пало́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Наводзіць страх, боязь. Сцепуржынскі тупаў нагамі і.. сваім шэптам, каб ніхто не чуў, палохаў Міхала Тварыцкага. Чорны. // Страшыць кім‑, чым‑н. Змалку нас палохалі цыганамі. Зробіш што не так, адразу страшаць: «Вось прыйдуць цыганы, забяруць цябе ў мех». Жычка. // Успуджваць. У гарачыя летнія дні качкі купаліся ў вадзе і спакойна жыравалі. Калі-нікалі іх палохалі паляўнічыя, і тады яны падымаліся з вады. Лупсякоў. // Выклікаць трывогу. Сесія не палохала мяне і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. Ёсць людзі, якіх перашкоды не толькі не палохаюць, а выклікаюць яшчэ большы накал і ахвоту да справы. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́нцыр, ‑а, м.
1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.
2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.
3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.
4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.
[Ням. Panzer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папярэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.
2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасвяці́ць 1, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.
1. Свяціць, асвятляць каго‑, што‑н. некаторы час. [Камандзір] запаліў ліхтарык, пасвяціў. Бачу, ласуецца наша пушыстая даўгахвостка [лісіца] смажанай курыцай. Няхай. [Пракоп:] — Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Баранавых.
2. Свяціцца, блішчаць некаторы час.
пасвяці́ць 2, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак., каго-што.
1. Правесці абрад, паводле якога надаецца каму‑, чаму‑н. святасць. [Старыя з папом] прайшлі ўсю вуліцу і выйшлі на поле, каб пасвяціць яго. Сабаленка.
2. у што. Пазнаёміць з чым‑н. патаемным, што не ўсім вядома. Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.
3. у каго. Уст. Пры дапамозе пэўных абрадаў надаць які‑н. духоўны сан, якое‑н. званне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца. Афіцэр перакаціўся цераз канаву і кінуўся ў хмызняк. Васілеўская. // Разм. Перавярнуцца з аднаго боку на другі. Адам Лабека глуха застагнаў і паваліўся на бок, паволі падкурчыў адну нагу, потым другую. Боль не сунімаўся. Адам Лабека перакаціўся на спіну. Паслядовіч.
2. Перамясціцца па небасхілу з аднаго месца на другое (пра сонца, месяц і пад.). Сонца перакацілася на захад.
3. Хвалепадобна распаўсюдзіцца, разнесціся (пра гукі). Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Ён узарваў спакой летняе ночы і перакаціўся рэхам у наваколлі. Чарнышэвіч.
4. Пракаціцца далей, чым трэба. Мяч перакаціўся за рысу.
5. Разм. Упаўшы, перавярнуцца, перакінуцца. Перакаціцца ад аднаго ўдару.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Раздзяліць што‑н. напалам, на часткі агнём, едкім рэчывам. Перапаліць вяроўку. Перапаліць дроцік.
2. Сапсаваць празмерным абпальваннем, награваннем. Перапаліць цэглу. Перапаліць каву. // Пашкодзіць перагрузкай або кароткім замыканнем (пра электрычныя прыборы). Перапаліць электрычную лямпачку.
3. Спаліць усё, многае. Перапаліць усе дровы. □ [Палашка:] — Учора, што вы думаеце, надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў.
4. і чаго. Расходаваць вельмі многа або больш, чым трэба (паліва, гаручага). Не так гэта лёгка — з дня на дзень сляпіцца над чужым шытвом (о, гэты страх ускраіннай краўчыхі, што дзяўчаты-памочніцы перапаляць газы!). Мехаў.
5. Спец. Перапрацаваць што‑н. з дапамогай агню; падвергнуць тэрмічнай апрацоўцы. Перапаліць руду. Перапаліць вапняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пі́саны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пісаць.
2. у знач. прым. Напісаны ад рукі (у адрозненне ад друкаванага). Пісаныя кнігі. // у знач. наз. пі́санае, ‑ага, н. Тэкст, напісаны ад рукі. Па друкаваным разбірае, а па пісаным — з вялікай натугай. Навуменка.
3. у знач. прым. Уст. Размаляваныя якімі‑н. узорамі. Пісаныя дэкарацыі.
•••
Віламі па вадзе пісана — аб чым‑н. мала магчымым.
Закон не пісан гл. закон.
Пісаная прыгажуня гл. прыгажуня.
Пісаны прыгажун гл. прыгажун.
Як па пісаным — гладка, бойка (гаварыць, расказваць і пад.). Затое калі я ўжо блізка знаёміўся з людзьмі, дык тады знаходзіліся і дасціпныя словы, і сур’ёзныя гісторыі, якія магу расказваць, як па пісаным. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
піса́цца, пішуся, пішашся, пішацца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Ужывацца на пісьме; перадавацца на пісьме пэўным чынам. На канцы слова «вугаль» пішацца мяккі знак. □ Падыходзіў бліжэй дзядзька Антось, і мужчыны наладжвалі вучням і дарэктару «экзамент». Пыталіся, як пішацца тое ці іншае слова. С. Александровіч.
2. безас. Разм. Аб магчымасці або жаданні пісаць. Пісалася добра, Бо золкі Дождж рытм адбіваў. Калачынскі.
3. Уст. Лічыцца кім‑, чым‑н., называць сябе як‑н. у дакументах, афіцыйных паперах. — Ты як пішашся: па бацьку ці па матцы? — запытаўся .. [старшыня]. Якімовіч.
4. Разм. Запісвацца, уступаць. Адзін за адным каралінцы пачалі пісацца ў калгас. Сабаленка.
5. Зал. да пісаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плюс 1, ‑а, м.
1. Матэматычны знак у выглядзе крыжыка (+), які ставіцца паміж лічбамі для абазначэння складання. Два плюс два будзе чатыры. // Такі ж знак перад лічбай для вызначэння таго, што лічба гэтая дадатная, г. зн. большая, чым нуль. Тэмпература паветра плюс дзесяць градусаў.
2. Крыжык, які ставіцца пры школьнай ацэнцы і абазначае некаторае перавышэнне яе. Чатыры з плюсам.
3. у знач. нязм. Акрамя таго, з дабаўленнем. Дэвіз павінен быць такі: «Вучоба плюс праца!» «Звязда».
4. перан. Дадатны бок, перавага. — Калі ім [сялянам] ўдасца зямлі не даць [Пілацееву], гэта будзе велізарнейшым плюсам у палітычным расце сялянства. Галавач.
[Ад лац. plus — больш.]
плюс 2, ‑у, м.
Спец. Тое, што і кумач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Тое, што і паўзці (у 1–3 знач.), з той розніцай, што поўзаць абазначае рух, які паўтараецца і адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Хлопцы зноў пачалі поўзаць па зямлі, прыглядацца да кожнага кусціка. Курто. [Гунава] назіраў за чырвонымі, дробнымі жучкамі, што поўзалі па шурпатай кары каштана. Самуйлёнак. / у перан. ужыв. Ніводнай жывой істоты на полі, калі не лічыць адзінага трактара, што поўзаў удалечыні, на схіле ўзгорка. Шамякін.
2. перан. Разм. Уніжацца, нізкапаклоннічаць перад кім‑н. [Багуцкі:] — Не прычакаць ім, гадам, каб мы поўзалі перад імі! Лынькоў.
•••
Поўзаць на каленях перад кім — прасіць, маліць каго‑н. аб чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)