МО́РКАЎКА (Аркадзь Андрэевіч) (26.1. 1900, в. Зазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1957),
бел. паэт. Скончыў БПІ (1934). Працаваў тэлеграфістам на ст. Мінск (1916—26), на з-дзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі, выкладаў у БПІ. У Вял. Айч. вайну партыз. сувязны ў Мінску. Друкаваўся з 1922. Паэзія М. (зб. «Дым жыцця», 1928) вызначаецца філасафічнасцю, лірызмам, паглыбленнем у чалавечую душу.
Тв.:
Гады, як ветразі. Мн., 1959;
Вершы. Мн., 1973.
т. 10, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАСТА́ЎНІЦКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1945 у Мінску на бел. мове (да 1957—1 раз, з 1958—2 разы, з 1998—3 разы на тыдзень). Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні пед. навукі і практыкі, аналізуе развіццё пед. думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадук. школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.
т. 11, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЦИОНА́ЛЬНАЯ ЭКОНОМИ́ЧЕСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
штотыднёвая газета. Выходзіць са снеж. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Асвятляе пытанні эканам. жыцця краіны. Друкуе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы прэзідэнта краіны, пастановы СМ, дакументы мін-ваў і ведамстваў і каментарыі да іх. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Эканамічная палітыка», «Працоўныя адносіны», «Фінансы», «У дапамогу падаткаплацельшчыку», «Дасье бухгалтара», «Мытны кур’ер», «Гаспадарка і права» і інш. Мае ўкладыш «Информбанк».
Г.Ф.Радзюк.
т. 11, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,
права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА,
афіцыйнае і ўрачыстае абяцанне (клятва), якую даюць асобныя катэгорыі грамадзян у адпаведнасці з іх статутным становішчам у дзяржаве і грамадстве. П. прыносяць кіраўнікі дзяржаў (напр., Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з арт. 83, 84 Канстытуцыі дае клятву народу краіны), некаторыя катэгорыі дзярж. служачых (напр., прысяжныя засядацелі, прысяжныя павераныя), ваеннаслужачыя (гл. Прысяга ваенная), супрацоўнікі МУС, КДБ і інш. Урачы даюць клятву Гіпакрата. Гл. таксама Прысяга беларускага партызана.
Р.Ч.Лянькевіч.
т. 13, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАГОНАВАРЭ́ННЕ,
хатні выраб самагону, брагі і інш. моцных спіртных напіткаў. Паводле кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адм. парушэннях С., захоўванне і набыццё гэтых напіткаў, а таксама выраб і захоўванне прылад для С. — правапарушэнні. якія падлягаюць адм. адказнасці. Хатні выраб спіртных напіткаў пры дапамозе натуральнага браджэння (віны, наліўкі, настойкі) не з’яўляецца правапарушэннем. За С. накладаецца штраф у памеры да 5 мінім. заработных плат. Крымінальны кодэкс у рэдакцыі 1960 разглядаў С. як крымін. злачынства.
т. 14, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЎПРА́ЎСТВА,
злачынства супраць парадку кіравання. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заключаецца ў самавольным ажыццяўленні асобай свайго сапраўднага або мяркуемага права, якое ўчынена з парушэннем устаноўленага прававым актам парадку і прычыніла шкоду ў буйным памеры, істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, ці дзярж. грамадскім інтарэсам. С. таксама лічыцца адм. правапарушэнне, якое ўяўляе сабой самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або мяркуемага права, калі дзеянні парушальніка не пацягнулі пазначаных вышэй вынікаў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ КАМІТЭ́ТЫ ДАПАМО́ГІ АХВЯ́РАМ РАДЫЯ́ЦЫІ за мяжой,
дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.Надсон (старшыня), П.Асіповіч, Д.Дзінглі, В.Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.Сіру), Канадзе (Р.Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.Лужынскі), Францыі (М.Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,
дакументальная юрыд. форма дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў дзяржавы. У іх рэалізуюцца паўнамоцтвы адпаведных дзярж. органаў, змяшчаюцца правілы, афіцыйныя прадпісанні і ўказанні, абавязковыя да выканання. З’яўляюцца падзаконнымі, таму што прымаюцца на аснове законаў і ў адпаведнасці з імі ў межах кампетэнцыі пэўнага дзярж. органа. Лічацца нарматыўнымі, калі змяшчаюць нормы права, і індывідуальнымі, калі прымаюцца для вырашэння канкрэтных пытанняў. Сярод нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь асаблівае значэнне маюць пастановы і распараджэнні Кабінета Міністраў як вышэйшага выканаўчага і распарадчага органа краіны. Кіраўнікі мін-ваў, дзярж. к-таў і ведамстваў выдаюць, як правіла, загады і інструкцыі: выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў — рашэнні і распараджэнні; кіраўнікі аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый — загады, інструкцыі, распараджэнні. Такія акты звычайна набываюць сілу з моманту іх прыняцця або давядзення да ведама выканаўцаў. Тэрмін уступлення іх у дзеянне часам указваецца ў самім акце.
Кантроль над законнасцю актаў ажыццяўляюць вышэйшыя органы дзяржаўнага кіравання. У выпадку, калі акт ніжэйшага органа не адпавядае закону або акту вышэйшага органа, апошні абавязаны адмяніць яго. Агульны нагляд над законнасцю актаў ажыццяўляе пракуратура. Адпаведнасць нарматыўнага акта любога дзярж. органа Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пры неабходнасці можа быць разгледжаны Канстытуцыйным Судом.
т. 1, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ,
найбольш цяжкія злачынствы, якія пасягаюць на важнейшыя інтарэсы дзяржавы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь падзяляюцца на асабліва небяспечныя і іншыя. Асабліва небяспечнымі закон прызнае дзеянні (або бяздзеянні), якія накіраваны на звяржэнне, падрыў або паслабленне дзярж. ладу Рэспублікі Беларусь, на шкоду яе суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Да іх адносяцца здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу дзярж. улады, шпіянаж, тэрарыстычныя акты, дыверсія, заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу дзяржавы або на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., прапаганда вайны, арганізацыйная дзейнасць, накіраваная на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., а таксама ўдзел у антыдзярж. арг-цыі. Да інш. З.дз. адносяцца парушэнне нац. і расавага раўнапраўя, выдаванне дзярж. тайны, страта дакументаў, якія змяшчаюць дзярж. тайну, перадача замежным арг-цыям звестак, якія складаюць службовую тайну, бандытызм, кантрабанда, масавыя беспарадкі, ухіленне ад прызыву на ваен. службу, мабілізацыі, выканання ў ваен. час павіннасцей ці выплаты падаткаў, незаконнае перасячэнне дзярж. граніцы, парушэнне правіл міжнар. палётаў, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, пашкоджанне шляхоў зносін і трансп. сродкаў, валютныя злачынствы і інш. За асабліва небяспечныя З.дз. (здрада, шпіянаж, дыверсія, бандытызм і інш.) суд можа назначыць смяротную кару. За некаторыя З.дз. прадугледжана пазбаўленне волі на непрацяглыя тэрміны, а ў некаторых выпадках — папраўчыя работы.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)