кампаненты жывой прыроды расл. паходжання, якія з’яўляюцца крыніцамі сродкаў існавання чалавецтва. Выконваюць сыравінную, асяроддзеахоўную і сац. функцыі. Да Р.р. адносяць лясную, лугавую, балотную і інш.расліннасці. На Беларусі (2000) лясная расліннасць займае 9,2 млн.га (44% тэр.), з іх 67,6% хвойных лясоў (58,2% хваёвых, 9,4% яловых), 4,5% шыракалістых лясоў (4% дубовых, 0,5% грабавых), 27,9% драбналістых лясоў (16,2% бярозавых, 9,4% альховых, 2,3% асінавых). Агульны запас драўніны — 1,1 млрд.м³, гадавы сярэдні прырост — 25 млн.м³. На аднаго чалавека прыпадае 0,74 га спелых лясоў і 110 м³ растучага лесу. Лутавая расліннасць пашырана на 17,2% тэр., падзяляецца на поймавую (6% пл. лугоў; найб.прадукц.), сухадольную (80%; найменш прадукц.), нізінную (14%). Каля 36% нізінных лугоў выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, даюць да 50% кармоў. Агульны запас зялёнай масы 48 млн.т, сена 8 млн.т. Балотная расліннасць займае 12,4% тэр., з іх 80% расліннасць нізінных балот, 14% вярховых, 6% пераходных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНЯ,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каляр. Лабжанка, на скрыжаванні аўтадарог на Клімавічы, Касцюковічы, Хоцімск. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 17 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 141 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 733 ж., 261 двор (2001). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя. аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У 1727 сяло ў Крычаўскім старостве ВКЛ, у 1747 дзярж. ўласнасць, 20 двароў. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 мястэчка ў Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ., 289 ж., 76 двароў, драўляная царква. У пач. 19 ст. прыватнае ўладанне, вінакурны з-д. У 1880—455 ж., 78 двароў, вадзяны млын, нар. вучылішча, мураваная царква, малітоўная школа; у 1897—834 ж., 122 двары, крупадзёрка. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай, у 1926—30 — Магілёўскай акруг, з 1938 — Магілёўскай вобл. У 1926 у Р. 471 ж., 88 двароў. У 1967 да Р. далучана в Пачаеўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
радовішча даламітаў у Віцебскім р-не, каляг.п. Руба, вёсак Вярхоўе, Гралева, Цякава, Койтава, Чырвоны Двор, на правым і левым берагах р.Зах. Дзвіна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі франскага яруса (верхні дэвон). Складаецца з 5 участкаў: Руба і Вярхоўе (адпрацаваныя), Цякава-Койтава (закансервавана), Гралева (распрацоўваецца), Чырванадворскі (рэзервовы). Даламіты шэрыя, жаўтавата-шэрыя, скрытакрышт., моцныя, участкамі трэшчынаватыя, порыстыя, кавернозныя, акварцаваныя, з лінзамі і праслоямі даламітавага пяску і друзу, маюць у сабе аксіду кальцыю CaO 23,8—34,5%, аксіду магнію MgO 14,7—22,6%. Разведаныя запасы (на ўчастках Гралева і Чырванадворскі) 843,7 млн.т, перспектыўныя 389,3 млн.т, астатак разведаных запасаў 748,1 млн.т (2000). Выяўленая магутнасць карыснай тоўшчы 10,5—30,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 22—44 м. У рэчышчы р.Зах. Дзвіна даламіты выходзяць на дзённую паверхню. Даламіты прыдатныя на выраб даламітавай мукі (для вапнавання кіслых глеб), друзу, мінер. парашку для асфальтабетону, напаўняльніка для покрыўнага слоя руберойду і часткова для нізкагатунковага шкла. Радовішча распрацоўваецца акц. т-вам «Даламіт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́НАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (15.11.1875, г. Арол, Расія — 1913),
расійскі даследчык Арктыкі. Скончыў Арлоўскую духоўную семінарыю (1897), Парыжскі ун-т (1907). За ўдзел у студэнцкім рэв. руху ў Кіеўскім ун-це ў 1901 сасланы ва Усць-Сысольск (цяпер Сыктыўкар). У 1903 эмігрыраваў у Францыю. У 1908 прымаў удзел у франц., а ў 1909 — у рус. экспедыцыях на Новую Зямлю. У 1910 і 1911 кіраваў экспедыцыямі на гэты архіпелаг, пехатой перасек в-аў Паўночны, на маторна-ветразевых суднах плаваў вакол а-воў Паўночны і Паўднёвы. Правёў шэраг тапаграфічных, геал., і гідралагічных работ. У 1912 кіраваў экспедыцыяй на боце «Геркулес» па даследаванні вугляносных раёнаў Шпіцбергена, затым адправіўся на У і прапаў без вестак. У 1934 на астравах калязах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр знойдзены драўляны слуп з надпісам «Геркулес. 1913» і некат. рэчы ўдзельнікаў экспедыцыі. Імем Р. названы бухта і паўвостраў на Новай Зямлі, ледавік на Паўн. Зямлі, востраў у праліве Вількіцкага, гара ў Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, спецыялізаваная на здабычы і перапрацоўцы рыбы. Уключае рыбаводства, рыбалоўства і перапрацоўку рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя кансервы).
На Беларусі фарміраванне Р.п. як самастойнай галіны пачалося ў 1920—30-я г. Разбураныя ў Вял.Айч. вайну прадпрыемствы Р.п. пасля вайны хутка аднаўляліся. У 1971 працавала 9 рыбзаводаў, 2 рыбакамбінаты, выраблена 9,46 тыс.т рыбнай прадукцыі і 3,8 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1993 Р.п. выраблена 20,4 тыс.т таварнай рыбнай харч. прадукцыі, у т. л. 4 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1999 галіна налічвала 27 спецыялізаваных прадпрыемстваў, на якіх працавала каля 2,4 тыс.чал. Выпушчана 18,5 тыс.тхарч. рыбнай прадукцыі і 9,1 млн. умоўных бляшанак рыбных кансерваў. Марская рыба і рыбапрадукты завозяцца з-за мяжы.
Р.п. найб. развіта ў Кітаі, Японіі, Індыі, ЗША, Расіі, Інданезіі, Перу, Чылі, Тайландзе, Нарвегіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ КАЛІЗЕ́Й, Каласей (ад лац. colosseus аграмадны, каласальны),
амфітэатр Флавіяў, помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены ў 75—80 н.э. ў часы імператараў Веспасіяна і Ціта. Грандыёзнае збудаванне ў форме чашы ўяўляе сабой у плане авал (даўж.каля 190 м, шыр. 156 м) з арэнай у цэнтры, вакол якой прыступкамі ўзвышаюцца месцы для гледачоў. Пабудаваны з туфу, трыбуны былі пакрыты мармурам; статуі і стукавае аздабленне не захаваліся. Глядзельная зала мела 4-ярусную канструкцыю: першыя 3 ярусы ордэрных арак з іанічнымі, дарычнымі і карынфскімі калонамі; у 4-м ярусе, дэкарыраваным карынфскімі пілястрамі, былі арачныя аконныя праёмы. Уваход у залу праз аркі. Р.к. меў складаную падземную канструкцыю, дзе знаходзіліся мех. прыстасаванні для правядзення гульняў, калідоры для гладыятараў і інш. У выпадку дажджу ці санцапёку збудаванне накрывалі спец. тэнтам. Прызначаўся для тэатралізаваных паказаў і разнастайных відовішчаў: баі гладыятараў і караблёў (для іх арэну залівалі вадой), цкаванне драпежных звяроў і інш. Моцна пашкоджаны. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСІ́НСКІ ((Rysiński) Саламон) (каля 1560, в. Рысін Себежскага р-на Пскоўскай вобл. — 13.11.1625),
польскі і бел. паэт-лацініст, парэміёлаг. Вучыўся ў Альтдорфскім ун-це (1586, Германія). У пач. 17 ст. прыдворны паэт кн. Радзівілаў. Выдаў «Дзве кнігі пісьмаў Саламона Пантэра» (1587, у адным з пісьмаў пераклаў на лац. мову вершы А.Рымшы). Аўтар «Кароткага пераказу спраў, здзейсненых святлейшым князем Крыштофам Радзівілам...» (1614), куды ўключана вершаванае апісанне падзей Лівонскай вайны (1558—83). Гал. яго праца — зб. «Тысяча восемсот польскіх прыказак...» (1618, 8-е выд. 1854), які быў вынікам амаль 30-гадовай збіральніцкай дзейнасці (мясц.бел. прыказкі Р. параўнаў з лац., ням., італьян. і інш.). Абедзве кнігі выдадзены ў Любчанскай друкарні. Аўтар «Кнігі заўваг і тлумачэнняў «Пісьмаў Л.А.Сенекі...» (1620, Нюрнберг). З ням. юрыстам і паэтам К.Рытэрсгузіусам падрыхтаваў каментарыі да творчасці познарым. паэта Аўзонія (рукапіс).
Літ.:
Порецкий Я. Соломон Рысинский = Solomo Pantherus eucorussus: Конец XVI — нач. XVII вв. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРД IЛьвінае Сэрца
(франц. Richard Coeur de lion, англ. Richard the Lion-heart; 8.9.1157, Оксфард, Вялікабрытанія — 6.4.1199),
кароль Англіі [1189—99]. З дынастыі Плантагенетаў. Выхоўваўся ў Аквітаніі, дзяцінства і юнацтва правёў на Пд Францыі. Меў добрую адукацыю, віртуозна валодаў зброяй, перамагаў на турнірах. Б.ч. жыцця правёў па-за межамі Англіі, удзельнічаў у бесперапынных войнах. У час 3-га крыжовага паходу 1189—92 захапіў в-аў Кіпр і крэпасць Акру ў Палесціне. Па дарозе назад каля Вены трапіў у палон да аўстр. герцага Леапольда V, які перадаў яго герм. імператару Генрыху VI; у 1194 адпушчаны за вял. выкуп. З 1194 ваяваў з франц. каралём Філіпам II Аўгустам, які імкнуўся адваяваць землі Плантагенетаў у Францыі. Смяротна паранены ў час аблогі Шамо.
Літ.:
Добиаш-Рождественская О.А. Крестом и мечом: Приключения Ричарда I Львиное Сердце. М., 1991;
Кесслер У. Ричард I Львиное Сердце: Король. Крестоносец. Авантюрист: Пер. с нем. Харьков;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДЗЬКА (Raphanus),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6—8 відаў (або 1 паліморфны від Р. дзікая, ці палявая — R. raphanistrum), пашыраных у Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. За 2 тыс. гадоў да н.э. Р. выкарыстоўвалася ў медыцыне. На Беларусі культывуюцца Р. пасяўная, або агародная (R. sativus), і яе разнавіднасці, Р. звычайная і радыска.
Адна-, двух-, рэдка шматгаловыя травяністыя караняплодныя расліны. Лісце рассечанае. Кветкі белыя, жоўтыя, ружовыя, фіялетавыя, у суквецці гронка. Плод — стручок. На Беларусі раянаваны сарты Адэская 5, Грайваронская, Зімовая круглая чорная, Зімовая круглая белая, Майская і інш. Караняплоды рознай формы (ад круглай да верацёнападобнай) і афарбоўкі (белыя, жоўтыя, шэрыя, фіялетавыя, карычневыя, чорныя), з белай мякаццю, ужываюцца сырыя. Маюць 1,6% цукру, каля 1,9% бялку, вітаміны С і групы В, карацін, эфірны алей, востры смак ім надаюць гліказіды. Харч., алейныя, меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.