ЗАСЛА́ЎЕ,
геалагічнае агаленне адкладаў муравінскага міжледавікоўя каля г. Заслаўе (Мінскі р-н) у пясчана-жвіровым кар’еры; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1984). Адкрыта ў 1979. Магутнасць азёрна-балотных (торф, суглінак) адкладаў 1,5—2,5 м, якія агаляюцца на працягу больш за 100 м. Залягаюць на флювіягляцыяльных пародах дняпроўскага зледзянення і перакрыты лёсападобнымі асадкамі паазерскага зледзянення. У адкладзе выяўлены пылок, споры, плады, насенне каля 60 відаў дрэвавых і травяністых раслін (граб, ліпа, клён, ляшчына, зрэдку дуб і елка), больш за 20 відаў рэшткаў насякомых, якія існавалі ў час оптымуму муравінскага міжледавікоўя.
Г.І.Літвінюк.
т. 6, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)