О́СІПАВА (Марыя Барысаўна) (9.1.1909, в. Серкавіца Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1999),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыла Вышэйшую камуніст.с.-г. школу Беларусі (1935), Мінскі юрыд.ін-т (1940). З 1926 на сав. і парт. рабоце. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 арганізавала ў Мінску падп. групу, удзельніца Мінскага патрыятычнага падполля, была сувязной партыз. атрадаў М.Нікіціна, «Дзіма», «Мясцовыя», брыгады «Дзядзькі Колі». Арганізоўвала ратаванне, забеспячэнне дакументамі і адпраўку ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, вязняў гета, дастаўку партызанам зброі і боепрыпасаў. Адна з арганізатараў знішчэння ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Пасля вайны на сав. рабоце. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—63. Ганаровая грамадзянка Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІПАЎ (Кірыла Нічыпаравіч) (15.2.1907, в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.8.1975),
Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў артыл. вучылішча (1935), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1947). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941: сакратар партбюро артыл. палка, ст. палітрук. У ліп. 1941 у складзе «лясной дывізіі» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным прабіваўся з Навагрудскага«катла» на У. У 1942—43 у штабе партыз. руху пры Ваен. савеце Зах. фронту. Ўдзельнік вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі, вайны з Японіяй. Да 1965 у Сав. Арміі, да 1974 на грамадскай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРО́Ў (Мікалай Афанасьевіч) (17.2.1918, г. Шахты Растоўскай вобл., Расія — 1997),
расійскі графік. Нар.маст. Расіі (1968). Нар.маст.СССР (1977). Правадз.чл.АМСССР (1973). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1940—50), з 1949 выкладаў у ім. У 1973—88 старшыня праўлення Саюза мастакоў СССР. У 1991—92 прэзідэнт АМСССР. Творам уласцівы тонкасць каларыту, выразная рытміка буйных каляровых плоскасцей, архітэктанічная яснасць кампазіцыі: серыі «Шахцёры Данбаса» (1949—50), «Паўночны В’етнам» (1957, 1958), «Па Індыі» (1961), «Дарогі да Асуана» (1966—67), «Ветразі Падмаскоўя» (1969), «На Доне» (1980—81). Дзярж. прэмія СССР 1951.
М.Панамароў Шахцёры Хан-гая. З серыі «Паўночны В’етнам». 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́ВІЧ (Павел Раманавіч) (н. 5.10.1930, г. Узін Кіеўскай вобл., Украіна),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1974), лётчык-касманаўт СССР (1962). Ген.-маёр авіяцыі (1976, у адстаўцы). Канд.тэхн.н. (1977). Скончыў Качынскае ваен.авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інжынерную акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). З 1954 ваен. лётчык. У 1960—89 у атрадзе касманаўтаў. 12—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касмічным караблі (КК) «Усход-4»; 3—19.7.1974 з Ю.П.Арцюхіным — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-14» і арбітальнай станцыі «Салют-3». У космасе правёў 18,7 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Іван Фаміч) (25.6.1922, с. Барыс-Раманаўка Бараўскога р-на Кустанайскай вобл., Казахстан — 12.10.1950),
лётчык-штурмавік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1940. З 1942 у дзеючай арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 камандзір звяна штурмавога авіяпалка П. рабіў па 4—5 баявых вылетаў за дзень на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка. За час вайны зрабіў больш за 200 баявых вылетаў, асабіста збіў 3 варожыя самалёты. Пасля вайны камандаваў авіяпалком. Загінуў пры выкананні службовага задання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТЭРС (Георгій Барысавіч) (27.7.1897, г. Масква — 18.5.1978),
удзельнік баёў у Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую ваенна-інж. школу (1924), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1929). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік вызвалення Беларусі ад герм. і польскіх інтэрвентаў у 1918—20. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам П. вызначылася ў чэрв.—ліп. ў час Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пры вызваленні г. Орша і фарсіраванні Нёмана, у крас. 1945 у час штурму крэпасці Пілаў (цяпер г. Балтыйск, Расія). Да 1959 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЮ́ТАЎ (Пётр Андрэевіч) (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧУ́К (Мікалай Рыгоравіч) (4.2.1921, в. Ізюмава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.1.1978),
Герой Сав. Саюза (1945), Засл. лётчык-выпрабавальнік (1969). Скончыў Бабруйскі аэраклуб (1940), Армавірскую ваен. авіяшколу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1954). Ў Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Смаленшчыны, Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Камандзір знішчальнай эскадрыллі маёр П. за час вайны зрабіў 307 баявых вылетаў, збіў 22 самалёты ворага, адзін з іх тараніў у 1943 у раёне г. Ельня (Расія), 2 — у групавых баях. Да 1975 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «У паветры — Які» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУТКО́Ў (Сцяпан Дзмітрыевіч) (1.1.1911, г. Апочна Лодзінскага ваяв., Польшча — 10.4.1978),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. авіяцыі (1955). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну маёр П. да лютага 1943 зрабіў 43 баявыя вылеты. Знішчальная дывізія на чале з П. у чэрв.—ліп. 1944 наносіла ўдары па ворагу ў раёнах Оршы, Барысава, Мінска, Гродна; на чыг. участку Орша—Барысаў лётчыкі дывізіі паралізавалі рух у тыле праціўніка, нанеслі значныя страты ворагу ў мінскім «катле». Да 1971 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Ліда Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСТЫ́ГА (Іван Іванавіч) (н. 10.4.1918, в. Сухаполь Архангельскага р-на, Башкортастан),
маршал авіяцыі (1975), Герой Сав. Саюза (1978). Засл.ваен. лётчык СССР (1967). Беларус. Скончыў Энгельскае ваен. авіявучылішча (1940), Ваен. акадэмію Генштаба (1957). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Бранскім, 1-м і 2-м Прыбалт., 2-м Бел. і 1-м Укр. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі, нач. паветрана-стралк. службы авіядывізіі, корпуса, камандзір штурмавога авіяпалка. Удзельнік Сталінградскай бітвы, Беларускай, Вільнюскай, Каўнаскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай аперацый. Пасля вайны на камандных пасадах у ВПС (у 1967—77 нам. галоўнакаманд.) і інш. пасадах ва Узбр. сілах СССР і Расіі.