ГАЛАВАГРУ́ДЗІ, прасома,

аддзел цела членістаногіх, які ўтвараецца ў выніку зліцця галаўных і грудных сегментаў. Уласцівы вышэйшым ракападобным і хеліцэравым (павукападобныя, мечахвосты і некаторыя вымерлыя). У хеліцэравых у склад галавагрудзей уваходзяць элементы галаўной лопасці і наступных 6 сегментаў з канечнасцямі, якія выконваюць жавальную і рухальную функцыі. Галавагрудзі часта наз. сківіцагрудзі вышэйшых дзесяціногіх ракападобных разам з галавой, якія ўтвараюцца пры зліцці 6 галаўных і 7 грудных сегментаў.

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА ДЫЁД,

паўправадніковая прылада, у якой пры дасягненні «крытычнай» напружанасці поля ўзбуджаюцца эл. ваганні. Прынцып работы засн. на Гана эфекце. Мае амічныя кантакты (без p-n-пераходаў). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў ланцугах звышвысокай частаты для генерацыі і ўзмацнення ваганняў з частатой ад 0,1 да 100 ГГц і магутнасцю да 200 Вт (у імпульсным рэжыме; у неперарыўным — да 200 мВт), для стварэння хуткадзейных элементаў электронных прылад і інш.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕХЦЯРЭ́НКІ (Міхаіл Васілевіч) (н. 18.5.1918, в. Траянаў Жытомірскай вобл., Украіна) і Вера Нікадзімаўна (н. 24.5.1923, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. майстры маст. аплікацыі саломкай па дрэве. На аснове мясц. нар. традыцый аплікацыі саломкай утылітарна-маст. вырабаў распрацавалі тэхналогію аздаблення сувенірных вырабаў (куфэркаў, сальніц, рамак для фотаздымкаў і інш.). Арганізатары (1955) цэха інкрустацыі пры Жлобінскай фабрыцы інкрустацыі.

Я.​М.​Сахута.

М. і В. Дзехцярэнкі. Куфэркі. 1970.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЖА́ЛКА (Tremella),

род гетэрабазідыяльных грыбоў сям. дрыжалкавых. Вядома каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. Сапратрофы. На Беларусі 3 віды.

Найчасцей трапляецца на сухіх галінках лісцевых дрэў на працягу ўсяго года Д. звілістая (T. mesenterica).

Пладовыя целы акруглыя, пукатыя, з глыбокімі звілістымі складкамі, ярка жоўтыя ці аранжавыя, дыям. да 4 см, шчыльнастудзяністыя, пры высыханні рогападобныя. Споры яйцападобныя, гладкія, бясколерныя.

Дрыжалка звілістая.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 25.12.1938, в. Казылі Елабужскага р-на, Татарстан),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1996). Скончыў Томскі політэхн. ін-т (1964) і працаваў у ім. З 1978 у Наваполацкім політэхн. ін-це. Даследуе праблемы кіравання прадукцыйнасцю працы, фарміравання сістэмы кіравання прадпрыемствам ва ўмовах рыначных адносін. Аўтар прац «Выбар спосабаў механічнага рыхлення мёрзлых грунтоў» (1977), «Кіраванне прадукцыйнасцю працы пры распрацоўцы мёрзлых грунтоў» (1993).

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБА́Я ЗАКО́Н,

палажэнне, паводле якога цеплаёмістасць Cv крышт. рашоткі аднаатамных цвёрдых цел пры нізкіх тэмпературах прапарцыянальная кубу абсалютнай тэмпературы T. Выведзены П.Дэбаем. Д.з. мае выгляд Cv = 77,94 × 3R ( T θ ) 3 , дзе R — універсальная газавая пастаянная, θ — т-ра Дэбая, што вызначае тэмпературную мяжу, ніжэй якой становяцца істотнымі квантавыя эфекты.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965. С. 352—366.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЭМАГРАФІ́ЧНЫ ВЫ́БУХ»,

рэзкае паскарэнне тэмпаў росту насельніцтва ў 1950—60-х г. у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, якія пачалі хутка развівацца. Абумоўлены зніжэннем смяротнасці, асабліва дзіцячай, пры захаванні высокай нараджальнасці. Апераджальны рост насельніцтва краін, якія развіваюцца (у іх пражывае больш за 50% насельніцтва свету), ператварыла «Д.в.» у гэтых краінах у фактар сусветнага значэння, а сац.-эканам. праблемы іх развіцця прынялі характар глабальных праблем чалавецтва.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСКРЫ́ПТАР (позналац. descriptor ад describo апісваю),

лексічная адзінка (слова ці словазлучэнне) інфарм.-пошукавай мовы ў ЭВМ. Апісвае асн. сэнсавы змест дакументаў, структуру даных або праграму; служыць таксама для фармулявання інфарм. запыту пры пошуку дакументаў у інфарм.-пошукавай сістэме (гл. Інфармацыйны пошук). У якасці Д. можна выбраць любое (звычайна найб. характэрнае) ключавое слова (групу слоў) ці лічбавы код. Мнагазначным словам адпавядае некалькі Д., сінонімам — адзін Д.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУК МУЗЫ́ЧНЫ,

найменшы структурны элемент музыкі. Асн. яго ўласцівасці; дакладная вышыня, гучнасць, працягласць і тэмбр. З гукаў фіксаванай вышыні (тонаў), якія здольны ўспрымаць чалавечы слых, у музыцы выкарыстоўваецца параўнальна нязначная частка; іх адбор вызначаецца фізіял. асаблівасцямі слыху, камунікатыўнай прыродай муз. мастацтва, эстэт. патрабаваннямі музыкантаў і слухачоў. Асобна ўзяты гук музычны не валодае маст. выразнасцю, аднак набывае яе пры ўключэнні ў пэўную гукавую сістэму, у пэўны муз. кантэкст.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЕ́ВІЧ (Фёдар Фёдаравіч) (н. 14.8.1952, г. Маладзечна),

бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)