на́раст, ‑а, М ‑сце, м. і на́расць, ‑і, ж.

1. Ненармальнае патаўшчэнне на якой‑н. частцы арганізма. Мазольныя нарасты на руках. Нарасты на галінах дрэва. □ [Юдзін] не ведаў, што гэта лішай такі, нездаровая нарасць — лес жа таксама хварэе. Масарэнка.

2. Пукатасць на галаве, каля носа і вачэй у некаторых жывёл, рыб і птушак. Нараст на галаве ў гусей.

3. Тое, што наогул нарасло дзе‑н., на чым‑н. Нараст смалы на дрэве. Нараст шлаку. □ Ад цяпла іх [вербы] адгароджвалі не толькі шыбы, але і тоўсты пласт інею на іх з лёдавымі нарастамі і глыбокімі шчылінамі па краях, каля рам. Шамякін. // перан. Аб нездаровых з’явах у грамадскім жыцці. Нарасты дробнабуржуазнай псіхалогіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак.

1. чаго. Нассоўваць у адно месца нейкую колькасць чаго‑н. Насунуць кучу лісця. □ З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, які, спяшаючыся, рабілі ўчора вечарам, насунуўшы лапатамі жвіру. Пташнікаў.

2. што. Закрыць, засланіць чым‑н. каго‑, што‑н. Хлопцы селі [у самалёт]. Лётчык насунуў над імі цэлулойдны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў. Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык. Дадзіёмаў. Вера нічога не адказала, толькі ніжэй насунула хустку на вочы. Федасеенка.

3. што. Разм. Надзець, уссунуць на што‑н. [Гаспадар] насунуў на ногі апоркі і выйшаў з-за шырмы. Лупсякоў. Сын неахвотна ўзняўся, насунуў шлем, апрануў новы д[о]ўгі кажух і пайшоў. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няста́ча, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.

2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.

3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.

2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.

3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паго́ня, ‑і, ж.

1. Праследаванне таго, хто ўцякае. Кінуцца ў пагоню. Наладзіць пагоню. □ Час ад часу ласіха будзе спыняцца, каб падпусціць чалавека бліжэй і заахвоціць яго да далейшай пагоні. В. Вольскі.

2. Адзін чалавек або група людзей, якія праследуюць каго‑н. Паслаць пагоню. Накіраваць пагоню ў іншы бок. □ [Саша] чуў, як нехта бяжыць па яго слядах, што гэты нехта зусім блізка — не выратавацца, не схавацца ад пагоні. Мікуліч.

3. перан.; за чым. Моцнае жаданне атрымаць што‑н., дабіцца чаго‑н., імкненне да чаго‑н. Пагоня за кнігай. Пагоня за славай. □ У віры жыцця, у пагоні за праўдай не адна іскарка залятала ў душу, ад якой пачынала рабіцца і цёпла і радасна. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падлаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.

1. Падпільнаваўшы, злавіць, затрымаць. — Дзе вы такога бандыта падлавілі? — па-панібрацку звяртаецца [незнаёмы] да Косці і Сашкі. Карпюк.

2. перан. Знянацку застаць. Колькі разоў спрабаваў афіцэр падлавіць Мацачка, як кажуць, на месцы злачынства і пакараць, але зрабіць гэта яму ніяк не ўдавалася. Сачанка.

3. перан. Назіраючы, слухаючы, заўважыць што‑н. У тоне Міколы Віхора Карніцкі падлавіў нейкую абыякавасць, тое, чаго ён вельмі не любіў. Паслядовіч. // Злавіць на чым‑н. няўдала сказаныя, напісаныя. [Іван Сцяпанавіч:] — Вы падумалі мяне падлавіць крыху: ці няма ў казцы супярэчнасці? Дубоўка.

4. Разм. Налавіць дадаткова. [Андрэй:] — Падловіш яшчэ на вуды [рыбы], а то без дробязі і юшка не юшка. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Паднёсшы агонь да чаго‑н., прымусіць гарэць; выклікаць гарэнне. Падпаліць дровы. Падпаліць салому.

2. Наўмысна знішчыць агнём што‑н., учыніць пажар. Гадзін за дзве да захаду сонца, адыходзячы, салдаты з двух канцоў падпалілі вёску, а самі зніклі. Чорны. А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага. Чарот.

3. Даць падгарэць чаму‑н., падсмаліць што‑н. Падпаліць хлеб. Падпаліць сала.

4. і ў чым. Раскласці агонь (у печы, пліце і пад.), каб згатаваць ежу або ацяпліць памяшканне. Падпаліць печ. Падпаліць пліту. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак.

1. што і без дап. Жаваць некаторы час. Заклейваючы папяросу,.. [Нахлябіч] доўга слініў паперу языком, пасля пажаваў яе. Чорны. // чым. Разм. Зрабіць некалькі жавальных рухаў. [Стары] паглядзеў на ваду, .. на лазнякі, на чыстае, як добрае шкло, неба і пажаваў сківіцамі: гэта ж ён, на Дняпры! Лупсякоў.

2. што, чаго і без дап. Разм. Паесці крыху. Схаваўшыся пад маладую разлапістую яліну, .. [Ядвіся] развязала хатулёк, без смаку пажавала адсырэлы хлеб. Асіпенка. Неўзабаве па свежых заечых слядах завіталі на лясную дарогу лісіцы. Не духмянага сена, вядома, пажаваць, а ў надзеі зайчацінай пажывіцца. Ігнаценка. — Конь вунь змарыўся. Няхай пажуе трохі. Якімовіч.

3. што. Разм. Сапсаваць, жуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.

2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. кім-чым. Кіраваць на працягу нейкага часу. За адзін учарашні дзень Грышка паспеў пабываць у кабіне магутнага тралёвачнага трактара і пакіраваць лесавозам. Паслядовіч. — Дык от, Галіна Казіміраўна, .. вам давядзецца пакіраваць калгасам, пакуль вернецца Леўчык. Сабаленка.

2. Разм. Тое, што і накіраваць (у 1, 2 знач.). Шашура прайшоў у канец палоскі, налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край вагона і накіраваў назад. Мележ. Людзі з першай жа хвіліны пакіравалі свае думкі да пераспелага жыта. Чорны.

3. Разм. Тое, што і накіравацца (у 1 знач.). [Зося] прабегла ўсю сценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)