працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл.Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл.Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл.Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл.Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),
клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.
У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛІЁВІЧ (Леў Майсеевіч) (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст.Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.
Тв.:
4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф.арк.;
канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.Шастаковіча (1976) з сімф.арк.;
арыя для скрыпкі і камернага арк.;
санаты;
фп. цыкл «Фрэскі»;
паэма для голасу з фп.;
зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Я.Коласа, Ф.Цютчава, Р.Бёрнса, А.Пушкіна;
«Партызанскія балады» на вершы А.Астрэйкі, М.Танка, У.Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;
хары, песні, музыка да радыёспектакляў.
Літ.:
Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,
першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-таЗах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ТАК АРТАПЕДЫ́ЧНЫ,
спецыяльны абутак для людзей з дэфармаванымі ступнямі і ступнямі з функцыянальным дэфектам. Дапамагае выправіць пач. няўстойлівую дэфармацыю ступні, кампенсаваць пакарачэнне канечнасці, павялічыць плошчу апоры, падтрымаць звод ступні, вызваліць балючыя месцы ад нагрузкі, зрабіць канечнасць апорнай, калі дэфармацыю нельга ліквідаваць хірург. метадамі. Паказанні для нашэння: плоскаступнёвасць, пакарачэнне ступні і канечнасці; касалапасць, паралітычныя дэфармацыі ступняў, аплікозы галёнкаступнёвага сустава; хранічныя ацёкі і інш. Артапедычны абутак носяць таксама на артапедычных апаратах, гіпсавых павязках і пратэзах. Вырабляецца ён індывідуальна пад кантролем урача.
Просты артапедычны абутак мала адрозніваецца ад звычайнага; складаны мае спец. канструкцыю верху і нізу. Адной з гал. частак артапедычнага абутку з’яўляецца пластычная вусцілка (супінатар), якую вырабляюць па злепку са ступні. Верх. Артапедычнага абутку ўмацоўваюць «падтрымкамі» або цвёрдымі паўгарсэтамі. Вышыню верху пры паралічы мышцаў галёнкі павялічваюць да палавіны лыткі. На Беларусі вырабляюць і рамантуюць артапедычны абутак на Мінскім пратэзным з-дзе і ў пратэзных майстэрнях абл. цэнтраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЁС (Avena),
род аднагадовых травяністых раслін сям. злакаў. Каля 30 відаў, пашыраных у Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсць пустазельныя віды. На Беларусі культывуецца авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харч. і кармавая культура; вядомы з 7 ст.н.э.), 2 віды — авёс шчаціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазелле ў пасевах яравых культур).
Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расліна. Вегетац. перыяд 85—115 сут. Самаапыляльнік. Лепшыя глебы — дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і лёгкасугліністыя з добрай аэрацыяй. Пасяўная пл. ў рэспубліцы 309 тыс.га (1993); сярэдняя ўраджайнасць 2,3—2,5, макс. — 7 т/га. Высяваецца на корм у сумесі з лубінам, вікай, гарохам і інш. культурамі. Асн. зернефуражная культура. Пажыўнасць 1 кг зерня аўса прынята за кармавую адзінку. Раянаваныя сарты: Эрбграф, Буг, Асілак. Асн. шкоднікі аўса пасяўнога: шведская муха, збожжавыя блохі, тля, злакавыя трыпсы; хваробы: іржа, галаўня, бактэрыёз, мучністая раса.
Літ.:
Митрофанов А.С., Митрофанова К.С. Овёс. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навуковая ўстанова, створаная ў 1834 у Пецярбургу пры Мін-ве нар. асветы для выдання матэрыялаў археаграфічных экспедыцый. Створана як часовая, з 1837 пастаянная ўстанова для збору, апісання і выдання гіст. дакументаў. Выдавала зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі, Беларусі, Літвы, Украіны, Каўказа 14—18 ст., у т. л. Поўны збор рускіх летапісаў, Акты гістарычныя, Акты Заходняй Расіі, Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі. З 1872 выходзіла «Руская гістарычная бібліятэка», у 1862—1929 — «Летапіс заняткаў Археаграфічнай камісіі». У рабоце археаграфічнай камісіі ўдзельнічалі І.С.Анацэвіч, І.І.Грыгаровіч, М.І.Кастамараў, П.М.Строеў, М.І.Сямеўскі, А.А.Шахматаў і інш. З 1922 археаграфічная камісія ў складзе Акадэміі навук, у 1926 аб’яднана з Пастаяннай гіст. камісіяй АНСССР у Пастаянную гіст.-археаграфічную камісію, якая ў 1931 рэарганізавана ў Гіст.-археаграфічны ін-т. У 1956 пры аддзяленні гіст. навук АНСССР створана археаграфічная камісія, якая каардынавала археаграфічную дзейнасць ва ўстановах АН, выдавала «Археографический ежегодник». У 1864—1915 існавала Віленская археаграфічная камісія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
адмоўная геаструктура Усх.-Еўрапейскай платформы на ПнУБеларусі і сумежнай тэр. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з ПдЗ на ПнУ на 250 км, у шырыню на 120—210 км. Абмежавана на З Беларускай, на У Варонежскай антэклізамі, на Пд Жлобінскай, на Пн і ПнЗ Веліжскай і Латвійскай седлавінамі. Фарміраванне пачалося ў сярэднім рыфеі, скончылася ў раннім вендзе. Адасоблена толькі па паверхні фундамента і адкладах рыфею і ніжняга венду. Паверхня фундамента найб. апушчана ў цэнтры Аршанскай упадзіны — да -1,6 км у Віцебскай, да -1,4 км у Магілёўскай мульдах, якія падзелены Цэнтральна-Аршанскім горстам; на ПдЗ вылучаецца Чэрвеньскі структурны заліў. Платформавы чахол уключае адклады сярэднерыфейскага (да 450 м магутнасцю), верхнерыфейска-ніжнявендскага (да 900 м), верхнявендскага (да 280 м), сярэднедэвонсканіжнекаменнавугальнага (да 200 м) і юрска-антрапагенавага (да 190 м) комплексаў. Разломы расчляняюць у асн. рыфейскія і ніжнявендскія адклады. З Аршанскай упадзінай звязаны Аршанскі гідрагеалагічны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПнУБеларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах. частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн.м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),
вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.
Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).
На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.