Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бары́цца ’марудзіць’ (Нас., Гарэц., Кос.), барі́цца (Бяльк.), бары́ць затрымліваць’ (Нас.). Ст.-бел. барити ’тс’ (Нас. гіст.). Укр. бари́тися, рус. дыял. (арл., кур., варонеж.) бари́ться ’тс’, бари́ть ’затрымліваць’. Цёмнае слова. Ільінскі (РФВ, 62, 251) бачыў тут аблаутную форму да і.-е. *bheu̯ā‑ ’быць’ + суф. ‑r‑ (*bhu̯ar‑ > *bar‑) і знаходзіў сувязь з серб.-харв. бо̀равити ’знаходзіцца’ (але аб серб.-харв. слове параўн. Чоп, SR, 12, 170–176, там і літ-pa). Іншая версія: сувязь з дзеясловам *variti (з часовым значэннем). Так, ужо Насовіч (Нас. гіст., пад барити), пазней Трубачоў (ZfSl, 3, 671). Але з семантычнага погляду гэта не пераконвае. Магчыма, таго ж паходжання, што і рус. дыял. ба́риться ’важнічаць; лодарнічаць, ляпіцца’ (параўн. і ноўгарад. бари́ться ’важнічаць’; усё ад ба́р(ин)); так ужо Даль (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 68). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 81.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Світа́нне ‘світанак; золак (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Сл. ПЗБ). сьвіта́ньня ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. свитане: зпоранку на свитаню (XVII ст.; Карскі 2-3, 433), параўн. славен. svitanje ‘тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад світа́ць ‘днець’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), што да прасл. *svitati, параўн укр. світа́ти, свита́ти ‘світаць, слаба свяціцца’, польск. świtać ‘світаць’, чэш. svítati ‘тс’, в.-луж. switać, н -луж. switaś ‘тс’, харв. svȉtati, славен. svítati ‘тс’, ст.-слав. свитати ‘світаць, днець’. Праславянскі дзеяслоў выводзіцца як шматкратны з прасл. *svьtěti ‘свяціць’ (гл. свяціць) і мае паралелі ў літ. švitéti ‘ззяць, свяціць’ < і.-е. *kʼu̯ei̯t‑ ‘свяціцца, светлы, белы’, параўн. гоц. hweits ‘белы’, нарв. kvit, дац. hvid, ст.-англ. hwít, англ. white, ст.-в.-ням. (h)wïz, ням. weiss ‘белы’ (Глухак, 600; Бязлай, 3, 352; Сной₂, 716). Сюды ж світа́льна зорка ‘заранка’ (гродз., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скве́рня ‘смурод, гразь, брыдота’, скверната́ ‘нечыстата’, скверня́вый ‘брыдкі, гразны’ (Нас.), сквірна́, мн. л. сквярны́ ‘нагар, бруд на кноце лямпы’ (Варл.), ст.-бел. скверныи ‘брудны’ (Альтбаўэр). Укр. скве́рна, скве́рный, рус. царк. скве́рна; скве́рный, стараж.-рус. сквьрна ‘агіднасць, брыдота’, сквьрнъ ‘брыдкі’, чэш., славац. skvrna ‘пляма’, славен. skvȓna, skrȗna ‘агіднасць’, ст.-слав. скврьна, сквръна. Прасл. *skvьrna, *skvьrnъ. Набліжэнне да рус. скаред, польск. szkarada ‘агіднасць, брыдота’, грэч. σκῶρ, οκατός ‘гной, адкіды’ на аснове блізкасці значэнняў Фасмер (3, 637) лічыць сумніўным з-за наяўнасці ‑v‑. Сной₁ (576) выводзіць ад *skveriti (гл. скварыць) ‘растопліваць тлушч’ з першасным значэннем ‘замаслены, тлусты’. Паводле Махэка₂ (311), роднаснае з чэш. дыял., славац. kvariť, укр. ква́рити, серб.-харв., славен. kvariti ‘псаваць’, што падтрымлівае Мяркулава (Этимология–1982, 43 і наст.), ўзнаўляючы прасл. *skvьrěti ‘гніць’, якое сумесна з *skvьriti утвараюць адно этымалагічнае гняздо.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́рам ‘збянтэжанасць, хваляванне ад усведамлення свайго ўчынку’, ‘ганьба’, ‘сарамяжлівасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Сержп., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), со́рам, сарамо́к ‘дзетародны член’ (Нас.), сарамаце́не ‘палавыя органы’ (Сержп.), ст.-бел. сорамота ‘стыд’ (Альтбаўэр). Укр. со́ром, рус. со́ром і таксама срам, якое запазычана з ц.-слав. срамъ, стараж.-рус. соромъ, польск., н.-луж. srom, sromota, серб.-харв. сра̑м, славен. srȃm, балг., макед. срам, ст.-слав. срамъ. Прасл. *sormъ лічыцца роднасным авест. fšarəma‑ м. р. ‘сорам’, новаперс. šarm, ст.-в.-ням. har(am), лат. šermelis ‘жах, жудасць’, далей таксама, відаць, літ. šarma ‘іней’ (аб апошнім гл. Ларын, История, 67–68: зыходным значэннем слова было ‘холад’ і на балтыйскай глебе ‘іней’). Гл. таксама Траўтман, 299; Фасмер, 3, 724 з літ-рай, Шустар-Шэўц, 1351; Бязлай, 3, 303; Борысь, 573; Глухак, 572; ЕСУМ, 5, 357.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Старана́ ‘бок’; ‘напрамак свету’, ‘край, краіна’, ‘бок (у судзе)’, ‘бок (у адзенні)’, ‘бок гумна; прыстаронак’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сторона́ ‘бок, бакавіна’, ‘край, мясцовасць’ (ТС), ст.-бел. сторона ‘край, краіна’, ‘напрамак’, ‘супрацьстаўныя групы’, ‘юрыдычная асоба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 69). Параўн. укр., рус. сторона́, стараж.-рус. сторона, польск., в.-луж., н.-луж. strona, палаб. stárna, чэш., славац. strana, серб.-харв. стра́на, славен. strána, балг. страна́, макед. страна, ст.-слав. страна. Прасл. *storna утворана з суф. ‑na ад прасл. *sterti (гл. прасціраць), якое, у сваю чаргу, ад і.-е. *ster‑ ‘тс’. Гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Шустар-Шэўц, 1364–1365; Бязлай, 3, 323. Роднасныя лат. stara ‘паласа’, ст.-інд. str̥ṇā́ti, str̥ṇā́ti ‘разлёгся’, лац. sternō ‘рассыпаць, распасцерці’, sternere ‘сыпаць, сцяліць’. Гл. Фасмер, 3, 768 з літ-рай; Глухак, 586–587.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стос1 ‘ворах, груд, штабель’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ‘груда, куча’ (Сл. ПЗБ), ‘груда, капец’ (ТС), ‘касцёр, куча лому’ (Сержп. Прымхі), ‘сажань дроў’ (Арх. Федар.); сюды ж, магчыма, сто́са ‘стайма’ (Сл. ПЗБ), стэ́сам ‘з імпэтам, вельмі шпарка’ (Варл.), сто́сам ‘гуртам’ (Сл. ПЗБ), у сто́сы ‘ў поўнае падпарадкаванне’ (Ян.). Праз польск. stos ‘удар’, ‘куча’ з с.-в.-ням. stoʒ, суч. Stoß ‘тс’. Гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100 з аглядам літры. Ст.-бел. стосъ, стусъ ‘стос, штабель, удар’ (XVI ст.) з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 420. Для польскага слова мяркуецца чэшскае пасрэдніцтва, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 373–374. Гл. яшчэ стус.

Стос2 ‘слізь’ (рас., Шатал.). Значэнне вызначана недакладна, параўн.: чысьціла трыбух і стосу многа было. Відаць, гэта тое, што “счышчаецца”. Слова цьмянае. Да цяса́ць (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йна ’сакрэт; тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана’ (ТСБМ; 1913 г., КСНН; Ласт., Некр. і Байк.), ’таямніца’ (Бяльк., Вруб.), сюды ж суфіксальныя дэрываты з той жа самай семантыкай та́йносць (ТС), та́йнысьць (Бяльк.), ст.-бел. тайна ’таямніца’ (канец XV ст., КГС). Укр. та́йна, таїна́, та́йня, рус. та́йна ’таямніца’, стараж.-рус. та́ина ’тс’, польск. старое паэт. tajnia, в.-луж. tayeṅo, ’выгляд, прытворства’, tajenje ’таямніца’, серб.-харв. tȃjna, славен. tajna ’тс’, ст.-слав. таина ’тс’. Да прасл. *tajьna < *taj, якое, у сваю чаргу, з *tajiti, гл. таіць; параўн. укр. ота́й, пота́й ’употайкі’, серб.-харв. старое tȃj, tȁja, tāja ’таямніца’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’ + ‑ьna, аналагічна *vojna (аб суфіксе, але без кантынуантаў *taj‑ гл. Слаўскі, SP, 1, 137). Наяўнасць гістарычных паралеляў і дэрыватаў адназначна сведчаць на карысць спрадвечнасці наймення. Параўн. тайба, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́пкі1 ’балоцісты, гразкі, багністы; пра сыпучы грунт’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’ужываецца са словамі луг, сенажаць, балота, бераг (вадаёма), дно (вадаёма); такі, у якім не загразнеш’ (Янк. 2), ’гразкі, багністы’ (ТС), ’цвёрды (дзе не загразнеш)’ (узд., Сл. ПЗБ), то́пкій ’гразкі (бераг і пад.)’ (Бяльк.), ст.-бел. топкий ’гразкі, багністы’ (КГС). Вытворнае ад тапі́ць1, гл.

То́пкі2 ’тлусты, які дае многа тлушчу пры тапленні’ (Скарбы; стаўб., З нар. сл.), ’плаўкі’ (ТС), ’плаўкі, цвёрды’ (Ласт., Байк. і Некр.). Ад тапі́ць2, гл.

То́пкі3 ’здатны хутка загарацца’ (Нас.). Ад тапі́ць3, гл.

То́пкі4 ’тапачкі’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. смален. то́пки ’абцасы’ (выспяткі?): ножными топками топтали немлстівно (з помніка 1745 г., Барысава, Лекс. Смолен. края, 142), звязанае з то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), укр. палес. то́пкати, та́пкати ’таптаць’, што да топаць, гл. Параўн. топці, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)