му́зыка

[польск. muzyka < лац. musica, ад гр. musike (techne) = музычнае мастацтва]

1) від мастацтва, які адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых вобразах, а таксама творы гэтага мастацтва;

2) выкананне твораў гэтага мастацтва;

3) перан. прыемнае для слыху гучанне чаго-н. (напр. м. размовы, м. ручая).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

но́та1

(лац. nota = знак, заўвага)

1) умоўны графічны знак для абазначэння музычнага гуку, а таксама сам гэты гук;

2) мн. музычны твор у нотным запісе (напр. папка з нотамі);

3) перан. тон гаворкі, у якім выражана пэўнае пачуццё (напр. н. незадавальнення).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рубіко́н

(лац. Rubico, -onis = назва ракі, якую перайшоў Юлій Цэзар у 49 г. да н.э. супраць волі сената і гэтым самым пачаў грамадзянскую вайну)

перан. мяжа, рубеж чаго-н., перашкода, якую цяжка пераадолець;

перайсці Р. — прыняць беспаваротнае рашэнне, зрабіць адказны, рашучы крок.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сві́та

(фр. suite)

1) асобы, якія суправаджаюць важную, высокапастаўленую асобу, напр. манарха;

2) перан. асобы, якія пастаянна акружаюць каго-н., суправаджаюць яго;

3) сукупнасць пластоў горных парод, якія аб’ядноўваюцца падобным саставам і ў пэўнай ступені адрозніваюцца ад пластоў, што залягаюць вышэй і ніжэй.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

та́бар

(чэш. tbor)

1) лагер, стан, абоз у чэхаў, палякаў, румын, венграў;

2) вайсковы лагер з абозам у казакаў 16—17 ст.;

3) група цыганскіх сем’яў, якія разам качуюць, а таксама іх стан, абоз;

4) перан. вялікая група людзей, якія часова размясціліся лагерам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фі́бра

(лац. fibra = валакно)

1) уст. валакно расліннай або жывёльнай тканкі;

2) перан. сімвал душэўных сіл (напр. ненавідзець усімі фібрамі душы);

3) гнуткая моцная папяровая маса, апрацаваная хімічным спосабам і спрасаваная, якая з’яўляецца ізаляцыйным матэрыялам, замяняе скуру пры вырабе чамаданаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цу́кар

(польск. cukier < ням. Zucker < іт. zuchero, ад ар. sukkar)

1) пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу;

2) адно з арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў;

3) перан. той, хто прыносіць асалоду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

арыента́цыя

(фр. orientation, ад лац. oriens, -ntis = усход)

1) вызначэнне свайго месцазнаходжання (напр. а. на мясцовасці);

2) перан. уменне разабрацца ў якіх-н. пытаннях, у навакольнай абстаноўцы (напр. добрая а. у новай літаратуры);

3) перан. накіраванасць дзейнасці ў інтарэсах каго-н., чаго-н. (напр. а. на масавага чытача).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

залі́ць 1, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; пр. залі́ў, ‑ла́, ‑ло́; заг. залі́; зак., каго-што.

1. Пакрыць сабой, схаваць пад сабой (пра ваду і інш. вадкасці); затапіць (у 1 знач.). Нешырокая рэчка за вёскай выйшла з берагоў і заліла паплавы. Сіняўскі. — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўся Кашыцкую нізіну. Шамякін. // перан. Пакрыць, запоўніць сабой якую‑н. прастору. Бясконцая плынь дэманстрантаў заліла.. вуліцы. «Маладосць». // перан. Выступіць на паверхню (пра бледнасць, чырвань і пад.). Румянец збянтэжанасці і сарамлівасці нечакана заліў шчокі хлопца. Гарбук. // перан. Напоўніць, запоўніць (пра святло, пахі, гукі і пад.). Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч. Мяккае святло заліло пакой. Мікуліч. Пахам чыстым, пахам спелым Усе прасторы заліло. Хведаровіч. // перан. Авалодаць, захапіць (пра пачуцці). Грудзі заліла гарачая хваля нейкага невядомага, незразумелага пачуцця. Гамолка.

2. Абліць, абпэцкаць якой‑н. вадкасцю. Заліць сшытак чарнілам. □ — От малая! — гаворыць [Марылька] на Люсю. — Усю сукенку малаком заліла. Брыль.

3. Затушыць вадой. Коля Булкін.. моўчкі старанна заліў вадой вогнішчы. Жычка. Прыйшлося заліць дровы і расчыніць акно. Даніленка.

4. Пакрыць чым‑н. вадкім, здольным зацвярдзець. Заліць вуліцу асфальтам. Заліць човен смалою. Заліць каток. □ Дворык свой [Фёдар] заліў цэментам з раўчукамі для сцёку вады. Ракітны.

5. Уліць у што‑н. якую‑н. вадкасць. Заліць ваду ў радыятар.

•••

Заліць вочы — выпіць многа спіртнога.

Заліць гора — напіцца з гора.

Заліць за гальштук (за каўнер) — тое, што і залажыць за гальштук (гл. залежыць).

Заліць за скуру сала каму — прычыніць каму‑н. вялікае зло.

залі́ць 2, залю́, зо́ліш, зо́ліць; незак., што.

Спец. Апрацоўваць шкуры растворам вапны для выдалення шэрсці. Заліць шкуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)