«МІКІ́ТА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.
т. 10, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЯ́РЫІ,
лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia і інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАВІ́ЛЬШЧЫКАЎ (Пётр Аляксеевіч) (4.4.1760, Масква — 30.10.1812),
рускі акцёр і драматург. Скончыў Маскоўскі ун-т (1779). У 1779—93 акцёр Пецярбургскага т-ра (у 1787—93 інспектар трупы), потым на маскоўскай сцэне. Выступаў у трагедыях, бытавых камедыях і мяшчанскай драме: Ярб («Дыдона» Я.Княжніна), Эдып («Эдып у Афінах» У.Озерава), Праўдзін і Скацінін («Недаростак» Дз.Фанвізіна) і інш. Заклікаў да паказу ў мастацтве «трэцяга саслоўя» — мяшчанства, купецтва (праграмныя артыкулы ў час. «Зритель», 1792, разам з І.Крыловым). Аўтар камедый з сялянскага і купецкага побыту «Бабыль» (паст. 1790), «Сядзелец» (паст. 1803), трагедый «Рурык» (пад назвай «Усяслаў», паст. 1791), «Ярмак, пакарыцель Сібіры» (1803) і інш.
т. 12, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.
Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
зноў, прысл.
1. Яшчэ раз, другі раз; ізноў. Вясна, вясна Жаданая! Ты прыйдзеш зноў, Ты вернешся. Колас. Чалавек змаўкаў на хвіліну, потым зноў пачынаў сваё. Лынькоў.
2. Таксама; да таго ж, апрача таго. — У нас быў сёння жаночы сход... І ведаеш, што мы пастанавілі? Арганізаваць калгас... — Я ведаю, гэта зноў Зеленюкова работа. Зарэцкі. Уплаў — не пойдзеш: зноў Ліда з малой, зноў перашкода. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяздо́мнік, ‑а, м.
Разм. Бяздомны чалавек. [Ліда] яшчэ толькі-толькі распускаецца ў прыгожую кветку, з мілага нявіннага падлетка перараджаецца ў маладую дзяўчыну, якая потым на яго [Лабановіча], бяздомніка, можа, і глядзець не захоча. Колас. Крыху пазней яны [беларусы] належным чынам усвядомілі, што ж адбылося там, за Бугам. Яны — бяздомнікі і пасынкі ў чужой дзяржаве — зноў увайшлі ў сваю вялікую сям’ю, зноў далучыліся да Савецкай Радзімы... Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мудрэ́ц, ‑раца, м.
1. Мудры, разумны чалавек. Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [Паўлавай] памяці, а цяпер ён стаіць як бы збоку ад усяго і са спакоем мудраца аглядае жыццё. Колас.
2. Іран. Пра таго, хто хітруе. Дырэктар, слухаючы Косцю, усё больш ды больш хмурыўся і дыміў. Потым з ноткай расчаравання ў голасе прамовіў: — Так вы ўсё і вырашылі? Мудрацы-ы! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падключы́цца, ‑ключуся, ‑ключышся, ‑ключыцца; зак.
Далучыцца да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Клуб, як і ўсё сяло, асвятляўся электрычнасцю, — нядаўна заракітнянцы падключыліся да дзяржаўнай кальцавой высакавольтнай лініі. Краўчанка. // перан. Разм. Уключыцца ў работу, прыняць удзел у чым‑н. — Вядома, крыху шкодзілі немцам.. Сыпалі пясок у буквы, псавалі тармазы. Адзін раз развінцілі рэйкі, скінулі цягнік. Пачалі старыя рабочыя, потым моладзь падключылася. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмацу́нак, ‑нку, м.
Разм. Тое, што падмацоўвае сілы, надае бадзёрасці. Пасілкаваўшыся і расплаціўшыся за падмацунак, Андрэй павольна падыбаў у суд. Колас. [Піліп Антонавіч:] — Ты вось, кабеціна, наконт падмацунку паклапаціся, а то ж чалавек з дарогі, прагаладаўся, мусіць, а потым ужо разбяромся, чыя праўда. Ляўданскі. Гаспадыня ж за сталом нічога не гаварыла, але пасля снедання і абеду прыносіла нам у гумно падмацунак. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́кулле, ‑я, н.
1. зб. Кароткае грубае валакно, непрыгоднае для пражы, якое адходзіць пры апрацоўцы льну або канапель. Усе шчыліны заканапачаны пакуллем — ды так добра і гладка, што люба воку глянуць. Пестрак. Андрэй сунуў рукі ў вядро з нафтаю, патрымаў іх там крыху, потым пачаў выціраць пакуллем. Васілёнак.
2. Спец. Пучок пянькі або кудзелі для ўшчыльнення або заканапачвання чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)