ФА́ХВЕРК (ням. Fachwerk ад Fach панэль, секцыя + Werk збудаванне),

тып каркаснай канструкцыі пераважна малапавярховых жылых і грамадскіх будынкаў, нясучымі элементамі якой з’яўляюцца стойкі, рыгелі, раскосы. Каркас сцяны фахверкавай пабудовы засн. на трывалай сувязі гарыз. і верт. драўляных брусоў, злучаных раскосамі з брусоў, металу, жалезабетону; прамежкі паміж канстр. элементамі запаўняюцца каменнем, цэглай, глінай, саманам і інш., што робіць буд-ва больш танным, надзейным, надае будынкам выразнае арх. аблічча. Пашыраны ў 14—17 ст. у краінах Еўропы. Комплексы фахверкавых дамоў, ратуш, гасп. пабудоў найб. захаваліся ў невял. гарадах Германіі. Канстр. ідэя Ф. ў мадыфікаваным выглядзе выкарыстоўваецца і ў сучасным жылым і прамысл. буд-ве. На Беларусі Ф. вядомы з 16 ст. пад назвай «прускі мур». У кліматычных умовах Беларусі сцяна з Ф. не забяспечвала неабходных цеплатэхн. характарыстык, таму найб. пашырэнне Ф. меў у верхніх, адкрытых для агляду, ч. будынкаў: вежа для гадзінніка на школе ў г. Паставы (18 ст.), шчыты жылых дамоў у в. Гарадзец Шаркаўшчынскага р-на, свірна ў в. Опса Браслаўскага р-на (19—20 ст.) і інш.

Літ.:

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Фахверк. Фахверкавы жылы дом у Айрвайлеры каля г. Бон (Германія).

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАЭЛЕМЕ́НТ,

фотаэлектронная прылада, у якой пры паглынанні аптычнага выпрамянення ўзнікае электрарухальная сіла (фотаэрс) ці эл. ток (фотаток).

Адрозніваюць вакуумныя і газанапоўненыя Ф., дзеянне якіх заснавана на знешнім фотаэфекце, і паўправадніковыя — на ўнутр. фотаэфекце. У вакуумных Ф. светлавы паток выклікае фотаэлектронную эмісію з паверхні фотакатода, у выніку пры замыканні ланцуга Ф. ў ім узнікае фотаток, прапарцыянальны светлавому патоку. Для газанапоўненых Ф. (у адрозненне ад вакуумных) характэрна нелінейная залежнасць фотатоку ад інтэнсіўнасці святла. У паўправадніковых Ф. (на аснове селену, крэмнію, арсеніду галію і інш.) пры паглынанні аптычнага выпрамянення павялічваецца колькасць рухомых носьбітаў зараду — электронаў і дзірак, якія прасторава раздзяляюцца эл. полем p-n-пераходу ці кантакту метал-паўправаднік, што прыводзіць да ўзнікнення фотаэрс. Выкарыстоўваюцца як прыёмнікі аптычнага выпрамянення (у т. л. бачнага святла) у аўтам. кантрольнай і вымяральнай апаратуры, у фота- і кінатэхніцы, факсімільнай сувязі і інш.; паўправадніковыя Ф. — таксама для прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпрамянення ў электрычную (у сонечных батарэях, фотаэл. генератарах).

Р.​М.​Шахлевіч.

Схемы фотаэлементаў са знешнім (1) і ўнутраным (2) фотаэфектам: K — фотакатод; Φ — светлавы паток; A — анод; RH — нагрузка; E — крыніца пастаяннага току; n і p — вобласці паўправадніка з донарнай і акцэптарнай дамешкамі.

т. 16, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,

адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).

У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАЛАВЕ́ЧЫХ АДНО́СІН» ТЭО́РЫЯ,

канцэпцыя кіравання ў арганізацыях (найперш прамысловых), якая грунтуецца на маральна-псіхал. фактарах стымулявання работніка і павышэння прадукцыйнасці працы. Сфарміравалася як альтэрнатыва тэйларызму ў выніку сац. эксперыменту, праведзенага ў 1927—32 на з-дах кампаніі «Уэстэрн электрык» у г. Хоўтарн (каля г. Чыкага, ЗША). Група даследчыкаў пад кіраўніцтвам псіхолага Э.​Мэё даказала, што маральна-псіхал. клімат у прац. калектыве, характар узаемаадносін работнікаў паміж сабой і з кіраўніцтвам у значнай ступені ўплываюць на прадукцыйнасць працы: пры дэспатычным рэжыме яна зніжаецца, а пры добразычлівых, гуманных узаемаадносінах павышаецца. Вучонымі распрацавана сістэма прынцыпаў і метадаў кіравання, арыентаваных на стварэнне т.зв. псіхал. дабрабыту ў прац. калектывах, здольных прадухіліць канфлікты. Паводле Мэё, стварэнне добразычлівага мікраклімату на рабочым месцы здольна кампенсаваць недахопы грамадскага ладу, а гуманныя адносіны ў сферы вытв-сці непазбежна вядуць да сац. гармоніі. У 1960-я г. «Ч.а.»т. дапоўнена тэорыяй «кіравання праз саўдзельніцтва» (Д.​Макгрэгар і інш.), паводле якой прадпрымальнік павінен бачыць у наёмным работніку не толькі работніка, але і сац. партнёра, а наёмны работнік у наймальніку — не толькі гаспадара, але і свайго кампаньёна. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне «групавыя нормы і стылі кіравання» рабочымі.

Т.​І.​Адула.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСЦІ́ЦЫ,

непаўназначныя словы, якія выражаюць сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў. Не маюць намінатыўнай функцыі і адпаведных грамат. катэгорый; не ўжываюцца самастойна, не з’яўляюцца членамі сказа. Толькі ў дыялогу некат. Ч. («ага», «але», «вось», «так» і інш.) набываюць значэнне слоў-сказаў: «Зразумеў, сынок? — Так!» — ціха адказаў Андрэй» (Э.​Самуйлёнак).

Паводле марфал. будовы, ужывання, ролі і функцый у мове Ч. падзяляюцца на простыя («амаль», «толькі», «хіба»), састаўныя («ну і», «што за», «дзе там»), невытворныя («а», «але», «і»), вытворныя («проста», «выключна», «такі»), слова- («абы», «не», «ні») і формаўтваральныя («б», «бы», «бадай»), Адрозніваюцца Ч. прэпазіцыйныя («ну», «ці», «ні»), постпазіцыйныя («жа», «ж», «б») і са свабодным месцапалажэннем («вунь», «нават», «ужо»). У ролі Ч. ужываюцца прыслоўі, займеннікі, дзеясловы, злучнікі. Ч. — марфалагічна нязменныя ўтварэнні. У адпаведнасці з функцыянальным прызначэннем падзяляюцца на некалькі разрадаў: Ч., якія выражаюць дадатковыя сэнсавыя адценні (указальныя, азначальна-ўдакладняльныя, вылучальна-абмежавальныя), мадальныя і мадальна-валявыя (сцвярджальныя, адмоўныя, пытальныя, параўнальныя), эмацыянальна-экспрэсіўныя (клічныя, узмацняльныя), структураўтваральныя, з дапамогай якіх утвараюцца новыя словы або формы адпаведных слоў. Ч. далучаюцца да пэўных кампанентаў сказа (слоў, словазлучэнняў) ці ўсяго выказвання.

Літ.:

Киселев И.А. Частицы в современных восточнославянских языках. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДА,

прылада, дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні магнітнага поля току, што вымяраецца і працякае ў нерухомым правадніку (эл. шпулі), з рухомым (або адным рухомым і другім нерухомым) стрыжнем з магнітамяккага матэрыялу. Выкарыстоўваюцца як шчытавыя і пераносныя прылады для вымярэння пераважна эл. напружанняў і сіл токаў прамысл. частаты (вальтметры, амперметры).

Найб. пашыраныя Э.в.п. з плоскай і круглай нерухомымі шпулямі, з замкнутым магнітаправодам. У першых пры праходжанні току праз шпулю ў яе зазор уцягваецца ферамагн. стрыжань, які паварочвае стрэлку. У прылад з круглай шпуляй рухомы і нерухомы стрыжні пры праходжанні току па шпулі намагнічваюцца і адштурхоўваюцца; рухомы стрыжань разам са стрэлкай паварочваецца на адпаведны вугал. Э.в.п. простыя па канструкцыі, надзейныя, устойлівыя да перагрузак, але невысокай адчувальнасці і са значным спажываннем энергіі. Ад уплыву вонкавых магн. палёў ахоўваюцца ферамагн. экранам або выкарыстаннем астатычнага вымяральнага механізма. Выпускаюцца таксама эл.-магн. частатамеры з лагаметрычным вымяральным механізмам (гл. Лагометр).

У.​М.​Сацута.

Схемы электрамагнітных вымяральных прылад а і б — з плоскай і круглай шпуляй; в — з замкнёным магнітаправодам; 1 — шпуля; 2 — рухомы асяродак; 3 — вось; 4 — паветраны заспакойвальнік; 5 — нерухомы асяродак; 6 — вадкасны заспакойвальнік.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНЫЯ ХВА́ЛІ,

узбурэнні электрамагнітнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю (гл. Фазавая скорасць). Існаванне Э.х. прадказаў М.Фарадэй у 1832, Дж.К.Максвел у 1865 тэарэтычна даказаў, што эл.-магн. ваганні распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла, а Г.Герц у 1888 эксперыментальна пацвердзіў іх існаванне.

Э.х., акрамя некаторых спец. выпадкаў, — папярочныя хвалі: у кожным пункце поля Э.х. вектары напружанасці эл. поля E→ і магн. індукцыі B→ узаемаперпендыкулярныя і плоскасці іх ваганняў перпендыкулярныя да напрамку скорасці іх распаўсюджвання. Заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання Э.х. апісваюцца Максвела ўраўненнямі. У залежнасці ад частаты ваганняў (або даўжыні хвалі ў вакууме) адрозніваюць: аптычнае выпрамяненне, гама-выпрамяненне, радыёхвалі і інш. (гл. Шкала электрамагнітных хваль). Перанос энергіі Э.х. характарызуецца Пойнтынга вектарам. На мяжы падзелу двух асяроддзяў адбываецца адбіццё і пераламленне Э.х., а пры іх распаўсюджванні ў асяроддзі магчымы з’явы дысперсіі хваль, дыфракцыі хваль, інтэрферэнцыі хваль, а таксама паглынання хваль і рассеяння хваль.

Літ.:

Горелик Г.С. Колебания и волны. 2 изд. М., 1959;

Крауфорд Ф. Волны: Пер. с англ. 3 изд. М., 1984;

Рабинович М.И., Трубецков Д.И. Введение в теорию колебаний и волн. 2 изд. М., 1992.

Ю.​М.​Хачатран.

Электрамагнітныя хвалі.

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЯ ЗВА́РКА,

працэс атрымання нераздымнага злучэння метал. вырабаў з расплаўленнем краёў злучальных частак пучкамі паскораных электронаў. У адрозненне ад інш. відаў зваркі забяспечвае высокую дакладнасць вырабу дэталей пры высокай прадукцыйнасці работы.

Выконваецца пры высокім ці сярэднім вакууме, а таксама пры атм. ціску. Пучок паскораных электронаў ад электроннай пушкі факусіруецца і накіроўваецца на зварачны стык. Малы аб’ём расплаўленага металу (у параўнанні з інш. відамі зваркі) і кароткачасовасць цеплавога ўздзеяння забяспечваюць нязначныя цеплавыя дэфармацыі злучаных дэталей. Дазваляе зварваць за 1 праход металы і сплавы таўшчынёй да 250 мм і больш, у т. л. дэталі, якія могуць мець розную таўшчыню. Дае магчымасць злучаць дэталі з сталі, чыгуну, алюмінію, медзі, тытану, тугаплаўкіх металаў і іх сплаваў, а таксама папярэдне тэрмічна загартаваныя дэталі, для якіх непажаданая далейшая тэрмічная апрацоўка. Э.-п.з. выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы, радыё- і мікраэлектроніцы, авія- і касм. тэхніцы, прылада- і машынабудаванні і інш.

Літ.:

Электронно-лучевая сварка. Киев, 1987;

Кайдалов А.А. Электронно-лучевая сварка и смежные технологии. Киев, 1998.

І.​Л.​Побаль.

Схема электронна-прамянёвай зваркі: 1 — катод, які пры награванні вылучае электроны, што фарміруюцца ў пучок 2; 3 — магнітная лінза, якая факусіруе пучок на загатоўцы 5; 4 — шпуля, якая перамяшчае электронны прамень.

т. 18, кн. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТАЛО́ГІЯ (ад грэч. ēthos звычай, нораў + ...логія),

навука пра біял. асновы паводзін жывёл і іх значэнні для прыстасавання да ўмоў існавання ў працэсах індывід. развіцця і эвалюцыі. Вывучае формы адаптыўных паводзін, якія маюць характар спадчынных відавых адзнак або набытых у працэсе развіцця, сувязі паміж паводзінамі і рознымі працэсамі і падзеямі, што адбываюцца паза арганізмам, унутры яго і папярэднічаюць пэўным паводзінам. Асн. прадмет даследавання Э. — інстынкты. Цесна звязана з фізіялогіяй. экалогіяй. папуляцыйнай генетыкай і генетыкай паводзін.

Тэрмін «Э.» ўвёў франц. заолаг І.​Ж.​Сент-Ілер (1859). Як самаст. навук. кірунак Э. аформілася ў 1930-я г. (К.Лорэнц. Н.Тынберген). У Расіі з канца 19 ст. паводзіны жывёл даследавалі У.​А.​Вагнер, А.​М.​Промптаў і інш., з 1960-х г. — Л.​В.​Крушынскі. М.​П.​Навумаў, У.​Я.​Сакалоў і інш.

На Беларусі даследаванні па Э. вядуцца з 1970 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі: насякомых — А.​М.​Літвінава, У.​А.​Радкевіч, Э.​І.​Хацько, рыб — П.​І.​Жукаў, Т.​М.​Шаўцова, амфібій і рэптылій — М.​М.​Пікулік, птушак — Ю.​А.​Вязовіч, М.​С.​Долбік і інш., млекакормячых — П.​Р.​Козла, А.​М.​Курскоў і інш.

т. 18, кн. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАГЕАГРА́ФІЯ,

навуковая дысцыпліна, якая вывучае размяшчэнне народаў, асобных этнагр. і канфесіянальных груп, шляхі іх міграцыі, заканамернасці рассялення і распаўсюджання тых ці інш. этнакульт. элементаў у прасторы і часе, уплыў геагр. і пэўных фактараў на характар іх жыццядзейнасці і рэгіянальныя асаблівасці культуры. Знаходзіцца на сумежжы этнаграфіі і геаграфіі. Як апісальная навука вядома са старажытнасці («Гісторыя» Герадота, 5 ст. да н.э.; «Геаграфія» Страбона, «Натуральная гісторыя» Плінія Старэйшага, абедзве 1 ст. н.э., працы Тацыта, Пталамея і інш.). Новы штуршок атрымала ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, асваення і каланізацыі новаадкрытых зямель. Найб. актуальныя задачы Э.: вызначэнне нац. складу насельніцтва свету і яго асобных расавых, этналінгвістычных, рэліг. груп, іх геагр. размяшчэнне, складанне этнагр. карт і атласаў. Цесна звязана з этн. дэмаграфіяй, антрапагеаграфіяй, лінгвагеаграфіяй, праблемамі арэальных даследаванняў і картаграфаваннем. Пры вызначэнні межаў рассялення народаў істотнае значэнне мае этн. ідэнтыфікацыя паводле моўных прыкмет, нац. самасвядомасці і канфесіянальнай прыналежнасці, што адлюстроўваюць абагульняльныя этнаграфічныя карты і атласы.

Літ.:

Титов В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;

Народы мира: Ист.-этногр. справ. М., 1988;

Смоліч А. Геаграфія Беларусі. Мн., 1992;

Беларусы: Этнагеаграфія, дэмаграфія. дыяспара, канфесіі: Атлас. Мн., 1996.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)