італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Дж.Ф.Гедыні, у Л.Далапікалы (у Танглвудзе, ЗША). Арганізатар (з Б.Мадэрна) «Студыі фаналогіі» ў Мілане (1955). У 1965—71 выкладаў у Джульярдскай муз. школе ў Нью-Йорку. З 1976 маст. кіраўнік Рымскай філарманічнай акадэміі. Творчасць звязана з рознымі авангардысцкімі кірункамі: пошукамі новага акустычнага асяроддзя і муз. тэкстуры, выкарыстаннем электроннай музыкі, санарыстыкі, серыйнай тэхнікі і інш. Сярод твораў: сцэнічныя — «Опера» (1970), «Праўдзівая гісторыя» (1982); сімфонія для 8 галасоў і арк. (1968); вак.-інструментальныя — «Перспектывы» (1956), «Траекторыі» (1—4, 1965—75), «Знайсці пункты на крывой...» (1974); арк. п’есы; цыкл «Песні народаў свету» для голасу і арк.; камерна-інстр. ансамблі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах.ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́НІ, кітаі,
саюз манголамоўных плямён, якія ў сярэднія вякі качавалі на тэр. Манголіі і Маньчжурыі. Вядомы з 4 ст. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, рэлігія — шаманізм. У 907 К. ўзначаліў Елюй Абаоцзы, які заснаваў імперыю Ляо (916—1125). У 926 К. заваявалі дзяржаву Бахай, пазней пакарылі Паўн. Кітай і дзяржаву чжурчжэняў. Развіваліся горадабудаўніцтва, рамёствы, навука, л-ра, вынайдзены пісьменнасць і кнігадрукаванне (ксілаграфія). У пач. 12 ст.імперыя Ляо разгромлена чжурчжэнямі і ў 1125 спыніла існаванне. Частка К. на чале з Елюй Дашы ў 1124 адкачавала ва ўсх. Туркестан і Сярэднюю Азію, дзе стварыла Каракітаяў дзяржаву.
Літ.:
Е Лун-ли. История государства киданей: Пер. с кит. М., 1979;
рымскі імператар [98—117] з дынастыі Антанінаў. Ваен. трыбун, потым намеснік (у 97) правінцыі Верхняя Германія. Пры ім Рым.імперыя дасягнула сваіх максімальных межаў. У выніку войнаў 101—102 і 105—106 заваяваны Дакія, у 106 — Набатэйская дзяржава. Вынікам усх. паходу 114—117 стала далучэнне Вял. Арменіі і ўсёй Месапатаміі. Т. карыстаўся падтрымкай сената, шляхам пазык імкнуўся стрымаць разарэнне дробных і сярэдніх землеўладальнікаў, даваў правінцыялам правы рым. грамадзянства, пашыраў сістэму аліментацыі. Пры Т. шырока вялося будаўніцтва ў Рыме і правінцыях (Траянава калона, рэшткі траянавых валоў ва Усх. Еўропе).
Літ.:
Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,
дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер.дзярж. сакратаром У.Сьюардам і рас. пасланнікам Э.Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас.імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн.дол.тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн.км² (1/5 тагачаснай тэр.паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш.еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.
Літ.:
Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;
Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЫ́ЛА (Attila; ? — 453),
правадыр гунаў у 434—453. Да 445 кіраваў разам з братам Бледам, якога забіў. Узначальваў спусташальныя паходы на Усх.Рым. імперыю (443, 447—448), Галію (451) і Паўн. Італію (452); у 451 пацярпеў паражэнне на Каталаунскіх палях. Пры Атылу (яго рэзідэнцыя знаходзілася на тэр. сучаснай Венгрыі) саюз гунскіх плямёнаў дасягнуў найб. магутнасці і пашырыў сваю ўладу ад Волгі да Рэйна, ад дацкіх астравоў да Дуная. Памёр у Паноніі ў ноч пасля вяселля з германкай Ільдыкай. Створаная ім імперыя распалася адразу пасля яго смерці. Вобраз Атылы адлюстраваны ў сярэдневяковым гераічным эпасе (ісландскія песні «Старэйшая Эда», герм. «Песня пра Нібелунгаў»), гіст. аповесці венгра М.Олаха (перакладзена на старабел. мову ў канцы 16 ст. пад назвай «Гісторыя пра Атылу») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТЭРЛІЦКАЯ БІ́ТВА,
адбылася 2.12.1805 паміж руска-аўстр. і франц. арміямі каля г. Аўстэрліц (цяпер г. Слаўкаў, Чэхія) у час руска-аўстра-франц. вайны 1805. Рус.-аўстр. армія (галоўнакаманд. М.І.Кутузаў, за прапанову пачакаць падмацавання фактычна адхілены ад камандавання) налічвала 86 тыс.чал., франц. — 73 тыс. План бітвы выпрацаваў ген.-кватэрмайстар аўстр. штаба Ф.Вейратэр без папярэдняй разведкі сіл праціўніка. Памылкі саюзнага камандавання ўмела выкарыстаў Напалеон і нанёс паражэнне рус.-аўстр. арміі, якая адступіла, страціўшы забітымі і палоннымі 27 тыс.чал., французы страцілі 12 тыс.чал. Вынікам Аўстэрліцкай бітвы быў распад 3-й антыфранц. кааліцыі. Аўстрыя выйшла з вайны і 26 снеж. заключыла з Францыяй мір. У выніку перастала існаваць т.зв. «Свяшчэнная Рымская імперыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУ́РЫЯ (Liguria),
вобласць на Пн Італіі, на ўзбярэжжы Генуэзскага зал. Лігурыйскага мора. Пл. 5,4 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (1995). Уключае правінцыі Генуя, Імперыя, Савона, Спецыя. Адм. ц. і прамысл. вузел — Генуя. Большую ч. тэрыторыі займаюць Лігурыйскія Апеніны (выш. да 1803 м) і Прыморскія Альпы. Па ўзбярэжжы вузкая перарывістая раўніна з міжземнаморскім кліматам. Ападкаў 500—1000 мм за год. Буйны прамысл. раён. Развіты чорная і каляровая металургія, суднабудаванне, вытв-сць цеплавозаў, гідратурбін, дызель-матораў, катлоў, электраабсталявання, нафтаперапрацоўка, хім., цэм., тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая прам-сць. У прыбярэжнай зоне высокатаварнае вінаградарства, пладаводства, вырошчванне аліў, ранняй агародніны, кветак. У гарах — пашавая жывёлагадоўля. Узбярэжжа — важны курортны раён. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі. Важнейшыя парты: Генуя, Савона, Спецыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯБЛАНО́ЎСКІ Юзаф Аляксандр (4.2.1711—1.3.1777),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык, мецэнат. Стольнік ВКЛ у 1744—55, ваявода навагрудскі ў 1755—73. З 1768 у Лейпцыгу, дзе стварыў навук.т-ва «Сацыетас Ябланавіяна» для заахвочвання і ўзнагароды навук. даследаванняў у розных галінах. Падтрымліваў М.Догеля, інш. гісторыкаў. Аўтар прац па гісторыі: «Сармацкая імперыя, сёння Польскае каралеўства...» (1742, 4-е выд. 1758), «Геральдыка, гэта значыць збор рыцарскіх клейнодаў і ведамасць гербавых знакаў...» (1742, 3-е выд. 1752), «Табліцы Ябланоўскага з генеалагічных дрэў славянскіх фамілій Польскага каралеўства...» (ч. 1—2, 1743—48), «Польскі музей, або Збор пісьменнікаў і выдаўцоў у Польскім каралеўстве і Вялікім княстве Літоўскім...» (т. 1—2, 1752—54), «Лех і Чэх...» (ч. 1—2, 1771, 3-е выд. 1777) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым.імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым.імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.