спла́віцца, ‑віцца; зак.

1. Злучыцца шляхам плаўлення.

2. Аб’яднацца ў непадзельнае цэлае; злучыцца. Сціснутая страшэнным цяжарам зямных пластоў, соль — і калійная, і спажыўная — спрасавалася, сплавілася ў суцэльны, без адзінай трэшчынкі, важкі і цвёрды камень. Чаркасаў. / у перан. ужыв. Рэальнасць і ўспаміны сплавіліся ў адно. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго.

Спец. Выкрасці дзяўчыну з мэтай заключэння шлюбу. Было ясна — без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці, і далейшая спрэчка ні да чаго не прывядзе. Разбіраючы гэту перашкоду, Кузьма сказаў Насці: — Застаецца адно: умыкнуць цябе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флянс, ‑а, м.

1. Адно каліва расады. — А хіба вырасце з такога маленькага? — дакранулася Ларыса да кволага флянса. Арабей. // звычайна мн. (фля́нсы, ‑аў). Маладыя парасткі лесу. — Чаму на флянсах у васпана Сляды быдлячыя? — пытае, А сам так скрыва паглядае. Колас.

2. Бакавы парастак, пасынак.

[Ням. Pflanze.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Карэнчык] нават намерыўся нешта сказаць, але з губ сарвалася адно толькі шыканне. Колас. Гоман, што прабіваўся там-сям, адразу апаў, але ў суседнім пакоі хтосьці гаманіў. На яго кінуліся нецярплівае шыканне, галасы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕ́ДАМАСЦІ»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 14.9.1921 да 15.1.1922 у Вільні на бел. мове. Выйшла 19 нумароў. Рэдактар-выдавец М.​Гарэцкі. Адно з першых беларускамоўных выданняў пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Пісала пра паліт. і эканам. жыццё беларусаў у т.зв. Сярэдняй Літве, дамагалася адкрыцця школ на роднай мове, змяшчала матэрыялы аб школьным і культ. жыцці ў БССР, Латвіі, на Украіне. Друкавала творы Ф.​Багушэвіча, А.​Абуховіча, К.​Каганца, Я.​Купалы і інш., гіст. артыкулы У.​Ігнатоўскага, М.​Кахановіча, А.​Смоліча і інш. Змясціла раздзелы з «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.» М.​Гарэцкага. З лепшых надрукаваных у газеце маст. твораў быў складзены дадатак да «Беларускіх ведамасцяў» «Беларускі дэкламатар». У 1921 выйшлі 3 зборнікі «Беларускіх ведамасцяў». Газета закрыта ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.

Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.​Скарыны ў Мінску).

А.​М.​Кулагін.

Анфілада ў Жыліцкім палацы. Кіраўскі раён Магілёўскай вобл.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, абсяг,

звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.

Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ПРОЦІСТАЯ́ННЕ Марса,

становішча планеты Марс, калі ён відаць з Зямлі ў напрамку, процілеглым Сонцу, і пры гэтым збліжаецца з Зямлёй на мінімальна магчымую адлегласць. Пры вялікім процістаянні Марс зручны для назірання: адлегласць да яго меншая за 60 млн. км (0,4 а.а.), вуглавы дыяметр павялічваецца да 25″, бляск дасягае -2,5 зорнай велічыні. Вялікія процістаянні адбываюцца ў інтэрвале дат ад 5 ліпеня да 5 кастрычніка, калі Зямля пры сваім руху па арбіце даганяе Марс, які знаходзіцца паблізу перыгелія. На гэты інтэрвал прыпадаюць 2 вялікія процістаянні з перыядам 15,05 года і адно з перыядам 2,136 года, потым зноў 2 праз 15,05 года і г.д. Апошнія вялікія процістаянні адбыліся ў 1971, 1986 і 1988. Наступнае чакаецца ў 2003. Гл. Таксама канфігурацыі планет.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Да арт. Вялікае процістаянне Марса.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕ́РБАЛА,

цэнтральная крывая 2-га парадку; адно з канічных сячэнняў, уяўляе сабой мноства пунктаў плоскасці, рознасць адлегласцей ад якіх да двух пэўных пунктаў (фокусаў гіпербалы) пастаянная (па модулі). Кананічнае ўраўненне гіпербалы ў прамавугольнай сістэме каардынат: x​2/a​2 − y​2/b​2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў, b​2 = c​2 − a​2, c — фокусная адлегласць гіпербалы (гл. Аналітычная геаметрыя). Мае 2 бясконцыя галіны, сіметрычныя адносна гал. восяў Ox і Oy (сапраўднай, ці факальнай, і ўяўнай); 2 асімптоты y = ±bx/a. Пры a = b гіпербала наз. раўнабочнай і яе ўраўненне мае выгляд x​2 − y​2 = a​2; яе асімптоты ўзаемна перпендыкулярныя, і калі іх прыняць за восі каардынат, то ўраўненне набудзе выгляд xy = a​2/2 (графік адваротнай прапарцыянальнасці).

Гіпербала: F1, F2 — фокусы (рознасць адлегласцей F2M − F1M = const)

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДЛО́ (Didelot) Шарль (Карл) Луі (1767, Стакгольм — 19.11.1837). французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Парыжы. Працаваў з Ж.Ж.Наверам і Ж.Дабервалем. Выкананне Дз.-танцоўшчыка вылучалася чысцінёй рухаў, грацыёзнасцю, пластычнасцю. З 1788 балетмайстар у Лондане, Парыжы, Ліёне, у 1796—1801 і 1812—15 танцоўшчык і балетмайстар Каралеўскага т-ра ў Лондане. У 1801—29 (з перапынкамі) працаваў у Пецярбургу, паставіў больш за 40 балетаў і дывертысментаў (у т. л. «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.​Каваса паводле А.​Пушкіна, 1823). Распрацаваў жанр гісторыка-гераічнага балета. Яго харэаграфічныя драмы эпохі перадрамантызму характарызаваліся драматург. логікай і стылявым адзінствам, узбагачэннем тэхнікі танца. Наватарская дзейнасць Дз. спрыяла вылучэнню рус. балета на адно з першых месцаў у Еўропе. Сярод вучняў А.Істоміна, М.​Данілава, К.​Целяшова, А.​Ліхуціна, М.​Гольц.

Ш.Дзідло. Мастак В.​Баранаў.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)