СУПРУ́Н Васіль Рыгоравіч (н. 10.3.1926, в. Глоўсевічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. краязнавец, археолаг, пісьменнік. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, скончыў Мінскі пед. ін-т (1969). Настаўнічаў. У 1947 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Інце і Варкуце. Вярнуўся на Беларусь у 1956. 25 гадоў працаваў на будаўніцтве. Друкуецца з 1943. У вершах патрыят. пафас, роздум над няпростым часам: зб-кі «Крык» (1993), «Рэха абуджаных дзён» (1994), «Незабыўныя ксівы» (1997), «Жыць для Беларусі» (1998). Як археолаг у 1963—69 вёў даследаванні ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Кн. «За смугою часу» (1994), «Дзеі над Шчарай» (2000) прысвечаны археал. помнікам і гісторыі Слонімшчыны.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)