аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс.чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).
У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют.рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і Зартыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ КІТА́Я (КПК),
палітычная партыя левага кірунку ў Кітаі, найбуйнейшая ў свеце. Засн. ў ліп. 1921 на 1-м устаноўчым з’ездзе ў Шанхаі пры садзеянні Камуністычнага Інтэрнацыянала ва ўмовах уздыму нац.-рэв. руху і пашырэння ідэй марксізму-ленінізму ў Кітаі. Склалася на аснове марксісцкіх гурткоў Пекіна, Шанхая, Гуанчжоў і інш. (60 чал.) і эмігранцкай групы з Токіо. Заснавальнікі — Лі Дачжао, Мао Цзэдун і інш. 1-ы з’езд абвясціў канчатковай мэтай партыі пабудову ў Кітаі сацыялізму. 2-і з’езд (1922) вызначыў найбліжэйшай задачай партыі ажыццявіць дэмакр. рэвалюцыю. У 1923—27 супрацоўнічала з партыяй Гаміньдан, удзельнічала ў рэвалюцыі 1925—27. Пасля захопу ўлады Чан Кайшы і інш. правымі лідэрамі Гаміньдана (крас.—ліп. 1927) КПК, якой з 1935 кіраваў Мао Цзэдун, абапіраючыся на свае ўзбр. сілы (Чырв. армію, з 1946 Нар.-вызв. армію Кітая), вяла вайну з гаміньданаўскім рэжымам і адначасова ў 1937—45 сумесную з Гаміньданам вайну супраць яп. войск, якія акупіравалі ч. краіны. У выніку перамогі над Гаміньданам у грамадз. вайне 1946—49 прыйшла да ўлады (1949) і стала кіруючай партыяй. З сярэдзіны 1950-х г. у КПК сапернічалі радыкальная (лідэр Мао Цзэдун) і прагматычная (лідэр Дэн Сяапін) фракцыі, выявіліся рознагалоссі з КПСС. Мао Цзэдун ініцыіраваў у 1958 «вял. скачок», у 1966 — «культ. рэвалюцыю», якія прывялі краіну да стану цяжкага крызісу. Пасля яго смерці (1976) у кіраўніцтва КПК прыйшлі прагматыкі на чале з Дэн Сяапінам, якія правялі шэраг рэформ, скіраваных на рынкавыя пераўтварэнні ў эканоміцы краіны. Пасля распаду сусв.сацыяліст. сістэмы (канец 1980-х — пач. 1990-х г.) КПК не адмовілася ад манаполіі на паліт. ўладу, але абмежавала свой удзел у кіраванні эканомікай. Яна працягвае прытрымлівацца асн. ідэй марксізму-ленінізму і Мао Цзэдуна (гл.Мааізм). Налічвае больш за 58 млн.чл. (1997). Вышэйшы орган — з’езд (15-ы з’езд адбыўся ў вер. 1997), паміж з’ездамі партыяй кіруюць ЦК, яго Палітбюро, Пастаянны к-т, Сакратарыят, Цэнтр. камісія па праверцы дысцыпліны і Ваен. савет ЦК. Ген. сакратар ЦК з чэрв. 1989 Цзян Цзэмінь. Друкаваныя органы ЦК — газ. «Жэньмінь жыбао» («Народная газета») і час. «Хунцы» («Чырвоны сцяг»), Разам з дэмакр. партыямі і грамадскімі арг-цыямі КПК утварае Нар.паліт. кансультатыўны савет Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,
частка тэр.Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр.б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).
Літ.:
Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ФОНАДАКУМЕ́НТАЎу Маскве.
Засн. ў 1932 як Цэнтр. архіў гуказапісаў, з 1934 у складзе Цэнтр. фотафонакінаархіва СССР (з 1941 Цэнтр.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР), у 1967 вылучаны як Цэнтр.дзярж. архіў гуказапісаў СССР, з 1992 сучасная назва. Зберагае маст. і дакумент. гукавыя запісы з 1898 да нашага часу. 92 фонды, 184 304 адзінкі захоўвання, у т. л. 591 васковы валік, больш за 130 тыс. грампласцінак, 1400 матрыц грампласцінак, 1100 тонфільмаў, 26 тыс. магнітных стужак, шарынафоны, лазерныя кампакт-дыскі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Дзяржтэлерадыё СССР, Усерас.дзярж. тэлерадыёкампанія «Астанкіна», кампанія «Радыё Расіі», арг-цыі па вытв-сці гуказапісаў (фірмы «Мелодыя», «Рускі дыск» і інш.) і кінапрадукцыі (Цэнтр. студыя навук.-папулярных фільмаў, Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў і інш.), дамы творчых работнікаў, грамадскія і рэліг. арг-цыі, культ.-асв. ўстановы, тэатры і інш.Асн. частка архіўных збораў — маст. запісы муз. і літ.-драм. твораў. Зберагаюцца гуказапісы ўспамінаў членаў «Народнай волі», удзельнікаў рэвалюцыі 1905—07, Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны; фанаграмы XX—XXVIII з’ездаў КПСС, Пленумаў ЦККПСС, XI—XXII з’ездаў ВЛКСМ, з’ездаў прафсаюзаў СССР. Значная колькасць фонадакументаў прысвечана Вял.Айч. вайне, у іх ліку ваен. рэпартажы, «гукавыя лісты» на фронт і інш. Захаваліся запісы 1941—42, дзе паведамляецца пра баявыя дзеянні бел. партызан. Партыз. рух асвятляецца ва ўспамінах У.Е.Лабанка (1965), А.Ф.Фёдарава (1965, 1968, 1975), П.К.Панамарэнкі (1975) і інш. Зберагаюцца фанаграма ўрачыстасцей у сувязі з уручэннем Брэсцкай крэпасці ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (1965), успаміны абаронцаў крэпасці (1956, 1965), фанаграма тэлеперадачы, прысвечанай 25-годдзю абароны Магілёва (1966), успаміны П.І.Батава (1972) і А.В.Гарбатава (1973) пра аперацыю «Баграціён» і вызваленне Беларусі, фанаграмы вечарын, прысвечаных вядомым военачальнікам. Ёсць фанаграма ўрачыстага пасяджэння, прысвечанага 50-годдзю БССР і КПБ (1968). Развіццё культуры асвятляецца ў фанаграмах і запісах асобных выступленняў на з’ездах пісьменнікаў СССР (у т. л. Я.Коласа на 1-м з’ездзе ў 1934), мастакоў, кампазітараў, архітэктараў, кінематаграфістаў, настаўнікаў і інш. Зберагаюцца запісы чытання пісьменнікамі сваіх твораў, выступленні вядомых вучоных, фанаграмы сесій і гадавых сходаў АНСССР і інш.
Літ.:
Центральный государственный архив звукозаписей СССР Очерк-путеводитель. М., 1991;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 187—190.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац industria стараннасць, дзейнасць),
працэс стварэння буйной машыннай вытв-сці, у першую чаргу ў прамысловасці. Перадумовы І. складваліся ў перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу (ахапіла краіны Зах. Еўропы ў 16—18 ст., Расію ў 17—19 ст.). Гэты працэс прывёў да экспрапрыяцыі многіх сялян і фарміравання вольнай прац. сілы. Аднак рэальныя ўмовы для разгортвання І. склаліся ў працэсе індустр.рэвалюцыі (прамысл. перавароту), якая адбывалася ў апошняй трэці 17 ст. — 1-й чвэрці 19 ст. першапачаткова ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы і ў ЗША. Прамысл. пераварот меў сваім вынікам стварэнне прам-сці фабрычна-заводскага тыпу, якая паступова выцясняла дробную таварную вытв-сць і мануфактуру. Гэта прывяло да ўзнікнення новага тыпу цывілізацыі — індустрыяльнага грамадства, якое прыйшло на змену агр.-рамеснай цывілізацыі. Сімвалам і гал. рухальнай сілай гэтага грамадства стала фабрыка, потым — прамысл. карпарацыя. Узніклі вольнае прадпрымальніцтва, нуклеарная сям’я, нац. дзяржава, рэпрэзентатыўны ўрад, пачала пашырацца адукацыя, інстытутыялізавалася навука. І. капіталіст. тыпу ахоплівае працяглы перыяд і найчасцей пачынаецца з лёгкай прам-сці, якая патрабуе менш капіталаўкладанняў, а абарачальнасць капіталу адбываецца больш хуткімі тэмпамі, у выніку чаго хутчэй і ў большай масе ствараецца прыбытак. Тэрміны і тэмпы ажыццяўлення І. ў розных краінах неаднолькавыя. Толькі ў Вялікабрытаніі прамысл. рэвалюцыя і І. супалі ў часе. Менавіта таму яна ўжо да сярэдзіны 19 ст. ператварылася ў індустр. развітую краіну («фабрыку свету»), якая забяспечвала прамысл. таварамі інш. краіны. У Германіі, Францыі, ЗША і інш. краінах І. зацягнулася на многія дзесяцігоддзі. Германія ператварылася ў індустр.-агр. краіну толькі ў канцы 19 ст., Францыя — у пач. 20 ст. У Расіі І. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., але так і не завяршылася да 1-й сусв. вайны і Кастр.рэвалюцыі 1917.
І. ў межах Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, свой завяршальны этап рэалізавала ўжо ва ўмовах сав. улады. Гэты этап праводзіўся з сярэдзіны 1920-х г., пасля таго як XIV з’езд КПСС (1925) абвясціў курс на І. краіны ў якасці ген. лініі эканам. развіцця. У той час Беларусь характарызавалася нізкім узроўнем вытв-сці. Яна мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У 1926 дробныя саматужнікі выпускалі больш за 41% прадукцыі ўсёй прам-сці, а рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых Беларусі. Тут пераважалі дрэваапр., вытворч. і лёгкая галіна прам-сці, што вымагала больш інтэнсіўнага індустр. развіцця, чым у краіне ў цэлым. Сума бюджэтных укладанняў у разліку на душу насельніцтва ў нар. гаспадарку Беларусі ў 1928—32 павялічылася ў 2,8 разы, а ў Расіі — у 1,2 разы. Асн. сродкі накіроўваліся ў той час у паліўную, дрэваапр., папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо іх развіццё патрабавала менш выдаткаў і часу. У 1932 на долю групы «Б» прыпадала больш за 65% усёй прамысл. прадукцыі, якая выраблялася на Беларусі. Паступова павялічваліся капіталаўкладанні ў развіццё энергет., машынабудаўнічай, станкабудаўнічай прам-сці і на вытв-сць будматэрыялаў. За першыя 2 гады 1-й пяцігодкі замест запланаванага павелічэння аб’ёмаў вытв-сці прамысл. прадукцыі на 87,8%, фактычны прырост склаў 149,3%. Выпуск прамысл. прадукцыі ў 1932 павялічыўся ў параўнанні з 1928 у 2,7 разы. За гады 1-й пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 538 новых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных. Хутка расла колькасць рабочага класа: у пачатку пяцігодкі на адно буйное прадпрыемства рэспублікі прыпадала 250 рабочых, а праз 2 гады — 870. Фарміраваліся новыя рабочыя прафесіі — металісты, машынабудаўнікі, тэкстыльшчыкі, хімікі. Хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць інжынераў, тэхнікаў, інш. спецыялістаў.
Гэтыя дасягненні з’явіліся вынікам не толькі добрасумленнай і самаахвярнай працы бел. народа, але і значных страт. За гады пяцігодкі рэзка абвастрылася праблема накапленняў. Не абумоўленая аб’ектыўнымі патрэбнасцямі сац.-эканам. развіцця калектывізацыя знізіла вытв-сцьс.-г. прадукцыі, у выніку значна пагоршыўся жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва, з’явіліся карткі на харч. тавары. Негатыўны ўплыў адм.-каманднай сістэмы кіравання, распачатыя рэпрэсіі прывялі ў рэшце рэшт да запавольвання тэмпаў індустр. развіцця. У выніку гэтага за гады 2-й пяцігодкі (1933—37) аб’ём прамысл. вытв-сці ў Беларусі вырас у 1,9 разы, што ніжэй не толькі ад запланаванага (у 3,8 разы), але і агульнасаюзнага (2,2 разы). Такія паказчыкі індустр. развіцця адмоўна адбіваліся на жыццёвым узроўні насельніцтва. Пакупная здольнасць рубля ў 1932 у параўнанні з 1928 знізілася на 60%, а індэкс рознічных цэн у 1940 перавысіў узровень 1928 у 6,3 разы. Рэальная зарплата рабочых дасягнула ўзроўню 1928 толькі ў 1940. Такім чынам, завяршальны этап І. ў Беларусі, як і ў цэлым у Сав. Саюзе, быў вельмі супярэчлівым: вялікія здабыткі самаахвярнай напружанай працы народа суправаджаліся шматлікімі стратамі і неабгрунтаванымі ахвярамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭІ́ЗМ (франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),
сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.Расел, Л.Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах, Ж.Ламетры, а таксама Л.Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.Маркса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.
На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.Бекеш, С.Лован, К.Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.Будны, В.Цяпінскі, Я.Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Пасля Кастр.рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.
Літ.:
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;
Основы религиоведения. М., 1994;
Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНДАРМЕ́РЫЯ (франц. gendarmerie ад gens d’armes узброеныя людзі),
палітычная паліцыя. Як інстытут паліт. паліцыі ўпершыню ўведзена ў Францыі (1791). У Расіі ў 1792—1817 (з перапынкамі) існавала ў якасці ваен. паліцыі пры рас. арміі. З лютага 1817 набыла самаст. характар. У Пецярбургу і Маскве былі створаны жандарскія дывізіёны, а ва ўсіх губернскіх гарадах конныя жандарскія каманды. Пасля паўстання дзекабрыстаў Ж. стала сродкам барацьбы з рэв. рухам. У 1826 у Расіі існавала 59 розных па прызначэнні жандарскіх часцей і падраздзяленняў. У 1827 Ж. аб’яднана ў корпус жандараў (у 1837—67 і 1875—1917 — асобны корпус) і падпарадкавана кіраўніку Трэцяга аддзялення ў складзе імператарскай канцылярыі, які з 1839 стаў таксама начальнікам штаба корпуса Ж. У 1867 праведзена рэформа і прынята Палажэнне аб корпусе Ж., якое з нязначнымі зменамі дзейнічала да лют. 1917. Корпус Ж. ахопліваў усю імперыю і выконваў абавязкі паліт., коннай гарадской і ваен. паліцыі. Жандарскія падраздзяленні неслі абавязкі па выяўленні і расследаванні дзярж. злачынстваў, нагляду за турмамі і паліт. вязнямі, падтрыманні парадку на чыгунцы. Ж. мела права весці вышук, тайнае назіранне, рабіць вобыскі і інш. У 1880 пасля скасавання Трэцяга аддзялення Ж. ўвайшла ў падпарадкаванне Мін-ваўнутр. спраў. У 1882 створана пасада камандзіра Асобнага корпуса Ж. Ім стаў нам. міністра ўнутр. спраў, які курыраваў дэпартамент паліцыі. Бел. губернскія жандарскія ўпраўленні (Віленскае, Гродзенскае, Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае) уваходзілі ў склад 4-й (Віленскай) жандарскай акругі. У губернскіх гарадах існавалі ўпраўленні жандарскіх штаб-афіцэраў. У буйных нас. пунктах губерняў размяшчаліся жандарскія каманды. У 1885 у 5 бел. губернях былі 24 павятовыя ўпраўленні (па 4 у Віленскай і Мінскай губ., па 5 у Гродзенскай і Магілёўскай, 6 у Віцебскай губ.), у якія ўваходзілі 24 обер- і 263 унтэр-афіцэры. У кожным губ. горадзе было гар. ўпраўленне з адпаведным штатам чыноў, пры Віленскім гар. упраўленні існавала конная каманда. На чыгунках, якія праходзілі праз тэр. Беларусі і Літвы, для падтрымкі грамадскага парадку дзейнічалі Віленскае і Мінскае чыг. жандарскія ўпраўленні. Жандарскія падраздзяленні на тэр. Беларусі прымалі ўдзел у падаўленні паўстання 1863—64, у выкрыцці рэв. гурткоў, дзеячаў рэв. руху. Ж. ліквідавана пасля Лют.рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983;
Курлов П.Г. Гибель императорской России. М., 1992;
Новицкий В.Д. Из воспоминаний жандарма. М., 1991;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗВЯЗДА́»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Заснавальнікі — Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нац. сходу і СМ Рэспублікі Беларусь. Першы нумар выйшаў 27.7(9.8).1917 у Мінску на рус. мове, з 1925 матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах, са жн. 1927 — на бел. мове. Спачатку выдавалася як орган Мінскага, з кастр. 1917 — Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б). Арганізатары і першыя рэдактары В.Г.Кнорын, К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, В.В.Фамін, М.В.Фрунзе. Двойчы забаранялася Часовым урадам, але выходзіла пад назвамі: з 15(28).9.1917 «Молот», з 8(21).10.1917 «Буревестник», з 1(14).11.1917 пад назвай «Звезда». Рэзка крытыкавала пазіцыі Часовага ўрада, прапагандавала праграму РСДРП(б), змяшчала матэрыялы з’ездаў і канферэнцый бальшавікоў. Пасля Кастр.рэвалюцыі 1917 асн.ідэалаг. і прапагандысцкі орган бальшавіцкай партыі. У сувязі з акупацыяй Беларусі германскімі войскамі з лют. 1918 выдавалася ў Смаленску як газета Паўн.-Зах.абл. і Смаленскага губ. к-таў РКП(б). Са снеж. 1918 зноў пачала выходзіць у Мінску. 3 сак. 1919 орган ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, 1—19.4.1919 выходзіла ў Вільні, з 1.5 да 8.8.1919 — зноў у Мінску. У час польскай акупацыі Беларусі з восені 1919 выдавалася ў Смаленску, штотыднёвік, з 8.8.1920 — у Мінску. У 1920—30-я г.асн. ўвагу аддавала дзейнасці камуніст. партыі, асвятляла пытанні калектывізацыі, індустрыялізацыі, культ.буд-ва. У пач.Вял.Айч. вайны ў выніку акупацыі Мінска выдавалася ў Магілёве, Гомелі (да 13.8.1941). У маі—вер. 1942 выдавалася нелегальна як орган Мінскага падп.к-таКП(б)Б (выйшлі 4 нумары); з 27.1.1943 да 1.7.1944 выдавалася ў зоне дыслакацыі партыз. злучэнняў на Міншчыне як орган ЦККП(б)Б і Мінскага абкома КП(б)Б (выйшлі 93 нумары). З 10.7.1944 выдаецца ў Мінску, да жніўня 1991 орган ЦККПБ, Вярх. Савета і СМБССР. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Змяшчае заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па праблемах маралі, права, навукі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, навіны спорту. У 1993—94 выдавала дадатак «Чарнобыль», з 1995 — дадатак «Экалогія — чалавек».
Літ.:
Булацкий Г.В. Печать Белоруссии в период завершения социалистической реконструкции народного хозяйства республики (1933—1937). Мн., 1960;
Дастанка М.Е. Газета «Звязда» ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 — май 1945 гг.). Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ (ад лац. intelligens разумны, дасведчаны),
сацыяльная група (слой) людзей, прафесійна занятых складанай творчай працай, развіццём і пашырэннем культуры. Тэрмін «І.» ўпершыню ўведзены ў 1860-я г.рус. пісьменнікам П.Дз.Бабарыкіным. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які гістарычна адбыўся яшчэ ва ўмовах рабаўладання, феадалізму і ўзмацняўся ў працэсе фарміравання і развіцця індустр. грамадства. На гэтай аснове павялічвалася і большала колькасць і роля І., якая вылучалася ў асобную групу (інжынеры, юрысты, урачы, работнікі культуры, навукі і інш.). На этапе навук.-тэхн. рэвалюцыі і пераходу да постіндустр. грамадства ўдзельная вага І. ў некат. галінах прам-сці склала 30—50% працуючых. Пашыраецца слой адм.-кіраўнічых работнікаў, работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. І. неаднародная па сваім сац. паходжанні, статусе і сац.-паліт. арыентацыі; выконвае функцыі тэарэт. асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, вытв. сіл, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных ін-таў. На Захадзе больш пашыраны тэрмін «інтэлектуальны», ён ужываецца і як сінонім І.
Фарміраванне нац. І. ў Беларусі адбывалася ў рэчышчы агульных заканамернасцей, хоць мела адметную спецыфіку, абумоўленую тым, што на працягу многіх стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў складзе іншых дзяржаў. Вытокі бел. І. ў глыбокай старажытнасці і звязаны з перыядам станаўлення Полацкага, Тураўскага, Пінскага і інш. княстваў Кіеўскай Русі. У эпоху ВКЛнац. І. была прадстаўлена нешматлікім сац. слоем паліт. дзеячаў, духавенства, вучоных, філосафаў, мастакоў, архітэктараў і інш. Аб’яднанне ВКЛ з Польшчай (1569) і стварэнне Рэчы Паспалітай прывяло да актыўнага фарміравання ў Беларусі польскамоўнай І. У 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі склаўся самаст.сац. слой І., якая развівала нац. л-ру, мастацтва, тэатр, актыўна ўдзельнічала ў грамадска-паліт. жыцці. У пач. 1920-х г. І. ў БССР складала каля 6 тыс.чал. (0,1% агульнай колькасці насельніцтва), у 1926—40 тыс.чал., у 1939—156 тыс.чал. Інтэнсіўна І. фарміравалася ў пасляваен. перыяд. У 1989 на 1 тыс.чал. ва ўзросце 15 гадоў і старэй прыпадала 108 чал. з вышэйшай і 494 чал. з незакончанай вышэйшай і сярэдняй (агульнай і спец.) адукацыяй. У 1996 з 4360,3 тыс.чал., занятых у эканоміцы Рэспублікі Беларусь, у сферах, звязаных з разумовай працай, было 1016,4 тыс.чал. (23,3%).
Літ.:
Социальное развитие советской интеллигенции М., 1986;
Вехи: Интеллигенция в России: Сб. ст., 1909—1910. М., 1991;
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.