КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).

Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст. н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт. літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).

А.​М.​Гардзей.

Да арт. Кітайскае пісьмо.

т. 8, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

размежаванне моў свету пры іх параўнальным вывучэнні па пэўных таксанамічных рубрыках у адпаведнасці з прынцыпамі, якія вынікаюць з агульнай мэты даследавання і на падставе пэўных адзнак. Існуюць 4 асн. віды К.м.: генеалагічная класіфікацыя моў, арэальная, тыпалагічная класіфікацыя моў і сацыялінгвістычная. Генеалагічная К.м. праводзіцца на аснове вывучэння роднасці моў параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. Арэальная К.м. улічвае прыкметы, звязаныя з моўнымі кантактамі і ўзаемаадносінамі паміж мовамі (гл. Арэальная лінгвістыка) ці дыялектамі (гл. Лінгвістычная геаграфія). Тыпалагічная К.м. заснавана на паняцці падабенства (фармальнага ці семантычнага) моў. Сацыялінгвістычная (функцыянальная) К.м. грунтуецца на вызначэнні аб’ёму і структуры камунікацыі на той ці інш. мове (гл. Функцыянальная лінгвістыка).

Генеалагічная К.м. мае абсалютны характар (кожная мова адносіцца да адной пэўнай генеалагічнай групы і не можа змяніць гэтай прыналежнасці). Сацыялінгвістычныя характарыстыкі моў з цягам часу мяняюцца. Тыпалагічная К.м. заўсёды адносная і гістарычна зменлівая з прычыны зменлівасці структуры мовы і яе тэарэт. асэнсавання. Арэальная К.м. характарызуецца большай або меншай устойлівасцю ў залежнасці ад абраных параметраў класіфікацыі Генеалагічнае падабенства з цягам часу сціраецца, арэальнае — у выпадку канвергентнага развіцця моў — можа ўзмацняцца. Для арэальнай класіфікацыі істотны тэр. паказчык, генеалагічная К.м. не залежыць ад лакалізацыі моў.

Пытанні К.м. актыўна распрацоўваюцца з пач. 19 ст. («Мітрыдат» ням. філолага І.​К.​Адэлунга, дзе ў сінкрэтычнай форме азначаны арэальная, генеалагічная і тыпалагічная К.м.). З сярэдзіны 20 ст. вывучаюцца тэарэт. прынцыпы розных відаў К.м.; даследуюцца праблемы арэальнай і тыпалагічнай К.м.

Літ.:

Теоретические основы классификации языков мира. [Ч. 1—2]. М., 1980—82;

Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1995;

гл. таксама пры арт. пра кожны від К.м.

А.​М.​Рудэнка.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КСВЕЛА ЎРАЎНЕ́ННІ,

асноўныя ўраўненні класічнай макраскапічнай электрадынамікі, што апісваюць эл.-магн. з’явы ў адвольных асяроддзях і вакууме. Выведзены ў канцы 1860-х г. Дж.К.Максвелам на падставе абагульнення эмпірычных законаў эл. і магн. з’яў.

М.ў. звязваюць напружанасць эл. поля E→, магн. індукцыю B→, эл. індукцыі D→ і напружанасць магн. поля H→ з характарыстыкамі крыніц эл. і магн. палёў: шчыльнасцю эл. зарадаў і шчыльнасцю току праводнасці j→. У дыферэнцыяльнай форме маюць выгляд: rotE→ = − ∂B→ ∂t (1), rotH→ = j→ + ∂D→ ∂t (2), divD→ = ρ (3), divB→ = 0 (4), дзе ∂D→ ∂t — шчыльнасць току зрушэння. М.ў. дапаўняюцца матэрыяльнымі ўраўненнямі: D→ = ε0 ε E→ , B→ = μ0 μ H→ , j→ = γ E→ , дзе ε0(μ0) — эл. (магн.) пастаянная, ε(μ) — адносная дыэлектрычная (магн.) пранікальнасць і γ — эл. праводнасць асяроддзя. М.ў. (1) выяўляе непарыўную сувязь паміж эл. і магн. палямі і выражае закон электрамагнітнай індукцыі, (2) паказвае, што крыніцай магн. поля з’яўляюцца токі праводнасці і токі зрушэння (гл. Поўнага току закон), (3) устанаўлівае, што крыніцай эл. поля з’яўляюцца эл. зарады (гл. Гаўса тэарэма), (4) паказвае на адсутнасць адасобленых крыніцы магн. поля (магн. зарадаў). М.ў. дазваляюць вызначыць асн. характарыстыкі эл.-магн. поля E→, D→, B→, H→ у кожным пункце прасторы і ў кожны момант часу, калі вядомыя Q, i, j→ як функцыі каардынат і часу. З М.ў. вынікае магчымасць існавання электрамагнітных хваль, якія распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. М.ў. адлюстроўваюць глыбокую сувязь эл. і магн. з’яў і з’яўляюцца тэарэтычнай асновай класічнай і квантавай электрадынамікі, фіз. оптыкі, тэорыі распаўсюджання эл.-магн. хваль і інш. раздзелаў электрамагнетызму.

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),

выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),

незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін ​1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.

Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы ν—e, ν—µ, ν—τ (звесткі аб ντ і ν—τ ускосныя і магчыма, што ντ ≡ ν—τ ). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна ν—e зарэгістравана амер. фізікамі Ф.​Райнесам і К.​Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл. Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.

Літ.:

Марков М.А. Нейтрино. М., 1964;

Понтекорво Б.М. Нейтрино. М., 1966;

Рекало М.П. Нейтрино. Киев, 1986.

С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фа́за

(гр. phasis = з’яўленне)

1) момант, асобная стадыя ў развіцці якой-н. з’явы або працэсу ў прыродзе ці грамадстве, у змене формы ці стану чаго-н. (напр. ф. цвіцення расліны, другая ф. месяца);

2) аднародная састаўная частка фізіка-хімічнай сістэмы, якая сваімі ўласцівасцямі адрозніваецца ад іншых яе частак і аддзелена ад іх паверхняй падзелу;

3) фіз. велічыня, якая характарызуе стан вагальнага працэсу ў кожны момант часу;

4) адзін з электрычных ланцугоў у мнагафазавай сістэме пераменнага току.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Omnes homines ad quaestum suum callent

Усе людзі ўмелыя/ведаюць толк у тым, што тычыцца іх выгады.

Все люди искусны/знают толк в том, что касается их выгоды.

бел. Гаспадаром стане тады, як свая вош укусіць. Усякаму сваё мілей. Кожны млын на сваё кола ваду цягне. Кожная сасна свайму бору песню пяе. Кожныя граблі да сябе грабуць.

рус. Каждый в свою нору тянет. И мышь в свою норку тащит корку. Всяк хлопочет, себе добра хочет. Всякий Демид себе норовит. Роман всё кладёт в свой карман. Всякая сосна своему бору шумит, каждый Никитка хлопочет о своих пожитках. Всяк на себя умён.

фр. Chacun veut avoir son compte (Каждый хочет иметь свой счёт).

англ. Every bird thinks its own nest best (Каждая птица считает своё гнездо лучшим).

нем. Jeder hat das Seine lieb (Каждому дорого своё).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

гадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечваць рост, развіццё каго‑н. Гадаваць дзяцей. // Разводзіць, вырошчваць (жывёлу, расліны). Гадаваць цяля. Гадаваць сад. // перан. Быць асновай развіцця, існавання чаго‑н. Цвітуць палі ў адзенні новым, Гадуюць новыя сады. Колас. З сонцам гадуе зямля вінаграды. Купала.

2. Адрошчваць (валасы, ногці і інш.). Гадаваць бараду.

3. перан. Абдумваць у дэталях, выношваць (думку, план і пад.). У кожнага мара свая залатая, Якую мы песцім, гадуем і любім. Панчанка. [Кляновіч] кожны дзень гадаваў у душы нешта такое, што ў плыні афіцыяльнай работы лічыў самым галоўным. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́казаць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што.

1. Падаць у звязнай і паслядоўнай форме свае думкі, выявіць пачуцці і пад. Выказаць праўду ў вочы. Выказаць згоду. □ Кожны хацеў першы выказаць сваю думку. Карпюк.

2. і з дадан. сказам. Выявіць, выкрыць тое, што павінна было ўтойвацца ад іншых. Ніводнай рысачкай Вера не выказала свайго хвалявання. Мікуліч. // каго. Разм. Выдаць; удаць. Жаўнеры лаюцца апошнімі словамі, пагражаюць бізуном.., каб.. [ляснік] выказаў.. паўстанцаў. Чарот.

3. Перадаць словамі свае адносіны да каго‑, чаго‑н. Выказаць падзяку. Выказаць спачуванне. □ — Я слоў не знаходжу, каб выказаць жаль і вострую горыч [с]траты. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маста́к, ‑а, м.

1. Творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва (жывапісец, графік, скульптар). Мастак-дэкаратар. Мастак-карыкатурыст. □ Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю з старым рыбаком. В. Вольскі.

2. Чалавек, які творыць у галіне мастацтва, літаратуры. Мастак слова. □ Чорны — раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму. Дзюбайла.

3. Пра таго, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў якой‑н. справе. [Сушылаў] не толькі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Шамякін. [Глеб:] — Гаварыць ты не мастак, гэта я ведаю, а думаць над сваім жыцыём кожны павінен. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)