герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст.Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял.дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел.Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд. пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж. гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.
З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1994;
Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд.Мн., 1993;
«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.
А.К.Цітоў.
Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р., Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЗДАЛЬ,
горад, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл. Расіі, на р. Каменка. 12,1 тыс.ж. (1996). Прам-сць: харч. (малочны з-д, хлебакамбінат), лёгкая (швейная ф-ка). Адзін з цэнтраў турызму. НДІ сельскай гаспадаркі.
Узнік у 9—10 ст. на месцы паселішча фіна-угорскага племя мера. Упершыню ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1024; як горад-крэпасць вядомы з 1096. У 1-й пал. 12 ст. сталіца Растова-Суздалькага княства, потым у складзе Уладзіміра-Суздальскага княства. З 13 ст. сталіца Суздальскага княства. У 1238 спалены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 паўсталі жыхары С. У 1392 падпарадкаваны Маскве. У 1565 горад уключаны Іванам IV Грозным у апрычніну. У 14—15 ст. адзін з цэнтраў Суздальска-Ніжагародскага княства. У 1608 горад 8 мес. знаходзіўся ў руках прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У 1634 спалены крымскімі татарамі. Адзін з рэліг. цэнтраў (у канцы 17 — пач. 18 ст. тут знаходзілася мітраполія, да 19 ст. — епархія). З 1708 у складзе Маскоўскай правінцыі, з 1778 павятовы горад, з 1796 ва Уладзімірскай губ.
Помнікі на тэр. крамля: сабор Раства Багародзіцы (1222—25, не раз перабудаваны, фрэскі 13,15, 17 ст., іканастас 17 ст.; узор Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства), архірэйскія палаты (15—18 ст.), шатровая званіца (1635). У цэнтры і на ўскраінах С. манастыры: Суздальскі Спаса-Яўфім’еў манастыр, Рызапаложанскі (16—19 ст., сабор 16 ст., галерэя; цвінтар і 2-шатровыя «Святыя вароты», 1688) і Пакроўскі (16—19 ст., сабор 1510—18, надбрамная Дабравешчанская царква 1518); прыходскія цэрквы: Лазараўская (1667), Барысаглебская (17—18 ст.), Цараканстанцінаўская (1707), Косьмадзям’янская (1725) і інш. Захаваліся каменныя і драўляныя дамы 18—19 ст. з ажурнай разьбой, гандл. рады (пач. 19 ст.). У 1950—80-я г. праведзены рэстаўрацыйныя работы, у С. перавезена некалькі драўляных цэркваў 18—19 ст. Многія помнікі і ўсе музеі С. ўваходзяць у склад Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 4 км ад С. — с. Кідзекша з арх.-маст. помнікамі 12—18 ст. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Варганов А.Д. Суздаль: Очерки по истории и архитектуре. Ярославль, 1971;
Суздаль: Путеводитель. М., 1985.
Суздаль. Комплекс Пакроўскага манастыра.Суздаль. Сабор Раства Багародзіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛАЧЫ́Н,
горад, цэнтр Талачынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Друць. За 124 км на ПдЗ ад Віцебска, чыг. ст. на лініі Мінск—Масква, на аўтадарозе Мінск—Масква, вузел аўтадарог на Круглае, Чашнікі, Сянно. 10,6 тыс.ж. (2001).
Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як горад у ВКЛ. Уваходзіў у склад Друцкага княства. З сярэдзіны 16 ст.гандл. мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. Належала роду князёў Друцкіх (Друцкіх-Талачынскіх), з канца 16 ст. Сапегам (імі заснаваны базыльянскія манастыр і царква, 1604), потым Сангушкам. У 1621 у Т. 314 дамоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, захаваліся 142 дамы. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка мястэчка ўвайшла ў склад Рас. імперыі і стала называцца Стары ці Рускі Т. (да 1793 памежны пункт з мытняй), а заходняя. што знаходзілася за р. Друць — Зарэчны ці Новы Т. Стары Т. — цэнтр Стараталачынскай вол. Копыскага, з 1861 — Аршанскага пав. Новы Т. — цэнтр Зарэчна-Талачынскай вол. Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У вайну 1812 Т. разбураны. У 1897 у мястэчку 2614 ж. У пач. 20 ст. ў Т. 3748 ж., 391 дом, у т. л. 6 цагляных пабудоў; працавалі 2 гарбарныя, крухмальны, цагельны, піваварны з-ды, шкляная гута, вадзяны млын, школа. 2 нар. вучылішчы, царква, касцёл. У 1917 у Т. 2181 ж., 355 гаспадарак. З 1920 Т. у складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Талачынскага р-на ў Аршанскай акр.БССР (да 1930), з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6100 ж., ільнозавод (67 рабочых), гарбарны, шпалапільны і інш. з-ды, ткацкая ф-ка. У Вял.Айч. вайну з 8.7.1941 да 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. якія загубілі ў гар. пасёлку і раёне 9521 чал. З 22.7.1955 — горад.
Працуюць крухмальны, масларобчы з-ды, тэкст.ф-ка, элеватар, лясгас. У горадзе Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, Дом культуры, 4 б-кі; царква, касцёл. Брацкая магіла сав. войнаў, партызан. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (гл.Талачынская царква), Талачынскі манастыр базыльян (18 ст.). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛОГІЯ
Даследаванні па вірусалогіі на Беларусі вядуцца з 1920—30-х г., калі пачаўся выраб і выкарыстанне імунных лячэбных сываратак, вакцын супраць воспы і шаленства. Цэнтрам вірусалагічных даследаванняў стаў створаны ў 1924 НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя. Пасляваенныя гады адзначаны дасягненнямі бел. вучоных у вывучэнні этыялогіі поліяміэліту, воспы, адру, шаленства, вірусных гепатытаў, грыпу, энтэра- і адэнавірусных інфекцый і інш. (В.Т.Андрэева, В.І.Вацякоў, А.В.Давыдаў, Л.І.Нікановіч, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман і інш.). Вірусалагічныя даследаванні інтэнсіўна развіваліся ў выніку стварэння масавай вытворчасці клетачных культур. Вял. значэнне мела імунізацыя насельніцтва супраць поліяміэліту жывой вакцынай, што стала асновай для пазбаўлення ад гэтай інфекцыі на Беларусі (Вацякоў, Фельдман). З 1968 распрацоўваецца новы кірунак — хіміятэрапія вірусных інфекцый. Створаны банк з 3 тыс. антывірусных злучэнняў, прапанаваны антывірусныя рэчывы для лячэння грыпу, герпесу, клешчавога і зах.-нільскага энцэфалітаў, шаленства (Андрэева, Я.І.Барэка, Вацякоў, Л.В.Каробчанка, Н.П.Мішаева, Г.В.Уладыка і інш.). З 1970-х г. даследуюцца асабліва небяспечныя інфекцыі, ствараюцца дыягнастычныя і хіміятэрапеўтычныя прэпараты (І.С.Лукашэвіч, А.С.Пяткевіч, А.С.Уладыка і інш.). Дасягнуты поспехі ў вырашэнні праблемы павольных вірусных інфекцый. Упершыню ў свеце апісана новая хвароба — аміатрафічны лейкаспангіёз (Вацякоў, Н.Дз.Каламіец, І.І.Протас і інш.). Прапанавана і эксперыментальна абгрунтавана гіпотэза аб вірусных інфекцыях як фактарах рызыкі атэрасклерозу чалавека, вывучаецца значэнне энтэравіруснай інфекцыі сэрца ў развіцці міякардытаў і кардыяміяпатый (Т.В.Амвросьева, Вацякоў). На сучасным этапе на аснове фундаментальных даследаванняў, развіцця малекулярна-генетычных і біятэхналагічных работ распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку новыя высокатэхналагічныя метады кантролю за актуальнымі ў наш час віруснымі інфекцыямі (СНІД, герпес, вірусныя гепатыты, рота- і энтэравірусныя інфекцыі і інш.). Распрацаваны эфектыўныя падыходы, метады і сродкі спецыфічнай дыягностыкі вірусных інфекцый, створана больш за 30 айч. дыягнастычных прэпаратаў, наладжана іх эксперыментальная вытворчасць. Практычнай мед. вірусалогіяй займаюцца мінскі гар. і абл. цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Літ.:
Бешенство и другие лиссавирусные инфекции человека: Проблема химиотерапии. Мн., 2002;
Клещевые энцефалиты Евразии. М., 2002;
Инфекционная заболеваемость на территории Беларуси в конце 19, в 20 в. и проблемы борьбы с инфекциями в 21 ст. // Роль антропогенных и природных патогенов в формировании инфекционных и неинфекционных болезней человека. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кі́пець ’пазногаць, кіпцюр, ногаць’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Некр., ТС, КЭС, лаг., Мал., Сл. паўн.-зах., Грыг., Мат. АС, Касп., Яруш.). Верагоднае запазычанне з балтыйскіх моў. Параўн. літ.kìbčius ’задзіра’, kė́pčiotis ’задзірацца’ (Сл. паўн.-зах., 463). Арашонкава і інш. (Весці АН БССР, 1971, 1, 93) сцвярджалі сувязь з літ.kìbti ’чапляцца’, kìbčius ’той, хто чапляецца’ без кваліфікацыі характару гэтай сувязі. Упершыню беларускія словы разглядаліся як запазычаныя з балтыйскіх моў у Лаўчутэ (Балтизмы, 114).
Кіпе́ць ’бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні вадкасці’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’варыцца’ (Сл. паўн.-зах.), ’гніць, псавацца’ (Янк.), кіпець на сэрцы ’моцна злавацца, крыўдзіцца, знешне не выказваючы пачуццяў’ (Юрч. Фраз. 2), укр.кипіти, рус.кипеть ’тс’, балг.кипя, макед.кипи, серб.-харв.ки́пети, славен.kipéti, польск.kipieć, чэш.kypěti, славац.kypieť, н.-луж.kipieś ’тс’, ст.-слав.кыпѣти і в.-луж.kipić маюць значэнне ’выцякаць’. Яшчэ балта-славянская інавацыя: параўн. літ.kūpė́ti ’кіпець’, ’выцякаць’. Іншыя балтыйскія паралелі маюць больш далёкую семантыку. Параўн. лат.kûpêt ’дыміцца’ і ст.-прус.kupsins ’імгла’ (Тапароў, K–L, 296–300). Астатнія індаеўрапейскія паралелі яшчэ больш далёкія па сваёй семантыцы: ст.-інд.kúpyati ’гневацца’, лац.cupio ’жадаю’ і інш. (Фрэнкель, 325). Як відаць з гэтага, балта-славянскія значэнні больш старажытныя. Далейшы семантычны аналіз вядзе да прасторавых паняццяў «выпукласці» і «ўвагнутасці», якія ляжаць у аснове кіпення. Параўн. ст.-іран.kaufа ’гара’ і ст.-інд.kū́pa ’яма’ (Тапароў, там жа, 298).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр.гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус.дыял.ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус.(о)рябъ, (о)рябь (< прасл.*rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ.rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат.grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
шча́сце, ‑я, н.
1. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення. Народнае шчасце. Сямейнае шчасце. □ Але толькі вольная праца на вольнай зямлі ёсць шчасце чалавека.Клімковіч.Шчасцю іх [бацькоўскаму] канца не было, як угледзелі яго ў чорных суконных вопратках з бліскучымі гузікамі, — якраз асэсар.Бядуля.Усюды маладую пару ветліва сустракалі, усе былі ім рады, жадалі жыцця і шчасця.Ермаловіч.// Пра знешняе праяўленне такога стану, пачуцця. Упершыню паглядзеў.. [Слава] на бацьку вачыма, якія ззялі ад шчасця і захаплення.Мележ.— Зірні, здорава! — Сцёпка аж свяціўся ад шчасця.Хомчанка.
2. Удача, поспех у чым‑н. Мне выпала шчасце быць запрошаным на ХХ з’езд ЛКСМБ.«Маладосць».// Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей. Але дарэшты спарахнелі снасці, і здрадзіла зусім старому шчасце.А. Вольскі.//узнач.безас.вык. Добра, удала. Якое шчасце, што мы ўжо дома.//узнач.вык. Пашанцавала, пашчаслівіла, пашэнціла каму‑н. Яго шчасце — бабка са мной побач, а то я паказаў бы.. [Пецьку] дарогу.Сяркоў.
3. Лёс, доля. Камбедаўцы на кожным надзеле забівалі калкі і на залысінах ставілі нумары. Пад вечар з вялікай Усавай шапкі кожны цягнуў сваё шчасце.Грахоўскі.
•••
Бог шчасця не даўгл. бог.
На шчасце — а) каб былі поспех, удача ў каго‑н., каб шанцавала каму‑н. (даць, зрабіць, сказаць што‑н.); б) (узнач.пабочн.) выражае задавальненне з выпадку чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст.Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова (звычайна гуманітарна-філал. кірунку). Тэрмін запазычаны са Стараж. Грэцыі (гл.Гімнасій). Упершыню гімназіяй была названа сярэдняя школа, адчыненая ў 1538 у Страсбуры (Францыя). У 16—18 ст. гімназіі ўзніклі ў многіх гарадах Германіі. У 19 ст. гімназіямі звычайна называлі сярэднія школы з адносна трывалым курсам навучання, дзе гал. ўвага аддавалася вывучэнню помнікаў класічнай л-ры. Назву гімназіі мелі адпаведныя навуч. ўстановы большасці краін Еўропы, у т. л. Расіі. Яны былі найб. пашыраным тыпам сярэдняй школы, арыентаванай гал. чынам на шырокую інтэлектуальную адукацыю. У 2-й пал. 19 — 1-й пал. 20 ст. ўзніклі разнавіднасці гімназіі: рэальныя, новых моў, прыродазнаўча-матэматычныя і інш. У многіх краінах гімназіі захоўваюць значэнне адзінай сярэдняй навуч. ўстановы, якая дае права паступлення ва ун-т.
На Беларусі гімназіі дзейнічаюць з пач. 19 ст. У 1804 у гімназіі пераўтвораны гал.нар. вучылішчы. Паводле «Статута навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі» (1803) гімназіі адкрыты ў Мінску (1803), Свіслачы (1807), Віцебску (1808), Магілёве (1809), Слуцку (1827), Гродне (1834), Жыровічах. Статут 1864 прадугледжваў 3 тыпы гімназій з 8-гадовым курсам навучання: класічныя з грэч. і лац. мовамі, класічныя з лац. мовай (давалі права паступлення ва ун-ты і інш.ВНУ), рэальныя, без стараж. моў (у большым аб’ёме выкладалася прыродазнаўства, што давала права паступлення ў вышэйшыя тэхн.навуч. ўстановы). У 1870 у гімназіі перайменаваны жаночыя вучылішчы Мін-ванар. асветы з 6-гадовым курсам навучання. З 1872 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы. На Беларусі да 1913 дзейнічалі жаночыя дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слуцку і інш. На 1.1.1915 было 14 дзярж. і 5 прыватных мужчынскіх, 17 дзярж. і 23 прыватныя жаночыя гімназіі. У 1918 на сав.тэр. Беларусі гімназіі скасаваны. У Зах. Беларусі ў 1917 — пач. 1920-х г. Адкрыта 6 прыватных бел. гімназій: Будслаўская беларуская гімназія, Віленская беларуская гімназія, Клецкая, Навагрудская, Нясвіжская, Радашковіцкая. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. гімназіі ў Зах. Беларусі закрыты польск. ўладамі. У Гродне, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Пружанах, Маладзечне, Стоўбцах і інш. гарадах Зах. Беларусі дзейнічалі польскія гімназіі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) гімназіі як тып навуч. ўстановы былі скасаваны. У 1920—30-я г. ў Латвіі дзейнічалі Дзвінская і Люцынская дзярж.бел. гімназіі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. на Беларусі зноў пачалі стварацца гімназіі. У 1996/97 навуч.г. ў Рэспубліцы Беларусь працавала 68 гімназій (63,5 тыс. вучняў). Сучасныя гімназіі — сярэднія агульнаадук. ўстановы з павышаным узроўнем навучання.