦК камсамола Латвіі. У чэрв. 1941 прымаў удзел у абароне Ліепаі, потым у бел. партыз. атрадах (у Асвейскай зоне). Са снеж. 1942 сакратар парт. арг-цыі латв. партыз. спец. атрада, з сак. 1943 — партыз. брыгады. З восені 1943 упаўнаважаны аператыўных груп ЦК КП(б) і ЦК ЛКСМ Латвіі, стварыў і ўзначаліў рыжскі падп. гарком ЛКСМ.

У дзень правядзення фашыстамі мітынгу (13.11.1943) арганізаваў у Рызе ўзрыў міны. 19.2.1944 схоплены фашыстамі і пакараны смерцю.

т. 15, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯМІБАЯ́РШЧЫНА»,

баярскі ўрад у Расіі, створаны пасля адлучэння ад пасады 27.7.1610 цара Васіля Іванавіча Шуйскага. У яго склад увайшлі 7 чал. (адсюль назва): кн. Ф.​І.​Мсціслаўскі, І.​М.​Варатынскі, А.​В.​Трубяцкой, А.​В.​Галіцын, Б.​М.​Лыкаў, баяры І.​Н.​Раманаў, Ф.​І.​Шарамецеў. Баючыся антыфеад. руху, урад «С.» заключыў 27.8.1610 дагавор з гетманам С.Жалкеўскім аб прызнанні рус. царом каралевіча Уладзіслава (гл. Уладзіслаў IV). 1.10.1610 «С.» патаемна пусціла польска-літ. войскі ў Маскву і фактычна перадала ўладу ў рукі кіраўнікоў акупац. гарнізона (гл. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, «Смута»), «С.» існавала (намінальна) да вызвалення Масквы 2-м апалчэннем (гл. Народнае апалчэнне 1612) пад кіраўніцтвам К.М.Мініна і Дз.М.Пажарскага. Земскі сабор 3.3.1613. выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава.

т. 15, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ЕР (ад франц. trier адбіраць, сартаваць),

машына для ачысткі насення асн. культуры ад дамешкаў і сартавання па даўжыні ачышчанага насення. Бывае часткай (рабочым органам) зернеачышчальных машын. Найб. пашыраны цыліндрычныя і дыскавыя Т.

Рабочы орган цыліндрычных Т. — ячэйкавыя цыліндры. У цыліндрах з дробнымі ячэйкамі (кукольных) адбіраюцца кароткія зярняты і дамешкі, у цыліндрах з ячэйкамі большага дыяметра (аўсюжных) — доўгія зярняты і дамешкі. Пры вярчэнні цыліндра адбываецца раздзяленне насення па фракцыях і ачыстка яго ад дамешкаў. Дыскавыя Т. найб. выкарыстоўваюцца на млынах і ў хлебапякарных пунктах. Ёсць спецыялізаваныя Т. — для кукурузы, лёну і інш.

В.​М.​Кандрацьеў.

Трыер: а — трыерны блок (1 — трыерны цыліндр, 2, 3 — размеркавальнікі пярэдні і задні); б — схема работы (1 — жолаб, 2 — цыліндр з ячэістай паверхняй, 3 — шнэк).

т. 15, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ВЕ́ЖА,

металічная, жалезабетонная, камбінаваная вежа, на якой устанаўліваецца тэлевізійнае і радыёабсталяванне. На Т.в. і ўнутры яе размешчаны антэны і спец. апаратура тэлебачання, радыёвяшчання, рэтрансляцыі, радыёрэлейнай і радыётэлегр. сувязі, таксама прылады для метэаралагічнага назірання і інш. Некаторыя Т.в. маюць назіральныя пляцоўкі, рэстараны, кафэ і інш. Найб. будаваліся ў сярэдзіне 20 ст. Вышыня Т.в. вызначае радыус дзеяння тэлевізійнай станцыі, напр., Т.в. Астанкінскага тэлецэнтра ў Маскве мае выш. каля 540 м, радыус дзеяння тэлевізійных антэн 120—130 км. Некаторыя Т.в. з’яўляюцца выдатнымі арх.- і тэхн. збудаваннямі.

Тэлевізійная вежа: а — у г. Дортмунд, Германія; б — будова вежы ў г. Франкфурт-на-Майне, Германія (1 — перадавальныя антэны; 2 — службовыя памяшканні; 3 — назіральная пляцоўка; 4 — рэстаран; 5 — лесвіца; 6 — шахта ліфта).

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада для вымярэння сілы пераменнага току (радзей эл. напружання, магутнасці) на аснове спалучэння аднаго ці некалькіх тэрмапераўтваральнікаў і магнітаэлектрычнай прылады.

Тэрмапераўтваральнік складаецца з адной ці некалькіх тэрмапар і награвальніка, па якім працякае ток, што вымяраецца. Пад дзеяннем цяпла, што вылучае награвальнік, паміж свабоднымі канцамі тэрмапары ўзнікае электрарухальная сіла, якая вымяраецца магнітаэл. прыладай. Межы вымярэння сілы пераменнага току пашыраюць шунтамі, спец. ВЧ трансфарматарамі і інш.; межы вымярэння напружанасці — дадатковымі рэзістарамі. Т.п. як амперметр выкарыстоўваюць у дыяпазоне частот да 30 МГц, як вальтметр — да 1 МГц. Асаблівасць Т.п. — недапушчальнасць вял. перагрузак (не больш як у 1,5 раза).

Тэрмаэлектрычная прылада вымяральная (а — амперметр, б — вальтметр); 1 — награвальнік; 2 — тэрмапераўтваральнік; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; ВМ — вымяральны механізм.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЯДЗЕ́НСКІ Барыс Аляксеевіч (19.4.1893, Масква — 1.6.1969),

расійскі радыёфізік, заснавальнік радыёметралогіі і тэорыі радыёхваляводаў. Акад. АН СССР (1943, чл.-кар. 1934). Чл.-кар. Германскай АН (1955). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Працаваў у розных НДІ. З 1946 акад.-сакратар аддз. тэхн. навук АН СССР, з 1953 у Ін-це радыётэхнікі і электронікі АН СССР. Навук. працы па тэорыі распаўсюджвання радыёхваль УКХ дыяпазону ў атмасферы Зямлі, па радыёметралогіі і фізіцы радыёхваляводаў. З 1951 гал. рэдактар 2-га выд. «Вял. сав. энцыклапедыі», 3-га выд. «Малой сав. энцыклапедыі», універсальнага «Энцыклапедычнага слоўніка» і інш. выданняў. Залаты медаль імя А.​С.​Папова (1949). Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Дальнее тропосферное распространение ультракоротких радиоволн. М., 1965 (у сааўт.).

Літ.:

Б.​А.​Введенский. М.; Л., 1950.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВЫ́ ГЕНЕРА́ТАР,

прыстасаванне для выпрамянення ультрагуку. Бываюць электрамех. (асн. выпрамяняльнікі) і механічныя.

Электрамеханічныя У.г. пераўтвараюць эл. ваганні ў Механічныя. Для генерыравання ультрагуку нізкіх частот выкарыстоўваюць электрадынамічныя і электрастатычныя выпрамяняльнікі. З іх найб. пашыраны магнітастрыкцыйныя пераўтваральнікі, заснаваныя на эфекце магнітастрыкцыі, інтэнсіўнасць ультрагуку павялічваецца з дапамогай стрыжнёвых канцэнтратараў. Для выпраменьвання ультрагуку сярэдніх і высокіх частот карыстаюцца пераважна п’езаэлектрычнымі пераўтваральнікамі. Павелічэнне інтэнсіўнасці ультрагуку робіцца з дапамогай факусіроўкі гуку. Механічныя У.г. — паветраныя і вадкасныя свісткі, сірэны і інш., газаструменныя выпрамяняльнікі, выкарыстоўваюцца пераважна ў прамысл. ультрагукавой тэхналогіі, а таксама як сродак сігналізацыі.

Ультрагукавыя генератары: а — магнітастрыкцыйны пераўтваральнік (1 — з асяродкам стрыжнёвай формы, 2 — з асяродкам кальцавой формы, стрэлкі — напрамкі токаў у абмотках); б — радыяльная сірэна (1 — рэфлектар, 2 — вярчальны дыск-ротар з адтулінамі, 3 — нерухомы дыск-статар).

т. 16, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУ́БАВАЯ МАШЫ́НА,

горная машына для праразання ўруба (шчыліны ў масіве забою) пры падземнай распрацоўцы радовішчаў вугалю, калійнай солі і інш. Уруб забяспечвае эфектыўную выемку пласта і падтрыманне даху ў лаве.

Рабочы орган У.м. — папярочны плоскі бар, які складаецца з рэжучага ланцуга, што рухаецца ў накіравальнай раме. Для атрымання ўрубаў на рознай вышыні сценак штрэкаў, у глебе і ў даху вырабатак існуюць універсальныя У.м. на колава-рэйкавым, гусенічным або пнеўма-колавым хаду (пашыраны на калійных рудніках для нарэзкі кампенсацыйных шчылін пры ахове горных вырабатак). Прататып У.м. створаны ў Вялікабрытаніі ў 1761.

П.​Я.​Антонаў, Б.​А.​Багатаў.

Рабочы орган (бар) урубавай машыны: 1 — двухразцовы кулак; 2 — накіравальная рама для рэжучага ланцуга 4 ; 3 — вядучая зорачка; 5 — разец.

т. 16, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)