апаві́ць, апаўю́, апаўе́ш, апаўе́; апаўём, апаўяце́, апаўю́ць; апаві́ў, -віла́, -ло́; апаві́ты; зак., каго-што.

1. Абвіць, абматаць каго-, што-н. чым-н.

Стужка апавіла галаву дзяўчыны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) перан. Пакрыць з усіх бакоў, ахутаць (дымам, туманам і пад.), ахапіць.

Лагчыну і лес апавіў туман.

3. перан. Ахапіць, абняць.

Лёгкі сум апавіў сэрца.

|| незак. апавіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| звар. апаві́цца, апаўю́ся, апаўе́шся, апаўе́цца; апаўёмся, апаўяце́ся, апаўю́цца; апаві́ўся, -віла́ся, -ло́ся; незак. апавіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Сэрца апавіваецца смуткам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шчы́ры, -ая, -ае.

1. Які выражае сапраўдныя пачуцці, праўдзівы, адкрыты.

Ш. чалавек.

Шчырае прызнанне.

Гаварыць шчыра (прысл.). Сказаць ад шчырага сэрца.

2. Задушэўны, інтымны.

Шчырая размова.

3. Сардэчны, душэўны.

Шчырая сяброўка.

4. Пазбаўлены прытворства.

Шчырае шкадаванне.

5. Старанны; верны, адданы, заўзяты.

Шчырая праца.

Ш. змагар за светлую будучыню.

Ш. следапыт.

6. Просты, даверлівы.

Ш. чалавек усяму верыць.

7. Які складаецца з аднолькавых парод дрэў (пра лес, бор); без дамешак, прымесей.

Ш. бор.

Шчырае золата.

◊

Шчырая праўда — сама праўда.

|| наз. шчы́расць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Бе́рка 1 ’бярозавы лес, гай, зараснік’ (Яшкін). Няяснае слова. Магчыма, скарачэнне слоў тыпу беразня́к, беразу́га, беразу́ха, беразя́ка, беразня́. Ці ёсць сувязь з бе́рка 2?

Бе́рка 2 ’бярозавы сок’ (Касп.), берка, бірка ’бярозавы квас’ (Малчанава, Мат. культ.). Рус. дыял. бе́рька, бе́рика ’тс’. Цёмнае слова. Трубачоў (Эт. сл., 1, 201) думае пра сувязь з bьrati berǫ ’браць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́ссып, россыпам ’лес, які сплаўляецца асобнымі бярвёнамі, а не плытамі; неўпарадкаваны плыт’, ’што-небудзь рассыпанае ў вялікай колькасці’, ’каменныя глыбы з выветранымі горнымі пародамі’ (ТСБМ; віц., Нар. лекс.; светлаг., Мат. Гом.). Да раз‑/рос‑ (са значэннем ’перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго’) і сы́паць (гл.). Апошняе ’каменныя глыбы’ запазычана з рус. россыпь ’кучы камянёў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чапы́жнік Лес або хмызняк, які дрэнна расце; каржакаваты лес (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

АПО́ЎЗЕНЬ,

адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр. ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.

Апоўзень: 1 — пачатковае становішча схілу; 2 — непарушаны схіл; 3 — апоўзневы блок; 4 — паверхня слізгання; 5 — пляцоўка апоўзневай тэрасы; 6 — сцяна зрыву апоўзня; 7 — напорны апоўзневы вал; 8 — урэз ракі.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛ (акадскае Губл, стараж.-яўр. Гебал),

старажытны горад і порт у Фінікіі (цяпер г. Джубейль, Ліван). З 6-га тыс. да н.э. невял. гандлёва-рамесны цэнтр, праз які Егіпет вывозіў з Фінікіі лес. У 4—2-м тыс. да н.э. гандл. (ліванскі кедр, медзь) і рэліг. (месца культу Адоніса) цэнтр; апрацоўка папірусу — адсюль назва (грэч. byblos кніга). У 16—13 ст. да н.э. быў залежны ад Егіпта, але меў сваіх цароў. У канцы 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне, пазней яго неаднаразова падпарадкоўвалі Асірыя і Вавілонія. У 11—9 ст. да н.э. вёў барацьбу з Цірам і Сідонам за панаванне ў Фінікіі. Пры Ахеменідах і ў эліністычна-рымскі перыяд перажываў уздым, чаканіў манету, меў самакіраванне. З 7 ст. н.э. араб. горад.

Раскопкамі выяўлены надпісы на каменных і бронзавых прадметах (гл. Біблскае пісьмо), рэшткі храма багіні Баалат Гебал (2-е тыс. да н.э.), саркафаг цара Ахірама з раннеалфавітным надпісам 13 ст. да н.э., каля 1800 пахаванняў, дамы багатых гараджан, шмат вырабаў з медзі, серабра, золата.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Канстанцін Андрэевіч) (20.5.1884, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1943),

бел. балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1906). У 1921—28 балетмайстар БДТ-1. Ставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драм. спектаклях («На Купалле» М.​Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «Панскі гайдук» Н.​Бываеўскага, «Вяселле» В.​Гарбацэвіча і інш.). Для развіцця бел. прафес. балетнага мастацтва прынцыповае значэнне мелі яго пастаноўкі балетаў «Капелія» Л.​Дэліба, «Зачараваны лес» Р.​Дрыга, «Фея лялек» І.​Баера, бел. балета «Помста сябровак» (лібрэта Алексютовіча, музыка скампанавана Л.​Маркевічам). Адначасова супрацоўнічаў з У.Галубком (БДТ-3). У 1930—37 балетмайстар Бел. ТРАМа і Т-ра юнага гледача, у 1937—41 гал. балетмайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. сцэнічнага танца, выявіў глыбокае веданне харэагр. фальклору, беражлівае стаўленне да яго нац. рысаў, пачуццё тэатральнасці. Стварыў танец «Бульба», сцэн. варыянты многіх традыц. нар. танцаў («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Лянок» і інш.), а таксама кадрыляў, карагодаў, гульняў.

Літ.:

Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984.

К.Л.Алексютовіч.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖАЗО́ЎСКІ (Генрых Францавіч) (н. 1.1.1912, Мінск),

бел. жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.​Керзіна і М.​Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.​Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял. Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.

Літ.:

Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.

Г.А. Фатыхава.

Г.Бржазоўскі. На родных палетках. 1952. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́НСКІ (Ігар Уладзіміравіч) (24.7.1901, Масква — 13.1.1987),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў тэатр. студыі Ф.​Камісаржэўскага ў Маскве (1917). З 1918 у маскоўскіх т-рах. У 1920—35 у т-ры імя У.​Меерхольда: ролі Прысыпкіна («Клоп» У.​Маякоўскага), Аркашкі Шчасліўцава («Лес» А.​Астроўскага), Расплюева («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1938 у Малым т-ры. Сярод роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Загарэцкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Юсаў («Даходнае месца» Астроўскага), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.​Дастаеўскага), Акім («Улада цемры» Л.​Талстога) і інш. У кіно з 1924. Зняўся ў фільмах «Аэліта» (1924), «Волга-Волга» (1938), «Карнавальная ноч» (1956), «Гусарская балада» (1962) і інш. Мастацтва І. вызначалася псіхал. глыбінёй у спалучэнні з гратэскавымі, эксцэнтрычнымі прыёмамі, майстэрскім валоданнем пантамімай, мімікай. Паставіў спектаклі «Кірмаш пыхлівасці» паводле У.​Тэкерэя (1958), «Любоў Яравая» К.​Транёва (1960, абодва з В.​Цыганковым), «Рэвізор» (1965). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1951.

Тв.:

Сам о себе. М., 1962.

Літ.:

Владимирова З. Игорь Ильинский. М., 1967.

І.У.Ільінскі.
І.Ільінскі ў ролі Шчасліўцава.

т. 7, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)