УСЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,

князь полацкі, віцебскі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын полацкага кн. Васількі Святаславіча. У летапісах згадваецца з 1161. На думку В.​Я.​Данілевіча, да 1162 У.В. княжыў у Віцебску. У гэты год палачане абралі яго на княжацкі сталец у Полацку замест Рагвалода Барысавіча, які мусіў пакінуць сталіцу і пайсці княжыць у Друцк. Пад 1175 летапісы паведамляюць пра У.В. як пра князя віцебскага, з яго дачкой узяў шлюб уладзіміра-суздальскі кн. Яраполк Расціславіч. Пад 1178 і 1180 У.В. зноў згадваецца як князь полацкі. Пад 1186 паведамляецца, што ён зноў княжыць у Друцку. У.В. нейкім чынам быў звязаны са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам, бо ў 1168—67 уступіў яму Віцебск. У 1167 У.В. знайшоў часовы прытулак у Віцебску, ратуючыся ад нечаканага нападу на Полацк гарадзецкага кн. Валадара Глебавіча. У барацьбе за суздальскі сталец У.В. падтрымаў свайго зяця Яраполка Расціславіча, у выніку чаго быў парушаны саюз са Смаленскам, які трымаў бок праціўніка Яраполка.

Літ.:

Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896;

Рапов О.М. Княжеские владения ва Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАБІЯЛО́ГІЯ (ад фота... + біялогія),

раздзел біялогіі, што вывучае працэсы, якія адбываюцца ў жывёльных і расл. арганізмах пад уздзеяннем бачнага, ультрафіялетавага і блізкага інфрачырвонага выпрамянення.

Пачала развівацца ў 18—19 ст. з адкрыццём фотасінтэзу, распрацоўкай асноў тэорыі каляровага зроку, вывучэннем прыродных з’яў. звязаных з удзелам святла (фотаперыядызм, фотатаксісы і інш.). Як навука Ф. сфарміравалася ў 2-й пал. 20 ст. Фіз. аснова — квантавая тэорыя выпрамянення. Дасягненні ў Ф. звязаны з працамі А.М.Цярэніна, А.А.Красноўскага і іх школ у галіне спектраскапіі, фотахіміі арган. малекул і фотасінтэзу.

На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў БДУ і БСГА М.М.Гайдуковым (1924) і Ц.М.Годневым (1927). Асн. навук. цэнтры: Ін-ты фотабіялогіі, фізікі, эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ, БСГА. Уклад у развіццё Ф. зрабілі І.​Дз.Валатаўскі, А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, Г.П.Гурыновіч, В.М.Іванчанка, У.Л.Калер, С.В.Конеў, К.М.Салаўёў, А.А.Шлык і інш. Даследаванні накіраваны на павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэзу с.-г. раслін, выкарыстанне сонечнага святла як сродку энергіі, лазернага выпрамянення для лячэння захворванняў чалавека, стварэнне штучных сістэм на аснове прынцыпаў фотабіял. з’яў і інш.

Літ.:

Теренин А.Н. Фотоника молекул красителей и родственных органических соединений. Л., 1967;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979.

І.​Дз.​Валатоўскі.

т. 16, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДКЕ́ВІЧ Аляксандр (4.6.1776, г. Чарнобыль, Украіна — 24.1.1838),

палітычны і ваенны дзеяч, хімік, літаратар. Чл. Пецярбургскай АН (з 1818), шматлікіх навук. т-ваў. З роду Хадкевічаў. Вучыўся ў Варшаўскім пансіянаце для магнацкай моладзі М.​Нікуты. У час паўстання 1794 прызначаны Т.​Касцюшкам маёрам нац. гвардыі, напэўна, браў удзел у Віленскім паўстанні 1794 і баях у ВКЛ. Пасля падаўлення паўстання жыў на Валыні. У вайну 1812 чл. Ваеннага к-та Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, камандзір 18-га пях. палка, які выставіў за ўласны кошт. У 1813 трапіў у рас. палон. Пры арганізацыі войска Каралеўства Польскага ў 1815 прызначаны нач. штаба гвардзейскай дывізіі, у 1818 — ген. брыгады. У 1819 сенатар Каралеўства Польскага, з 1820 дэпутат сейма. Належаў да масонскіх лож. У пач. 1824 арганізаваў у Кіеве спатканне дзекабрыстаў М.П.Бястужава-Руміна і С.І.Мураўёва-Апостала з прадстаўніком Патрыятычнага таварыства С.​Крыжаноўскім. У 1826 высланы ў Пецярбург, пасля ў Жытомір пад нагляд паліцыі Вызначыўся як хімік-даследчык, тэхнолаг. Гал. навук. праца — «Хімія» (т. 1—7, 1816—18). Займаўся таксама мінералогіяй, фармацэўтыкай. Вядомы як паэт, драматург, тэатр. крытык, калекцыянер. Аўтар нарысаў пра Касцюшку, Я.​Г.​Дамброўскага, кн. «Партрэты праслаўленых палякаў з іх апісаннем» (1820).

А.​А.​Ерашэвіч.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЫК (польск. sztych),

1) колючая і колюча-рэжучая халодная зброя, якая мацавалася (устаўлялася або насаджвалася) на канцы ствала ружжа (з 19 ст. вінтоўкі, карабіна, аўтамата); прызначалася для штыкавога (рукапашнага) бою. З’явіўся ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі пад назвай баянет (багінет); першапачаткова ўяўляў сабой укарочанае кап’ё, дрэўка якога ўстаўлялася ў ствол ружжа. З канца 17 ст. іх рабілі суцэльнаметалічнымі з трубкай, якую насаджвалі на ствол (гэта дазваляла весці зараджанне і стральбу з прымкнутым Ш.). Адрозніваюць Ш. гранёныя (3- і 4-гранныя), клінковыя (двухбаковавострыя Ш. — кінжалы, Ш.-цесакі), адналязовыя (Ш.-нажы), аддымныя і неаддымныя.

2) Узброены салдат (як адзінка падліку пяхоты).

3) Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Да арт. Штык: 1 — багінет (пач. 18 ст.); 2 — ігольчаты чатырохгранны да вінтоўкі ўзору 1891/30 (СССР); 3 — адкідны няздымны да карабіна СКС (СССР); 4 — да аўтамата АКМ, які выкарыстоўваецца таксама як разак для дроту і піла (СССР); 5 — сапёрны ўзору 02 да вінтовак Маўзера (Германія); 6 — да вінтовак Арысака (Японія); 7 — да вінтоўкі FN 1949 (Бельгія); 8 — заходнегерманскі да вінтоўкі G-3 (прынята на ўзбраенне ў Даніі); 9 — да вінтоўкі М-16 (ЗША).

т. 17, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ЙСКІЯ,

княжацкі і баярскі род у Расіі 15—17 ст.; адгалінаванне роду ніжагародска-суздальскіх князёў Рурыкавічаў (ад сына Аляксандра Неўскага Андрэя). Розныя лініі роду вядомы як Ш. (старэйшая лінія), Глазатыя-Ш., Барбашыны-Ш., Гарбатыя-Ш., Скапіны-Ш. Адыгрывалі найважнейшую ролю ў паліт. жыцці дзяржавы. Найб. вядомыя прадстаўнікі: кн. Васіль Васілевіч Ш. (?—кастр. 1538), баярын, ваявода ў войнах Маскоўскага вял. княства з ВКЛ пач. 16 ст., фактычны правіцель Расіі пры малалетнім Іване IV пасля смерці вял. княгіні Алены Глінскай (13.4.1538); яго брат кн. Іван Васілевіч Ш. (?—1542), фактычны правіцель Расіі ў 1538—40 і 1542; кн. Аляксандр Барысавіч Гарбаты-Ш. (?—1565), баярын, ваявода, фактычны кіраўнік рус. арміі пры ўзяцці Казані ў 1552, чл. Выбранай рады; кн. Іван Пятровіч Ш. (7—1588), баярын, ваявода, кіраўнік Пскова абароны 1581—82, чл. рэгенцкага савета пры няздольным да кіравання цару Фёдару Іванавічу (1584—86), як праціўнік Барыса Гадунова сасланы ім і пазней забіты; цар Васіль Іванавіч Шуйскі (1552—1612); кн. М.В.Скапін-Шуйскі (1526—1610), вядомы рус. палкаводзец. У 16 — пач. 17 ст. ўсе лініі роду Ш. спыніліся. Апошні іх прадстаўнік — кн. Іван Іванавіч Ш. (7—1638).

т. 17, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ва́ртны ’паважаны’ (Жд.). Укр. ва́ртний ’каштоўны, паважаны’. Хутчэй запазычанне з польск. дыял. wartny ’варты’, а не ўсх.-слав. утварэнне ад ва́рты (як думае Рудніцкі, 319).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Веснавы ’вясенні’ (КТС) — прыметнік да вясна́, утвораны таксама, як і зімовы, пры дапамозе суф. ‑ов‑ы. Інакш больш старажытным (паводле словаўтварэння) можна лічыць ве́сні (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вузро́слы ’дарослы’ (Бяльк.). Ад узрасці́ ’вырасці’, гл. узро́ст, як узнясці́, узнёслы ’патэтычны’, аднак пратэза перад прыставачным у сведчыць хутчэй пра запазычанне з рус. взро́слый ’дарослы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́хватнік ’ляпёшка, якую пякуць перад тым як саджаць хлеб у печ’ і ву́хвацень ’тс’ (КТС). Ад выхваціць (дыял. вухваціць) ’выхапіць’; параўн. іншую назву выхапень ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лушпе́кы ’лупіны сланечніка, гарбуза і да т. п.’ (малар., Нар. лекс.). Да лушпа́ (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 37), як лупе́ка ’тс’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)