слоўнік, у якім даецца апісанне значэння, ужывання, паходжання, марфемнай будовы, вымаўлення, напісання слоў. Бываюць адна-, двух- і шматмоўныя (гл.Двухмоўны слоўнік). У аднамоўных тлумачэнне значэння слоў даецца сродкамі той самай мовы. Л.с. ўключаюць і тлумачаць усю агульнаўжывальную лексіку мовы (нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі сучаснай літ. мовы; гл.Тлумачальны слоўнік), лексіку твораў таго ціінш. пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка), лексіку, абмежаваную ў выкарыстанні носьбітамі пэўнай тэрыторыі, гаворкі (гл.Дыялектны слоўнік), лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гіст. перыяду (гл.Гістарычны слоўнік) або словы, запазычаныя з інш. моў (гл.Іншамоўных слоў слоўнік). Л.с. могуць быць прысвечаны высвятленню паходжання слоў той ціінш. мовы або некалькіх роднасных моў адначасова (гл.Этымалагічны слоўнік), правапісу (гл.Арфаграфічны слоўнік), сінанімічным адносінам слоў у лексічнай сістэме мовы (гл.Сінонімаў слоўнік), сістэматызацыі і апісанню ўстойлівых зваротаў мовы (гл.Фразеалагічны слоўнік), марфемнай будове слоў (гл.Марфемны слоўнік). У сукупнасці ўсе Л.с. служаць мэтам апісання і нармалізацыі слоўнікавага складу мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНІК (Lactarius),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,
паліграфічная машына для вырабу тэкставых друкарскіх форм. Дазваляе механізаваць і аўтаматызаваць асн. аперацыі наборных працэсаў.
Падзяляюцца на машыны метал. набору (радковаадліўныя лінатыпы і літараадліўныя манатыпы, якія даюць набор у выглядзе гранак ці звярстаных палос — старонак выдання), наборна-друкавальныя машыны (падобныя на пішучыя машынкі, але са шрыфтамі рознай шырыні), фотанаборныя машыны (з іх дапамогай атрымліваюць фатаграфічны відарыс тэксту н. плёнцы ў выглядзе гранак ці звярстаных палос) і машыны электроннага набору (настольныя выдавецкія сістэмы з персанальнымі ЭВМ, адпаведнымі праграмамі да іх і перыферыйнымі прыладамі — прынтэрамі, сканерамі і інш.). Падрыхтоўка праграм кіравання наборнымі апаратамі ажыццяўляецца на наборна-праграмавальных апаратах. Гл. таксама Камп’ютэрныя сістэмы выдавецкія.
Наборныя машыны: а — наборны літараадліўны аўтамат (манатып); б — схема фотасекцыі наборна-фатаграфавальнай сістэмы з шрыфтаносьбітам (аўтамат тыпу «Лінатрон»): А — сканіруючая частка (1 — сканіруючая электронна-прамянёвая трубка-ЭПТ; 2 — аптычная сістэма; 3 — шрыфтаносьбіт з фоталітарамі, 4 — кандэнсарная сістэма, 5 — фотапамнажальнікі); Б — фатаграфавальная частка (6 — узнаўляльная ЭПТ, 7 — аптычная сістэма, 8 — люстэрка, 9 — аб’ектыў, 10 — фотаматэрыял, 11 — растравая лінейка, 12 — фотадатчык).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні азоту з больш электрададатнымі элементамі, пераважна з металамі; адносяцца да металідаў.
Большасць Н. цвёрдыя крышт. рэчывы. Паводле тыпу хім. сувязі Н. падзяляюць на іонныя, кавалентныя і металападобныя (з пераважна метал. сувяззю). Іонныя (Н. шчолачных і шчолачназямельных металаў) маюць саставы. што адпавядаюць звычайным валентным суадносінам (напр.. Н. літыю Li3N, магнію Mg2N3), раскладаюцца вадой з вылучэннем аміяку. Да кавалентных адносяцца Н. бору (гл.Бору злучэнні), крэмнію Si3N4, а таксама алюмінію (гл.Алюмінію злучэнні), індыю і галію; хімічна вельмі ўстойлівыя, дыэлектрыкі ці паўправаднікі з шырокай забароненай зонай. Металападобныя — Н. пераходных металаў (тытану TiN, цырконію ZrN, малібдэну Mo2N і інш.), маюць высокія т-ры плаўлення (каля 3000 °C) і цвёрдасць, хімічна вельмі ўстойлівыя, добрыя праваднікі. Утвараюцца пры азатаванні. Атрымліваюць Н. з элементаў пры высокіх т-рах у атмасферы азоту ці аміяку, а таксама аднаўленнем аксідаў або галагенідаў металаў у прысутнасці азоту. Выкарыстоўваюць як вогнетрывалыя і абразіўныя матэрыялы, кампаненты гарачатрывалых і гарачаўстойлівых кампазіцыйных матэрыялаў (у т. л.керметаў), металападобныя — як кампаненты цвёрдых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.
Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-рціінш. характарыстык.
Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл.Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз.лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.
Літ.:
Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЙКА, паянне,
тэхналагічны працэс атрымання нераздымнага злучэння цвёрдых матэрыялаў расплаўленым прыпоем. Пры П. адбываецца ўзаемнае растварэнне і пранікненне асн. матэрыялу і вадкага прыпою, які запаўняе прамежак паміж злучанымі часткамі вырабу і пасля ахаладжэння цвярдзее з утварэннем суцэльнага паянага шва. П. злучаюць вырабы з металаў і іх сплаваў, радзей шкла, керамікі, графіту і інш. матэрыялаў у аўтамабіле- і прыладабудаванні, электроніцы, радыётэхніцы і інш.
Адрозніваюць П. цвёрдымі прыпоямі на аснове серабра, медзі і інш. (т-ра плаўлення 550—1100 °C) і мяккімі прыпоямі на аснове волава, свінцу і інш. (да 400 °C). У адрозненне ад зваркі канцы вырабаў, злучаных П., не аплаўляюцца. Для ачысткі паверхні металаў ад аксідных ціінш. плёнак выкарыстоўваюць флюсы. Для аблягчэння працэсу П. паверхні вырабаў часам папярэдне лудзяць (гл.Луджэнне). Неметалічныя матэрыялы злучаюць прыпоямі з актыўнымі металамі (напр., тытан, цырконій, хром) ці звычайнымі прыпоямі пасля металізацыі. Пры П. вырабы разам з прыпоем награюць у эл.печах, паяльнікамі, паяльнымі лямпамі, газавымі гарэлкамі, інфрачырвонымі і лазернымі прамянямі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е (Pomorze),
гістарычная назва паўн. прыбалтыйскай ч. Польшчы. Складаецца з Зах. П. і Усх. (ці Гданьскага) П. У канцы 10 ст. П. насялялі памаране, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы. Зах. П. ў 1181 трапіла ў васальную залежнасць ад «Свяшчэннай Рым. імперыі», германізавана (ням. Pommern Памеранія). Да 1637 тут захоўвалася мясц. (слав.) княжацкая дынастыя. Паводле Вестфальскага міру 1648 Зах. і ч.Усх. Памераніі атрымала Швецыя, астатнюю ч.Усх. — Брандэнбургска-пруская дзяржава. Усх., ці Гданьская Памеранія (ням. Pommerellen Малая Памеранія), якую ў 1308—09 захапіў Тэўтонскі ордэн, адваявана Польшчай у выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66. У канцы 18 ст. далучана да Прусіі. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Польшчы была вернута б.ч.Усх. П. (без Гданьска з акругай). Патсдамскай канферэнцыяй 1945 зах. мяжа Польшчы ўсталявана па Одры і Нысе-Лужыцкай.
Літ.:
Historia Pomorza. T. 1—2. Poznań, 1969—84;
Dzieje Pomorza Nadwiślańskiego od VII wieku do 1945 roku. Gdańsk, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́КІ СЭ́РЦА,
паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.
Літ.:
Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;
Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.