прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага, дэкар. і утылітарнага прызначэння. Бытуе ў краінах Цэнтр. Еўропы. Шырыня звычайна 25—45 см, даўж. 1—3 м.
На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, са з’яўленнем ткацтва. Р.-ўціральнікі служылі для быт. патрэб, у Р.-трапкачах насілі ў поле абед. Да пач. 20 ст. Р. шырока ўжывалі ў дэкар. і абрадавых мэтах. Вернікі Р. прыбіралі абразы; яны былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных, пахавальных і інш. абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на Р. апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі Р.-абыдзённік, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.
Р. ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Тэхніка выканання, характар дэкору, яго размяшчэнне адметныя ў кожным гісторыка-этнагр. рэгіёне. Традыц. Р. Панямоння пераважна манахромныя, выкананыя шматнітовай тэхнікай: геам. ўзоры, раўнамерна размешчаныя па ўсім полі, утвараюцца чаргаваннем адбеленых і суравых нітак пражы і ўтку. Р. Паазер’я, арнаментаваныя браным ці выбраным натыканнем, вызначаюцца буйным (часам паліхромным) малюнкам з дрэвам жыцця, вазонам, антрапаморфнымі фігурамі (гл.Віцебскія ручнікі); нярэдкія тут і ажурныя вырабы. Асаблівасць Р. Падняпроўя — буйны ромба-геам. дэкор, які шырокімі шчыльнымі палосамі размяшчаецца па канцах і паступова разрэджваецца да сярэдзіны Р. (Пн Падняпроўя) або выразна ад яе аддзяляецца (гл.Неглюбскія ручнікі). Падобны дэкор і Р. Усходняга Палесся; тут таксама пашыраны вырабы з выразнымі папярочнымі палосамі аднолькавай шырыні па ўсім полі (гл.Калінкавіцкія ручнікі). Для Р. Заходняга Палесся (гл. Дадатак) характэрны дэкор з гладкіх палос рознай шырыні, раўнамерна размешчаных па ўсім полі; далікатным дробнаўзорыстым дэкорам з вузенькіх палосак вызначаюцца мотальскія ручнікі. У цэнтральнай Беларусі значную частку складаюць шматнітовыя Р. з буйнарапортным шашачным бела-шэрым малюнкам поля і ўзорыстымі чырв. палосамі таго ж малюнку па канцах. Вылучаюцца капыльска-клецкія Р. з буйным лаканічным арнаментам па канцах, вытканым закладной тэхнікай. У традыц. Р. пераважае спалучэнне чырв. дэкору з белым фонам, з канца 19 ст. дадаўся чорны, з сярэдзіны 20 ст. пануючае становішча заняла паліхромія; ромбагеам. арнаментыка стараж. сімвалічнага характару саступіла месца расліннаму гладзеваму дэкору. На аснове традыц. Р. вырабы падарункавага, сувенірнага, маст. прызначэння ствараюць сучасныя нар. майстры, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларускі ручнік. Мн., 1994;
Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус.Мн., 1996;
Ручнік у прасторы і часе: Матэрыялы Міжнар.навук.-практыч. канф.Мн., 2000.
Я.М.Сахута.
Ручнік. Клімавіцкі раён Магілёўскай вобл. 1960-я г.Ручнікі з г. Косаў Івана-Франкоўскай вобл. Украіна. 1970.Ручнік. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1930-я г.Ручнік. Сяло Верашчакі Бранскай вобл. Расія. 1973.Ручнік. Капыльскі раён Мінскай вобл. 1950-я г.А.Бяляева. Браны ручнік. Сяло Карпагары Архангельскай вобл. Расія. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст.пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст.пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФЛЯ (ням. Kachel),
керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.
К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.
На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст.бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст. значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.
Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;
Беларуская кафля. Мн., 1989.
А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.Кафля. Самарканд. 1340-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-ва жылых дамоў, культ.-быт. і вытв. памяшканняў, арг-цыя і добраўпарадкаванне тэрыторыі ў сельскай мясцовасці. Развіццё С.а. залежыць ад сац.-эканам. ўкладу грамадства, нац.-быт. традыцый, прыродна-кліматычных і экалагічных умоў. З часоў сярэдневякоўя на Беларусі гістарычна склаліся гал. тыпы сельскіх паселішчаў — вёска, слабада, сяло, хутар. Асн. элемент планіроўкі — сял.сядзіба. Асн. тыпам жылля была 4- і 5-сценная хата з глінабітнай або драўлянай падлогаю і саламянай страхою. Каля хаты размяшчалі гасп. будынкі (аборы, адрыны, варыўні, гумны і інш.). Асн.буд. матэрыялы: дрэва, камень, цэгла, саман. Важная роля ў маст. аздабленні будынкаў належала разьбе архітэктурнай. Рысы С.а. мелі таксама культавыя будынкі (капліцы, званіцы і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў сельскім буд-ве пашыраныкульт.-быт. (клубы) і вытв. будынкі (жывёлагадоўчыя фермы, збожжасховішчы і інш.), дамы з 2—3 пакоямі і кухняй-сталовай. У Вял.Айч. вайну на Беларусі разбурана і спалена 9200 вёсак. У пасляваен. гады многія з іх адноўлены ці пабудаваны новыя. У 1970-я г. распрацавана комплекснае буд-ва паводле генпланаў, асновай якіх сталі раённыя планіроўкі. Тэрыторыя пасёлкаў падзялялася на жылую і вытв. зоны (аддзеленыя сан. ахоўнай зялёнай паласой), звязаныя трансп. і пешаходнымі камунікацыямі. У асобных гаспадарках эксперыментаваліся розныя варыянты і прыёмы арх.-планіровачнай арг-цыі жылых пасёлкаў, вытв. комплексаў, інж. абсталявання, тыпы жылых дамоў, кватэр і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння. Паводле эксперым. праектаў забудаваны цэнтр. сядзібы калгасаў і саўгасаў: у вёсках Верцялішкі (арх. В.Емяльянаў, Г.Заборскі і інш., Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы (арх. Заборскі), Сноў (арх. З.Озерава і інш.), Малеч (арх. Н.Нядзелька, У.Сакалоўскі і інш.), Зашыр’е Ельскага р-на Гомельскай вобл. (арх. Емяльянаў, П.Рудзік і інш.), Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (арх. Г.Бяганская, А.Калніньш) і інш. Сельскія пасёлкі маюць арх.-планіровачнае вырашэнне, выгоды і добраўпарадкаванне як гарадскія пасёлкі. Жылую забудову складаюць 2—4-павярховыя шматкватэрныя дамы сядзібнага тыпу (пас.Жамчужны, вёскі Астрамечава Брэсцкага р-на, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. і інш.). Значна палепшаны тыпавыя праекты сельскіх жылых дамоў і грамадскіх будынкаў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны шэраг клубных будынкаў, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, дзіцячых дашкольных устаноў, школьных будынкаў, камбінатаў быт. абслугоўвання і інш. З узбуйненнем гаспадарак, выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў, канструкцый, прагрэс.тэхнал. працэсаў, з паляпшэннем умоў с.-г. працы шырока вялося буд-ва аб’ектаў с.-г. прызначэння (жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя фермы, карпусы кармацэхаў, майстэрні, склады, збожжасховішчы, сянажныя і воданапорныя вежы і інш.), якія арганічна звязаны з архітэктурай населеных месцаў і ландшафтам прыроднага асяроддзя. Узаемасувязь вытв. і сялібнай зон ажыццяўляецца на аснове адзінага маштабу, суразмернага з ландшафтнымі элементамі тэрыторыі. Кантраст верт. вышынных аб’ёмаў (сянажныя і воданапорныя вежы) і гарыз. падоўжаных жывёлагадоўчых будынкаў стварае выразнае арх. аблічча забудовы вытв. зоны (комплекс птушкафабрыкі ў в. Бабінічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Чляненне фасадаў сценавымі панэлямі, выкарыстанне стужачнага шклення надаюць будынкам рысы прамысл. збудаванняў. З 1970-х г. узводзілі буйныя жывёлагадоўчыя комплексы з адм.-быт. карпусамі і добраўпарадкаванай тэрыторыяй, ствараліся буйнагабарытныя блакіраваныя памяшканні. У аснове планіроўкі комплексаў — прынцып функцыян. заніравання. Для С.а. 1980-х г. характэрна буд-ва аграпрамысл. комплексаў і аб’яднанняў. Створаны буйныя шматфункцыян. зоны вытв. прызначэння, аналагічныя прамысл. вузлам у гарадах з выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў (дрэва, прыродны камень, керамічная плітка, шкло, пластмасы і інш.). У 1990-я г. тэмпы жыллёвага буд-ва на вёсцы значна знізіліся, увага аддавалася асобным аб’ектам сац. прызначэння (бальніцы, школы і інш.). Вядучая арг-цыя па праектаванні сельскага буд-ва — унітарнае прадпрыемства Дзіпрасельбуд. Гл. таксама Жыллё, Народнае дойлідства, Драўлянае дойлідства.
Літ.:
Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979.
Да арт.Сельская архітэктура. Комплекс птушкафабрыкі ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Сельская архітэктура. Цэнтральная сядзіба калгаса ў вёсцы Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТРА́ДА (франц. estrade ад ісп. estrado памост),
1) від сцэнічнага мастацтва, калі ў адным паказе (канцэрце) спалучаюцца выступленні артыстаў розных жанраў (чытальнікаў, спевакоў, музыкантаў, акрабатаў, танцораў, канферансье і інш.). Як самаст. мастацтва сфарміравалася ў канцы 19 ст.
Вытокі Э. ў паказах вандроўных акцёраў. У пач. 18 ст. ў Англіі ўзніклі невял. эстр. т-ры — мюзік-холы. З 1850-х г. у Францыі пры рэстаранах ствараліся т.зв. кафэ-шантаны, з 1880-х г. — кабарэ, пазней вар’етэ. У 20 ст.эстр. паказы (агляды, рэвю) адбываліся ў вар’етэ і мюзік-холах. Першыя папулярныя выканаўцы Э. — расійскія спевакі Н.Вяльцава, А.Вярцінскі, В.Паніна, І.Юр’ева, франц. — А.Бруан, І.Гільбер, швейцарскі клоун Грок і інш. Сярод вядомых майстроў замежнай Э.: спевакі Э.Дзімітроў (Балгарыя), Г.Герман (Польшча), К.Гот (Чэхія), Х.Белафонтэ, П.Робсан, П.Сігер, Э.К.Фіцджэралд (ЗША), Ш.Азнавур, Э.Піяф, М.Шэвалье (Францыя); джаз-аркестры пад кіраўніцтвам Л.Д.Армстранга, Э.К.Элінгтана (ЗША) і інш. Праводзяцца міжнар. конкурсы і фестывалі эстр. мастацтва. У Расіі вытокі Э. ў нар. гульнях і балаганах, у мастацтве скамарохаў. З канца 18 ст.пашыраны т.зв. дывертысменты. У пач. 20 ст. ўзніклі эстр.тэатры мініяцюр. У станаўленні сав. Э. пэўную ролю адыгралі тэатры рэвалюцыйнай сатыры, паказы «Сіняй блузы», эстр., эстр.-сімф. і джаз-аркестры, вак.-інстр. ансамблі.
На Беларусі элементы Э. меліся ў праграмах беларускіх вечарынак, паказах Першай бел. трупы І.Буйніцкага. Развіццю жанраў бел.эстр. мастацтва спрыялі мітынгі-канцэрты, «жывыя газеты», т-ры рэв. сатыры ў Віцебску і Мінску (1919—22). З бел.нар. песнямі выступалі Л.Александроўская, І.Яўнзем. Сярод першых выканаўцаў Э.: цымбалісты А.Астрамецкі, І.Жыновіч, цымбальны дуэт Х.Шмелькін і С.Навіцкі, балалаечнік Дз.Захар, Беларускі вакальны квартэт. У 1939 створана «Белдзяржэстрада» з аддзяленнямі ў Віцебску і Беластоку, сярод артыстаў якой танц. пара В.Міхеда і М.Гільзінец, спевакі Ю.Матраеў, Р.Плоткіна, чытальніца Ю.Фляйто, акрабаты С.Сакалоў, Л. і А.Міхайлавы. У першае пасляваен. дзесяцігоддзе пры «Белдзяржэстрадзе» працавалі т-р драмы і камедыі, ансамбль аперэты, т-р лялек, эстр. аркестр. У 1950—60-я г. вылучыліся эстр. спевакі Г.Буцько, І.Вішнеўская, У.Зяміраў, Э.Міцуль, І.Палянская, А.Самарадаў, вак. трыо з балалайкамі сясцёр Логінавых, цымбалісты В.Бурковіч, М.Шмелькін, танцоры Т.Гіжэўская, М.Лапша, Б.Нікулін, М.Сцепанец, І.Хвораст, майстры размоўнага жанру З.Бандарына, Р.Дзідзенка, М.Зорын, І.Лакштанаў, С.Сімараў, А.Слесарэнка, В.Спіткоўская, М.Шышкін, акрабаты А.Беразоўская, Н.Іванова, І.Пігулеўскі, А. і В.Ржавускія, Ф.Фаменка, П.Чарапанаў, мастак-манументаліст Г.Ермаловіч і інш. У 2-й пал. 1960-х г.бел. Э. атрымала ўсесаюзнае і міжнар. прызнанне. У 1968 у Мінску адбыўся Усесаюзны фестываль эстр. мастацтва, у 1973 — Усесаюзны конкурс выканаўцаў сав. песні, у 1974 — Першы рэсп. конкурс артыстаў Э. Узніклі новыя калектывы, паявіліся таленавітыя выканаўцы. Для рэпертуару і выканаўчай манеры сталі характэрны публіцыстычнасць, грамадз. пафас, развіццё нар. традыцый, засваенне лепшых узораў сав. і зарубежнага эстр. мастацтва; у канцэртныя праграмы шырока ўключаюцца творы бел. пісьменнікаў і кампазітараў. Набылі вядомасць вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Сябры», «Верасы», інстр. ансамбль «Тоніка», эстр.-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр беларускага тэлебачання і радыё, бел.т-р пантамімы «Рух», т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», ансамбль нар. музыкі «Свята» і інш. Уклад у развіццё бел. Э. зрабілі спевакі Н.Багуслаўская, Л.Барткевіч, В.Вуячыч, Я.Еўдакімаў, В.Кучынскі, Н.Мікуліч (гл. Дадатак), Я.Навуменка, В.Пархоменка, Т.Раеўская, М.Скорыкаў, Ю.Смірноў, В.Шутава, А.Ярмоленка, вак. дуэт. Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, музыканты В.Раінчык і І.Цвяткова, цымбалісты Астрамецкі, Я.Гладкоў, майстар размоўнага жанру Г.Рыжкова і інш. У 1995 у Мінску адкрыты Дзярж. маладзёжны тэатр эстрады. Арганізацыйна-творчую работу ў галіне Э. на Беларусі вядуць Бел. філармонія, Гомельская (з 1967), Гродзенская (з 1987), Магілёўская (з 1990) і інш. абласныя філармоніі, прадпрыемства «Белканцэрт» (з 1990). Штогод праводзяцца Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, міжнар. фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», «Залаты шлягер» у Магілёве (з 1995), у рамках якіх адбываюцца конкурсы маладых эстр. выканаўцаў. На Беларусі артыстаў Э. рыхтуюць Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі, Бел.ун-т культуры.
2) Сцэнічная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для канцэртных выступленняў артыстаў.
Літ.:
Кузнецов Е.М. Из прошлого советской эстрады: Ист. очерки. М., 1958;
Дмитриев Ю.А. Искусство советской эстрады. М., 1962;
Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание: Ист. очерк о Бел. гос. филармонии. Мн., 1988;
Эстрада без парада: Сб. М., 1991;
Певцы советской эстрады: Сб. М., 1992.
Г.М.Загародні.
Да арт.Эстрада. Сцэна са спектакля Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц. moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР (ад грэч. theatron месца для відовішчаў),
1) род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з’яўляецца сцэн. дзеянне, якое ўзнікае ў працэсе ігры акцёра перад публікай. Адна з форм грамадскай свядомасці, мае вял. значэнне ў грамадскім і эстэт. выхаванні. Развіццё Т. залежыць ад развіцця грамадства, ад стану агульнай культуры народа. Т. — мастацтва сінт., спалучае дзейсны і відовішчны пачаткі, магчымасці часавых і прасторавых мастацтваў, сродкі выразнасці л-ры, музыкі, жывапісу, танца, архітэктуры. Асн. твор тэатр. мастацтва — спектакль. У залежнасці ад перавагі пэўных сродкаў сцэн. выразнасці склаліся асн. тыпы Т.: драм., оперны (гл.Опера) і балетны (гл.Балет) з некат. прамежкавымі формамі (аперэта, пантаміма, тэатр мініяцюр). Аснова дзеяння ў Т. — драма як род л-ры. Як мастацтва грамадскае Т. патрабуе калект. ўспрымання гледачоў. Непасрэдны выразнік драм. дзеяння ў Т. — акцёр, які стварае характар персанажа (гл.Акцёрскае мастацтва). Сінтэтычнасць тэатр. вобразнасці абумовіла паяўленне рэжысёра як вытлумачальніка п’есы, творчага кіраўніка тэатр. калектыву (гл.Рэжысёрскае мастацтва). Актыўныя ўдзельнікі стварэння спектакля — тэатр. мастак (гл.Сцэнаграфія), кампазітар і балетмайстар, якія ствараюць зрокавы, муз. і пластычны вобразы тэатр. паказу, узмацняюць яго эмац. ўздзеянне на гледача. Гісторыю і тэорыю Т. вывучае тэатразнаўства.
Вытокі Т. ў стараж.прац. і быт. абрадах і гульнях, дзе элементы драм. дзеяння аб’ядноўваліся з песняй і танцам, Паступова элемент відовішчнасці ўзмацняўся, паявіўся сюжэт, падзел на выканаўцаў і гледачоў, узнік дыялог, выкарыстоўваліся розныя культавыя маскі. Найб.стараж. формы Т. ўзніклі ў Егіпце (4 тыс. да н.э.), дзе ў аснове тэатр. дзеяння былі танец, пантаміма, рэлігійна-абрадавыя і свецкія, ваен. відовішчы, містэрыяльныя паказы паводле міфал. сюжэтаў. Своеасаблівыя і багатыя формы відовішчаў ствараліся ў краінах Стараж. Усходу, у Індыі, Кітаі, Японіі, М’янме, Інданезіі і інш., дзе яны звязаны з нар. эпічнай творчасцю. У Стараж. Грэцыі канчаткова сфарміраваўся тэатр. паказ, заснаваны на тэксце (4 ст. да н.э.; гл. ў арт.Грэцыя Старажытная). Міфал. сюжэты і вобразы атрымлівалі тагачаснае асэнсаванне, узбагачаліся дэмакр. і гуманіст. ідэямі (трагедыі Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыі Арыстафана). Традыцыі грэч.тэатр. культуры атрымалі развіццё ў Стараж. Рыме (драматургі Плаўт, Тэрэнцый, Сенека і інш.), дзе вял. ўвага аддавалася пастановачнаму боку спектакляў, развіццю тэатр. тэхнікі (гл. ў арт.Рым Старажытны). Для сярэдневяковага Т. характэрна суіснаванне форм нар.т-ра (творчасць гістрыёнаў, жанглёраў, скамарохаў) і рэліг.тэатр. жанраў (літургічная драма, міракль, містэрыя). У 14—16 ст. ў шэрагу краін Еўропы дасягнуў росквіту дэмакр. жанр сярэдневяковага Т. — фарс. Імклівы росквіт тэатр. культуры адбываўся ў эпоху Адраджэння: з’яўленне новай тэатр. формы — камедыі дэль артэ, адасабленне розных відаў Т., якія атрымалі самаст. развіццё (опера, балет, аперэта); фарміраванне асаблівасцей сцэн. культуры (з’яўленне аўтарскай рэжысуры, стабільных т-раў, прыватных і прыдворных). Ідэйная накіраванасць Т. Адраджэння, яго гуманізм, народнасць вызначылі творчасць Н.Макіявелі (Італія), К.Марла, У.Шэкспіра (Вялікабрытанія), М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона (Іспанія) і інш. З развіццём класіцызму ў Т. яго гал. прадстаўнікі (П.Карнель, Ж.Расін, Францыя), імкнуліся стварыць вобраз ідэальнага чалавека тагачаснага грамадства, акцёрскае мастацтва падпарадкоўвалася пэўным канонам (падкрэсленая пластычная і вакальна-дэкламацыйная выразнасць). У выніку дзейнасці Мальера (стварыў жанр высокай камедыі) была ажыццёўлена рэформа класіцысцкай камедыі, пад уплывам якой адбыліся змены і ў акцёрскім мастацтве (М.Барон, А.Лекуўрор). У 2-й пал. 18 ст. Т. выражаў ідэі Асветніцтва, якія атрымалі развіццё ў драматургаў Г.Лесінга, Ф.Шылера (Германія), Д.Дзідро, П.Бамаршэ, Л.Мерсье (Францыя), Г.Філдынга, Р.Шэрыдана (Англія), К.Гальдоні (Італія), В.Багуслаўскага (Польшча), А.Сумарокава, Я.Княжніна, І.Дзмітрэўскага (Расія). Ідэю адзінства абавязку і пачуцця прапаведаваў у сваіх трагедыях Вальтэр. Узніклі жанры мяшчанскай драмы, слёзнай камедыі, развіваліся пантаміма, баладная опера, сатыр. драматургія. Рэфарматарская дзейнасць, імкненне да прастаты і натуральнасці выканання характэрна для акцёраў Д.Гарыка, С.Сіданс (Вялікабрытанія), К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра (Германія), Ф.Ж.Тальма (Францыя). Рамантызм Т. 19 ст. парушыў законы класіцызму, абвясціўшы сваімі прынцыпамі жыццёвую праўду і свабоду творчасці, зварот да нац. гісторыі, нар. эпасу. Сярод драматургаў-рамантыкаў: Дж.Байран, П.Б.Шэлі (Вялікабрытанія), В.Гюго (Францыя), Э.Т.А.Гофман, Л.Цік (Германія), Ю.Славацкі, А.Міцкевіч (Польшча), Ш.Пецёфі, М.Вёрэшмарці (Венгрыя) і інш.; акцёраў: Э.Кін (Вялікабрытанія), Л.Дэўрыент (Германія), М.Дарваль, Фрэдэрык-Леметр (Францыя), Г.Модэна (Італія), Г.Эгрэшы (Венгрыя), П.Мачалаў (Расія) і інш. З сярэдзіны 19 ст. фарміруецца рэаліст. кірунак у Т., развіццю якога садзейнічала драматургія П.Мерымэ, А.Бальзака (Францыя), Г.Ібсена (Нарвегія), Б.Шоу (Вялікабрытанія), Г.Гаўптмана (Германія), А.Стрындберга (Швецыя), А.Пушкіна, М.Гогаля, І.Тургенева, А.Сухаво-Кабыліна, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага (Расія) і інш. Тонкай індывідуалізацыяй вобраза, паўнатой унутр. пераўвасаблення вызначалася мастацтва акцёраў-рэалістаў: Э.Росі, Т.Сальвіні, Э.Дузе (Італія), Ж.Каклена, Э.Го (Францыя), К.Зайдэльмана (Германія), Г.Ірвінга, Э.Вестрыс, Э.Тэры (Вялікабрытанія), М.Шчэпкіна, І.Сасніцкага, А.Мартынава, П.Стрэпетавай, М.Ярмолавай, А.Ленскага (Расія) і інш. На мяжы 19—20 ст. абазначыўся новы этап тэатр. рэформ, які закрануў рэжысуру, акцёрскае мастацтва і ўсю сістэму выразных сродкаў Т., пачаліся актыўныя пошукі вобразнага вырашэння спектакля. Рэжысура сімвалізму прапанавала сцвердзіць прынцып стылізацыі, муз.-рытмічнае, пластычнае і зрокава-прасторавае вырашэнне сцэн. вобраза (П.Фор, А.Люнье-По, Францыя; Г.Крэг, Вялікабрытанія; А.Апія, Швейцарыя; Г.Фукс, Германія і інш.). У Расіі ў гэты перыяд развіваліся рэаліст. традыцыі ў Маскоўскім Мастацкім тэатры (МХТ) — пачала складвацца Станіслаўскага сістэма (рэж. К.Станіслаўскі, У.Неміровіч-Данчанка). Эксперыментальны характар мела рэжысёрская дзейнасць У.Меерхольда, А.Таірава. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі наватарскія пошукі ў Т. характэрны для рэжысёраў Ш.Дзюлена, Л.Жувэ, Г.Баці, Ф.Жэм’е (Францыя), Б.Брэхта (Германія), Ю.Астэрвы, С.Ярача, Л.Шылера (Польшча) і інш. У 2-ю сусв. вайну і пазней развіваюцца «інтэлектуальная драма» і «эпічны Т.» (Брэхт, Германія; Ж.П.Сартр, Ж.Ануй, Францыя) з характэрнай для яго ўвагай да філас.-маральных праблем. Кірунак «паэтычнага натуралізму» прадстаўлялі драматургі Дж.Осбарн, Б.Біэн, А.Уэскер (Вялікабрытанія), часткова Т.Уільямс (ЗША). Філас. і паліт. скептыцызмам адзначана творчасць прадстаўнікоў тэатра абсурду (С.Бекет, Э.Іанеска, Францыя; у пэўнай ступені М.Фрыш, Ф.Дзюрэнмат, Швейцарыя; С.Мрожак, Польшча; В.Гавел, Чэхія, і інш.). У 1960-я г.пашыраны жанр дакумент. драмы (П.Вайс, Германія; Дж.Кілці, Вялікабрытанія; часткова А.Мілер, ЗША). Важнае значэнне ў Т. 1960—70-х г. у СССР мела дзейнасць рэжысёраў Ю.Завадскага, Р.Сіманава, Г.Таўстаногава, А.Яфрэмава, А.Эфраса, Ю.Любімава, Р.Капланяна, А.Мамбетава, Р.Стуруа і інш. У практыку сучаснага Т. шырока ўвайшла мова сцэн. метафары, характэрна імкненне да павышанай вобразнай актыўнасці, эканоміі маст. сродкаў. Вял. функцыю нясуць рэжысура, сцэнаграфія. Асаблівасць Т. 20 ст. — разнастайнасць школ і кірункаў, рэжысёрскіх сістэм, тэорый сцэн. мастацтва, акцёрскай ігры.
Бел. народны тэатр узнік на аснове стараж. абрадаў, гульняў, карагодаў, паказаў вандроўных акцёраў-скамарохаў. З 16 ст. бытаваў нар. лялечны Т. батлейка. У 17 ст. ўзнікла народная драма. Характэрнай асаблівасцю школьнага тэатра (16—17 ст.) была сатыр. накіраванасць яго інтэрмедый; драматургі Сімяон Полацкі і К.Марашэўскі. У 2-й пал. 18 ст. ствараюцца прыватнаўласніцкія Нясвіжскі тэатр Радзівіла, Слуцкі тэатр Радзівіла, Шклоўскі тэатр Зорыча, Слонімскі тэатр Агінскага, Тышкевічавы тэатры. З 2-й пал. 19 ст. развіваецца прафес.бел. драматургія. Пад кіраўніцтвам В.Дуніна-Марцінкевіча створаны Дуніна-Марцінкевіча тэатр.
Значную ролю ў развіцці тэатр. мастацтва адыграла Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў у Мінску (1898—1906). У гэты ж час зроблены спробы стварыць нац. Т. ў Радашковічах, Пятроўшчыне пад Мінскам. У пач. 20 ст.пашыраны т.зв. беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі стварэнню аматарскіх труп у Вільні, Гродне, Слуцку, Капылі, Мінску, Полацку і інш. Важнае значэнне для развіцця прафес.бел. Т. мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Развіваецца бел. драматургія, шырока ставяцца п’есы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Каганца, К.Буйло, У.Галубка, Л.Родзевіча і інш. У 1917 у Мінску ўзнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, працавалі тэатры рэвалюцыйнай сатыры. У 1920-я г. арганізоўваюцца вядучыя Т. Беларусі: БДТ-1 (гл.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), БДТ-3 (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр) і БДТ-2 (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, цяпер Нац.акад.драм.т-р імя Я.Коласа), якія перш за ўсё вызначалі тэатр. жыццё краіны. У 1920—30-я г. ўзніклі Т. новага тыпу, якія займаліся агітац.-прапагандысцкай дзейнасцю: паказальныя тэатры, т-ры рэв. сатыры, тэатры рабочай моладзі (трамы), калгасна-саўгасныя тэатры і інш. Значная ўвага аддавалася тэатр. адукацыі (сістэма курсаў, студый, арганізацыя ў 1938 тэатр. вучылішча). З 1920-х г. у рэпертуары Т. п’есы Н.Бываеўскага (Я.Дылы), Е.Міровіча, Галубка, В.Гарбацэвіча, Ц.Гартнага, Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Л.Родзевіча, М.Чарота, М.Грамыкі, Дз.Курдзіна і інш., творы сав. драматургаў. У 1930-я г. ў драматургію прыйшлі новыя аўтары: Р.Кобец, К.Крапіва, Э.Самуйлёнак, К.Чорны і інш. Узніклі новыя калектывы: Дзяржаўны т-р оперы і балета (гл.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь), Тэатр юнага гледача БССР, Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (цяпер Нац.акад.драм.т-р імя М.Горкага), Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, абласныя т-ры ў Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Пінску. К 1941 працаваў 21 Т. З пач.Вял.Айч. вайны большасць Т. спыніла сваё існаванне, у вядучых эвакуіраваных Т. арганізоўваліся франтавыя брыгады. У пасляваен. перыяд У рэпертуары Т. асн. месца займалі творы гераічнай тэматыкі. У 1950—70-я г. была пашырана дзейнасць аматарскіх Т. У рэпертуарах пераважалі пастаноўкі маральна-этычнай праблематыкі, інсцэніроўкі твораў Я.Коласа, І.Мележа, І.Шамякіна, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Чыгрынава і інш. У 1970—80-я г.шырока ставіліся п’есы А.Макаёнка, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, У.Караткевіча, А.Дударава, А.Дзялендзіка і інш. У рэпертуары бел. Т. 1990-х г. — нац., рус. і замежная класіка і сучасная драматургія. Тэатр. мастацтва гэтага перыяду вызначаюць рэжысёры В.Баркоўскі, Ал.Ляляўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, В.Раеўскі, Р.Таліпаў і інш., сцэнографы Б.Герлаван, Я.Ждан, З.Марголін, У.Матросаў, Дз.Мохаў, Л.Рулёва і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. Т. зрабілі рэжысёры У.Галубок, Ф.Ждановіч, Міровіч, К.Саннікаў, балетмайстры К.Алексютовіч, В.Елізар’еў, акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, В.Галіна, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Ільінскі, А.Кістаў, А.Клімава, У.Крыловіч, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, У.Уладамірскі, Ф.Шмакаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка, спевакі Л.Александроўская, З.Бабій, І.Балоцін, Н.Гайда, М.Ворвулеў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Р.Млодак, Т.Ніжнікава, В.Чарнабаеў, артысты балета Л.Бржазоўская, З.Васільева, С.Дрэчын, І.Душкевіч, У.Камкоў, А.Карзянкова, Н.Младзінская, А.Нікалаева, Л.Сінельнікава, Ю.Траян і інш. Лепшыя дасягненні тэатр. мастацтва прадстаўляюцца на фестывалях тэатральных.
На Беларусі дзейнічае (2002) 27 Т., у т. л. 17 драм., сярод іх нац. т-ры імя Я.Купалы, імя М.Горкага ў Мінску, імя Я.Коласа ў Віцебску, Бел.т-р юнага гледача (гл.Тэатр юнага гледача Беларусі), Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр-студыя кінаакцёра, абл. т-ры ў Гомелі, Гродне, Магілёве (гл. адпаведныя арт.), таксама Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечне, Слонімскі беларускі драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа, 3 муз.: нац. т-ры оперы, балета, Бел.дзярж.муз.т-р (гл.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь), 7 лялечных: Бел.дзярж.т-р лялек (гл.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі) у Мінску і абл. ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, а таксама Мінскі абл. ў Маладзечне (гл. адпаведныя артыкулы), таксама 10 прыватных, ведамасных, антрэпрыз (Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», Мінскі малы тэатр, Нікола-т-р і інш.). Акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў, тэатр. мастакоў рыхтуе Беларуская акадэмія мастацтваў. Дзейнічае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.
2) Паказ, спектакль.
3) Будынак, дзе адбываецца тэатр. паказ (гл.Тэатральныя будынкі).
Літ.:
Станиславский К.С. Собр. соч.Т. 1—8. М., 1954—61;
Немирович-Данченко В.И. Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;
Авдеев А.Д. Происхождение театра: Элементы театра в первобытно-общинном строе. Л.;
М., 1959;
Данилов С.С. Очерки по истории русского драматического театра. М.; Л., 1948;
История западноевропейского театра. Т. 1—5. М., 1956—70;
Пави П. Словарь театра: Пер. с фр.М., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн 1983—87.
А.А.Лабовіч.
Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Сцэна са спектакля «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. 1997.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Беларусі. Сцэна з балета «Раймон да» А.Глазунова. 1997.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа. Сцэна са спектакля «Несцерка» В.Вольскага. 1941.Да арт.Тэатр. Сцэна са спектакля «На дне» М.Горкага ў пастаноўцы К.Станіслаўскага.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Сцэна са спектакля «Вечар» А.Дударава 1984.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Беларусі. Сцэна з оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага 1998.Да арт.Тэатр. Пікала-тэатр у Мілане. Сцэна са спектакля «Бура» У.Шэкспіра. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш.). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб.пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян. прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр. перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў у рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А.Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш.), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г. Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраныт.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл. мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).