РАЙТ (Wright) Франк Лойд (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),
амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.Р.Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм. будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал. аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл.гл.таксама да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.
Літ.:
Гольдштейн А.Ф. Ф.Л.Райт. М., 1973.
С.А.Сергачоў.
Ф.Л.Райт.Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КЦЫІ ХІМІ́ЧНЫЯ,
працэсы ператварэння адных рэчываў (простых і хім. злучэнняў) у інш. рэчывы (прадукты рэакцыі). Суправаджаюцца разрывам хімічных сувязей у малекулах рэчываў, што ўступаюць у рэакцыю (зыходных рэчываў), і ўтварэннем новых сувязей у прадуктах рэакцыі. У адрозненне ад ядзерных рэакцый, якія прыводзяць да ўтварэння новых атамаў, пры Р.х. адбываецца толькі перабудова вонкавых электронных абалонак атамаў. Якасны і колькасны састаў зыходных рэчываў і прадуктаў Р.х. запісваецца пры дапамозе ўраўненняў хімічных. Магчымасць Р.х. і ступень (паўната) ператварэння рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць, пры розных умовах (т-ра, канцэнтрацыя ў газавай сумесі ці растворы, ціск) вывучае тэрмадынаміка хімічная, скорасць Р.х. і іх механізм — кінетыка хімічная.
Р.х. падзяляюцца на абарачальныя (гл. Абарачальныя рэакцыі) і неабарачальныя Паводле цеплавога эфекту адрозніваюць экзатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з вылучэннем цяпла (у гэтых рэакцыях энергія, неабходная для разрыву хім. сувязей у зыходных рэчывах, меншая за энергію, што вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей), і эндатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з паглынаннем цяпла. Многія тэрмадынамічна магчымыя Р.х. пры звычайных умовах ідуць з малой (практычна блізкай да нуля) скорасцю Для паскарэння такіх рэакцый выкарыстоўваюць каталізатары (гл. Каталіз). Механізм большасці Р.х. уключае некалькі (гл. Складаныя рэакцыі), а часам дзесяткі і сотні т.зв. элементарных стадый, якія прыводзяць да ўтварэння мала ўстойлівых прамежкавых прадуктаў — свабодных радыкалаў і атамаў, што прымаюць удзел у наступных элементарных стадыях (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Адбываюцца Р.х. за кошт цеплавога ўзбуджэння (пры награванні), пад уздзеяннем святла (гл. Фотахімічныя рэакцыі), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйна-хімічныя рэакцыі), эл. току, ціску, у плазме (гл. Плазмахімія) і інш.Гл.таксамаАкісленне-аднаўленне, Гарэнне, Полімерызацыя, Тапахімічныя рэакцыі.
Літ.:
Тоуб М. Механизмы неорганических реакций: Пер. с англ.М., 1975;
Сайкс П. Механизмы реакций в органической химии: Пер. с англ. 4 изд. М., 1991;
Жданов В.П. Скорость химической реакции. Новосибирск, 1986;
Шелинский Г.И. Основы теории химических процессов. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ.
сацыял-дэмакратызм, сукупнасць уяўленняў, поглядаў і дзеянняў, скіраваных на пабудову сацыяльна арыентаванага дэмакр. грамадства; плынь у міжнар. рабочым руху. Паводле прынятай у паліталогіі класіфікацыі належыць да левага кірунку (левага паліт. спектра). Для С.-д. характэрны: арыентацыя пераважна або выключна на эвалюц. формы грамадскага развіцця, на паступовае і мірнае пераўтварэнне капіталізму ў сацыялізм шляхам рэформ (гл.Рэфармізм), на супрацоўніцтва класаў грамадства і інш. Папярэднікамі ідэй С.-д. былі Ж.Ж.Л.Блан, П.Ж.Прудон. Негвалтоўныя метады С.-д. (кампраміс, пагадненне і інш.) вядомы з часоў дзейнасці Ф.Ласаля, пасібілістаў і інш. Развіццё ідэй С.-д. ішло ў бок трансфармацыі канцэпцый марксізму і камунізму. Аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ўзніклі Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Швецыі і інш. У пач. 20 ст.засн.Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, у Расіі дзейнічалі меншавікі. У 1-ю сусв. вайну многія с.-д. партыі на хвалі патрыятызму падтрымлівалі ваен. палітыку ўрадаў сваіх краін. Сярод тэарэтыкаў С.-д. Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, О.Баўэр, Ф.Адлер, Л.Мартаў, Л.Блюм, Э.Вандэрвельдэ і інш. (гл.таксамаАпартунізм, Рэвізіянізм). Погляды С.-д. адстойвалі Бернскі інтэрнацыянал, «Інтэрнацыянал 2 1/2, Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал, Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі, а з 1951 — Сацыялістычны інтэрнацыянал. У ходзе эвалюцыі с.-д. руху дамінуючае становішча ў ім занялі цэнтрысты (гл.Цэнтрызм). На працягу 20 ст.с.-д. партыі неаднаразова ўзначальвалі ўладу ў шэрагу краін, асабліва ў скандынаўскіх. На тэр. Беларусі дзейнічалі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і інш., у 1990-я г. створаны Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сацыялістычная партыя і інш.
Літ.:
Самарская Е.А. Социал-демократия в начале века. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ СТРАХАВА́ННЕ,
сістэма гарантый, заснаваная на сукупнасці пенсій, дапамог і інш. выплат грамадзянам за кошт сродкаў дзярж. страхавых фондаў. На Беларусі ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона «Аб асновах дзярж.сац. страхавання» ад 31.1.1995 і інш.заканад. актаў. Прынцыпы дзярж. С.с.: удзел наёмных работнікаў і наймальнікаў у стварэнні дзярж. страхавых фондаў і размеркаванне сродкаў ад працаздольных грамадзян да непрацаздольных, ад працуючых да непрацуючых; гарантаванне пенсій, дапамог і інш. выплат у адпаведнасці з заканадаўствам; роўнасць грамадзян перад правам на С.с.; дыферэнцыяцыя ўмоў і памераў страхавання; удзел прадстаўнікоў юрыд. і фіз. асоб, якія плацяць страхавыя ўзносы, у кіраванні дзярж. С.с. Сродкі дзярж. С.с. складваюцца з абавязковых узносаў наймальнікаў і грамадзян, інш. паступленняў у дзярж. страхавыя фонды, што захоўваюцца ў пазабюджэтных страхавых фондах (ствараюцца ўрадам). Гэтыя сродкі не падлягаюць выняццю, не абкладаюцца падаткамі і не могуць быць выкарыстаны на інш. мэты.
Абавязковаму дзярж. С.с. падлягаюць асобы, якія працуюць на аснове прац. дагавораў і членства ў кааператывах, прадпрыемствах і т-вах калект. форм уласнасці. Пры ўмове платы страхавых узносаў дзярж. С.с. пашыраецца на прадпрымальнікаў, работнікаў, якія працуюць на падрадзе, членаў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, творчых работнікаў, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што працуюць у краіне. Выпадкі, пры якіх застрахаваныя грамадзяне маюць права на дзярж. С.с.: хвароба і часовая непрацаздольнасць, уключаючы цяжарнасць і роды; нараджэнне дзіцяці і догляд яго да 3 гадоў; дасягненне пенсіённага ўзросту; страта карміцеля; страта работы (беспрацоўе); вытв. траўмы і прафес. захворванні; смерць застрахаванага або члена яго сям’і. Наймальнікі маюць права за кошт уласных сродкаў ажыццяўляць дадатковае С.с. сваіх работнікаў. Грамадзяне могуць заключаць дагаворы на добраахвотнае С.с. Добраахвотнае і дадатковае С.с. можа ажыццяўляцца недзярж. страхавымі арг-цыямі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гл.таксамаСацыяльнае забеспячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Я КРЫШТАЛЁЎ,
уласцівасць крышталёў заканамерна паўтараць аднолькавыя грані, рэбры, вяршыні або сумяшчацца з сабой пры паваротах вакол восі, у прамых і перавернутых адлюстраваннях, паралельных пераносах і інш.; аснова класіфікацыі крышталёў. Сіметрыя знешняй формы (агранкі) крышталя залежыць ад сіметрыі яго атамнай будовы або крышталічнай рашоткі, якая абумоўлівае сіметрыю яго фіз. уласцівасцей. Форма крышталя і сіметрыя ўнутр. яго будовы вызначаюцца з дапамогай элементаў сіметрыі. Гал. элемент С.к. — паваротныя восі сіметрыі 1—4-га і 6-га парадкаў, плоскасць люстэркавага адлюстравання і цэнтр сіметрыі. Перавернутыя адлюстраванні вызначаюцца інверсійнымі восямі і цэнтрам сіметрыі. Інверсійныя восі маюць тыя ж парадкі, што і асн. восі. Парадак паваротнай восі сіметрыі паказвае, колькі разоў крышталь сумяшчаецца з сабой пры павароце на 360° (напр., куб — 4 разы, 6-гранная прызма — 6 разоў). Плоскасць сіметрыі падзяляе крышталь на 2 палавіны, якія люстэркава адлюстроўваюцца. Восі і плоскасць праходзяць праз цэнтр сіметрыі, што ўяўляе сабой пункт унутры фігуры, адносна якога ўсе супрацьлеглыя падобныя элементы крышталя знаходзяцца на аднолькавай адлегласці. Існуюць таксама элементы С.к.: плоскасць слізготнага люстэркавага адлюстравання (камбінацыя адлюстравання ў плоскасці з адначасовай трансляцыяй) і вінтавая вось (сумяшчае паварот і трансляцыю ўздоўж восі павароту, мае 2-і—4-ы і 6-ы парадкі). Пэўная сукупнасць элементаў сіметрыі ў адным крышталі вызначае від (групу, клас) сіметрыі. Вядомы 32 віды размяшчэння элементаў сіметрыі ў трохмернай прасторы, вызначаныя ням. мінералогам І.Геселем (1830), у больш строгай матэм. форме — рус. вучоным А.В.Гадаліным (1867). Віды сіметрыі групуюцца ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій). Найб. сіметрычны від С.к. кожнай сінганіі наз. галаэдрычным. Крышталі аднаго мінералу маюць адзін від сіметрыі і пастаянны вугал паміж дзвюма адпаведнымі гранямі. С.к. вывучае крышталяграфія. З дапамогай С.к. вызначаюць мінералы і іх уласцівасці.
Літ.:
Современная кристаллография. Т. 1. Вайнштейн Б.К. Симметрия кристаллов. Методы структурной кристаллографии. М., 1979;
Егоров-Тисменко Ю.К., Литвинская Г.П., Загальская Ю.Г. Кристаллография. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАХІ́МІЯ (ад стэрэа... + хімія),
раздзел хіміі, які даследуе фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў у сувязі з прасторавай будовай хім. часціц, з якіх яны складаюцца. Найважн. задача С. — атрыманне індывід. стэрэаізамераў, вызначэнне іх прасторавай будовы і вывучэнне ўласцівасцей. Прасторавая будова малекул істотна ўплывае на біял. актыўнасць рэчываў (напр., вызначае фармакалагічнае дзеянне шэрагу лек. прэпаратаў), таму важнае практычнае значэнне мае атрыманне энантыямерна чыстых злучэнняў, што з’яўляецца асн. задачай спец. раздзела С. — стэрэаселектыўнага сінтэзу.
Фундаментальнымі ў С. з яўляюцца паняцці канфігурацыі (гл. Канфігурацыя ў хіміі) і канфармацыі, якія поўнасцю апісваюць прасторавую будову хім. часціц. Канфігурацыя паказвае пэўнае прасторавае размяшчэнне атамаў адносна элементаў упарадкаванасці (цэнтраў, восей або плоскасцей). Канфармацыі характарызуюць любыя формы існавання часціцы пэўнай будовы і канфігурацыі, якія дасягаюцца без парушэння яе цэласнасці. Канфармацыі малекул вывучае адзін з асн. раздзелаў С. — канфармацыйны аналіз. С. непасрэдна звязана са стэрэаізамерыяй, ці прасторавай ізамерыяй, якая заключаецца ў розным прасторавым размяшчэнні некат. структурных фрагментаў адпаведных ізамераў пры поўнай ідэнтычнасці саставу і паслядоўнасці злучэння іх атамаў. Стэрэаізамеры, якім уласціва хіральнасць (такія ізамеры адносяцца адзін да аднаго як аб’ект і несумяшчальны з ім яго адбітак у ідэальна плоскім люстэрку) наз. аптычнымі антыподамі ці энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), усе астатнія стэрэамеры наз. дыястэрэамерамі. Гісторыя С. пачалася ў 1815 з адкрыцця франц. фізікам Ж.Б.Біо аптычнай актыўнасці шэрагу арган. злучэнняў у растворах. Станаўленне С. звязана з працамі Л.Пастэра, Я.Вант-Гофа (гл. Я.Х.Гоф вант), Ж.А.Ле Беля, А.Вернера, К.Інгалда, У.Прэлага і інш. Значны ўклад у развіццё С. зрабілі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Д.Х.Р.Бартан, Дж.У.Корнфарт, О.Хасель, японскі хімік Р.Наёры, амер. вучоныя У.Ноўлс і Б.Шарплес. Гл.таксама Арганічная хімія.
Літ.:
Ногради М. Стереохимия: Основные понятия и приложения: Пер. с англ.М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ФНАЯ СЕ́ТКА,
шкала, якая ў форме тарыфных каэфіцыентаў вызначае суадносіны тарыфных ставак работнікаў розных разрадаў; адзін з асн. элементаў тарыфнай сістэмы. З яе дапамогай робіцца дыферэнцыяцыя і рэгуляванне асн. часткі заработнай платы розных прафес.-кваліфікацыйных груп работнікаў у залежнасці ад значэння галіны эканомікі, складанасці, зместу і спецыфікі працы у рабочых, спецыялістаў, кіраўнікоў, агульных умоў працы. Складаецца з тарыфных разрадаў і тарыфных каэфіцыентаў, якія ім адпавядаюць.
На Беларусі колькасць разрадаў і міжразрадныя суадносіны тарыфных каэф. з часу ўвядзення «Адзінай тарыфнай сеткі Рэспублікі Беларусь» (студз. 1992) мяняліся некалькі разоў у залежнасці ад тарыфных ставак 1-га разраду, атаксама ў сувязі з інфляцыяй і фін. магчымасцямі дзяржавы. На 1.1.2002 існуе 27-разрадная сетка з суадносінамі паміж крайнімі разрадамі 1 : 7,84. Рабочыя ўсіх галін эканомікі размеркаваны з 1-га па 8-ы разрад уключна. Некаторыя прафесіі рабочых (грузчыкі, вадзіцелі, ліфцёры і інш.) у тарыфна-кваліфікацыйны даведнік не ўнесены і ім устаноўлены месячныя аклады. У катэгорыі служачых вылучаны наст. групы: тэхн. выканаўцы (з 5-га па 10-ы разрад), спецыялісты ўсіх галін эканомікі (з 10-га па 15-ы разрад), кіраўнікі падраздзяленняў (з 14-га па 23-і разрад), кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў (з 16-га па 23-і разрад) і інш. У бюджэтнай сферы з 8-га па 21-ы разрад размеркаваны работнікі культуры, уключаючы кіраўнікоў, з 13-га па 17-ы — урачы, з 17-га па 23-і — кіраўнікі мед. устаноў, з 16-га па 21-ы — навук. супрацоўнікі, з 22-га па 27-ы — кіраўнікі ВНУ. У залежнасці ад умоў працы, меры адказнасці і інш. да тарыфных ставак рабочых адпаведных разрадаў ужываецца каэф. павышэння ставак (напр., у рабочых, якія працуюць у шахтах, на буд-ве метрапалітэна ён складае 1,9).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫКА́ТАЖНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці бялізнавага і верхняга трыкатажу, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, пальчатак, галаўных убораў, шаляў, трыкат. палатна, атаксама вырабаў мед. прызначэння. У якасці сыравіны ў Т.п. выкарыстоўваецца шарсцяная, баваўняная пража, штучны і сінт. шоўк і інш.
Выраб трыкат. адзення пачаў развівацца ў Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., у Расіі — у канцы 19 ст. На Беларусі першая трыкат.ф-ка пачала працаваць у 1919 у Віцебску. У 1926 засн. невял. трыкат. майстэрня ў Гомелі, якая ў 1930 рэканструявана і расшырана ў панчошна-трыкат. ф-ку (гл.Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), У 1929—31 пабудавана Віцебская панчошна-трыкат.ф-ка (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ»), У 1940 у БССР выпускалася 81 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 17,4 млн. штук трыкат. бялізны, 1,2 млн. штук верхняга трыкатажу (адпаведна 16,7, 14 і 2,4% агульнасаюзнай іх вытв-сці). Пасля Вял.Айч. вайны на новай тэхн. аснове адноўлены даваен. і пабудаваны новыя спецыялізаваныя прадпрыемствы Т.п.
У 2001 на Беларусі больш за 60 прадпрыемстваў Т.п. Найбуйнейшыя з іх: Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе» (гл.Пінскі камбінат верхняга трыкатажу), «Світанак» у Жодзіне, «Бабруйсктрыкатаж», «Купалінка» ў Салігорску і інш. У 2000 экспартавана трыкат. вырабаў на 72,9 млн. долараў, у т. л. ў краіны далёкага замежжа (Італія, Германія, ЗША, Вялікабрытанія і інш.) — на 38,5 млн. долараў. Даныя пра вытв-сцьтрыкат. вырабаў на Беларусі гл. ў табліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭО́РЫЯ (ад грэч. theoria назіранне, даследаванне),
комплекс ведаў, ідэй, уяўленняў, накіраваных на тлумачэнне пэўных з’яў; форма арганізацыі навуковых ведаў, якая дае цэласнае ўяўленне пра заканамернасці і істотныя сувязі пэўнай сферы рэчаіснасці. Пач. ўяўленні пра пабудову тэарэт. ведаў склаліся яшчэ ў антычнасці (Арыстоцель); у 3 ст. да н.э. з’явілася першая дэдуктыўная тэарэт. сістэма («Асновы» Эўкліда). З развіццём эксперым.навукі ў 16—18 ст. адбываецца пашырэнне тэарэт. ведаў пра цеплату, магнетызм, электрычнасць і інш.Спец. даследаванне Т. як формы ведаў пачалося з 18 ст. (І.Кант і інш.) і актуалізавалася ў 19—20 ст. у сувязі з патрэбнасцю ў інтэнсіўным развіцці навукі і з’яўленнем адпаведных логіка-матэм. сродкаў аналізу Т. У структуры Т. вылучаюць шэраг кампанентаў: зыходную эмпірычную аснову, якая ахоплівае комплекс эмпірычных фактаў адпаведнай галіны ведаў; зыходную тэарэт. аснову, якую ўтварае мноства дапушчэнняў, пастулатаў, аксіём, законаў адпаведнай Т.; логіку Т. (правілы лагічных вывадаў і доказаў); сукупнасць выведзеных у межах адпаведнай Т. высноў, тэарэм, сцвярджэнняў і іх доказаў. У залежнасці ад спосабу пабудовы зыходнай тэарэт. асновы адрозніваюць Т. «закрытыя», якія маюць абмежаваную колькасць зыходных пасылак і ўключаюць толькі тыя сцвярджэнні, якія могуць быць лагічна выведзены з гэтых пасылак (дэдуктыўныя Т.), і «адкрытыя», у якіх колькасць зыходных пасылак не абмяжоўваецца. Паводле прыналежнасці да пэўнай галіны ведаў вылучаюць фіз., хім., генет., эканам., сацыялагічныя і інш. Т. Паводле характару задач, якія вырашаюцца Т., адрозніваюць Т. тлумачальныя і апісальныя, накіраваныя найперш на ўпарадкаванне і генералізацыю эмпірычнага матэрыялу. З улікам ступені фармалізацыі вылучаюць таксама матэматызаваныя Т., у якіх выкарыстоўваюцца ідэальныя аб’екты, што змяшчаюць і рэпрэзентуюць рэальныя працэсы.
Літ.:
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Овчинников Н.Ф. Принципы теоретизации знания. М., 1996;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Резник Ю.М. Введение в социальную теорию. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НА-У́ГРЫ,
група плямён, якія належалі да фіна-угорскай моўнай сям’і. Засялялі лясную зону Усх. Еўропы і Зауралля, бас. верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. У выніку распаду іх агульнасці ў фіна-пермскі перыяд вылучыліся угры (продкі венграў, хантаў і мансі). Пазней ад паволжскіх фінаў аддзяліліся продкі прыбалтыйска-фінскіх плямён, якія рассяляліся на З. Ёсць падставы меркаваць, што яны звязаны з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культурай. Рассяленне Ф.-у. на вял. абшарах і суседства з плямёнамі інш. моўных груп прывяло да іх дыферэнцыяцыі. Фарміраванне фіна-волжскай (продкі мардвы і марыйцаў) і пермскай (продкі комі, комі-пермякоў і удмуртаў) агульнасцяў адносіцца да ранняга жал. веку. Прыбалтыйска-фінская этнамоўная агульнасць сфарміравалася на той тэр. фіна-угорскага арэала, дзе мела месца ўзаемадзеянне балцкіх і фінскіх культ. кампанентаў. Большасць лінгвістаў падзяляе прыбалтыйскіх фінаў на заходнюю (продкі ліваў, паўн.эстаў, емі) і ўсходнюю (продкі паўд. эстаў, водзі, карэлы, весі, чудзі завалоцкай) групы, што адпаведна звязана з 1-й і 2-й хвалямі міграцыі з У. На Беларусі зафіксаваны шматлікія сляды ўплыву Ф.-у. З фіна-угорскім субстратам у значнай ступені звязана гідранімія бас.р.Зах. Дзвіна. Канцэнтрацыя такіх гідронімаў назіраецца ў паўд.-ўсх. і паўд. частках Бел. Падзвіння. На шматлікіх гарадзішчах Пн Беларусі выяўлена тэкстыльная кераміка і рэчы фіна-угорскага паходжання. Асаблівасці раннесярэдневяковых старажытнасцей тыпу Банцараўшчыны ў заходнядзвінскім рэгіёне звязаны з уплывам фіна-угорскіх культурных кампанентаў. На сярэдневяковых паселішчах Маскавічы, Пруднікі, курганных могільніках Заборныя Гумны (Браслаўскі р-н), Баркі, Янкавічы (Расонскі р-н), атаксама ў гарадах Полацк, Віцебск, Браслаў, Лукомль выяўлена шмат рэчаў, якія сведчаць пра фіна-угорскі ўплыў.
Літ.:
Седов В.В. Прибалтийские финны // Финны в Европе, VI—XV вв.: Прибалтийско-финские народы: Ист.-археол. исслед. М., 1990. Вып. 1;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;
Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985.