КЛЕБАНО́ВІЧ Вольга Міхайлаўна (н. 25.2.1945, г. Ягертау, Югаславія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). З 1967 працуе ў Дзярж. рускім драм. т-ры. Выканаўца драм., лірыка-камедыйных, характарных роляў. Творчасць адметная глыбокай унутр. распрацоўкай вобраза ў спалучэнні з дакладнай знешняй характарыстыкай. Найб. значныя ролі: Сцепаніда («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Марыля («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Вольга («Тры сястры» А.​Чэхава), Жэня Камялькова («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Макарская («Спатканне ў прадмесці» А.​Вампілава), Вара («Разгром» паводле А.​Фадзеева), Вікторыя («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Лушка («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Люся («Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Ю.​У.​Сідараў.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМО́ВІЧ Адольф (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),

бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел. хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял. Айч. вайну ў Бел. нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел. культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМІ́ТА Пётр Бластус (Бластусовіч Пётр),

выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.​Л.​Намыслоўскага, у зб. прыказак С.​Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў да зб. «Апафегматы» Б.​Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.

Я.​І.​Парэцкі.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й імя А.​В.​Суворава.

Засн. ў 1946 у г. Кобрын Брэсцкай вобл., адкрыты ў 1948. Пл. экспазіцыі 897 м², больш за 14 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў найб. на Беларусі калекцыя халоднай і агнястрэльнай зброі розных дзяржаў 14—20 ст., абмундзіраванне і рыштунак рус. і зах.-еўрап. войск розных часоў, калекцыі нумізматыкі, у т. л. скарбы манет 16—18 ст., фалерыстыкі, этнаграфіі і прадметаў побыту Кобрыншчыны 19—20 ст., мэблі 16—20 ст., рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы бел. мастакоў М.​Аўчыннікава, І.​Белановіча, П.​Драчова, М.​Немагая, У.​Стальмашонка, Я.​Ціхановіча, А.​Шыбнёва і інш., скульптуры З.​Азгура, Я.​Вучэціча, С.​Селіханава. У б-цы музея больш за 22 тыс. тамоў.

Н.​М.​Пліско.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗАН (Korzon) Тадэвуш Сільвестр (9.11.1839, Мінск — 8.3.1918),

польскі гісторык, прадстаўнік варшаўскай гіст. школы. Правадз. чл. Польскай АН у Кракаве (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). За рэв. дзейнасць сасланы ў Арэнбург (1861). З 1869 у Варшаве, выкладаў у гімназіі. У 1886 за прапаганду нац. ідэй пазбаўлены права выкладання. З 1897 дырэктар б-кі Красінскіх. Адзін з заснавальнікаў у 1905 час. «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд»), у 1907 — т-ва аматараў гісторыі. Аўтар манаграфій, падручнікаў па агульнай гісторыі, артыкулаў па тэорыі і методыкі гіст. даследаванняў, гістарыяграфіі. Даследаваў паліт. і эканам. гісторыю Рэчы Паспалітай.

Тв.:

Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta. 2 wyd. T. 1—6. Warszawa, 1897—98.

Літ.:

Włodarczyk J. Tadeusz Korzon: Głowne konccpcje historyczne i historiograficzne. Lódź, 1958.

Дз.​У.​Караў.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМАРЭ́ЎСКІ Леў Міхайлавіч (27.7. 1896, г. Харкаў, Украіна — 24.3.1976),

балетмайстар і педагог. Па адукацыі ўрач. Танц. мастацтву вучыўся ў балерыны Ю.​Сядовай. З 1930 балетмайстар Бел. студыі оперы і балета, да 1937 у Дзярж. т-ры оперы і балета БССР. У 1933 з групай запрошаных ім артыстаў БДТ-1, навучэнцаў харэагр. класа Бел. муз. тэхнікума і танцораў-аматараў паставіў балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра, які даў пачатак балетнаму рэпертуару т-ра оперы і балета Беларусі. Сярод інш. пастановак: балет «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, танцы ў операх «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага і інш. Працаваў у т-рах оперы і балета Алма-Аты і Фрунзе, у мімічным ансамблі Вял. т-ра ў Маскве.

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЫ́ПНЫ МЕХАНІ́ЗМ,

механізм са звяном (крывашыпам або каленчатым валам), якое пры вярчэнні вакол нерухомай восі пераўтварае адзін від руху ў другі. Бываюць К. м. плоскія (з рухам усіх звёнаў у паралельных плоскасцях) і прасторавыя, чатырох- і шматзвёнавыя.

Найб. пашыраны плоскія крывашыпна-паўзунныя (пераўтвараюць вярчальны рух у прамалінейны зваротна-паступальны або наадварот), крывашыпна-каромыславыя (вярчальны рух — у хістальны) і крывашыпна-кулісныя (раўнамерна вярчальны рух — у нераўнамерна вярчальны, хістальны або зваротна-паступальны; гл. таксама Кулісны механізм). К. м. выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, прэсах, металарэзных станках, цестамясілках, снегапагрузчыках і інш. машынах.

Плоскія крывашыпныя механізмы: а — крывашыпна-каромыславы; б — крывашыпна-паўзунны; в — крывашыпна-кулісны; г — крывашып з пастаянным радыусам r; 1 — крывашып; 2 — шатун; 3 — каромысел; 4 — паўзун; 5 — куліса.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ІН Мікалай Іванавіч (1885 г. Ржэў Цвярской вобл., Расія — 1937),

удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны на Беларусі. З 1915 на Зах. фронце, вёў рэв. агітацыю сярод салдат. Чл. РСДРП(б). З сак. 1917 чл. Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з крас. чл. бальшавіцкай фракцыі выканкома Зах. фронту, дэп. Устаноўчага сходу ад Зах. акругі і фронту. З ліст. 1917 чл. часовага бюро ВРК Зах. фронту, старшыня выканкома Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ.; са студз. 1918 нам. старшыні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Са снеж. 1918 нач. гарнізона г. Мінска. З ліп. 1919 на Зах. фронце, камандаваў чырвонаармейскім атрадам пад Баранавічамі. У 1930-я г. ў Маскве, у 1936 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да жн. 1943 у Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. (кіраўнік К.​А.​Равуцкі, з вер. 1942 А.​Л.​Гаўрыленка). Дзейнічала 5 груп (74 чал.): 2 у г. Крычаў (кіраўнікі Гаўрыленка, М.​Р.​Каінаў), вёсках Бацвінаўка (Б.​Я.​Грыгор’еў), Касцюшкавічы (С.​С.​Давыдзенка, з чэрв. 1942 Дз.​Я.​Грыгор’еў), Міхеевічы (А.​М.​Крупадзёраў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, звесткі пра дыслакацыю войск і чыг. перавозкі ворага, арганізоўвалі дыверсіі на чыгунцы і чыг. вузле, уцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх дакументамі і інш. У лютым 1943 фашысты правялі арышты, уцалелыя падпольшчыкі стварылі партыз. атрад. У Крычаве помнік на магіле ваеннапалонных і падпольшчыкаў, што загінулі.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Cremer) Фрыц (н. 22.10.1906, г. Арнсберг, Германія),

нямецкі скульптар і графік. Правадз. чл. Герм. АМ (з 1950). Ганаровы чл. АМ СССР (1967). Скончыў Вышэйшую школу выяўл. і прыкладнога мастацтва (1934) і АМ (1940) у Берліне. З 1946 выкладчык Акадэміі прыкладнога мастацтва ў Вене, з 1950 кіраўнік майстэрні пры Герм. АМ (Берлін). Зазнаў уплыў Э.Барлаха. Сярод твораў: помнікі ахвярам фашызму ў Бухенвальдзе (1952—58), Равенсбруку (1959—61), Маўтгаўзене (1964—65); партрэты рабочага Ф.​Франіка (1954), Б.​Брэхта (1956), жывапісца І.​Іона (1962); станковыя скульптуры «Ева» (1949), «Аголеная» (1958), «Укрыжаваны» (пач. 1980-х г.); цыклы літаграфій «Венгрыя» (1956), «Бухенвальд» (1955—57). Нац. прэмія ГДР 1953, 1958. Іл. гл. таксама да арт. Бухенвальд.

Літ.:

Полякова Н. Фриц Кремер. М., 1972.

Ф.Крэмер. Ева. 1949.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)