Аргуме́нт ’довад’ (БРС). Рус., укр. аргумент, польск. (з XVI ст.) argument. Ст.-бел. аркгументъ (XVII ст. — Гіст. мовы, 1, 298; Гіст. лекс., 108), ст.-укр. аргументъ (канец XVI ст.) з лацінскай, магчыма, праз польскую, як і рускае, зафіксаванае ў мове Курбскага ў XVI ст. (Шанскі, 1, А, 137) з націскам на другім складзе. Націск на апошнім складзе ў беларускай мове ў выніку ўздзеяння рускай мовы ці формы множнага ліку польскай (argumenty) замацаваўся ўжо ў XIX ст. (Нас.); Насовіч прыводзіць і бытавое значэнне аргументы ’хабар’, што дае падставы меркаваць аб адсутнасці перапынку ва ўжыванні слова і робіць непатрэбным дапушчэнне аб паўторным запазычанні слова з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76; Гіст. лекс., 233), дзе сучасны націск замацаваўся ў канцы XVIII ст. (Шанскі; менш дакладна — Фасмер, 1, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ацо́ўкнуць ’пачаць кіснуць, быць нясвежым (пра малако)’ (Сцяц.), ацоўкнуць, сцоўкнуць (слонім., Арх. Бяльк.), ацоўклае ’якое пачало кіснуць, але яшчэ не скісла (малако)’ (Сцяц., Арх. Бяльк.), цоўклое і цаўклое (малако) (КСТ). Хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор ад соўкнуць ’сунуць, стукнуць, піхнуць’ (семантыка, звязаная з ’біць, стукаць, піхаць, сунуцца’, тыповая для назваў пракіслага малака, параўн. осовуватэ ’абрызглае (пра малако)’ (драг., Вешт., дыс., магчыма, ад соваць); да фанетыкі параўн. цок сок’, цыроп ’сіроп’ (Сцяшк.). Менш верагодна ад цоўт (цовт) ’від печыва’ (Сцеп., 169); адпаведныя яму словы ў іншых славянскіх мовах могуць мець значэнне ’грудка, камяк’, параўн. укр. цовта ’груда’, чэш. calta masla (на сценках посуду); пра іх паходжанне гл. Махэк₂, 80; Брукнер, 55, і асабліва Хінцэ, ZfSl, 8, 733; тады ацоўклае < ацоўтлае ’малако, якое зрабілася камянямі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казя́ўка ’ўсякае маленькае насякомае, кузурка’ (БРС, ТСБМ, Грыг., Касп., Сержп. Прымхі). Дакладны адпаведнік — у рус. козявка. Недастатковая інфармацыя як з бел., так і з рус. гаворак не дазваляе меркаваць з упэўненасцю аб статусе гэтага слова, магчыма, усх.-слав. утварэнне, а магчыма, рэгіянальнае бел.-рус. Утворана, відаць, ад казява ’маленькае насякомае, жук’, якое далей да коза (каза 1). Фармальная сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. рус. пск., смал. козявка ’козлы для распілоўкі дроў’, цвяр. козява ’жук’ і інш. Назва магла быць утворана суфіксальным спосабам ад каза 1, а магла быць і пераносам ад казява ’каза’, апошняе менш верагодна, паколькі рэальна яно не засведчана ні ў рус., ні ў бел. гаворках. Матывацыя назвы: наяўнасць (мяркуемая) зааморфных адзнак у насякомага (магчыма, і канкрэтнага), паводле якой і ўтвараецца тэрмін.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мзлы ’чуць закіслы; ні салодкі, ні кіслы (пра малако)’ (полац., Нар. сл.; в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). З *промзглы > параўн. рус. про́мзглый ’пракіслы, прагорклы; затхлы, сапсаваны, той, які загніў’, про́мзгнуть ’псавацца, гніць, горкнуць’, мзга ’гніль, цвіль, сырое надвор’е’, мзглой, мо́зглый ’друзлы, вялы, гнілы з сярэдзіны, прэлы’. Фасмер (2, 617) на аснове параўнання з рус. мозглый (гл. прамосклы) узнаўляе праформу *мъзга. Тады, відаць, да мазго́ліць ’пэцкаць; біць’, мазгля́вы (гл.). Параўноўваецца з грэч. μύσος (з *μύδος) ’ганьба; апаганенне’, ст.-ірл. mosach ’нячысты’, н.-ням. mussig ’брудны’, лат. мн. л. mudas ’гнілыя водарасці’, літ. мн. л. músos ’цвіль’ (Міклашыч, 207; Буга, РФВ, 72, 198 і наст.). Набліжэнне да літ. mazgóti ’мыць, паласкаць’, ст.-інд. máyjati ’ён апускае’, Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным. Параўн. мазглявы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жанка ’брага’ (Сцяшк. Сл.), ра́жанка, ряжанка ’паранае малако, запраўленае смятанай’ (Сл. Брэс.), ражэнка ’тс’ (ТС), ражы́нка ’пена ад масла’ (Бяльк.), ра́жанка, ра́жынка ’скіслае гатаванае малако, змешанае са смятанай’ (Вешт.), польск. дыял. (з бел.) rażanka ’адтопленая смятана’ (Карл.), рус. ря́женка ’квашанае топленае малако’, дыял. ра́женка ’заквашанае гатаванае малако’. Этымалогія цьмяная. Можна выказаць некалькі версій. Хутчэй за ўсё, да ра́дзіць 1 ’настройваць, наладжваць’ (гл.). На карысць гэтай версіі сведчыць гомельская назва ражанкі — ро́блянка, а таксама сінонім ря́жаная сараква́ша (Растарг.) пры рядный ’харошы, прыгожы’ (там жа). Кал і дапусціць запазычанне, то не выключана, што рускае слова магло быць утворана ад ра́жий ’гожы, харошы’, адносна якога гл. Фасмер, 3, 432; гэта значыць, што ра́жанка літаральна ’апрацаванае (палепшанае) малако’. Менш верагоднае ўзвядзенне да прасл. *ręd‑ ’трасці, калыхацца’ (> польск. дыял. rzężowisko ’балота, дрыгва’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страпкі ‘завязкі ў фартуху’ (малар., Помнікі гіст. і культ., 1971, 3, 42), стрэпкі́ ‘махры’, ‘ніткі, пакінутыя на канцы палатна пры датыканні’ (ТС). Параўн. укр. стрі́пки ‘махры’, стра́пки ‘лахманы, рыззё’, польск. strzępek ‘махор; нітка, што тырчыць з тканіны’, дыял. strzępki ‘фрэнзлі; канцы паяска ў фартушку для завязвання ззаду’, чэш. střap ‘акравак’, славац. strapec ‘кутас’, strapák ‘кудлач, растропа’, што несумненна звязаны з *trepati (гл. трапаць, стрэпкі). Цяжкасці, што ўзнікаюць пры рэканструкцыі зыходнай формы, вырашаюцца ўзвядзеннем да варыянтнага кораня *strap‑/*strʼap‑ ‘растрэпваць, расцёпкваць’ з рэфлексамі і.-е. s‑mobile (Варбат, Этимология–1985, 24–27), параўн. трапкач ‘рушнік з махрамі’ (гл.). Інакш ЕСУМ, 5, 433 (звязваецца з прасл. *tręp‑/*stręp‑ ‘кутас, махор; ануча, рызман’). Сувязь з рус. стряпать ‘гатаваць, варыць ежу’ (Брукнер, 522–523) падаецца менш верагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танк ’баявая бронемашына’, ’цыстэрна для транспарціроўкі і захоўвання вадкасцей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’баявая бронемашына’ (Некр. і Байк., Вруб.), та́нка ’тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл., Мат. Маг.). У славянскія мовы (як і ў заходнееўрапейскія: франц. tank, ням. Tank паралельна з Panzer і інш.) — з англ. tank ’вадаём; цыстэрна, бак, чан’, а ў канцы 1916 г. — ’танк’; спецыялізацыя значэння звязана са знешнім падабенствам. Англ. tank у першасным значэнні звязваюць з с.-англ. stanc ’басейн, сажалка’ (Фасмер, 4, 19) або парт. tanque ’рэзервуар; вадаём; затока’, якое этымалагічна звязана са ст.-франц. estanc, франц. étang ’затока’, лац. stagnum ’балота; затока; вада, што выйшла з берагоў; лужына; штучная затока; басейн’ (Чарных, 2, 228). Менш пераконваюць меркаванні, што англ. tank ’баявая машына’ паходзіць ад прозвішча вынаходніка Танка (Фасмер, 4, 19).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вол (БРС, Янк. Мат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.), вюл ’вол’ (Дразд.). Рус. вол, вола́, укр. віл, вола́, ст.-рус. волъ, ст.-слав. волъ, польск. wół, в.-луж., н.-луж. woł, каш. vȯł, чэш. vůl, славац. vol, серб.-харв. во̑, славен. vòl, макед. вол. Старая аснова на ‑u; параўн. ст.-рус., ст.-слав. прыметн. волоуи. Прасл. volъ. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Мейе (242) і Вальдэ (857) звязваюць з вялікі, г. зн. ’вялікая жывёліна’ ў адрозненне ад грэч. μῆλον ’дробная жывёла’, ірл. míl, якія роднасныя малы. Менш верагодна збліжэнне Младэнава (75) з польск. wołać ’зваць’, прычым ён указвае на аналагічнае бык. Махэк₂ (703) параўноўвае з ням. schwellen ’набухаць’, што таксама няпэўна, як і супастаўленне Гараева (54) з ням. Bulle ’бык, вол’. Непрымальная версія Праабражэнскага (1, 95) з волох, г. зн. ’раманская жывёліна’. Грубор (JF, кн. 8, 13 і наст.), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 43 і наст.), выводзіць слав. volъ ад і.-е. *u̯el‑ ’ціснуць’, спасылаючыся на старажытную тэхніку пакладання, г. зн. volъ — castratus, compressis tęstikulus. Менш пераканаўчая версія Якабсона (БЕР, 174), які ўзводзіць вол да *vel‑ ’валяць’ (волъ — ’жывёліна, якая павалена для кастрацыі’, паколькі валяць ’кастрыраваць’ з’яўляецца толькі рускай інавацыяй). Як праславянскую апафанічную ступень да прабалт. *velti (літ. vélti ’валяць, катаць, біць, мяць’, лат. vel̂t ’тс’) рэканструюе слова Мартынаў (БЛ, 9, 11 і наст.): *volъ ’той, хто нешта валяе, коціць, б’е’, паколькі валы выкарыстоўваліся старажытнымі славянамі для малацьбы снапоў, прычым вол цягнуў за сабой цяжкі кавалак дрэва, які выконваў функцыю біча або цэпа’. Параўн. літ. volė̃ ’драўляная калатуша’, рус. вал ’валёк’. У семантычных адносінах параўн. літ. árti ’араць’, árklas ’плуг’, arklỹs ’конь’ (Гл. таксама Фасмер, 1, 335 і наст.; Шанскі, 1, В, 146; Скок, 3, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пабо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.

2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.

3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.

4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.

5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.

6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)