РЭ́ШАЦЬ (Язэп) (28.7.1890, в. Рушчаны, Віленшчына — 15.2.1958),
бел.рэліг. і культ.-асв. дзеяч. Д-р філасофіі і тэалогіі. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Вучыўся ў Грыгарыянскім ун-це ў Рыме (1913—19), папскім Усх. ін-це (1919—21) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары ў 1917 у Рыме. Пасля вяртання на радзіму ў 1921 вікарый-кааператар у Гродне, потым праф. філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў патрыстыку ў Віленскім ун-це імя С.Баторыя і Закон Божы ў Віленскай бел. гімназіі. Прымаў удзел у зах.-бел. нац.-рэліг. жыцці. У складзе бел. дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 1927). Член рэдкалегіі час.«Хрысціянская думка». У 1938 выехаў у Паўн. Амерыку, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве св. Пракопа (каля Чыкага). Аўтар рэліг. і навук. кніг — «З хрысціянскай апалагетыкі», «Святыя», «Кароткі катэхізіс для беларусаў-католікаў».
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САВЕ́ЦКІ ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК»
(«СЭС»),
першы аднатомны універсальны даведнік у СССР. Выдадзены ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 4 выданні: 1-е ў 1979 (дадатковыя тыражы ў 1981—82), 2-е ў 1983, 3-е ў 1984 (дадатковы тыраж у 1985), 4-е ў 1987 (дадатковы тыраж у 1989). Змяшчае каля 80 тыс. артыкулаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця, эканомікі, навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва. Побач з артыкуламі пра саюзныя, аўтаномныя рэспублікі, краі, вобласці, гарады СССР уключана вял. колькасць артыкулаў пра розныя краіны свету, найбольшыя замежныя гарады, змешчаны біяграфіі дзярж., паліт., ваен. і культ. дзеячаў усіх часоў і народаў. У выданні 550 малюнкаў, фотаздымкаў і схем, 350 карт. «СЭС» паслужыў асновай для выдання «Вялікага энцыклапедычнага слоўніка» (т. 1—2, 1991; 2-е выд. 2000 у адным томе), «Расійскага энцыклапедычнага слоўніка» (кн. 1—2, 2000), «Новага энцыклапедычнага слоўніка» (2000). Перавыдаваўся за мяжой на англ., кіт. і інш. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДКА, лакрычнік,
лакрыца (Glycyrrhiza),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі, Амерыкі, Паўн. Афрыкі і Аўстраліі. Растуць пераважна ў стэпавай, паўпустыннай і пустыннай зонах. На Беларусі інтрадукаваны С.: бледнакветкавая (G.pallidiflora), голая (G.glabra), пахучая (G.foetidissima), уральская (G.uralensis) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м. Карэнішчы патоўшчаныя. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, голыя ці апушаныя. Лісце непарнаперыстае, часта клейкае. Кветкі лілаватыя, у пазушных гронках. Плод — боб. Салодкавы, або лакрыцавы, корань (карэнішчы і карані) мае ў сабе гліказіды, флаваноіды, цукрозу, эфірны алей, мінер. солі і інш. З яго атрымліваюць экстракты (састаўная ч. піва, квасу і інш.), сіропы для кандытарскай вытв-сці, выкарыстоўваюць як смакавую, антыаксідантную, бактэрыцыдную і фунгіцыдную дабаўку для лекаў, у ежу і напоі; таксама для вырабу фарбаў, дублення скуры і інш. З надземных ч. расліны атрымліваюць жоўтую фарбу для шэрсці і шоўку, са сцёблаў вырабляюць вяроўкі, грубую пражу, шчоткі, лісце — сурагат чаю. Лек., харч., тэхн., кармавыя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХВА́ЛАВІЧЫ,
пасёлак у Мінскім раёне, каляр. Пціч, на шашы Мінск—Слуцк і аўтадарозе, якая злучае пасёлак з г.п. Негарэлае. За 20 км на Пд ад Мінска. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Русінавічы». 2513 ж., 939 двароў (2001).
Вядомы з 1582 як сяло, цэнтр маёнтка, у 1791 побач існавала і вёска С. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Мінскага пав., цэнтр воласці. У 1815—203 ж., 22 двары, уніяцкая царква, школа, 2 млыны, сукнавальня, з 1863 Святадухаўская царква. У 1897—527 ж., 79 двароў, нар. вучылішча, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 4. кузні, 15 крам, карчма; у вёсцы 184 ж., 33 двары. У 1924—31 цэнтр Самахвалавіцкага раёна, з 1924 цэнтр сельсавета Мінскага р-на. З 1938 пасёлак.
З 1957 у С. Бел.н.-д. ін-ты агародніцтва, бульбаводства і пладаводства. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Сашэсця Св. Духа. Брацкія магілы супрацоўнікаў рэўкома, сав. воінаў і мірных жыхароў. Помнік У.С.Амельянюку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,
наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; пасля 1116—27.7.1194),
князь тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял.кн. Усевалада Ольгавіча. У 1140 пасланы бацькам княжыць у Ноўгарад, аднак там яго не прынялі. Каля 1142 бацька пасадзіў яго ў Тураве, але хутка туды з Пераяслава пераведзены Вячаслаў Уладзіміравіч, а С.У. атрымаў Уладзімір-Валынскі. У 1146 па загадзе вял.кн.Ізяслава Мсціславіча С.У. разам з Расціславам Мсціславічам выгнаў Вячаслава Уладзіміравіча з Турава. Пасля смерці Ізяслава Мсціславіча (1154) С.У. пільнаваў Кіеў, пакуль туды не прыйшоў княжыць Расціслаў Мсціславіч; за гэту паслугу атрымаў ад яго Тураў і Пінск, аднак праз год іх страціў. У 1162 удзельнічаў разам з інш. князямі ў паходзе на Слуцк супраць Уладзіміра Мсціславіча. У 1164 захапіў Чарнігаўскае княства, а свайго сына Алега паслаў у Гомель. У 1176—94 вял.кн. кіеўскі. У 1180 з наўгародскім войскам удзельнічаў у вял. кааліцыйным паходзе на Друцк, спаліў там астрог. З 1143 жанаты з дачкой полацкага кн.Васількі Святаславіча Марыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМГА, ласось высакародны (Salmo salar),
рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч.Атл.ак., паўд.-зах.ч. Ледавітага ак.каля берагоў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Існуе азёрная форма С. — азёрны ласось (S. s. morpha sebago) у буйных паўн. азёрах Лабрадор, Ладажскае, Анежскае і інш. На Беларусі да пабудовы на рэках плацін заходзіла на нераст з Балтыйскага м. ў рэкі Нёман, Зах. Дзвіна, Вілія, Буг. Апошні раз назіралася ў р. Вілія (1954).
Даўж. цела да 1,5 м, маса да 39 кг. Луска дробная, серабрыстая. Перад нерастам цела цямнее, на баках і галаве паяўляюцца чорныя, чырв. і аранжавыя плямы, у самцоў падаўжаюцца і скрыўляюцца сківіцы. Скура на спіне патаўшчаецца. Плоднасць да 26 тыс. ікрынак. Ікра буйная, аранжавая. У рэкі заходзіць пераважна восенню. Моладзь жыве ў рэках да 5 гадоў, корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай, у моры — рыбай і ракападобнымі. Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
Сёмга: 1 — самец у звычайным, 2 — у шлюбным убранні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ВЕРЦАВА (Галіна Міхайлаўна) (н. 3.8.1947, г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Жонка В.Я.Сіверцава. Скончыла Уральскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1966), Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1972). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1994 дырэктар), з 1998 нам. дырэктара Цэнтра дэкар.-прыкладнога мастацтва ў Мінску. Працуе ў галіне габелена, сцэн. касцюма, сувенірных вырабаў. Творы вызначаюцца вобразнай змястоўнасцю, эмацыянальнасцю, структурным адзінствам каларыту і малюнка. Аўтар манум. габеленаў «Казкі купальскай ночы» (серыя, 1986) для Дома культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве, «Каля возера» (1998) для рэстарана «Свіцязь» у Мінску; габеленавых заслон для Дома літаратара ў Мінску (1980), для Дома культуры нафтаперапр. з-да ў Мазыры (1992), дзіцячай школы мастацтваў у Магілёве (1993). Сярод інш. твораў: габелены «Чорнае і белае» (1977), «Вехі» (1982), «Па газонах не хадзіць» (1990), «Спляценне лёсу» (1991), «Знак» (1992) і інш.
Г.Сіверцава. Фрагмент габелена з серыі «Казкі купальскай ночы». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ГЕР БРАБА́НЦКІ (Siger de Brabant; каля 1235—82),
нідэрландскі філосаф, заснавальнік зах.-еўрап.авераізму. З 1266 праф. Парыжскага ун-та. Двойчы асуджаны інквізіцыяй (у 1270 і 1277). У час чарговага следства забіты сваім сакратаром. У трактатах «Аб разумнай душы», «Аб вечнасці свету», «Немагчымае», «Аб неабходнасці і ўзаемасувязі прычын» і ў каментарыях да «Фізікі», «Метафізікі» і інш. твораў Арыстоцеля сфармуляваў тэорыю дваістасці ісціны, паводле якой ісціны філасофіі і тэалогіі могуць супярэчыць адна адной. Адмаўляў ідэю стварэння Богам свету з нічога і божае наканаванне. Развіваў вучэнне аб усеагульным дэтэрмінізме і абвяргаў існаванне свабоды волі ў чалавека і Бога. Лічыў, што ўсе працэсы і падзеі на Зямлі залежаць ад руху нябесных цел і маюць цыклічны характар. Сцвярджаў, што чалавечы дух (інтэлект) уяўляе сабой вечную, нематэрыяльную субстанцыю, а душа смяротная. Погляды С.Б. абвяргалі Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Р.Лулій. Вучэнне С.Б. паўплывала на светапогляд Дантэ, П.Пампанацы, Дж.Піка дэла Мірандалы, авераістаў падуанскай школы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКА́ЙЛЭБ»
(англ. Skylab ад sky laboratory нябесная лабараторыя),
амерыканская эксперыментальная арбітальная станцыя для палёту па каляземнай арбіце; таксама праграма яе распрацоўкі, запуску і эксплуатацыі. Прызначалася для вывучэння ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека ў час працяглых касм. палётаў, правядзення навук.-тэхн. і тэхнал. эксперыментаў, даследаванняў Сонца, прыродных рэсурсаў Зямлі і інш. Выведзена на арбіту 14.5.1973 ракетай-носьбітам «Сатурн-5» (без экіпажа). Маса 77 т, даўжыня 25 м. Аб’ём жылых адсекаў каля 340 м³.
Станцыя складалася з асн. блока (лабараторны і бытавы адсекі). прыборнага адсека, шлюзавай камеры (забяспечвала выхад касманаўтаў у адкрыты космас), прычальнай канструкцыі з асн. і рэзервовым стыковачнымі вузламі і платформы з комплексам астр. прылад. Не прызначалася для вяртання на Зямлю, дастаўка і змена экіпажаў праводзіліся пры дапамозе трансп.касм. карабля «Апалон»У 1973—74 на станцыі працавалі 3 экіпажы касманаўтаў (па 3 чал). Макс. працягласць палёту 84 сут. З лютага 1974 у аўтам. рэжыме, 9.7.1979 спыніла існаванне. Іл.гл. да арт.Арбітальная станцыя.