МЕ́ЛЬНІЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1501.
Выдадзены 25.10.1501 новаабраным каралём польскім Аляксандрам (вял. князь ВКЛ з 1492) у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы). Быў вымушанай уступкай Аляксандра польскай магнацкай алігархіі пры заключэнні уніі ВКЛ і Польшчы (гл. Мельніцкі акт 1501). Паводле М.п. без згоды сената дзеянні караля не мелі юрыд. сілы. Пры парушэнні дзярж. актаў каралём сенат меў права яго дэтранізаваць і абраць новага. Шырокае супраціўленне шляхты Польшчы і ВКЛ устанаўленню магнацкай алігархіі дазволіла каралю не выконваць палажэнні М.п. Скасаваны ў 1504—05.
А.П.Грыцкевіч.
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАЎНЕ́РАЎ 1794 ГО́ДА»,
бел. ананімны вершаваны твор. Напісаны ў адукаваным асяроддзі шляхты з мэтай уздзейнічаць на сялянства. Стылізаваны пад нар. песню. Першы ў бел. л-ры непасрэдны заклік да нар. мас узяць у рукі зброю, далучыцца да нац.-вызв. паўстання 1794 на чале з Т.Касцюшкам. У «Песні...» выразныя водгукі польск. паўстанцкай паэзіі «касцюшкаўскіх марсельез» і патрыят. «Спеўкі кракаўскіх сялян» (1794). Паводле сваёй эстэт. сістэмы твор належыць да новай бел. л-ры.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
А.В.Мальдзіс.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТМІСТР (польск. rotmistrz ад ням. Rittmeister ад Ritt атрад кавалерыстаў + Meister начальнік),
1) ранг у войску ВКЛ і Польшчы 16—18 ст. паміж паручнікам і падпалкоўнікам (палкоўнікам), камандзір пяхотнай роты або кав. харугвы. У палках замежнага строю часам называўся маёрам.
2) Павятовая шляхецкая пасада (урад) у ВКЛ і Польскім каралеўстве, вайсковы камандзір шляхты некалькіх парафій павета, кіраўнік адпаведнай харугвы. Прызначаўся павятовым харунжым.
3) Ранг у войску Рас. імперыі ў кавалерыі паміж штабс-ротмістрам і маёрам (да 1884), падпалкоўнікам (пасля 1884). Адпавядаў агульнавайсковаму рангу капітана.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 13, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛЕЦ ((Bohomolec) Францішак) (29.1.1720, Віцебшчына — 24.4.1784),
польскі драматург, публіцыст. Па паходжанні лічыў сябе «русаком». Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1760—70-я г. рэдагаваў у Варшаве шэраг перыяд. выданняў, дзе змяшчаў матэрыялы з Беларусі. Аўтар больш як 20 камедый для школьнага тэатра («Хітры гаспадар», «Модныя кавалеры», «Польскі парыжанін» і інш.), у якіх з пазіцый памяркоўнага Асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы сталічнай і правінцыяльнай шляхты. У камедыях шмат беларусізмаў. Збіраў бел. прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў папоўніць зборнік С.Рысінскага. Сваімі пераробкамі Мальера аказаў уплыў на бел. і польск. драматурга М.Цяцерскага.
А.В.Мальдзіс.
т. 2, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛІЦА,
1) тое, што ваколіца.
2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл. Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).
т. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІЦКІ АКТ 1501,
акт дзярж. уній паміж Польшчай і ВКЛ. Падпісаны 23.10.1501 у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы) пры абранні вял. князя ВКЛ Аляксандра на каралеўскі трон Польшчы. М.а. прадугледжваў у будучым выбары агульнага манарха для абедзвюх дзяржаў (зафіксаваны таксама ў Мельніцкім прывілеі 1501), устанаўленне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі. Фактычна М.а. вёў да ліквідацыі дзярж. самастойнасці ВКЛ. У выніку шырокай апазіцыі сейм ВКЛ у 1505 не зацвердзіў М.а. і ён не набыў сілы. Планы польскіх магнатаў і шляхты здзейсніліся ў выніку заключэння Люблінскай уніі 1569.
А.П.Грыцкевіч.
т. 10, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА МЯЛЕ́ШКІ»,
помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел. землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.Нямцэвічам ў 1822 у перакладзе на польск. мову.
Публ.: У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;
Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр. Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
В.А.Чамярыцкі.
т. 13, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎНІКІ,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Займаліся паляваннем на баброў, наглядалі за бабровымі гонамі і іх аховай. Сачылі за выкананнем звычаёвых і кадыфікаваных нормаў паляўнічага права. Мелі выязнога каня, паляўнічых сабак і лоўчыя сеткі. Падпарадкоўваліся баброўнічаму, службоўцу са шляхты. За работу мелі плату ў залежнасці ад выслугі, месца службы і жыхарства, атрымлівалі кожнага 5-га бабра або падчарэўе кожнага здабытага звера, або 1—3 грошы; прыцягваліся да выканання інш. павіннасцяў, у т. л. талок. Маглі мець гаспадарку (беспадатковы зямельны надзел 0,5—1 валока). У сувязі з драпежніцкім вынішчэннем баброў у 18 ст. баброўнікі зліліся з інш. катэгорыямі насельніцтва.
С.Ф.Цярохін.
т. 2, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1796—1802. Утворана 12.12.1796 аб’яднаннем Магілёўскага (12 пав.) і Полацкага (11 пав.) намесніцтваў. Цэнтр — г. Віцебск. Пл. 7375,1 тыс. дзес., падатковага насельніцтва 1388,5 тыс. чал. (88% сялян знаходзілася на паншчыне), 20 тыс. чал. ваколічнай шляхты. Уключала 16 паветаў (Аршанскі, Беліцкі, Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дынабургскі, Люцынскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Невельскі, Полацкі, Рагачоўскі, Себежскі, Сенненскі, Чавускі, Чэрыкаўскі), 72 мястэчкі, 545 сёл, 2084 сяльцы, 17 595 вёсак. У 1797 у губерні адбываліся масавыя сял. выступленні. У 1799 і 1800 губерню наведаў рус. паэт Г.Р.Дзяржавін (пакінуў успаміны). 27.2.1802 скасавана, тэр. падзелена на Віцебскую і Магілёўскую губ.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)