ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.​П.​Румянцава (арх. Дж.​Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.

А.​М.​Кулагін.

Гомельскага духоўнага вучылішча будынак.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.​Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял. Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ШЧАЎСКАЯ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1838 у в. Гошчава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Трохзрубная пабудова з квадратным у плане асн. аб’ёмам, 3-граннай алтарнай апсідай і бабінцам з тамбурам, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Прысадзісты аб’ём будынка ўзбагачаюць васьмерыковая вежа-званіца, накрытая шатром, 2 чацверыковыя вежачкі над бабінцам і купал на 8-гранным барабане над асн. зрубам. Гал. ўваход вылучаны порцікам на 2 падвойных фігурных калонах. Сцены ашаляваны, вокны прамавугольныя і паўцыркульныя з разнымі ліштвамі. У інтэр’еры над уваходам хоры, іканастас аздоблены разьбой.

У.​А.​Чантурыя.

Гошчаўская Крыжаўзвіжанская царква.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́ЧАНСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды ў Беларусі. За 0,5 км на Пд ад в. Зарэчча Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун светла-ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 3,3 м, шыр. 2,2 м, выш. 2,2 м, у абводзе 8,6 м, аб’ём 8,5 м³, маса каля 22 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву. Мае 33 штучныя паглыбленні паўсферычнай формы (4—6 см у папярочніку, да 2 см глыбіні), зробленыя чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎЕ,

геалагічнае агаленне адкладаў муравінскага міжледавікоўя каля г. Заслаўе (Мінскі р-н) у пясчана-жвіровым кар’еры; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1984). Адкрыта ў 1979. Магутнасць азёрна-балотных (торф, суглінак) адкладаў 1,5—2,5 м, якія агаляюцца на працягу больш за 100 м. Залягаюць на флювіягляцыяльных пародах дняпроўскага зледзянення і перакрыты лёсападобнымі асадкамі паазерскага зледзянення. У адкладзе выяўлены пылок, споры, плады, насенне каля 60 відаў дрэвавых і травяністых раслін (граб, ліпа, клён, ляшчына, зрэдку дуб і елка), больш за 20 відаў рэшткаў насякомых, якія існавалі ў час оптымуму муравінскага міжледавікоўя.

Г.​І.​Літвінюк.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́НЕЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 0,2 км на Пн ад в. Зенеўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун ружова-бурага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 4,7 м, шыр. З м, выш. 2,1 м, у абводзе 9,6 м, аб’ём 16 м³ маса каля 42 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой паверхні захавалася 25 штучных паглыбленняў паўсферычнай формы (1—5 см у папярочніку, да 2,5 см глыбіні), зробленых чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на зах. беразе вадасх. Пагост. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Пінск, 210 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Парахонск. 1063 ж., 412 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Свята-Успенская царква, капліца, малітоўныя дамы хрысціян веры евангельскай і абшчыны адвентыстаў сёмага дня. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту (9—5-е тыс. да н.э.) і неаліту (3-е тыс. да н.э.).

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫЯ ПЕ́СКІ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўн.-зах. беразе воз. Чорнае. Цэнтр Пескаўскага с/с і саўгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Бяроза, 120 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Белаазерск. 1028 ж., 335 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і сав. актывістаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік у гонар Бярозаўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ і партызан. Помнікі архітэктуры: Троіцкая царква (1827), сядзіба (2-я пал. 18—1 пал. 19 ст.).

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1905—08 (праект віленскага арх. Т.​Раствароўскага) пры гал. уездзе ў сядзібна-паркавы ансамбль Скірмунтаў (не захаваўся). Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Ніжэйшыя за асн. аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з 3 бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Апрацаваны гарыз. рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірляндаў і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы аконных праёмаў (мелі каляровыя вітражы) аздоблены ляпным расл. арнаментам.

А.​М.​Кулагін.

Моладаўская капліца.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЖАСНЯ́НСКАЙ ЗЕМЛЯРО́БЧАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры мадэрн у в. Лужасна Віцебскага р-на. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст., у 1905—09 рэканструяваны. Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца 3-павярховая вуглавая частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі высокі спічасты шацёр, які надае выразнасць сілуэту будынка. Фасады вырашаны ў 2 колерах. Аконныя праёмы на 2-м паверсе з лучковым завяршэннем, на 1-м — прамавугольныя. У 1909 у будынку адкрыта земляробчая школа. З 1965 — Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

Т.​В.​Габрусь.

Лужаснянскай земляробчай школы будынак.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)