МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел.нар. назва Малы Воз),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл.Зорнае неба. Іл.гл. да арт.Вялікая Мядзведзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),
архіпелаг у цэнтр.ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс.чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЯНІ́СТАЯ ЛО́ШЫЦКАЯ,
асенні сорт грушы Беларускага НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення сорту Добрая Луіза свабоднага апылення. Пашыраны і перспектыўны для вырошчвання ва ўсіх абласцях рэспублікі акрамя Віцебскай.
Дрэва сярэднярослае. крона пірамідальная, даволі густая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Сорт дастаткова зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Плады (да 120 г) зеленавата-жоўтыя з ружова-чырв. румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, масляністая, сакавітая, салодкая з невял. кіслінкай. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛБА,
летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),
пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг.сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ,
зімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Раянаваны па рэспубліцы з 1967.
Дрэва сярэднярослае з разгалістай і рэдкай кронай. Пладаносіць пасля пасадкі на насенных прышчэпах на 4—6-ы, на клонавых — на 2—3-і год. Зімаўстойлівы, устойлівы да шкоднікаў і грыбных захворванняў. Плады буйныя (каля 200 г), правільнай круглавата-канічнай формы. Афарбоўка зеленавата-жоўтая з чырв. румянцам у выглядзе палос і штрыхоў. Мякаць светла-жоўтая, дробназярністая, сакаўная, кісла-салодкая. Захоўваюцца да 3 месяцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ БАСЕ́ЙН (Bassin de Paris),
Паўночна-французская нізіна, узгорыстая раўніна на Пн Францыі, на месцы тэктанічнага прагіну. Пераважаюць выш. 100—150 м, паступова павышаецца ад цэнтра (у раёне Парыжа) да Ардэн, Вагезаў, Цэнтральнага Французскага масіву і Армарыканскага ўзв. Па перыферыі — куэставыя грады (да 500 м). Густая сетка рэк (гал.ч.бас.р. Сена). Клімат умераны, марскі, ападкаў 500—700 мм за год. Гаі шыракалістых лясоў. Асн.індустр. і с.-г. раён Францыі. Нафтавыя і газавыя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́НСКАЯ ПАРО́ДАкачак.
Выведзена ў Кітаі ў 17 ст., у СССР завезена ў 1925. Парода мяснога кірунку.
Птушка буйная, тулава прыпаднятае, шырокае, галава вял., дзюба аранжава-жоўтая. Крылы невялікія, шчыльна прылягаюць да тулава. Хвост прыўзняты. Ногі невысокія, аранжава-чырвоныя. Апярэнне белае, з крэмавым адценнем. Маса качараў 3,6—4,2, качак 3,4—3,9 кг. Сярэдняя яйцаноскасць за год — 130—150 яец. Асн. парода для вытв-сці мясных качанят, якія ў 60-сутачным узросце важаць да 2,5 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКУБА́НСКАЯ НІЗІ́НА, Кубана-Прыазоўская нізіна,
раўніна ў Зах. Перадкаўказзі, у Расіі, на Пн ад ніжняга цячэння р. Кубань. Абмежавана на Пд падножжамі гор Вял. Каўказа, на У Стаўрапольскім узвышшам, на З Азоўскім м., на Пн нізоўямі рэк Дон і Маныч. Выш. да 150 м. Складзена з асадкавых парод мезакайназойскага ўзросту, укрытых лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. На ПнЗ — радовішчы газу. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 400—600 мм за год. Стэпы, б.ч. узараныя. П.н. — найважнейшы збожжавы раён Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́,
атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.—ліст.).