РАДЫЁЗО́НД (ад радыё... + зонд),
прылада для вымярэння ціску, т-ры і вільготнасці паветра ў свабоднай атмасферы і перадачы вынікаў вымярэнняў з дапамогай радыёсігналаў на Зямлю. Р. падымаецца на паветр. шары на выш. да 40 км. Далёкасць дзеяння каля 150—200 км. Сканструяваны рас. вучоным П.А.Малчанавым у 1930. На Беларусі радыёзандзіраванне свабоднай атмасферы пры дапамозе Р. праводзіцца з 1934.
т. 13, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПЕЛЕНГА́ЦЫЯ,
вызначэнне напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення; від пеленгацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёпеленгатараў. выкарыстанне 2 радыёпеленгатараў, размешчаных на адлегласці адзін ад аднаго, дазваляе вызначыць каардынаты пеленгаванага аб’екта, а Р. 2 ці больш крыніц радыёвыпрамянення — каардынаты аб’екта, з якога вядзецца Р. Пры Р. вымяраюцца вуглы паміж напрамкам на пеленгаваны аб’ект і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку. У караблеваджэнні абмяжоўваюцца вымярэннем пеленга (радыёпеленгаванне).
т. 13, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́Ц,
адна ці шматлязовы металарэзны інструмент. Найб. пашыраны прызматычны Р. складаецца з галоўкі з рабочай (рэзальнай) часткай пэўнай геам. формы і стрыжня — трымалкі для замацавання яго ў разцатрымальніку. Рэзальную частку Р. вырабляюць з матэрыялаў (вугляродзістай, легіраванай сталі, цвёрдых сплаваў, кампазіцыйных і інш.), цвёрдасць якіх перавышае цвёрдасць дэталей, што апрацоўваюцца. Выкарыстоўваюць пры апрацоўцы вырабаў на такарных, карусельных, даўбёжных, стругальных, зубастругальных і інш. спец. станках.
т. 13, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́РНАСЦЕЙ АНА́ЛІЗ, размернасцей тэорыя,
матэматычны метад вызначэння формул, якія выражаюць залежнасць паміж фіз. велічынямі пры даследаванні розных з’яў. Заснаваны на супастаўленні размернасцей фіз. велічынь. Выкарыстоўваецца ў выпадках, калі адшуканне фіз. велічыні патрабуе складаных разлікаў або ведання механізму працэсу, працяканне якога не вызначана. Пашыраны ў многіх раздзелах фізікі і сумежных навуках (механіцы, гідрадынаміцы, цеплатэхніцы і інш.). Гл. таксама Падобнасці тэорыя.
А.І.Болсун.
т. 13, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДЖЫ́Т СІНГХ (13.11.1780, Будрукхан, або 2.11.1780, г. Гуджранвала, Пакістан — 27.6.1839),
правіцель аб’яднанай дзяржавы сікхаў у Пенджабе ў 1799—1839. У 1799 захапіў г. Лахор, які зрабіў сваёй сталіцай. Да 1810—11 падпарадкаваў б.ч. сікхскіх княстваў і стварыў моцную цэнтралізаваную дзяржаву. Правёў шэраг унутр. рэформ, пры дапамозе франц. саветнікаў сфарміраваў моцную армію на еўрап. ўзор. Ажыццяўляў актыўную экспансіянісцкую палітыку, заваяваў Кашмір і Пешавар.
т. 13, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКІНА ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія пераўтвараецца ў работу (ці наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізабарных і двух адыябатных працэсаў. Ад Карно цыкла адрозніваецца тым, што падвод цеплаты да рабочага цела ажыццяўляецца пры пастаянным ціску і павышэнні т-ры. Распрацаваны У.Дж.М.Ранкіным (разам з Р.Клаўзіусам) як тэарэт. цыкл паравога рухавіка.
т. 13, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́ТАР (ад лац. rotare вярцець, круціць),
малафарматны апарат трафарэтнага друку для аператыўнага размнажэння дакументаў малымі і сярэднімі тыражамі. Друкарскую форму рыхтуюць на спец. васковай паперы ці фотаплёнцы машынапісным, фотамех., фотаэл., гальванічным спосабамі або ад рукі (спец. пяром). Форму нацягваюць на цыліндр з фарбавальным апаратам унутры. Пры рабоце Р. фарба праходзіць праз прабітыя абрысы літар і адбіваецца на прыціснутай паперы. Менш прадукцыйны, чым ратапрынт.
т. 13, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СТАК (Rostock),
горад на ПнУ Германіі, пры ўпадзенні р. Варнаў у Балтыйскае м., у зямлі Мекленбург—Пярэдняя Памеранія. Засн. ў пач. 13 ст. Каля 250 тыс. ж. (2001). Чыг. вузел, паромная сувязь з Даніяй, нафтаправодам звязаны з г. Швет. Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, эл.-тэхн., хім., швейная, рыбаперапрацоўчая. Рыбалоўная база. Марскі курорт Варнемюндэ. Ун-т (з 1419). Арх. помнікі 13—15 ст.
т. 13, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́У-БРА́НКУ (Rio Branco),
рака ў Бразіліі, левы і самы вял. прыток р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Даўж. ад вытоку р. Урарыкуэра 1,3 тыс. км, пл. басейна каля 195 тыс. км². Цячэ па Гвіянскім пласкагор’і і Амазонскай нізіне. Летнія паводкі, зімовая межань. Сярэдні расход вады каля 5,4 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Каракараі, пры высокай вадзе — да г. Боа-Віста.
т. 13, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАГНАСЦЫРО́ЎКА (ням Rekognoszierung ад лац. recoqnosco аглядваю, абследую),
1) візуальнае вывучэнне праціўніка і мясцовасці. Праводзіцца перад прыняццем камандзірам рашэння на бой (аперацыю), у ходзе перамяшчэння і размяшчэння войск і інш.; у мірны час — пры падрыхтоўцы і правядзенні вучэнняў, манеўраў. На Р. вызначаюцца маршруты і сродкі перамяшчэння, пункты прыпынкаў, арганізацыя аховы і інш. 2) Папярэдняе абследаванне мясцовасці для геадэзічных (топагеадэзічных) работ.
У.І.Грынюк.
т. 13, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)