Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Адкрыты ў 1995 у в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.Засн. ў 1993 на базе створанага ў 1982 аматарам П.Пташыцам калгаснага музея. Пл. экспазіцыі каля 1000 м², 17,1 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: гісторыі сял. побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, нар. адзення, вуснай нар. творчасці. Экспазіцыя прысвечана культуры Зах. Палесся. Сярод экспанатаў: археал., прылады працы, вырабы майстроў па дрэве, ганчароў, ткачых, калекцыі вышыўкі, бездзежскіх выкладаў і фартушкоў, маляваных, тканых, вышываных дываноў, адзення мотальскага і драгічынскага строяў, творы мастакоў У.Капшая, А.Марачкіна, У.Тоўсціка. Ёсць дыярама старадаўняга Моталя і яго ваколіц, інтэр’ер хаты пач. 20 ст., фотатэка і інш.Паводле матэрыялаў музея створаны кінастужкі «Палескія вяселлі» (1986, рэж. З.Мажэйка), «Пераблытанка» (1989, рэж. А.Мезенцаў), «Мотальскія анекдоты, жарты, байкі» (1990, рэж А.Пестаў). На базе фондаў музея праводзяцца выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ЎРА ФО́РМУЛА,
правіла ўзвядзення ў ступень камплекснага ліку, вызначанага ў трыганаметрычнай форме. Атрымана А.Муаўрам (1707); сучасны запіс прапанаваў Л.Эйлер (1748).
Паводле М.ф. пры ўзвядзенні ліку
у ступень n модуль ліку r узводзіцца ў гэтую ступень, а аргумент φ памнажаецца на паказчык ступені:
. З М.ф. вынікаюць таксама выражэнні для і праз ступені і :
,
, дзе — бінаміяльныя каэфіцыенты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),
расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар.арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-тваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел.ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.Вагнера, «Музычныя вечары» Б.Брытэна паводле Дж.Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВЫ КАМІТЭ́Т ПА ПРАБЛЕ́МАХ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ (Scientific Committee on Problems of the Environment; СКОПЕ),
адзін з камітэтаў Міжнароднага савета навуковых саюзаў. Засн. ў 1969 з мэтай аб’яднання і каардынацыі міжнар. дзейнасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюджваннем інфармацыі па зменах у навакольным асяроддзі пад уплывам дзейнасці чалавека і вывучае ўплыў гэтых змен на чалавека; распрацоўвае метадалогію ацэнкі параметраў навакольнага асяроддзя; забяспечвае аператыўнай інфармацыяй навук. цэнтры і арг-цыі па вывучэнні навакольнага асяроддзя і інш. У рабоце к-та прымаюць удзел 35 краін-членаў, 22 саюзы, навук. к-ты і асацыяцыі. Вышэйшы орган СКОПЕ — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады, паміж сесіямі асамблеі яго дзейнасцю кіруе выканаўчы к-т з прадстаўнікоў розных краін. У 1981 у Мінску адбыўся міжнар. семінар СКОПЕ—ЮНЕП паводле праекта «Дынаміка экасістэм пераўвільготненых зямель і малых прэснаводных вадаёмаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,
уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл.Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАГАРМО́НЫ (ад грэч.нейра... + гармоны),
біялагічна актыўныя рэчывы, што выпрацоўваюцца нейрасакраторнымі клеткамі нерв. тканкі беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека. Паступаюць у кроў, гемалімфу, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць, аказваюць дыстантнае падоўжанае рэгулюючае ўздзеянне: падтрымліваюць гамеастаз, у т. л. водна-салявы, рэгулююць тонус гладкай мускулатуры, метабалізм, функцыі клетак эндакрынных залоз. Прымаюць удзел у ажыццяўленні абаронча-прыстасавальных рэакцый арганізма. У пазваночных жывёл Н. сінтэзуюцца нейрасакраторнымі клеткамі гіпаталамуса (аксітацын, вазапрэсін і іх аналагі, рылізінг-гармоны, дафамін, норадрэналін, сератанін), спіннога мозга (уратэнзіны), клеткамі эпіфіза (сератанін і мелатанін), клеткамі храмафіннай тканкі мазгавога рэчыва наднырачнікаў, парагангліяў, гангліяў і нерв. ствалоў перыферычнай вегетатыўнай нерв. сістэмы (норадрэналін і адрэналін). Паводлехім. прыроды Н. — катэхаламіны, поліпептыды, 5-оксітрыптамін (сератанін) і яго вытворнае мелатанін. У сакраторных гранулах Н. звязаны з бялкамі-носьбітамі (напр., вазапрэсін і аксітацын — з нейрафізінамі, а катэхаламіны — з хромагранінам). Гл. таксама Нейрасакрэцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзве паст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, нітрацэлюлоза,
складаныя эфіры цэлюлозы і азотнай к-ты. Маюць агульную ф-лу [C6H7O2(OH)3-x (ONO2)x]n дзе x — ступень замяшчэння (змяняецца ад 0 да 3), n — ступень полімерызацыі (n = 150—3500). Паводле колькасці азоту тэхн. Н.ц. падзяляюць на калаксілін (мае 10,7—12,2% азоту) і піраксіліны (№ 2 мае 12,2—12,5%, № 1—13,0—13,5% азоту).
Цвёрдыя валакністыя рэчывы белага колеру, шчыльн. 1580—1650 кг/м³, т-ра раскладання 40—60 °C. З’яўляюцца брызантнымі выбуховымі рэчывамі (цеплата выбуху каля 3,6 МДж/кг). Няўстойлівыя ў к-тах і асновах. Атрымліваюць нітраваннем бавоўнавай цэлюлозы нітравальнай сумессю. Калаксілін выкарыстоўваюць у вытв-сці нітрацэлюлозных пластмас (этролаў), цэлулоіду, нітралакаў, нітраэмаляў, бяздымных порахаў, дынаміту і інш. выбуховых рэчываў, піраксіліны — у вытв-сці бяздымных порахаў.
архітэктурны комплекс 17 ст. ў г. Істра Маскоўскай вобл.Засн. ў 1656 патрыярхам Ніканам як падмаскоўная рэзідэнцыя патрыярха. У 17 ст. буйны культ.цэнтр. У ансамблі манастыра: Васкрасенскі сабор (1656—85, пабудаваны паводле плана храма Саламона ў Іерусаліме; у аздабленні сабора шырока выкарыстаны паліхромная кафля бел. майстроў І.Максімава, С.Палубеса, П.Заборскага, рэльефная разьба па дрэве К.Міхайлава і інш.), скіт Нікана (1658). трапезныя і бальнічныя палаты (1686), цэрквы Раства Хрыстова і Трохсвяціцельская, палац царэўны Таццяны Міхайлаўны. брацкія карпусы (усе 1686—98). каменная агароджа з шатровымі вежамі і «Святая брама» з надбрамнай царквой (1690—97, дойлід Я.Бухвостаў) і інш. У 1918 манастыр закрыты. З 1935 — Маскоўскі абл. краязнаўчы музей. У 1941 комплекс разрабаваны і спалены ням.-фаш. захопнікамі. На яго тэрыторыі створаны гіст.-маст. музей. Знаходзіцца на рэстаўрацыі (2000).