ЛУПСЯКО́Ў (Мікола) (Мікалай Радзівонавіч; 4.3.1919, Масква — 12.2.1972),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). Друкаваўся з 1935. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Першая атака», 1946; «Мост», 1947; «Дружба», 1952; «Чырвоны бераг», 1954; «Паядынак», 1957; «У вераб’іную ноч», 1958; «Ля пераправы», 1959; «Прырэчча», 1961; «На берагах Дняпра», 1966) любоў да людзей працы, роднай прыроды. У нізцы «Вясковыя паданні» (1958) паказаў псіхалагічна глыбокія чалавечыя характары, яскравыя малюнкі складанага жыцця. Аўтар кніг апавяданняў для дзяцей «Разведчыкі» (1949), «На вірах» (1974), аповесці «Я помню...» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЕ́ЎСКАЯ (Ніна Васілеўна) (н. 4.12.1938, г. Любань Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1963), Мінскую вышэйшую парт. школу пры ЦККПБ (1980). Працавала ў час. «Промышленность Белоруссии» (1970—78), у выд-ве «Юнацтва» (1980—84), у 1985—92 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1955. Асн. тэмы творчасці — жыццё сучаснага горада і вёскі, вайна і мір, праблемы абавязку, маралі, адказнасці, грамадз. свядомасці сучасніка. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Агата» (1970), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989), «Арніка» (1993), кнігі для дзяцей «Ляці, верабейка» (1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ СУ́МЕСІ,
прадукты для штучнага гадавання або дакормлівання дзяцей груднога ўзросту, прыгатаваныя на аснове каровінага малака. Падзяляюць на адаптаваныя і неадаптаваныя (простыя), салодкія і кіслыя (ацыдафільныя). Напр., салодкія («Малютка», «Малыш», «Дзеталакт», «Тонус», «Алеся» і інш.) і ацыдафільныя («Малютка», біфілін і інш.) адаптаваныя, салодкія (В-рыс, «Здароўе» і інш.) і Кісламалочныя (кефір цэльны і ў развядзеннях, біялакт і інш.) неадаптаваныя. Адаптаваныя М.с. максімальна набліжаны да жаночага малака, збалансаваны паводле тлушчавага, бялковага, амінакіслотнага, вітаміннага і мінер. саставу. Неадаптаваныя гатуюць на аснове разведзенага каровінага малака і адвараў круп ці мукі з дабаўленнем цукр. сіропу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Вячаслаў Мікалаевіч) (н. 4.4.1929, г. Іванава, Расія),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1953). Да 1989 працаваў уласным карэспандэнтам газ. «Пионерская правда» па Беларусі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове для дзяцей і юнацтва. Аўтар дакумент. аповесцей «У разведку ішоў хлапчук» (1959), «Хто запаліў касцёр» (1962), «Валодзеў фронт» (1975), «Бачу бераг» (1980), сцэнарыяў дакумент. кінафільмаў «Пакараны ў 41-ым» (1967), «На краі свету на сваім караблі» (1970), «Карабель прыняў імя» (1977, усе «Беларусьфільм») і інш.
Тв.:
Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з І.В.Марозавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЧАНКА (Святлана Міхайлаўна) (н. 15.5.1942, в. Папоўцы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. крытык і паэтэса. Скончыла Магілёўскі пед.ін-т (1964). Працавала ў Касцюковіцкім райкоме ЛКСМБ, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газ. «Чырвоная змена», час. «Вожык» і «Работніца і сялянка». У 1984—93 у час. «Полымя». Дэбютавала вершамі ў 1960. Даследуе творчасць Т.Бондар, Г.Бураўкіна, В.Вярбы, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, К.Кірэенкі, А.Разанава, А.Русецкага і інш., праблемы паэзіі і крытыкі, дзіцячай л-ры. Аўтар манаграфіі «Васіль Вітка: Нарыс жыцця і творчасці» (1985), зб. паэзіі для дзяцей «Што я ведаю» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 17.8.1928, Мінск),
бел.паэт. Скончыў Мінскае мед. вучылішча (1956). З 1958 працуе тэхнікам-артадонтам. Друкуецца з 1973 як дзіцячы пісьменнік і ў жанры сатыры. Адзін з аўтараў зб-каў для дзяцей і юнацтва «Заранка», «Цвіце верас» (абодва 1987), сатыр. кніжкі «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Яго творы вызначаюцца гумарам, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і забаўляльнасцю (зб-кі «Лекі без аптэкі», 1987; «Загадкі Зайкі-загадайкі», 1990; «Азбука ў загадках», 1992; «Загаданачка», 1993; «Сябрынка», 1995, Літ. прэмія імя Я.Маўра 1996; «Сорак скорагаворак», 1998; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ЖАНЧЫ́Н.
Існавала ў 1901—14 у Мінску. Засн.гар. галавой К.Э.Чапскім. Знаходзілася пад уплывам дзеячаў ліберальна-апазіцыйнага руху. У рабоце т-ва ўдзельнічалі пераважна жонкі чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Мела юрыд. аддзел, прысяжныя павераныя якога давалі бясплатныя юрыд. кансультацыі, бюро па арганізацыі лекцый. Жанчыны-ўрачы вялі курс жаночай гігіены, выкладчыкі гімназіі К.В.Фальковіча чыталі лекцыі па астраноміі, гісторыі і л-ры. У 1904—05, 1912—13 пры т-ве дзейнічалі нядзельныя школы, быў адкрыты прытулак для дзяцей рабочых. Спыніла дзейнасць з пачаткам 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРТЭМІ́Р (сапр.Турсунаў Міртэмір Умарбекавіч; 10.6.1910, с. Ікан Паўднёва-Казахстанскай вобл., Казахстан — 23.1.1978),
узбекскі паэт.Нар. паэт Узбекістана (1971). Скончыў Пед. акадэмію ў Самаркандзе (1932). Друкаваўся з 1926. У зб-ках лірыкі «У абдымках промняў» (1928), «Усхваляванасць» (1931), «Камуна» (1932), «Новыя вершы» (1947), «За перавалам перавал» (1978) і інш. паэтызацыя сацыяліст. перамен у краіне, багацце духоўнага свету чалавека-творцы. Вершы адметныя ўсхваляванасцю інтанацый, экспрэсіўнасцю вобразаў, грамадз. пафасам. Пісаў для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы на ўзб. мову. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў С.Грахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),
запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСА́ТАЎ (Аляксей Іванавіч) (25.3.1911, в. Лізунова Аляксандраўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 28.12.1976),
рускі пісьменнік. Скончыў Рэдакцыйна-выдавецкі ін-т (1934), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1938). Друкаваўся з 1930. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Асн. тэмы творчасці — школа, праца на зямлі, экалагічнае выхаванне: аповесці «Шанхайка» (1930), «Стажары» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Дом на гары» (1951), «Вялікая вясна» (1957) і інш. Аўтар зб-каў апавяданняў «Сярдзіты Кузька» (1965), «Медуніца» (1967) і інш. Пісаў нарысы, артыкулы па праблемах дзіцячай л-ры.