МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,

фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.

Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш. Гл. таксама Палавы цыкл.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНК ((Munch) Эдвард) (12.12.1863, Лётэн, Нарвегія — 23.1.1944),

нарвежскі мастак, адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Осла ў Каралеўскай школе малявання (1881—86) і ў майстэрні К.​Крога (1882—83). Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі, Германіі. У ранні перыяд зазнаў уплыў В. ван Гога і П.​Гагена. Светаўспрыманне М. сфарміравалася пад уплывам твораў пісьменнікаў-сімвалістаў Х.​Егера і А.​Стрындберга, што абумовіла ў яго карцінах матывы адзіноцтва, трывогі, смерці. Творам уласцівы эмацыянальная напружанасць і абвостраная выразнасць вобразаў, жорсткі, віхрападобны контурны малюнак, павышаная дынаміка кампазіцый, дысананс колераў: «Хворая дзяўчынка» (1885—86), «Сястра мастака» (1892), «Крык», «Пакой паміраючага» (1893), «Вампір» (каля 1893), «Самота» (1894), «Танец жыцця» (1899), «Танец на беразе» (1900—02), «Дзеці на вуліцы» (1910), «Начны вандроўнік» (1939) і інш. Большасць карцін 1890—1910-х г. уваходзяць у няскончаны цыкл «Фрыз жыцця». Графічныя творы вызначаюцца змрочным эратызмам, успрыняццем жанчыны як увасаблення негатыўнай, разбуральнай сілы: «Дзяўчына і смерць» (1894), «Мадонна» (1895—1902), серыя «Укус» (1913) і інш. Аўтар фрэсак для залаў ун-та ў Осла («Альма Матэр», «Гара людзей» і інш., 1909—15).

Э.Мунк. Мадонна. 1895—1902.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПСТВА,

рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц. г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл. Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.

т. 12, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),

Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦА II РУХ 1703—11, аўстра-венгерская вайна,

вызваленчая вайна ў Венг. каралеўстве пад кіраўніцтвам Ракацы Ферэнца II супраць панавання ў краіне аўстр. Габсбургаў. Пачаўся ў маі 1703 як працяг паўстання сялян на ПнУ Венгрыі (з 1697). Паўстанцы (куруцы; пераважна сяляне, збеглыя і дэмабілізаваныя салдаты, а таксама гараджане, дваране і асобныя прадстаўнікі родавай знаці; паводле нац. прыналежнасці — венгры, славакі, закарпацкія ўкраінцы, валахі) у пач. 1704 вызвалілі ад габсбургскіх войск амаль усе славацкія землі, у ліп. 1704 — Трансільванію, у снеж. 1705 — Задунайскі край. Ракацы выдаў дэкрэт аб вызваленні прыгонных сялян-паўстанцаў і членаў іх сем’яў ад феад. павіннасцей, стварыў структуры самаст. венг. дзяржавы (прыдворны савет, канцылярыя, рэгулярная армія і інш.), абапіраўся на фін., дыпламат. і ваен. дапамогу франц. караля Людовіка XIV. Пасля паражэнняў венг. войск у 1708 і 1710 у крас. 1711 у г. Сатмар (цяпер Сату-Марэ, Румынія) падпісаны мірны дагавор (куруцы канчаткова капітулявалі ў маі—чэрв. 1711), Венгрыя зноў страціла незалежнасць.

Літ.:

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991. С. 135—141.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ (Янка) (Іван Юльянавіч; 24.8.1928, Мінск —25.6.1974),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр-маст. ін-т (1959). Пляменнік Я.Купалы. У 1960—74 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Творы вызначаюцца яснасцю кампазіцыйнай пабудовы, выразнай перадачай унутр. свету персанажа. Стварыў іл. паводле паэм Я.​Купалы «Бандароўна» (1952, 1959), «Зімою» (1955), «Магіла льва» (1956, 1959), «Тарасова доля» (1958—59); партрэтныя серыі «Перадавыя людзі калгаса «Рассвет» (1961), «Галасы Палесся» (1967), «Палескія камунары» (1969); партрэты бел. пісьменнікаў В.​Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А.​Пашкевіч), К.​Крапівы, Я.​Коласа, М.​Лынькова, К.​Чорнага, П.​Броўкі (усе 1960—70-я г.) і інш. Асобнае месца ў яго творчасці займае вобраз Я.​Купалы: серыі лістоў «А хто там ідзе?», «Малады Янка Купала ў Пецярбургу», «Янка Купала на абарончых рубяжах пад Масквой. 1941 год» (усе 1959), серыі партрэтаў паэта (1961—71), карціны «Партрэт Янкі Купалы» (1958), «Янка Купала з моладдзю» (1962). Сярод работ у жывапісе партрэты А.​Міцкевіча (1954), бацькі Я.​Купалы — Д.​А.​Луцэвіча, Я.​Коласа (абодва 1960).

І.​М.​Шалянкова.

Я.Раманоўскі. Я.​Купала. 1961—71.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

са́мы, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для іх удакладнення ў значэнні: якраз, менавіта. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў.. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча. Колас. // Ужываецца пры асабовых займенніках, каб падкрэсліць, што гэта і ёсць тая асоба, пра якую ідзе гаворка. [Мужчына:] Гэта ж Гудовіч! [Жанчына:] Ён самы. Крапіва. [Маеўскі:] — Сяргей Фядотавіч?! [Прыборны:] — Ён самы. Шамякін.

2. Пры назоўніках са значэннем месца, прасторы або часу ўдакладняе прасторавую або часавую мяжу дзеяння. Па самыя гусеніцы зарыўся ў тваністы бераг перакулены танк. Лынькоў. У жнівеньскую поўнач, як і тады [даўно], гэтая зорка свеціць над самай тваёй галавой. Навуменка. Ужо на самым світанні прыляцелі падзяўбці насення шэрыя курапаткі. Ігнаценка. // У спалучэнні з назоўнікамі «рыба», «грыбы», «ягады» і пад. азначае: мноства. Цяпер самыя грыбы. □ — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед. Лынькоў. // Пры назоўніках «час», «мера», «раз» і пад. азначае: іменна такі, які патрэбен, падыходзіць. Самая пара была ісці дамоў. М. Стральцоў.

3. З назоўнікамі месца і часу выражае гранічна высокую ступень праяўлення ў іх якой‑н. уласцівасці. Жыта канчала налівацца, нават на ўзгорках, далей ад лесу, на самым санцапёку месцамі ледзь-ледзь яно запалавела. Чорны. [Міхась:] — Арол! Ведае, чым узяць народ. За такім камандзірам кожны ў самае пекла пойдзе. Машара. // Пры назоўніках колькасці і меры абазначае крайнюю ступень колькасці. Самы мінімум. □ [Турсевіч і Лабановіч] лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Колас. // Пры назоўніках, якія абазначаюць крайнія межы ў часе або прасторы. Самы пачатак. Да самага канца. На самым версе. У самым нізе. □ Ладымер і ўсе ў нас ведаюць Костуся з самых малых дзён яго. Чорны. А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба. Бядуля.

4. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені. Кузьма быў самы вясёлы на сяле чалавек і гарманіст адменны. Кавалёў. Самы большы той шчупак, што з кручка сарваўся. Прыказка. // У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі выражае значэнне: звычайны, натуральны. Міхась нагнуўся і ўбачыў у густой траве... аўтамат. Самы сапраўдны баявы аўтамат... Якімовіч. // Разам з адноснымі прыметнікамі часавага і прасторавага значэння ўказваюць на грапічную мяжу прыметы. У самую апошнюю хвіліну. Самая крайняя хата. □ Мікуцева поле самае бліжэйшае ад калгаснага. Чорны.

5. Тое, што і сам (у 1, 2 знач.). Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей. Маўр. Яна рванула канверт гэтак, што парвала самы ліст. Чорны.

•••

Над самым вухам гл. вуха.

На самай справе гл. справа.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Пад самым носам; перад самым носам гл. нос.

Папасці ў самую кропку гл. папасці.

Па самую завязку гл. завязка.

Самае малое гл. малы.

Самы раз; у самы раз гл. раз.

Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.

Самы час гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕНІ́Н (Bènin),

Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс. км². Нас. 4,9 млн. чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г. Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).

Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.

Прырода. Большую ч. тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.

На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля ​1/5 тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс. ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс. ж.).

Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культуры стараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2-й пал. 17 ст. цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц. Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.

1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.​Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.​Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.​Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.

Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр. краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн. га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс. га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн. культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс. т, копры каля 9 тыс. т), арахіс (82 тыс. т), бавоўна (68 тыс. т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс. т), сорга (124 тыс. т), ямс (1,2 млн. т), на Пд рыс (10 тыс. т), маніёк (каля 1 млн. т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс. т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн. галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з мінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс. т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з (200 тыс. т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс. кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс. км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс. км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн. т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.

З.​М.​Шуканава (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Беніна.
Да арт. Бенін. Вёска народа сомба.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кро́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Метка, след ад уколу ці дакранання чым‑н. вострым (кончыкам карандаша, іголкі, пяра і пад.); маленькая круглая плямка, крапінка. Вось тут танюткі ланцужок Лёг так прыгожа на сняжок — То пара кропак, то дзве рыскі. Колас. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары. Чорны. // перан. Пра што‑н. вельмі маленькае, ледзь прыметнае. З-за павароткі паказаліся дзве бледныя ў ранішнім змроку кропкі ліхтароў. Лынькоў. Яшчэ хвіліна, і шустаўцы ўбачылі, як над Сакалінай ад самалётаў аддзяліліся кропкі парашутыстаў і рынуліся ўніз. Шчарбатаў.

2. Знак прыпынку (.), які аддзяляе сказы, а таксама знак, які ўжываецца для абазначэння скарочанага напісання слова, напрыклад: г. зн., гл. і пад. Паставіць кропку ў канцы сказа.

3. Графічны значок (.) у тэлеграфным кодзе, на картах і планах, у матэматыцы, у нотным пісьме і пад. у якасці ўмоўнага абазначэння чаго‑н. Свішча рацыя таропка. На балонках рад у рад — І працяжнікі і кропкі: Баявы ідзе загад. Панчанка.

4. Месца, пункт у сістэме, сетцы якіх‑н. пунктаў, дзе размешчана што‑н. Гандлёвая кропка. Асвятляльная кропка. Кулямётная кропка.

5. у знач. вык. Разм. Усё, досыць, канец. — Калі вы яшчэ раз прывалачаце сюды кошыкі, я паклічу міліцыю. Так і ведайце. Досыць! Кропка! Корбан.

•••

Агнявая кропка — кулямёт, мінамёт, артылерыйская гармата, размешчаныя на агнявой пазіцыі.

Кропка з коскай — знак прыпынку (;), які ставіцца ў складаным або ў простым развітым сказе для раздзялення адносна самастойных яго частак.

Біць у (адну) кропку гл. біць.

Папасці ў (самую) кропку гл. папасці.

Ставіць (паставіць) кропку гл. ставіць.

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Распусціць, расслабіць канцы чаго‑н. звязанага. Развязаць хустку. □ [Стафанковіч] паклаў клунак на другі стол, які стаяў пасярод пакоя. Развязаў рагі прасцірадла, пачаў выцягваць з яго крысо сапраўды добрага футра. Чорны. // Вызваліць ад завязку ўпакоўкі што‑н. завязанае, звязанае. Развязаць мех з бульбай. □ [Яцук] развязаў свой рукзак, вывалак кілаграмовы кавалак сала. Лупсякоў. // Зняць тое, чым былі звязаны хто‑, што‑н., вызваліць ад вяровак і пад. — Мы развязалі арыштаваных, нам трэба было адразу ж рушыць адсюль. Чорны. [Тата] развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу. Брыль. Вартавы развязаў палоннаму вочы. Шамякін.

2. перан. Разм. Рашыць, вырашыць што‑н. заблытанае. — Зараз! — адмахнуўся Казік і зноў схіліўся над задачай, якую ніяк не мог развязаць да канца. Шыловіч. — О-о! — жартліва ўсклікнуў Яўген, Рыгоравіч. — Справа тут складаная, прычын сямейная, мне не пад сілу развязаць яе. Хадкевіч.

3. перан. Даць чаму‑н. развіцца, разгарнуцца, праявіцца ў поўнай меры. Развязаць ініцыятыву мас.

4. Разгрузіць ад скаплення транспарту (дарогу), збудаваўшы развязку (у 3 знач.).

•••

Развязаць вайну — пачаць вайну.

Развязаць вочы каму — прасвятліць каго‑н. палітычна, духоўна і пад.

Развязаць рукі каму — даць свабоду дзеянняў, вызваліць ад залежнасці, абмежавання ў чым‑н.

Развязаць язык каму — а) прымусіць разгаварыцца, расказаць сакрэт, тайну. — Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага, — сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шомпалы і, скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Галавач; б) разгаварыцца, пачаць шмат гаварыць (пасля маўчання). Віно развязала язык і Віктару. Асіпенка.

Хоць пуп развяжы — колькі хочаш, уволю (есці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)