РЭНТА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад ням. rentabel даходны, прыбытковы),

эканамічны паказчык, які характарызуе ўзровень эфектыўнасці затрат і выкарыстання рэсурсаў у выніку вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі. Вызначаецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і выяўляе суадносіны паміж прыбыткам (звычайна чыстым) і затрачанымі сродкамі, выручкай ад рэалізацыі ці актывамі прадпрыемства (фірмы, кампаніі). У залежнасці ад мэты разліку вылучаюць Р.: асобных відаў прадукцыі, рэалізацыі, актываў, уласнага капіталу, інвестыцый. Р. асобных відаў прадукцыі вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад адзінкі прадукцыі і яе сабекоштам; разлічваецца пры вызначэнні цаны і ў аналіт. мэтах. Р. рэалізацыі (абароту) вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі ад рэалізацыі; характарызуе ўзровень прыбытку прадпрыемства ад пэўнага аб’ёму абароту. Для вызначэння ступені эфектыўнасці выкарыстання капіталу разлічваюць Р. актываў — суадносіны паміж прыбыткам і сукупнымі актывамі; Р. чыстых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і чыстым актывам; Р. бягучых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і бягучымі актывамі. Гэтыя паказчыкі вызначаюць аддачу, якая прыпадае на рубель адпаведных актываў; характарызуюць узровень канкурэнтаздольнасці прадпрыемства ў параўнанні з сярэднегаліновымі паказчыкамі. Узровень прыбытковасці прадпрыемства для акцыянераў вызначаюць пры дапамозе Р. ўласнага капіталу — суадносіны паміж прыбыткам і ўласным капіталам; характарызуе прыбытак, які прыпадае на рубель уласнага капіталу пасля выплаты працэнтаў за крэдыт і падаткаў (прыбытак, які знаходзіцца ў распараджэнні акцыянераў). Пры аналізе інвестыцыйных праектаў выкарыстоўваюць Р. інвестыцый — суадносіны паміж даходамі і інвестыцыйнымі расходамі; характарызуе ўзровень прыбытку інвестара (фірмы), які прыпадае на рубель інвестыцый.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСО́НІЯ-А́НГАЛЬТ (Sachsen-Anhalt),

зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 20,4 тыс. км². Нас. каля 2,9 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Магдэбург, найб. гарады Гале, Дэсаў, Вітэнберг. Пераважае нізінны і раўнінны рэльеф Паўн.-Германскай нізіны. На ПдЗ горы Гарц (выш. да 1141 м). Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. Захаваліся ўчасткі лясоў (хвоя, бук, дуб). Здабыча бурага вугалю, калійных солей, меднай руды, прыроднага газу. Гал. галіны прам-сці: электраэнергетыка (буйныя ЦЭС), хім. (Лейна, Бітэрфельд, Вольфен), машынабудаванне (Магдэбург, Гале), чорная металургія (у гарах Гарц), электратэхніка (Гале) і інш. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжа, цукр. буракоў, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны, у т. л. Сярэднегерманскі канал. Турызм (асабліва ў гарах Гарц).

Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны занята амер. і брыт. (да 1.7.1945), потым сав. акупац. войскамі. У ліп. 1945 паводле рашэння Сав. ваен. адміністрацыі ў Германіі тут утворана прав. Саксонія (з 1946 наз. С.-А.). З кастр. 1949 зямля ў складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі (ГДР). У ліп. 1952 падзелена на акругі Магдэбург і Гале, частка тэр. далучана да акруг Лейпцыг і Котбус. З кастр. 1990 у складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), адна з яе новаўтвораных (усх.) зямель [увайшлі б. акругі ГДР Магдэбург, Гале (б.ч.), Котбус (частка)].

т. 14, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА Размешчана каля г. Салігорск Мінскай вобл. Створана ў 1967 плацінай у сярэднім цячэнні р. Случ. Пл. 23,1 км², даўж. 24 км. найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 55,9 млн. м³. Даўж. берагавой лініі 70 км. Катлавіна выцягнута з ПнУ на ПдЗ. 40% берагоў — штучныя. У верхняй і сярэдняй ч. берагі нізкія, забалочаныя або ўмацаваныя насыпамі; каля Салігорска выш. іх 1—3 м, у залівах нізкія, забалочаныя. Да затаплення на месцы вадасховішча быў забалочаны тарфяны масіў. Дно выслана торфам, ілам, пяском. Мелкаводдзі (глыб. да 2 м) займаюць каля 40% вадасховішча. Ёсць 4 буйныя залівы. Сярэдні шматгадовы сцёк 288 млн. м³. Рэгуляванне сцёку сезоннае, аб’ём вады аднаўляецца 4 разы за год. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня да 50 см) трымаецца да канца сакавіка. Моцна зарастае; расліннасць (чарот азёрны, маннік вадзяны, аер звычайны, эладэя канадская, рдзесты, раскі і інш.) найб. пашыраны ў верхняй і сярэдняй ч. вадасховішча. Водзяцца плотка, акунь, шчупак, карась залаты, джгір, лешч, язь і інш. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой прадпрыемстваў ВА «Беларуськалій», рэгулявання сцёку р. Случ, абваднення с.-г. угоддзяў. Вакол вадасховішча зона адпачынку. 2 санаторыі-прафілакторыі, лодачная станцыя. Вядзецца кантроль за хім. саставам вады ў сувязі з забруджваннем яе салявымі адваламі са Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей.

Салігорскае вадасховішча.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РА,

горад, цэнтр Самарскай вобл. Расіі. 1156 тыс. ж. (2000). Порт на р. Волга, пры ўпадзенні ў яе р. Самара. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (вытв-сць авіякасм. тэхнікі, самалётаў, нафтавага абсталявання, матора-, станка-, прыладабудавання, радыёэлектронікі, тэлевізараў; з-ды падшыпнікавы, аўтатрактарнага электраабсталявання, аэрадромнага абсталявання, эл.-тэхн. і інш., нафтаперапр. і нафтахім., хім., металургічная, харчасмакавая (мяса- і тлушчакамбінаты, шакаладная ф-ка), лёгкая. Метрапалітэн (з 1987). ГРЭС. 10 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 тэатры, у т. л. оперы і балета.

Цырк. Філармонія. 5 музеяў, у т. л. краязн. і мастацкі.

Засн. ў 1586 як драўляная вартавая крэпасць Рас. дзяржавы ў новадалучаных землях Паволжа. С. — адзін з цэнтраў нар. рухаў пад кіраўніцтвам С.​Ц.​Разіна (1670—71) і Е.​І.​Пугачова (1773—75). З 1708 у складзе Казанскай, з 1718 — Астраханскай губ. З 1780 павятовы горад Сімбірскага намесніцтва, з 1796 — Сімбірскай губ., з 1851 губернскі горад. У 1877 праз С. прайшла Арэнбургская чыгунка. У пач. 20 ст. (разам з Ніжнім Ноўгарадам і Саратавам) буйнейшы цэнтр па перапрацоўцы збожжа ў Расіі. З 1928 — цэнтр Сярэдняволжскай вобл., перайменаванай у Сярэдняволжскі край (1929), Куйбышаўскі край (1935). У 1935—91 наз. Куйбышаў. У Вял. Айч. вайну сюды былі эвакуіраваны ўрадавыя ўстановы з Масквы, пасольствы і прадстаўніцтвы замежных дзяржаў, прамысл. прадпрыемствы, у т. л. з Беларусі.

У цэнтры Самары.
Самара. Рачны вакзал.

т. 14, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч. Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.

У флоры яе зах. ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх. ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш. Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Санорская біягеаграфічная вобласць: 1 — цецярук лугавы; 2 — суслік калумбійскі; 3 — бізон; 4 — насуха; 5 — кондар каліфарнійскі; 6 — трус амерыканскі заходні; 7 — зязюля бегаючая; 8 — каршун слізняед; 9 — саракапут амерыканскі; 10 — рысь чырвоная.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ АДЗІ́НАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (САПГ; Sozialistische Einheitspartei Deutschlands),

палітычная партыя левага кірунку, якая ў 1949—89 была кіруючай у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР). Засн. 21—22.4.1946 у Берліне (Усх.) на аб’яднаўчым з’ездзе Камуністычнай і С.-д. партый Германіі, якія дзейнічалі ў сав. акупац. зоне краіны, пад старшынствам В.​Піка і О.​Гротэваля. У 1948—50 пераўтворана ў кадравую партыю на ўзор КПСС. Яе праграма (мянялася некалькі разоў) прадугледжвала «пабудову антыфаш.-дэмакр. ладу ва ўсёй Германіі», асобы ням. шлях да сацыялізму, у т. л. праз прымусовую поўную калектывізацыю сельскай гаспадаркі (1960), утварэнне ў ГДР «сацыяліст. нацыі» (з 1963) і інш. Вышэйшы парт. орган — з’езд (з 1971 склікаўся раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі — ЦК партыі (меў і права склікаць парт. канферэнцыі), які выбіраў Палітбюро і Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (у 1953—76 наз. 1-ы сакратар; у 1950—71 В.​Ульбрыхт, у 1971—89 Э.​Хонекер, у кастр.—снеж. 1989 Э.​Крэнц). Цэнтр. друкаваны орган — штодзённая газ. «Neues Deutschland» («Новая Германія»). У ходзе масавага руху за рэформы ў ГДР (восень 1989) перастала быць кіруючай (заканадаўча з 1.12.1989), страціла каля 95% сваіх членаў, пераўтворана ў САПГ — Партыю дэмакр. сацыялізму (паміж 8 і 17.12.1989), потым у Партыю дэмакр. сацыялізму (люты 1990), якая захавалася ў аб’яднанай Германіі (ФРГ).

Літ.:

История Социалистической единой партии Германии: Очерк: Пер. с нем. М., 1980;

Последний год ГДР. М., 1993.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),

дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:

Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.​Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)

С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.​Уітмен, У.​Блейк, Г.​Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.​Фет, Я.​Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.​Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.​Блок, В.​Брусаў, У.​Маякоўскі, у замежнай л-ры П.​Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).

У бел. паэзію С.в. увёў М.​Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.​Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, А.​Грачанікаў, С.​Дзяргай, В.​Зуёнак, А.​Лойка, П.​Макаль, Н.​Мацяш, А.​Наўроцкі, П.​Панчанка, А.​Разанаў, Я.​Сіпакоў, М.​Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦІ́ЦКІ Іларыён Сямёнавіч (7.4.1876, г. Буск Львоўскай вобл., Украіна — 18.9.1956),

украінскі філолаг-славіст, мовазнавец. Д-р слав. філалогіі (1902). Д-р філал. н. (1941), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1899), Пецярб. археал. ін-т (1900). Арганізатар і дырэктар (1905—52) Львоўскага Нац. музея (Музей укр. мастацтва). Для бел. аддзела сабраў 23 слуцкія паясы, 12 кніг «Бібліі» Ф.​Скарыны, бел. старадрукі, рукапісныя кнігі, граматы, акты, абразы і інш. У кн. «Адраджэнне беларускага пісьменства» (1908) даў высокую ацэнку развіццю новай бел. л-ры, у дадатку да яе змясціў забароненыя ў Расіі вершы Я.​Купалы «Там» і «Што ты спіш?». Гісторыі бел. культуры і л-ры прысвяціў працу «Асновы адраджэння беларускага пісьменства» (1914), адлюстраваў гэтыя праблемы і ў кн. «Пачатак кнігадрукавання на землях Украіны 1573—1791» (1924) і інш. Кн. «Росквіт культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі» (1928) — першае ў Зах. Украіне даследаванне бел. л-ры.

Тв.:

Опись музея Ставропигийского института во Львове. Львов, 1908;

Лавришевское Евангелие начала XIV в. // Изв Отд. рус. яз. и словесности имп. Акад. наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1;

Нариси про мову пам’яток староруського письменства XI в. // Питання слов’янського мовознавства. Львів, 1948.

Літ.:

Панізнік С. Іларыён Свянціцкі // Полымя. 1968. № 3;

Яго ж. Чатыры сцяжыны паэта // Дзень паэзіі-72. Мн., 1972;

Кабржыцкая Т., Рагойша В. Карані дружбы. Мн., 1976;

Рагойша В. «Шчырапаважаны прафесар...» // Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981.

С.​С.​Панізнік.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,

старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасля Вялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.

А.​В.​Цітавец.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр. Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],

кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац. герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.​Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур. лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст. — «Аповесць пра Скандэрбега».

Скандэрбег.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)