ЛІЦЦЁ,

працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб. эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л. бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.

Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.

Д.​М.​Кукуй.

Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.
Да арт. Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,

навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.

Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.​Гегель, К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.

Літ.:

Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;

Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-СЦЭНІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

1) народны танец, апрацаваны для выканання на сцэне. Вядомы з пач. 20 ст. З выхадам на сцэну ў структуры нар. танца адбыліся змены, якія наблізілі яго да тэатр. мастацтва. Малюнак танца будуецца ў разліку на франтальнае ўспрыняцце яго гледачамі: зніклі паўторы, характэрныя для фалькл. узораў, у развіцці дзеяння ўлічваюцца законы драматургіі, узбагачаецца і ўскладняецца танц. лексіка, больш разнастайнымі сталі кампазіцыйныя малюнкі. На аснове творчага выкарыстання фалькл. спадчыны ствараюцца таксама новыя арыгінальныя пастаноўкі. Ад характарнага танца адрозніваецца большай блізкасцю да фалькл. першаасновы. Першы ў б. СССР прафес. калектыў, творчасць якога грунтавалася на аснове Н.-с.т., — Ансамбль народнага танца Расіі пад кіраўніцтвам І.​Майсеева.

На Беларусі ўзнікненне Н.-с.т. звязана з дзейнасцю трупы І.​Буйніцкага, які ўпершыню вывеў на сцэну «мужыцкі» танец, паказаў яго невычарпальныя магчымасці і прыгажосць. Развіццё бел. Н.-с.т. атрымаў у творчасці БДТ і Трупы Галубка. Станаўленне Н.-с.т. адбывалася ў шматлікіх прафес. і самадз. калектывах (Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ, Гомельскі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам А.​Рыбальчанкі і інш.). Вял. ўклад у развіццё бел. Н.-с.т. зрабілі К.Алексютовіч, І.Хвораст, А.Апанасенка, П.Акулёнак, В.Гаявая, В.Дудкевіч, М.​Дудчанка, Л.​Ляшэнка, І.​Серыкаў, Я.​Штоп і інш. Н.-с.т. — аснова творчасці Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», танц. групы Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, ансамбля «Белыя росы», самадз. калектываў.

2) Спец. навуч. дысцыпліна харэаграфічных і інш. навуч. устаноў, якія рыхтуюць танцоўшчыкаў і балетмайстраў.

Літ.:

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Народно-сценический танец. М., 1976;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность. Мн., 1999;

Гребенщиков С.М. Белорусская народно-сценическая хореография. Мн., 1976;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Народна-сцэнічны танец: 1 — «Бульба». Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь; 2 — «Путанка». Самадзейны харэаграфічны ансамбль «Белая Русь»; 3 — «Пава». Харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙОРК (New York),

штат на ПнУ ЗША. Пл. 127,2 тыс. км². Нас. 18137 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Олбані. Найб. гарады і прамысл. цэнтры — Нью-Йорк і Буфала. Большая ч. тэр. занята адгор’ямі Апалачаў. На в-ве Лонг-Айленд, каля воз. Антарыо і ўздоўж р. Св. Лаўрэнція — нізіны. Клімат умераны, марскі. Сярэднямесячныя т-ры паветра на нізінах ад 0 °C (студз.) да 23 °C (ліп.). Ападкаў 800—1000 мм за год. Гал. р. Гудзон, у ніжнім цячэнні даступная марскім суднам. Пад хваёвымі і мяшанымі лясамі каля 25% тэрыторыі. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па аб’ёмах прадукцыі апрацоўчай прам-сці, банкаўскіх укладаў, гандл. абаротаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., электронная, оптыка-механічная, інструментальная, выраб навук. апаратуры, авіяракетная, судна- і прыладабудаванне; швейная, паліграф., чорная і каляровая металургія, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, харч., гарбарна-абутковая, ювелірная. Выраб спарт. абсталявання і цацак. Здабыча цынкавай і жал. руды, буд. матэрыялаў. Лесанарыхтоўкі. Марское рыбалоўства. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. На в-ве Лонг-Айленд вырошчваюць бульбу і агародніну, на ўзбярэжжах азёр Эры і Антарыо — вінаград і фрукты (яблыкі, ігрушы, вішні). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

На тэр. Н.-Й., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны іракезаў, першыя еўрапейцы з’явіліся ў 1524. У 1614 галандцы засн. тут гандл. факторыю. У 1621 кіраванне гэтай тэр. атрымала галандская Зах.-інд. кампанія, якая заснавала калонію Новыя Нідэрланды са сталіцай Новы Амстэрдам. У 1664 калонію захапілі англічане і перайменавалі яе і сталіцу ў Н.-Й. У 17 і 18 ст. за валоданне гэтай тэр. ваявалі англічане і французы, паступова выцясняючы індзейцаў на 3. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 тэр. Н.-Й. была ахоплена ваен. дзеяннямі, у іх ліку бітва 1777 пад Саратогай, аблога г. Нью-Йорк. У 1788 Н.-Й. ратыфікаваў канстытуцыю ЗША і ўвайшоў у склад федэрацыі як штат-заснавальнік. З 1-й пал. 19 ст. пачалося інтэнсіўнае эканам. развіццё штата, значны наплыў імігрантаў з Еўропы.

т. 11, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́РНБЕРГ (Nürnberg),

горад на ПдУ Германіі, на р. Пегніц, зямля Баварыя. Каля 500 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Майн—Дунай. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-будаванне, у т. л. трансп., станка- і прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, дакладнае; каляровая металургія, паліграф., дрэваапр., гарбарная, харчовая; вытв-сць алоўкаў і цацак; рамёствы. Метрапалітэн. Акадэміі прыкладной тэхнікі, выяўл. мастацтва. Вышэйшая школа педагогікі. Ф-т эканам. і сац. навук ун-та Эрланген-Нюрнберг. Тэатры. Міжнар. муз. фестывалі (арганны, джазавы). Міжнар. кірмашы.

Упершыню згадваецца ў 1050. У 1200 атрымаў гар. права, з 1219 вольны імперскі горад (да 1806). Адзін з найб. багатых гандл. гарадоў сярэдневяковай Еўропы, месца першых пасяджэнняў герм. рэйхстага. У 1424—1796 і 1938—45 у Н. захоўваліся атрыбуты ўлады герм. імператараў. У 1524—25 у горадзе праводзілася Рэфармацыя. Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48 (у 1632 акупіраваны швед. войскамі). З 1806 у складзе Баварыі. У 19 ст. індустрыялізаваны, развіццё паскорана пабудовай першай у Германіі чыгункі Н. — Фюрт (1835). У 1933—38 у горадзе адбываліся агульнагерм. з’езды Нацыянал-сацыялісцкай партыі. У 2-ю сусв. вайну разбураны больш чым на 50%. Пасля вайны ў гар. Палацы юстыцыі адбыўся Нюрнбергскі працэс над гал. нацысцкімі ваен. злачынцамі.

Цэнтр Н. з вузкімі крывымі вуліцамі. Захаваліся помнікі стараж. дойлідства: замак (пачаты ў 11 ст.) з капліцай 13 ст., фрагменты гар. муроў 14—15 ст., познагатычныя касцёлы Зебальдускірхе (пасля 1240—73, зальны хор — 1361—72) з грабніцай св. Зебальда (1507—19, Фішэры) і скульптурай «Укрыжаванне» (1507—20, Ф.​Штос), Лорэнцкірхе (пасля 1350, хор — 1439—77; скульптура «Дабравешчанне», 1518, Штос), Фраўэнкірхе (1352—61), святых Марты (1360, 1578—1620), Яна (14 ст., на прылеглых могілках надмагіллі А.Дзюрэра і Штоса), Якава (14—16 ст.); жылыя дамы 15—17 ст., у т. л. «Дом Дзюрэра» (цяпер музей), гатычны фантан «Цудоўны калодзеж» (1385—96, скульпт. Г.​Б.​Парлер). Вакол цэнтра — новыя жылыя кварталы з рэгулярнай планіроўкай. У 1950—60-я г. пабудаваны горад-спадарожнік Н. — Лангвасер. Музеі: Германскі нац., рамёстваў, цацак, гар. маст. збораў; дом А.​Дзюрэра.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ВА, глазура,

шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкар. ўласцівасці, узбагачае колер. Для прыгатавання П. выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную к-ту, мел, гліну, аксіды свінцу, барыю, стронцыю і інш. Гатуецца 2 спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка П.), «карункі» (успучванне П.), П. аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле т-ры спякання П. падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую П. выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.

Вынайдзена ў Стараж. Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве стараж. Грэцыі, Рыма, Кітая, у 10—13 ст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная П. Белая матавая П. вынайдзена ў 1438 у Італіі. У Расіі рабілі зялёную П. («мурава»), шматколерная П. выкарыстоўвалася з 16—17 ст.

На Беларусі вядома з 12 ст. ў арх.-дэкар. і быт. кераміцы: каляровай глухой П. пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. З 15 ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжываліся легкаплаўкія свінцовыя П. (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. З 2-й пал. 16 ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пач. 18 ст. — размалёўка па эмалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. бел. ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя П. Вырабляюць на Мінскім фарфоравым з-дзе, прадпрыемствах буд. матэрыялаў.

Літ.:

Миклашевский А.И. Технология художественной керамики. Л., 1971.

М.​Р.​Казарог, У.​В.​Угрыновіч.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬКЕ ((Rilke) Райнер Марыя) (4.12.1875, Прага — 29.12.1926),

аўстрыйскі пісьменнік. У 1886—92 вучыўся ў ваен. школах, у Гандлёвай акадэміі ў Лінцы. У 1895—97 вывучаў л-ру, гісторыю, мастацтва, філасофію ў Пражскім, Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. Аўтар зб-каў вершаў «Жыццё і песні» (1894), «Ахвяры ларам» (1896), «Вянчаны снамі» (1897), «Перад калядамі» (1898), «Мне на свята» (1900), «Кніга вобразаў» (1902), «Часаслоў» (ч. 1—3, 1899—1903, поўнае выд. 1905), «Новыя вершы» (ч. 1—2, 1907—08), паэт. цыклаў «Дуінскія элегіі» і «Санеты Арфею» (абодва 1923), драм. і празаічных твораў, у т. л. рамана «Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге» (1910), мастацтвазнаўчых прац і інш. Пісаў таксама на франц. і рус. (захавалася 8 вершаў) мовах. У яго паэзіі рус., укр., італьян. і інш. матывы, яна адметная маст. універсалізмам, спалучэннем неарамант. і імпрэсіянісцкіх тэндэнцый з сімвалісцкімі і экспрэсіянісцкімі. У творах Р. праблемы чалавека і Бога, жыцця і смерці, мастака і мастацтва, вечнага і мінучага. Перакладаў з рус., франц., англ. моў. Яго канцэпцыя «новай рэчавасці» знайшла працяг у бел. паэзіі (А.​Разанаў). На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Зарыцкі, В.​Сёмуха, М.​Сяднёў.

Тв.:

Бел пер. — Санеты Арфею. Мн, 1982;

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1974;

Лирика. М., 1981;

Записки Мальте Лауридса Бригге: Роман. Новеллы. Стихотворения в прозе. Письма. М., 1988;

Ворпсведе. Огюст Роден. Письма. Стихи. М., 1994;

Часослов: Стихотворения. М., 2000.

Літ.:

Березина А.Г. Поэзия и проза молодого Рильке. Л., 1985;

Карельский А.В. Жалоба и хвала: (Лирика Р.​М.​Рильке) // Карельский А.В. От героя к человеку: Два века западно-европейской лит. М., 1990;

Хольтхузен Г.Э. Р.​М.​Рильке...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;

Лявонава Е.А. Паблізу воблакаў і ветру: Штрыхі да філас.эстэт. партрэта Р.​М.​Рыльке // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;

Яе ж. А.​Разанаў і еўрапейская філасофска-літаратурная традыцыя «рэчаўнасці» // Там жа;

Тычына М. З даверам да зямнога // Крыніца. 1997. № 12;

Кісліцына Г. Рыльке-орфік // Там жа;

Станкевіч Ю. Рускі Рыльке // Там жа.

Е.​А.​Лявонава.

Р.М.Рыльке.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,

помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.​Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.​Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.​Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр. ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.​Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.​Мадэрна). На фасадзе з вял. цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум. бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум. бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.​Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.​Манцу (манум. бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пал і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Рымскі сабор святога Пятра.
Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),

дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл. Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл. Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл. Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл. Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д. Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл. Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.

Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх. ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б. Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр. драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт. Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).

Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.​Брунелескі, Д.​Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.​Б.​Альберці, Віньёла, А.​Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.​Берніні, Ф.​Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац. маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.​Лево, Ж.​Ардуэн-Мансар, А.​Ленотр, К.​Перо, Ж.​А.​Габрыэль, К.​Н.​Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.​Бажэнаў, М.​Казакоў, І.​Староў, Дж.​Кварэнгі, А.​Захараў, А.​Вараніхін, Ж.​Тама дэ Тамон, К.​Росі, В.​Бавэ, Дж.​Жылярдзі, А.​Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл. Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-ва с.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.​Гаўдзі ў Іспаніі, У.​Макінтош у Вялікабрытаніі, В.​Арта ў Бельгіі, Й.​Ольбрых, Й.​Гофман у Аўстрыі, Ф.​Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.​Перэ ў Францыі, О.​Вагнер і А.​Лоз у Аўстрыі, П.​Берэнс у Германіі, Х.​П.​Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв. арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.​Л.​Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.​Аалта), Японія (К.​Танге), Бразілія (О.​Німеер). У ЗША арх. Л.​Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.​Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.​Л.​Нерві ў Італіі, Ф.​Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст. арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).

У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.​Гінзбург, І.​Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.​Мельнікаў, М.​Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.​Шчусеў, І.​Жалтоўскі, І.​Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л. Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;

Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат. М., 1936;

Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;

Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1937—38;

Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ. М., 1971;

Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;

Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ. М., 1980;

Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;

Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;

Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр. М., 1975;

Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ. М., 1960;

Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 1993;

Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;

History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;

Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;

Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;

Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;

Pevsner N., Fleming J., Honour H., Encyklopedia architektury. Warszawa, 1992.

А.​А.​Воінаў.

Да арт. Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.
Да арт. Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.
Да арт. Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.​Б.​Альберці і Б.​Раселіна). 1446—51.
Да арт. Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.
Да арт. Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.​Гільдэбрант. 1722.
Да арт. Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.
Да арт. Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.​Гаўдзі. 1884—1926.
Да арт. Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.​Тангэ. 1960—64.
Да арт. Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.
Да арт. Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.​Мур. 1976.
Да арт. Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.​Есьман, В.​Анікін. 1982.
Да арт. Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.​Маскалевіч і інш. 1989.

т. 1, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)