СТРУКТУ́РА МЕТА́ЛУ,

унутраная будова металу (сплаву). Адрозніваюць макра- і мікраструктуру. Макраструктуру назіраюць няўзброеным вокам ці праз лупу, што дае магчымасць выяўляць дэфекты металаў. Мікраструктуру вывучаюць з дапамогай аптычных ці электронных мікраскопаў, па ёй мяркуюць аб памерах, форме, узаемным размяшчэнні зерняў розных фаз металу. Унутр. будову асобных зерняў даследуюць метадамі электронаграфіі і рэнтгенаструктурнага аналізу.

т. 15, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБУЛЯ́ТАР (ад лац. tabula дошка, табліца, запіс),

1) электрамеханічная вылічальная машына для аўтам. счытвання даных з перфакарт, вылічэння вынікаў па групавых прыкметах і друкавання іх у выглядзе табліц, тэксту, графікаў і інш. Выкарыстоўвалася на машыналічыльных станцыях для апрацоўкі вынікаў бухгалтарскіх, статыстычных, планавых, уліковых і інш. задач.

2) Прыстасаванне ў пішучых машынках для друкавання табліц.

т. 15, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЛА,

рака ў Манголіі, правы прыток р. Архон (бас. р. Селенга). Даўж. 704 км, пл. бас. 53,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па нізкагор’ях і ўзгорыстых раўнінах. Летнія паводкі, зімой нізкі сцёк. Сярэдні расход вады каля 25 м³/с. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны красавіка. На Т. — г. Улан-Батар.

т. 15, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́КАВАЯ СЕ́ЯЛКА,

навясная або прычапная машына (сеялка) для рассейвання па паверхні поля мінер. угнаенняў (тукаў) перад ворывам або культывацыяй, а таксама для падкормкі збожжавых культур і траў. Найб. пашыраны Т.с. з талерчатым высявальным апаратам (талеркі круцяцца ад апорна-прывадных колаў).

Талерчаты высявальны апарат тукавай сеялкі: 1 — тукавая скрыня; 2 — высявальная талерка; 3 — скідвальнікі ўгнаенняў.

т. 16, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРАЎЛЯ́НКА.

Туроўля, рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 10 км, пл. вадазбору 1000 км². Выцякае з воз. Туроўля за 1,5 км на ПдЗ ад в. Пуканаўка 2-я, вусце каля в. Гарадзішча. Цячэ па Полацкай нізіне, каля 9% пл. вадазбору займаюць азёры, у т. л. Ушацкая група азёр.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІТЫНАЗО́І (Chitinozoa),

група выкапнёвых жывёльных арганізмаў, якія адносіліся да прасцейшых. Жылі ў морах. На Беларусі рэшткі Х. выяўлены ў адкладах ардовіку, сілуру, ніжняга дэвону. Па рэштках Х. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Ракавіны трывалыя, хіцінападобныя, цыліндрычнай або канічнай формы, 1-, 2- і 3-слойнай будовы, з гладкай або арнаментаванай паверхняй. Адзіночныя формы, утваралі таксама ланцугападобныя нагрувашчванні.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЛЕКЕ́Н,

паўвостраў па ўсх. узбярэжжы Каспійскага м., у Туркменістане. Пл. каля 500 км². Выш. да 100 м. Утварыўся ў выніку прычлянення да берага в-ва Чэлекен з-за паніжэння ўзроўню Каспійскага м. (пасля 1937). Пераважаюць пяскі і саланчакі. Паверхня раўнінная. Радовішчы нафты, газу, азакерыту. Рыбалоўства. На Ч. — г. Хазар (да 2000 Чэлекен).

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЮ́,

скарочаная назва еўрапейскай валютнай адзінкі (англ. European Currency Unit, ECU), якая дзейнічала ў 1979—98 у межах Еўрапейскага саюза і па назве супадала са старой франц. манетай экю. У 1999 замест ЭКЮ уведзены «еўра» (з 2002 і як наяўныя манеты і банкноты, якія замянілі сабой нац. валюты краін — удзельніц Еўрапейскага валютнага саюза).

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Ю́РАЧКА»,

бел. народны жартоўны танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Развіўся са старадаўняга карагода, у якім пад музыку і аднайм. песню ўсе ўдзельнікі-мужчыны ігралі па чарзе ролю Юрачкі, беручы партнёрку з наступнай пары. Шырокую вядомасць набыў у пастаноўцы І.​Майсеева ў Ансамблі нар. танца Расіі.

Ю.​М.​Чурко.

т. 18, кн. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)