СЛЯПЯ́НСКАЕ ВО́ДНА-ПА́РКАВАЕ ПАЎКАЛЬЦО́,

сістэма штучных каскадаў, каналаў, адкрытых вадаёмаў і прылеглых азялененых тэрыторый у Мінску, аснова комплекснай арх.-ландшафтнай арганізацыі паўн.-ўсх. часткі горада; частка Мінскага водна-паркавага кальца. Створана на аснове р. Сляпянка і левага прытока р. Свіслач. Пабудавана ў 1977—88. Даўж. 22 км, перапад вышынь рэльефу на трасе 31 м. Уключае вадаёмы (агульная пл. 140 га), каналы і 13 дэкар. каскадаў. Гал. збудаванне сістэмы — Цнянскае вадасховішча, вада ў якое паступае з вадасховішча Дразды праз напорныя вадаводы з уздымам на выш. 15 м. Ад Цнянскага вадасховішча адкрыты канал ідзе ўздоўж лесапарку і заканчваецца дэкар. вадаёмам каля гандл.-грамадскага цэнтра мікрараёна Зялёны Луг 6. За Лагойскім трактам у пачатку мікрараёна Зялёны Луг 5 створаны шматступеньчаты каскад. Уздоўж вул. Сядых сістэма прадстаўлена спалучэннем маляўнічых вадаёмаў і каналаў з масткамі, спускамі да вады, невял. фантанчыкаў і інш. малых арх. форм. Створаны таксама выразны 3-ступеньчаты каскад па вул. Парніковай, паўкруглы 2-ступеньчаты каскад з басейнам у раёне вуліц Уральскай—Мендзялеева і ў жылым раёне Серабранка, дзе Сляпянская водная сістэма злучаецца з Чыжоўскім вадасховішчам. Усе каскады сістэмы створаны паводле індывід. праектаў. Гал. кампазіцыйныя акцэнты арганічна спалучаюцца з прасторавым вырашэннем гэтых раёнаў горада. Запраектавана буд-ва Лошыцкага водна-паркавага паўкальца, у выніку даўж. водна-паркавага кальца Мінска дасягне 50 км суцэльнай сістэмы каналаў, каскадаў, вадаёмаў з прылеглымі да іх паркамі, скверамі, бульварамі. За стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў Мінска архітэктары Л.​Белякова, Дз.​Герашчанка, Л.​Жлоба, М.​Жлоба, В.​Шыльнікоўская, Б.​Юрцін, інжынер А.​Самончык удастоены Дзярж. прэміі СССР 1989.

А.​В.​Сычова.

Да арт. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо. Дэкаратыўныя басейны ў мікрараёне Зялёны Луг 5.

т. 15, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕ́ТАНА (Smetana) Бедржых (2.3.1824, г. Літамішль, Чэхія — 12.5.1884),

чэшскі кампазітар, дырыжор, піяніст, педагог, музычна-грамадскі дзеяч; заснавальнік чэшскай муз. класікі. Скончыў прыватную муз. школу ў Празе (1847). Вучань І.​Прокша. У 1848 адкрыў сваю муз. школу, якая пазней стала цэнтрам канцэртнай і асветніцкай дзейнасці прагрэс. чэш. музыкантаў. З 1856 канцэртаваў у Швецыі. З 1861 у Чэхіі, узначаліў артыстычнае т-ва «Умелецка бяседа», кіраваў мужч. хорам «Глагол пражскі», пісаў для яго хоры на словы чэш. паэтаў, папулярызаваў музыку айч. і інш. слав. кампазітараў. У 1866—74 дырыжор Нац. т-ра оперы. Выступаў як муз. крытык. Пачынальнік розных жанраў нац. оперы і праграмнага сімфанізму. Яго творчасць, заснаваная на нар.-песенных інтанацыях і рытмах, вызначаецца яркім нац. каларытам, дэмакратычнасцю, патрыят. накіраванасцю, працягвае традыцыі рамант. праграмнага сімфанізму Ф.​Ліста. Сярод твораў: оперы лірычна-камічная «Прададзеная нявеста» і гераічна-патрыят. «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (абедзве паст. 1866), трагічная «Далібар» (паст. 1868), «Дзве ўдавы» (паст. 1874), эпічная «Лібуша» (паст. 1881); для арк. — «Трыумфальная сімфонія» (1854), «Урачыстая уверцюра» (1849); сімф. паэмы «Рычард III» (1858), «Лагер Валенштэйна» (1859), «Гакон Ярл» (1861); цыкл з 6 праграмных сімф. паэм «Мая Радзіма» (1858—79); 2 стр. квартэты (1876, 1883), фп. трыо, п’есы для фп., у т. л. «Чэшскія танцы» (2 сшыткі, 1877, 1879), хоры, песні і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. опера С. «Прададзеная нявеста» (1949). З 1946 штогод у дзень смерці С. праводзіцца Міжнар. муз. фестываль «Пражская вясна», які адкрываецца выкананнем яго твораў.

Літ.:

Мартынов И.И. Бедржих Сметана. М., 1963;

Гулинская З.К. Бедржих Сметана. М., 1968;

Крунтяева Т. Бедржих Сметана, 1824—1884: Попул. моногр. 2 изд. Л., 1988.

І.​Ю.​В’югінава.

Б.Сметана.

т. 15, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РЫКАЎ Васіль Іванавіч (24.1.1848, г. Краснаярск, Расія — 19.3.1916),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярб. АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1869—75) у П.​Чысцякова. Чл. т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі, 1881), Саюза рус. мастакоў. Гал. тэма творчасці — лёс народа ў складаныя пераломныя эпохі гісторыі Расіі. Ужо ў ранніх творах звяртаўся да гіст. тэматыкі («Княжацкі суд», 1874; «Апостал Павел тлумачыць догматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы», 1875). З 1877 жыў у Маскве. Наведаў Германію, Францыю, Аўстрыю (1883—84), Швейцарыю (1897), Італію (1900), Іспанію (1910). У лепшых палотнах раскрываў трагічныя супярэчнасці гісторыі, логіку яе руху, барацьбу гіст. сіл у пятроўскі час, у гады расколаў, нар. рухаў: «Раніца стралецкай кары» (1881), «Меншыкаў у Бярозаве» (1883), «Баярыня Марозава» (1887). У манум. па форме карцінах С. стварыў наватарскі тып кампазіцыі, у якой рух людской масы, ахопленай складанай гамай перажыванняў, перадае глыбокі, унутр. сэнс падзеі. Вял. ўвагу аддаваў перадачы выгляду плошчаў і вуліц старой Масквы, запоўненых натоўпам, адзення, прадметаў побыту, вышыўкі, разьбы па дрэве і інш. Агульны каларыт яго твораў, заснаваны на гармоніі чыстых фарбаў, рытме колеравых плям, фактуры і манеры мазкоў, служыў сродкам перадачы агульнага настрою, атмасферы падзеі, псіхал. характарыстыкі персанажаў. У 1888—90 жывапісам не займаўся. У карцінах 1890-х г. звярнуўся да падзей нац. гісторыі, у якіх праяўляўся гераічны дух і магутнасць рус. народа: «Пакарэнне Сібіры Ермаком» (1895), «Пераход Суворава праз Альпы» (1899), ствараў партрэты («Сцяпан Разін», 1903, і інш.), займаўся акварэллю.

Літ.:

Кеменов В.С. Историческая живопись Сурикова, 1870—1880-е гг. М., 1963;

Яго ж. В.​Суриков: Альбом. Л., 1978;

В.​И.​Суриков: Письма. Воспоминания о художнике. Л., 1977.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Сурыкаў. Меншыкаў у Бярозаве. 1883.

т. 15, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1524—26,

найбуйнейшае антыфеад. выступленне сялян (падтрымана асобнымі гарадамі і рыцарамі) у сярэдневяковай Германіі, у частцы Аўстрыі і Швейцарыі. Была працягам шматлікіх сял. хваляванняў з 14 ст. (рух Г.Бёгайма, змова «Башмака» і інш.). Праходзіла ва ўмовах рэліг. Рэфармацыі. Выклікана эканам., сац. і паліт. прычынамі (уціск сялян землеўласнікамі, падатковы прыгнёт, у т. л. царк. дзесяціна, і інш.). Пачалася ў чэрв. 1524 з паўстання на Пд Германіі (ландграфства Шцюлінген). Пад уплывам прапаганды Т.Мюнцэра і анабаптыстаў паўстанне набыло арганізаваны характар. З пач. 1525 яно ахапіла Верхнюю Швабію і Франконію. У крас. 1525 паўсталі сяляне ў Цюрынгіі, у маі — у Ціролі. Лідэрамі паўстанцаў былі Мюнцэр, Ф.Геер, М.Гайсмайр і інш. У раёнах сял. паўстанняў дзейнічалі буйныя атрады колькасцю да некалькіх тыс. чал., яны авалодалі шэрагам замкаў. Былі распрацаваны некалькі утапічных праграмных дакументаў паўстанцаў («Артыкульнае пісьмо», «12 артыкулаў», «Гейльбранская праграма» і інш.), якія з пазіцый «боскага права» адлюстроўвалі ідэю сац. справядлівасці. Многія вёскі і цэлыя мясцовасці адмаўляліся ад выканання феад. павіннасцей і патрабавалі ад сваіх землеўласнікаў іх ліквідацыі. Але разрозненасць асн. цэнтраў паўстанняў і іх слабая падтрымка бюргерствам аблегчылі задушэнне сял. вайны сіламі Швабскага саюза і інш. рыцарскіх войск. Апошнімі супраціўляліся паўстанцы ў Ціролі, Карынтыі, Штырыі, Крайне (да лета 1526). Паражэнне С.в. не прывяло да істотных змен у становішчы сялянства ў Германіі, але вайна засведчыла вял. сац. актыўнасць сял. саслоўя. Рэхам С.в. была Мюнстэрская камуна (1534—35).

У марксісцкай гістарыяграфіі С.в. 1524—26 разглядаецца як кульмінацыя раннебурж. рэвалюцыі перыяду Рэфармацыі.

Літ.:

Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;

Blickle P. Die Revolution von 1525. München, 1993.

т. 15, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),

сістэма вершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).

Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.

Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.​Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна). На аснове ўкр. нар. верша Т.​Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.​Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь» М.​Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.​Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.​Танка, П.​Панчанкі, К.​Кірэенкі і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́,

прыродныя геагр. паясы Паўн. і Паўд. паўшар’яў, размешчаныя паміж субтрапічнымі паясамі і субэкватарыяльнымі паясамі, паміж 20° і 30° паўн. ш. і паўд. ш. Гарачы і сухі трапічны клімат вызначаюць антыцыкланальная цыркуляцыя атмасферы і пасаты. Т-ра зімой вышэй за 10 °C, летам вышэй за 30—35 °C. У Т.п. назіраюцца самыя высокія на зямным шары т-ры паветра (гл. Полюсы цяпла). Ападкаў 50—200 мм, на У пераважае вільготнае акіянскае паветра (мусонная цыркуляцыя) — ападкаў да 1000—2000 мм і больш за год. На сушы ландшафты пустынь і паўпустынь, якія займаюць вял. тэрыторыі ў цэнтр. і зах. ч. мацерыкоў (асабліва ў Афрыцы і Азіі). Значная ч. прасторы не мае паверхневага сцёку. Рэкі транзітныя, многія перасыхаюць. Глебавае покрыва мяняецца з 3 на У ад шкілетных або шэра-жоўтых глеб трапічных пустынь праз шэра-карычневыя глебы паўпустынь і чырвона-карычневыя глебы рэдкалессяў да чырв. латэрытных глеб пераменна-вільготных лясоў. Усх. ўскраіны мацерыкоў (Паўд. і Усх. Азія, Цэнтр. Амерыка) маюць больш высокую вільготнасць, паўнаводныя рэкі, мяшаныя лістападна-вечназялёныя лясы, мусонныя лістападныя лясы, рэдкалессі або саванны і хмызнякі, часта моцна змененыя ў выніку высечак і выпальвання. У горных раёнах выражаны леса-лугавы (на У), рэдкалесна-стэпавы і пустынна-стэпавы (у цэнтр. ч. і на 3) спектры вышыннай пояснасці. Жывёльны свет прадстаўлены капытнымі (антылопы, вярблюды і інш.), некат. драпежнымі (гіены, лісы і інш.), птушкамі, грызунамі і інш. Акіян у Т.п. адрозніваецца высокімі т-рамі паверхневых вод, значным іх выпарэннем, высокай салёнасцю (37%0) шчыльнасцю і недахопам кіслароду. У зах. і цэнтр. ч. мацерыкоў развіта пашавая жывёлагадоўля, арашальнае земляробства, ва ўсх. ч. — арашальнае і багарнае земляробства, плантацыйная гаспадарка (рыс, батат, цытрусавыя, фінікі, ананасы, бананы і інш.).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫБАФА́ТЫКА (ад грэч. tribos трэнне + англ. fatigue стомленасць),

навукова-тэхн. дысцыпліна, якая вывучае зносастомленасныя пашкоджанні (ЗСП) і разбурэнні сілавых сістэм. Грунтуецца на механіцы стомленаснага разбурэння, трыбатэхніцы, тэорыі надзейнасці мех. сістэм, матэрыялазнаўстве і інш. Выкарыстоўваецца для кіравання працэсамі ЗСП з мэтай забеспячэння аптымальнага рэсурсу сілавой сістэмы.

У Т. сілавой называюць усякую сістэму, якая ўспрымае і перадае паўторна-пераменную нагрузку і ў якой адначасова рэалізуецца працэс трэння ў любым праяўленні (слізганні, качэнні, удары і інш.). Пры эксплуатацыі гэтых сістэм узнікаюць комплексныя ЗСП, асн. відамі якіх з’яўляюцца фрыкцыйна-мех., кантактна-мех., эразійна- і каразійна-мех. і фетынг-стомленасць. Паводле Т., зменьваючы ўмовы трэння і (або) умовы цыклічнага нагружэння належным чынам, можна эфектыўна кіраваць кінетыкай працэсаў ЗСП. Стан сілавой сістэмы ў любы момант эксплуатацыі ацэньваецца па інтэгральным параметры, на якім заснавана кіраванне гэтымі працэсамі. У Т. робяць разлік работаздольнасці сілавых сістэм па крытэрыях ЗСП. Для ацэнкі нясучай здольнасці, надзейнасці і даўгавечнасці аб’ектаў выкарыстоўваюць статыстычную мадэль дэфармаванага цвёрдага цела з небяспечным аб’ёмам — канечнай вобласцю з крытычным напружаннем у ёй.

На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца ў НВА «Трыбафатыка» і Бел. дзярж. ун-це транспарту (Гомель), Ін-це механікі машын Нац. АН Беларусі, ВА «Гомсельмаш» (Л.​А.​Сасноўскі, М.​С.​Высоцкі, А.​У.​Багдановіч, У.​А.​Шурынаў, Г.​П.​Ажыгар, В.​А.​Жмайлік, А.​М.​Елавой і інш.). Значны ўклад у станаўленне і развіццё Т. зрабілі таксама расійскія (К.​В.​Фралоў, М.​А.​Махутаў), украінскія (В.​Т.​Трошчанка) і інш. вучоныя.

Літ.:

Сосновский Л.А., Махутов Н.А. Трибофатика: износоусталостные повреждения в проблемах ресурса и безопасности машин. М.;

Гомель, 2000;

Слово о трибофатике. Мн., 1996;

Износоусталостные повреждения и их прогнозирование (трибофатика). Гомель, 2001.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 15, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ЦЦАЦЬ ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 28.11—1.12.1990 у Мінску. Прысутнічала 717 дэлегатаў ад 717 тыс. чл. і канд. у чл. партыі (разам з вайсковымі арг-цыямі; 678 тыс. чл. і канд. у чл. КПБ). Парадак дня: справаздача ЦК КПБ і задачы парт. арг-цый рэспублікі ў новых умовах (Я.​Я.​Сакалоў); справаздача Рэвіз. камісіі КПБ (І.​Ф.​Якушаў); аб бюджэце і маёмасці КПБ (А.​У.​Навіцкі); канцэпцыя Праграмы КПБ; пазіцыя і праграма дзеянняў КПБ у сувязі з пераходам рэспублікі на рыначныя адносіны; Статут КПБ; Палажэнне аб Кантрольнай камісіі (КК) КПБ; выбары 1-га сакратара ЦК КПБ, старшыні КК КПБ, ЦК і КК КПБ; рэзалюцыі, заявы і звароты XXXI з’езда КПБ. Па рашэнні дэлегатаў у парадак дня дадаткова ўключаны пункт пра выбранне на з’ездзе прамым тайным галасаваннем усіх сакратароў ЦК КПБ.

З’езд працаваў ва ўмовах, калі сістэмны крызіс, што ахапіў краіну, пачаў пераходзіць у крытычную фазу, за якой насталі дэзарганізацыя эканомікі, страта кантролю над грашовым абарачэннем, напаўненнем рынку таварамі і паслугамі, паліт. хаос, распад дзярж. структур. У прынятых з’ездам пастановах і рэзалюцыях абагульнены прапановы дэлегатаў, сфармуляваны бачанне КПБ сітуацыі, што склалася ў краіне ў ходзе перабудовы, а таксама меры, што намячалася ажыццявіць для стабілізацыі эканам. і сац.-паліт. становішча. Усяго зацверджана 11 пастаноў і 11 рэзалюцый. Прыняты зварот да ўсіх камуністаў краіны мацаваць СССР. З’езд абраў 1-га і 2-га сакратароў, а таксама 4 сакратароў ЦК КПБ. На пленуме ЦК КПБ сфарміраваны Бюро ЦК КПБ з 24 чл. (уключала сакратароў абкомаў партыі), Сакратарыят ЦК КПБ з 6 чл., 7 пастаянных камісій ЦК, зацверджана структура апарату.

Літ.:

Матэрыялы XXXI з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1991.

Р.​П.​Платонаў.

т. 16, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРПЕ́НЫ (ад грэч. terebinthos тэрпенцінавае дрэва),

пашыраныя ў прыродзе ненасычаныя вуглевадароды агульнай ф-лы (C5H8)n, дзе n > 2; адносяцца да ізапрэноідаў.

Паводле колькасці ізапрэнавых звёнаў падзяляюць на монатэрпены (n = 2), ці ўласна Т. (найб. пашыраныя), сэсквітэрпены (n = 3), дытэрпены (n = 4), трытэрпены (n = 6) і політэрпены (напр., каўчук натуральны). У кожнай групе Т. адрозніваюць аліфатычныя, ці ацыклічныя (з адкрытым ланцугом вугляродных атамаў), і карбацыклічныя злучэнні, якія падзяляюць на мона-, бі- і трыцыклічныя (адпаведна з 1, 2 і 3 карбацыкламі ў малекуле); ды-, тры- і політэрпены могуць мець больш за 3 цыклы. Т. выяўлены амаль ва ўсіх тканках раслін; звычайна ў эфірных алеях, шкіпінарах, бальзамах, смолах разам з Т. ёсць іх кіслародзамяшчальныя вытворныя — тэрпеноіды. Паводле характару функц. груп тэрпеноіды падзяляюць на спірты, альдэгіды, кетоны, эфіры, к-ты і інш. (напр., камфора, ментол, смаляныя кіслоты, тэрпінеол). Монатэрпены — бясколерныя вадкасці (tкіп 150—190 °C), сэсквітэрпены — бясколерныя вязкія вадкасці або легкаплаўкія крышт. рэчывы (tкіп 230—300 °C), для дытэрпенаў tкіп> 300 °C. Большасць Т. маюць шчыльн. < 1000 кг/м³. Усе Т. добра раствараюцца ў непалярных арган. растваральніках і раствараюць алеі, тлушчы і смолы, не раствараюцца ў вадзе. Многія аптычна актыўныя. Т. лёгка акісляюцца на паветры (асабліва на святле), ізамерызуюцца і полімерызуюцца, далучаюць галагены і галагенавадароды. Т. вылучаюць з прыроднай сыравіны перагонкай з вадзяной парай, экстракцыяй арган. растваральнікамі; індывід. Т. атрымліваюць з іх сумесей фракцыйнай рэктыфікацыяй у вакууме, вымарожваннем і інш. метадамі, а таксама сінтэтычна. Выкарыстоўваюць Т. і тэрпеноіды (індывідуальна ці ў выглядзе шкіпінару, эфірных алеяў, смол) як кампаненты парфумных кампазіцый і харч. эсенцый, як лек. сродкі, растваральнікі, інсектыцыды, флатарэагенты і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРО́ЕНЫЯ СІ́ЛЫ,

частка ваен. арганізацыі дзяржавы або групы дзяржаў, прызначаная для забеспячэння бяспекі, узбр. абароны краіны або дзяржаў, што ўваходзяць у адпаведныя міжнар. суполкі. Прызначэнне У.с. вызначаецца статутам міжнар. арганізацыі (гл. Статут ААН, Узброеныя сілы ААН), канстытуцыяй і ваеннай дактрынай дзяржавы, а таксама асаблівасцямі яе ваен.-паліт. і геагр. становішча. Дзейнасць ваеннаслужачых У.с. рэгламентуюць статуты воінскія.

Да канца 19 ст. У.с. шэрагу дзяржаў складаліся з сухап. армій і ВМФ (ВМС). З 20 ст. падзяляюцца на віды У.с., роды войск, спец. войскі і інш., якія аснашчаюцца сучасным узбраеннем, у т. л. ракетна-ядзернай зброяй. Камплектаванне У.с. ажыццяўлялася з ліку наёмнікаў (гл. Наёмніцтва) добраахвотнікаў, паводле рэкруцкай павіннасці і інш., потым на аснове ўсеагульнага воінскага абавязку (паводле прызыву), паводле найму (кантракта), або змешаным спосабам. У склад У.с. некат. дзяржаў уваходзяць войскі нац. гвардыі (ЗША), ваен. жандармерыі (Францыя), нац. бяспекі (Кітай) і інш.

У.с. Рэспублікі Беларусь складаюцца з відаў У.с., родаў войск, спец. войск, ваен. навуч. устаноў і арганізацый мін-ва абароны. Выкарыстанне У.с., інш. войск (гл. Пагранічныя войскі, Унутраныя войскі) і воінскіх фарміраванняў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ваен. дактрынай і заканадаўствам дзяржавы. Гл. таксама раздз. Узброеныя сілы ў арт. пра дзяржавы Еўропы, у т. л. Беларусь, і інш.

Літ.:

Энгельс Ф. Избр. военные произведения. М., 1958;

Вооруженные силы капиталистических государств. 2 изд М., 1979;

Советские Вооруженные Силы: История строительства. М., 1978;

Вооруженные силы зарубежных стран // Зарубеж. воен. обозрение. 2002. №1;

Гуменецкий В.В. Вооруженные силы Республики Беларусь // Служим Республике Беларусь. Мн., 1994. Вып. 2;

Белорусские Вооруженные Силы в цифрах и фактах // Армия. 1996. № 1;

85 лет Вооруженным Силам Республики Беларусь // Там жа. 2003. Спец. вып.

С.​М.​Абрамаў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)