КО́НУС (лац. conus ад грэч. kōnos), 1) у элементарнай геаметрыі — цела, створанае вярчэннем прамавугольнага трохвугольніка вакол аднаго з яго катэтаў. Аб’ём
, плошча бакавой паверхні S = πrl.
2) У аналітычнай геаметрыі — геам. месца прамых (утваральных), якія праходзяць праз зададзены пункт S (вяршыню) і перасякаюць зададзеную крывую (накіравальную). Калі накіравальная — акружнасць, а вяршыня артаганальна праектуецца ў яе цэнтр, тады атрымліваецца круглы ці прамы кругавы К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІсудна,
сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.
Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́Н МАГНІ́ТНЫЗямлі,
праекцыя сілавой лініі геамагнітнага поля на паверхню Зямлі (гл.Магнітнае поле Зямлі). М.м. — складаныя крывыя, якія сыходзяцца ў паўн. і паўд.магнітных полюсах Зямлі. Плоскасць М.м. — верт. плоскасць, што праходзіць праз месца назірання і мае ў гэтым пункце вектар напружанасці геамагнітнага поля. Вугал паміж плоскасцю М.м. (у ёй размяшчаецца стрэлка магнітнага компаса) і плоскасцю геагр. мерыдыяна (гл.Мерыдыян зямны) у дадзеным пункце зямной паверхніназ. магнітным схіленнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,
тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧА́ТКА,
буйнапамерная цэгла з падоўжнымі барознамі на паверхні, якія зроблены пальцамі майстра ці спец. інструментам. Вядома на Беларусі ў 13—18 ст., куды трапіла з Валыні (Украіна), таксама ў паўн.-ўсх. Германіі, Польшчы, Літве і некат. інш. раёнах Прыбалтыкі. Выраблялася розных памераў: для замкавага буд-ва таўшчынёй 8—10 см, у 2-й пал. 17 ст. існавала тонкая П. (4,5—6 см). На П. 14—16 см трапляюцца меткі і клеймы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕПТЫЗА́ЦЫЯ,
пераход у калоідны раствор асадку, што ўтвараецца ў дысперсных сістэмах пры каагуляцыі. Адбываецца пры павышэнні т-ры, выдаленні каагулянтаў прамываннем асадку, увядзенні ў дысперсійнае асяроддзе пептызатараў — паверхнева-актыўных рэчываў ці электралітаў, якія выклікаюць ліяфілізацыю паверхні часцінак дысперснай фазы (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Выкарыстоўваюць у хім. і харч. вытв-сцях для атрымання вадкіх сістэм з парашкоў і паст. У некаторых выпадках П. непажадана (напр., пры водаачыстцы, асвятленні віна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫВА ТЭКТАНІ́ЧНАЕ, шар’яж,
пакаты насоў мас горных парод у выніку тэктанічных рухаў на іншыя (часцей больш маладыя пароды) па субгарыз. або пакатахвалістай паверхні на вял. плошчы з перамяшчэннем у дзесяткі — некалькі соцень кіламетраў. Перамешчаныя масы наз.алахтон, а пароды, што залягаюць у аснове покрыва, — аўтахтон. Выступы аўтахтона сярод алахтона наз.тэктанічныя вокны, а астанцы алахтона сярод аўтахтона — кліпы. Характэрны для горных збудаванняў Альпаў, Скалістых гор, Карпат, Каўказа і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СТРАВЫЯ АПТЫ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
клас аптычных сістэм з вял. колькасцю дробных адтулін, лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш. элементаў, размешчаных на агульнай паверхні (гл.Растр).
Адрозніваюць рэгулярныя і нерэгулярныя Р.а.с. Рэгулярныя сістэмы бываюць лінейныя (растр з паралельных ліній), радыяльныя (элементы «разбягаюцца» прамянямі з агульнага цэнтра), кальцавыя (утвараюцца кальцавымі зонамі) і інш.Найб. пашыраны Р.а.с. з пастаянным перыядам чаргавання элементаў на агульнай плоскасці. Выкарыстоўваюцца ў паліграфіі, высокаскарасной кіназдымцы, аб’ёмнай фатаграфіі, рэнтгенаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА, Мілавіца,
другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн.км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙1024кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн.км, найб. 261 млн.км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.
Н.А.Ушакова.
Каляровыя тэлефотапанарамы паверхніВенеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],
шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн.геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш.Асн.геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл.Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.