КО́ЛЬЧАК (Мікалай Мікалаевіч) (12.7. 1905, г. Іванава Брэсцкай вобл. — 14.2. 1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928). Удзельнік грамадз. вайны. У 1921—24 працаваў на буд-ве Волхаўскай ГЭС. З 1925 у Чырв. Арміі. З 1937 выкладчык курсаў «Выстрал». У Вял. Айч. вайну з 1942 нач. снайперскай школы, з 1944 камандзір стралк. палка на 3-м Бел. фронце. Полк на чале з палк. К. вызначыўся 15—17.8.1944 у баях за выхад на мяжу з Усх. Прусіяй, дзе знішчыў шмат баявой тэхнікі і жывой сілы ворага. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧО́НКІН (Васіль Дзмітрыевіч) (13.1.1894, в. Карпаўка Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 10.6.1976),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага нач. саставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1943). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну камандзір кав. дывізіі, корпуса, з 1942 камандуючы 28, 69, 33-й (удзельнічала ў Магілёўскай і Мінскай аперацыях 1944) армій, у 1945 нам. камандуючага 61-й арміяй і 1-м Бел. фронтам. Да 1946 на ’камандных пасадах у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Ад салдата да генерала» (1958).

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Фёдар Андрэевіч) (23.3.1916, Мінск — 7.11.1959),

адзін з арганізатараў Асіповіцкага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік баёў каля воз. Хасан (1938), на р. Халхін-Гол (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну стварыў у Асіповічах некалькі падп. груп, адну з якіх узначальваў. 30.7.1943 на чыг. ст. Асіповічы правёў буйную дыверсію, у выніку якой знішчаны 4 варожыя эшалоны, у т. л. 1 з новымі танкамі «Тыгр» і бронемашынамі. Са жн. 1943 кіраўнік дыверсійнай групы ў атрадзе 1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У лютым—ліп. 1944 упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ па Асіповічах. Пасля вайны працаваў на чыгунцы.

Ф.А.Крыловіч.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЯНДЗО́Ў (Рыгор Васілевіч) (н. 23.4.1916, в. Рэчкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Гомельскі заатэхнікум (1937), Краснадарскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), 1-ю Разанскую вышэйшую ваен. школу штурманаў і лётчыкаў авіяцыі далёкага дзеяння (1942), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую авіяц. школу (1952). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, штурман бамбардзіровачнай эскадрыллі авіяцыі далёкага дзеяння. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, прарыву блакады Ленінграда, Бел. аперацыі 1944, баёў на Украіне, у Прыбалтыцы і Польшчы, штурму Берліна; зрабіў 255 баявых вылетаў, з іх 24 да партызан Беларусі. Да 1963 у Сав. Арміі, да 1973 на адм. рабоце.

Р.В.Ксяндзоў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),

іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв. к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НАН ((Lennon) Джон) (Уінстан; 9.10. 1940, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 8.12.1980),

англійскі рок-спявак, гітарыст, кампазітар, паэт. З 1954 кіраваў створаным ім вак.-інстр. ансамблем «Кварымен». З 1956 удзельнік вак,інстр. квартэта «Бітлз», для якога пісаў песні (разам з П.Макартні). З 1970 выступаў самастойна як саліст і ў ансамблі з жонкай Ёка Она. Аўтар альбомаў «Джон Ленан. Пластык Она Бэнд» (1970), «Уяві сабе» (1971), «Рок-н-рол» (1975), «Двайная фантазія» (1980; разам з Она); сярод хітоў «Дайце свету шанц» (гімн прыхільнікаў міру), «Маці», «Герой з рабочага асяроддзя», «Што дапамагае перажыць ноч», «Улада народу». Загінуў ад рукі фанатыка.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯХО́ВІЧ (Фелікс Юзафавіч) (22.1.1804, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.12.1878),

удзельнік рэв. руху 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Беластоцкай (1818—20), скончыў Свіслацкую гімназію (1824). Заснаваў і кіраваў тайнымі вучнёўскімі т-вамі «Заране» філарэцкага кірунку — спачатку ў Беластоку (1820, першапач. назва «Згодныя сябры»), потым у Свіслачы (1822). У 1826 арыштаваны, пасля 6-месячнага зняволення ў Бабруйскай крэпасці высланы ў 42-і егерскі полк Каўказскага асобнага корпуса. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—29 і Каўказскай вайне 1817—64. З 1842 у адстаўцы, выконваў абавязкі акцызнага наглядальніка Оўруцкага пав.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКІЁНАК (Іван Андрэевіч) (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р. Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.

І.А.Макіёнак.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯНКО́Ў (Георгій Максімілянавіч) (8.1.1902, г. Арэнбург, Расія—14.1.1988),

савецкі дзяржаўны і паліт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Удзельнік грамадз. вайны. Чл. ЦК (1939—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1946—57, канд. з 1941), сакратар ЦК (1939—46 і 1948—53) КПСС. У Вял. Айч. вайну чл. Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР (1941—45). у 1946—53 і 1955—57 нам. старшыні, у 1953—55 старшыня СМ СССР. У 1957 разам з Л.М.Кагановічам, В.М.Молатавым і інш. выступіў супраць паліт. лініі М.С.Хрушчова, быў выведзены з Прэзідыума ЦК і ЦК КПСС. У 1957—61 на гасп. рабоце.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Арсен Іванавіч) (23.1.1922, в. Слабодка Цвярской вобл., Расія — 24.7.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Батайскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнічаў у вызваленні Бабруйска, Слуцка, Баранавіч, зрабіў 150 баявых вылетаў, збіў асабіста 13 самалётаў праціўніка і 9 у групавых баях. Нам. камандзіра авіяэскадрыллі ст. лейт. М. вызначыўся ў баях на подступах да Брэста: у час вяртання з паспяховай разведкі заўважыў скопішча варожых войск і тэхнікі і бамбардзіраваў яго; смяротна паранены пасадзіў падбіты самалёт на свой аэрадром.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)