назва розных рукапісных зборнікаў — помнікаў усх.-слав. пісьменства. Да 19 ст. зберагаліся ў б-цы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва). Найб. вядомыя і каштоўныя: Зборнік жыцій і пропаведзяў 11 ст. Напісаны стараслав. мовай на пергаменце (285 лістоў). Месца ўзнікнення дакладна невядома. Мяркуюць, што рукапіс балг. паходжання. Уяўляе сабой чэццю-мінею (кнігу для чытання) на сакавік. Змяшчае 24 жыціі і 24 словы-павучанні, у т. л. 20 слоў Іаана Златавуста. Разам з Тураўскім евангеллем і інш. рукапісамі 11 ст. гэты зборнік — адзін з самых стараж. помнікаў усх.-слав. пісьменства. Адкрыў і даследаваў М.К.Баброўскі. У 19 ст. падзелены на 3 часткі, якія зберагаюцца ў Варшаве (151 ліст), Любляне (118 лістоў) і С.-Пецярбургу ў Рас.нац. б-цы (16 лістоў). У зарубежнай навук. л-ры гэты зборнік называюць Супрасльскім кодэксам (Codex Suprasliensis). Летапісны зборнік 1-й пал. 16 ст. Складаецца з рус. скарочанага летапісу, блізкага да Аўрамкі летапісу, кароткай летапіснай выбаркі па гісторыі Русі і ВКЛ пачынаючы з 862 і гіст. запісаў пра падзеі канца 15 — пач. 16 ст. на Беларусі, у Кіеве і на Валыні (гл.Валынскі кароткі летапіс). Упершынюапубл. ў 1836 М.Я.Абаленскім. Зберагаецца ў Маскве ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў. Зборнік 1519 змяшчае свецкія і рэліг. творы, у т. л. самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 (гл.Супрасльскі летапіс), пераклад на бел. мову Вісліцкага статута польск. караля Казіміра III Вялікага, «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Перапісаны ва ўсх. Беларусі пісцом Рыгорам для кн. С.Адынцэвіча, радаслоўе якога змешчана ў канцы рукапісу. Адкрыты Баброўскім. Зберагаецца ў архіве С.-Пецярбургскага філіяла Ін-та рас. гісторыі Рас.АН.
Літ.:
Супрасльская рукопись, содержащая Новгородскую и Киевскую сокращенныя летописи. М., 1836;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯННО́,
горад, цэнтр Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Сянно. Вузел аўтадарог на Багушэўск, Чашнікі, Бешанковічы, Талачын. За 56 км на ПдЗ ад Віцебска. 8,9 тыс.ж. (2001).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1534. У розны час належала Дз.Відуніцкаму-Любецкаму, Сапегам, Агінскім, Курчам, Серакоўскаму і інш. У 1595 згадваецца маёнтак, замак і мястэчка С. з «цэрквамі і іх фундушамі». З 1772 С. ў складзе Рас. імперыі, горад (1773), цэнтр Сенненскага павета (з 1773) Магілёўскай губерні (у 1773—77 і з 1802), намесніцтва (1778—96), Бел. губерні (1796—1802). У 1781 зацверджаны герб: у зялёным полі дзве скрыжаваныя залатыя касы (у знак багацця сенам). У 1897 у С. 4061 ж. (з іх 39,9% пісьменных). У пач. 20 ст. было 4367 ж., 543 дамы, 54 рамесныя прадпрыемствы (у 1907), натарыяльная кантора, 4 страхавыя агенты, паштовая кантора, тэлеграф, друкарня, фатаграфія, 10 заезных дамоў, 82 крамы, 6 корчмаў; адбывалася 6 кірмашоў у год; працавалі гар. вучылішча, 4-класная жаночая прагімназія, З б-кі, 2 бальніцы, аптэка. З 1919 С. ў складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, з 17.7.1924 цэнтр Сенненскага раёна Віцебскай акр., з 1938 — Віцебскай вобл. У 1939 у С. 4,3 тыс.ж., ільнозавод, заатэхнікум, бальніца, гасцініца, кінатэатр, лазня. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 25.6.1944 С. акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 3104 чал. Дзейнічала Сенненскае патрыятычнае падполле, у 1942—44 існавала Сенненска-Аршанская партыз. зона. 5,4 тыс.ж. у 1959, 5,2 тыс.ж. у 1970.
Працуюць: з-д сухога абястлушчанага малака, ільнозавод, 3 буд. арганізацыі, камбінат каап. прам-сці, дарожнае рамонтна-буд. ўпраўленне; 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, дзіцячая юнацка-спарт. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Сенненскі краязнаўчы музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Каля С. гарадзішча жал. веку (мясц. назва Гарадок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РКУ, Аба (фін. Turku, швед. Åbo),
горад на ПдЗ Фінляндыі, адм. ц. ляні Турку-Поры. 172,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс.ж. (2000). Порт каля ўпадзення р. Аўра-Іокі ў Батнічны зал. Балтыйскага м. Паром у Швецыю. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог. Аэрапорт. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн.), тэкст., нафтаперапрацоўчая. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Музеі: гіст. (у замку), маст., рамёстваў, В.Аалтанена, Я.Сібеліуса.
Узнік на месцы фінскага гандл. паселішча Корайнен, заваяванага ў сярэдзіне 12 ст. шведамі. Упершыню ўпамінаецца ў 1154 у араб. крыніцах, у 1198 — у Ноўгарадскім летапісе. З 1280 тут размяшчалася сядзіба біскупства і швед. адміністрацыя. У 15—16 ст. горад меў гандл. сувязі з Галандыяй, Англіяй, Францыяй. Пасля заснавання ў 1640 ун-та стаў гал.культ. цэнтрам Фінляндыі. У 17—18 ст. пашкоджаны ў выніку швед. -рус. войнаў. Паводле Абаскага мірнага трактата 1743 у складзе Паўд.-Усх. Фінляндыі далучаны да Расіі. У 1809—12 (фактычна да 1819) Т. — сталіца Вял. княства Фінляндскага. У 1827 горад моцна пацярпеў ад пажару, у т. л. згарэў ун-т., які быў перанесены ў Хельсінкскі. Пазней у Т. засн. шведскі (1917) і фінскі (1920) ун-ты.
Прамавугольная планіроўка Т. склалася ў 19 ст. (арх. К.Л.Энгель). Раён старога горада ўцалеў пасля пажару 1827. Сярод помнікаў: рамана-гатычны сабор (13—15 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.) — 3-нефавая базіліка з вежай (1310) і капліцай (18 ст.); замак (13 ст., дабудова 14—17 ст.), будынак б.астр. абсерваторыі (17 ст.); касцёлы сярэдневяковыя св. Карыны і Дзевы Марыі, неагатычны св. Міхаіла (1899—1904, арх. Л.Сонк), грэка-каталіцкая царква (1846, арх. Энгель). Вылучаюцца грамадскія пабудовы 19—20 ст.: Шведскі ун-т (1802—16, арх. К.Ф.Басі і К.К.Ёрвель), ратуша (1810—11, арх. Басі; перабудаваны ў 1885, арх. Ф.Шострам), фін.т-р (1927—28, арх. А.Аалта), шпіталь (1935), могілкавая капліца (1939—41, арх. абодвух Э.Бругман), комплекс Фін. ун-та (1951—58, арх. А.Эрві), студэнцкі гарадок (1969) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАПАТАЛО́ГІЯ (ад фіта... + паталогія),
навука пра хваробы раслін, спосабы і метады аховы ад іх. Агульная Ф. вывучае біялогію ўзбуджальнікаў хвароб, прычыны і ўмовы ўзнікнення, заканамернасці развіцця і пашырэння хвароб, іх масавых успышак (эпіфітоцый), пытанні імунітэту і каранціну раслін, распрацоўвае прыёмы і сродкі папярэджвання, узнікнення і развіцця хвароб. Звязана з мікалогіяй, батанікай, мікрабіялогіяй, генетыкай, анатоміяй і фізіялогіяй раслін. Спецыяльная Ф. вывучае асобныя хваробы раслін і звязана з аграхіміяй, глебазнаўствам, раслінаводствам і інш.
Хваробы раслін упершыню класіфікаваў франц. батанік Ж.Турнефор у пач. 18 ст. У 2-й пал. 18 ст. (даследаванні А.Ц.Болатава ў Расіі, А.Тымета ў Францыі, Ф.Фантана ў Італіі) даказана патагеннасць галаўні, спарынні, іржаўчыны. У 2-й пал. 19 ст.ням. вучоны А. Дэ Бары і рас. М.С.Варонін вызначылі, што прычынай многіх хвароб з’яўляюцца грыбы. З канца 19 ст. Ф. як комплексная навука вывучае хваробы, што выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі і інш.
На Беларусі сістэм. даследаванні па Ф. вядуцца з 1923 на Бел. станцыі аховы раслін, пазней у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, Горацкім с.-г. ін-це, Ін-це біял. навук; пасля Вял.Айч. вайны — у Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі, БДУ, БСГА, у н.-д. ін-тах земляробства, бульбаводства і плодаагародніцтва, у Бел. лесатэхн. ін-це і інш. (працы В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, С.М.Тупяневіча, А.Л.Амбросава). З 1971 Бел.ін-т аховы раслін — асн.навук. цэнтр па пытаннях с.-г. Ф. Праводзяцца даследаванні па вывучэнні і ўдакладненні відавога складу ўзбуджальнікаў хвароб раслін, асаблівасцей іх біялогіі, дынаміцы пашырэння і развіцця хвароб, іх шкоднасці і інш.
Літ.:
Федоров Н.И., Усеня В.В., Гаврилова Л.А. и др. Белорусская научная школа по охране и защите леса — 75 лет развития // Лесной науке в Беларуси — 75 лет: Юбил. сб. науч. тр. Ин-та леса Нац.АН Беларуси. 1997. Вып. 47;
Интегрированные системы защиты сельскохозяйственных культур от вредителей, болезней и сорняков. Барановичи, 1998;
Буга С.Ф. Развитие фитопатологических и микологических исследований в Беларуси // Ахова раслін. 2001. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́ГА-І-ГАСЕ́Т (Ortega y Gasset) Хасе (9.5.1883, Мадрыд — 8.10.1955),
іспанскі філосаф, культуролаг; прадстаўнік філасофіі жыцця і філасофскай антрапалогіі. Скончыў Мадрыдскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1904), вучыўся ва ун-тах Лейпцыга, Берліна і Марбурга. У 1910—36 узначальваў кафедру метафізікі Мадрыдскага ун-та. У 1931—33 дэпутат рэсп. картэсаў, адзін з арганізатараў «Саюза абароны рэспублікі». З 1936 у эміграцыі. Ў 1948 заснаваў у Мадрыдзе Ін-тгуманіт.навук. Паводле А.-і-Г., працэс жыцця — гэта своеасаблівая энергія космасу, сканцэнтраваная ў пэўных рэчах і ў чалавеку ў выглядзе аўтаномнага «ідэальнага праекта»; кожны чалавек займае пэўнае месца ў гіст. «перспектыве», якая залежыць ад вынікаў творчай актыўнасці людзей і ў той жа час сама вызначае розныя тыпы іх светапоглядаў, ідэалаў і перакананняў («Ідэі і вераванні», 1934; «Гісторыя як сістэма», 1941). Упершыню ў зах. філасофіі абгрунтаваў асн. прынцыпы масавага грамадства канцэпцыі. У такім грамадстве, на яго думку, гаспадаром жыцця становіцца «чалавек натоўпу», у культуры, мастацтве, палітыцы пачынае дамінаваць усярэднены стандарт і прымітывізм мыслення, парушаюцца асновы законнасці, адкрываецца прамы шлях да аўтарытарызму і ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Выхад з «тупіка» масавага грамадства бачыў у захаванні такіх найважнейшых каштоўнасцей цывілізацыі, як лібералізм, паліт. дэмакратыя, парламентарызм, свабода асобы і інш., у перадачы ўлады «абранай меншасці» — духоўнай эліце, якая творыць і захоўвае культуру («Паўстанне мас», 1929—30). У эст. творах («Дэгуманізацыя мастацтва», 1925; «У пошуках Гётэ», 1932) сцвярджаў, што «новае мастацтва» пач. 20 ст. вызначаецца няўхільным выцясненнем чалавечых элементаў і захаваннем толькі чыста мастацкай матэрыі, яно звяртаецца да выяўлення свету ідэй, суб’ектыўных схем, стварэння ідэальных вобразаў і даступнае толькі выбраным маст. натурам. Пры гэтым А.-і-Г. заклікаў абараняць яе ад масы, ад рэв. пачатку, што нясе з сабой канфлікт паміж «розумам мас» і «духам эліты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Падзел тэр. Беларусі паводле заканамернасцей размеркавання хімічных элементаў ці іх асацыяцый і ўзроўню іх намнажэння (рассеяння) упершыню правёў К.І.Лукашоў у 1960-я г. Па адкладах асадкавага чахла ён вылучаў паўночную, цэнтральную і паўднёвую геахімічныя правінцыі. Пазней гэта схема неаднаразова дэталізавалася і ўдакладнялася. У 2001 у Ін-це геалагічных навук Нац.АН Беларусі складзена карга геахімічнага раянавання антрапагенавых адкладаў Беларусі маштабу 1:500 000 (аўтары А.В.Мацвееў, У.Я.Бардон, Я.І.Аношка і інш.). Геахімічнае раянаванне даантрапагенавых адкладаў па розных стратыграфічных зрэзах праведзена ў 1980—90-я г. Бардонам і Л.І.Матрунчыкам. У выніку сінтэзу ўсіх геахімічных схем і карт зроблена геахімічнае раянаванне тэр. Беларусі ў цэлым і складзена абагульняльная карта. Вылучаны 4 геахімічныя палі (паводле ўзроўню намнажэння элементаў і іх асацыяцый) і 3 геахімічныя правінцыі (з улікам металагенічнай спецыялізацыі). Геахімічнае поле крышталічнага фундаменту характарызуецца павышанай колькасцю (адносна парод асадкавага чахла) элементаў Cu, Pb, Ba, Zr, Ga, Mn, V, Ti. Заходне-Беларускае кембрыйска-сілурыйскае поле геахімічна слаба дыферэнцыравана, але характарызуецца павышанымі канцэнтрацыямі кластагенных элементаў (Ti, Zr, Ba і інш.), а таксама V, P і поліметалаў. Спецыялізацыя поля пераважна сідэрафільна-літафільная. Вядомы анамаліі поліметалаў. Усходняе мезазойскае поле геахімічна дыферэнцыравана, характарызуецца павышанай колькасцю Fe, Al, P, рэдкіх элементаў, звязаных з арганікай, мае літафільную геахімічную спецыялізацыю. Паўднёвае дэвонскае поле характарызуецца павышанай канцэнтрацыяй кластагенных (Ti, Zr, Sn і інш.), а таксама Cu, Pb, Zn і інш. элементаў. Паўночна-Беларуская сярэднедэвонская геахімічная правінцыя слаба дыферэнцыравана, спецыялізавана на сідэрафільную і халькафільную асацыяцыі элементаў, выяўлены пошукавыя прыкметы алмазаноснасці (на Пн правінцыі) — анамаліі Cr, Co і інш. Паўднёва-Усходняя (Прыпяцкая) познапалеазойска-кайназойская геахімічная правінцыя добра дыферэнцыравана, характарызуецца максімальным намнажэннем Cарган., K, Na, рэдкіх шчолачаў, U, Th, Cu, W, Pb, Zn, Hg і інш. элементаў, металагенічнай спецыялізацыяй на тыя ж элементы, а таксама S, Mg, Al, V, поліметалы і інш. Заходняя мезазойская геахімічная правінцыя характарызуецца павышанай канцэнтрацыяй Fe, Al, рэдкіх элементаў, металагенічнай спецыялізацыяй на Cu, V, Sr і інш.
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
Ка́ста1 ’каста’ (ТСБМ). Рус.ка́ста, укр.ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт.casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац.castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).
Кас́та2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ.kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням.Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ.kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат.kaste. Гл. Клюге, 356.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст. існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр. 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ту́пік, ‑а, м.
Паўночная марская птушка сямейства чысцікавых з моцнай, сціснутай з бакоў дзюбай.
тупі́к, ‑а́, м.
1. Вуліца, завулак, якія не маюць скразнога праходу, праезду. Завулкі заводзілі часамі вандроўніка ў тупікі, дзе далей не было дарогі.Колас.// Праход, прастора, якія не маюць далейшага выхаду, прадаўжэння; адсутнасць праходу, прадаўжэння чаго‑н., у чым‑н. Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць.Караткевіч.Упершыню за тысячагоддзі ганарлівая, нястрымная ў сваёй хадзе рэчка спынілася, уперлася ў тупік.Галавач.
2. Чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Паставілі яго ў тупік пад жыллё.Лынькоў.На станцыю Хазарычы цягнік прыйшоў у нядзелю на світанні. Гэта была канцавая станцыя-тупік.Сабаленка.Пакуль рыхтаваўся састаў, вагон, у якім ехала Наталля Аляксееўна, адчапілі і загналі ў тупік аж на шэсць гадзін.Васілевіч.
3.перан. Безвыходнае становішча. [Свідраль] адчуў сябе ў тупіку, з якога ў думках сваіх не знаходзіў выйсця.Дуброўскі.І як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік.Ваданосаў.
•••
Зайсці ў тупікгл. зайсці.
Ставіць у тупікгл. ставіць.
Стаць у тупікгл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)