ДАЛУ́ (Dalou) Эмэ Жуль

(31.12.1838, Парыж — 15.4.1902),

французскі скульптар. Вучыўся ў Ж.Б.Карпо. Удзельнік Парыжскай камуны 1871 (абраны хавальнікам Луўра); пасля яе падзення выехаў у Вялікабрытанію, дзе і жыў да амністыі 1879. Творы Д. адметныя цікавасцю да жыцця і перажыванняў простых людзей, яснай і энергічнай пластычнай мовай рэалістычнай скульптуры: «Брэтонка» і тэматычны рэльеф «Мірабо адказвае маркізу Дро-Брэзэ» (абодва 1884), 54 фігуры рабочых і сялян для праекта «Помнік Працы» (1889—92). Аўтар манум. кампазіцыі «Трыумф Рэспублікі» (1879—99).

Літ.:

Бродский В. Художники Парижской Коммуны. М., 1970.

Ж.Далу. Помнік Рэспублікі ў Парыжы. 1883.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)